Упублікацыях «Наш Будслаў» («Ave Maria», №7 за 2004 г.) і «Будслаў – наш духоўны цэнтр» («Ave Maria», №11 за 2004 г.) узнімалася праблема стану будслаўскай малой базылікі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Чытачоў нашага часопіса, вядома, не можа не трывожыць тое, што будслаўская святыня патрабуе сур’ёзнага рамонту, а значыць і немалых сродкаў для яго.

Вернікі полацкай парафіі святога Андрэя Баболі, прачытаўшы тыя публікацыі, вырашылі дапамагчы малой базыліцы сваімі ахвяраваннямі. Праўда, напачатку некаторыя ў парафіі не зразумелі гэтай ініцыятывы і нават злёгку абурыліся: маўляў, нашаму касцёлу таксама патрэбныя сродкі – і для добраўпарадкавання тэрыторыі, і для іншых спраў. Але ініцыятары не адступаліся ад сваёй задумы і цярпліва тлумачылі, што збор ахвяраванняў для Будслава – справа добраахвотная, і, вядома, яна ні ў якім разе не павінна негатыўна адбіцца на ўласнай парафіі. «Будслаўская святыня, – даводзілі яны, – наш агульны беларускі скарб. І каму ўжо берагчы яго ў першую чаргу, як не самім беларускім вернікам?»

Аргументы пераканаўчыя. Яны і дапамаглі палачанам зрабіць высакародную справу – сабраць немалую суму ахвяраванняў на рамонт малой базылікі ў Будславе.

Напрыканцы зімы група прадстаўнікоў ад полацкай парафіі святога Андрэя Баболі завезла сабраныя ахвяраванні ў Будслаў, дзе іх з удзячнасцю прынялі гаспадары.

Кусташ будслаўскага санктуарыя айцец Славамір Вятлугін прызнаўся, што іх прыемна ўразіла гэтая неспадзяванка:

Учынак полацкіх вернікаў заслугоўвае самых прыгожых слоў удзячнасці. Ды найлепшай, мабыць, удзячнасцю будзе наша малітва за Божае блаславенне для іх і іхніх сем’яў. Таму мы і просім Маці Божую Будслаўскую заўсёды мець іх у сваёй апецы.

Што ж, прыгожы, высакародны ўчынак заслугоўвае і адпаведнай узнагароды. А што можа быць даражэй для верніка за малітву?

Палачане ж, наведаўшы Будслаў, прывезлі да таго яшчэ і добрую вестку: у будслаўскай святыні вядуцца складаныя будаўнічыя работы па замене даху. Так што ўлетку малая базыліка, сустракаючы пілігрымаў, будзе радасна адсвечваць новаю меддзю ў сонечных промнях.

І. Студзеньская

Будзем жа памятаць:
Будслаў – наша агульная святыня,
і мы ўсе павінны клапаціцца пра стан
будслаўскай базылікі. Яна ў нас – адна.

Сапраўды, Будслаў – наш духоўны цэнтр. І наш агульны клопат. Полацкія вернікі менавіта так яго і ўспрымаюць. А як цудоўна было б, калі б вернікі і з іншых парафій падтрымалі ініцыятыву палачанаў! Вось для іх, з надзеяй, што добрая справа палачанаў знойдзе водгук у добрых сэрцах, мы даем гэты разліковы рахунак:

Мядзельскае аддзяленне «Белаграпрамбанка»
3015201420016 УНН 600195666, код 915.