Нядаўна да мяне прыйшоў адзін чалавек і папрасіў яго ахрысціць. “А чаму менавіта ў Каталіцкім Касцёле?” – задаў я яму пытанне. “Для мяне вялікім аўтарытэтам быў Ян Павел ІІ. Ягоны адыход з гэтага свету стаў штуршком для прыняцця такога рашэння. Я хачу належаць да Касцёла, якім ён кіраваў і ў якім застаўся ягоны дух”, – прагучаў адказ. Не ведаю, ці можа быць такі падыход крытэрыем прыняцця падобнага рашэння. Падумалася мне тады:«А калі заўтра тваім кумірам стане Далай Лама альбо Аляксей ІІ?» Але цяпер гаворка не пра тое, хоць гэтая тэма, на маю думку, заслугоўвае ўвагі.

Адыход Яна Паўла ІІ мала каго пакінуў абыякавым. Нават палова апытаных расейцаў адзначыла, што смерць Папы – гэта трагедыя для ўсяго свету, а не толькі для католікоў. Пра гэта сведчыць таксама і феномен развітання з Янам Паўлам ІІ людзей розных канфесій і палітычных поглядаў. Гэты феномен пераўзышоў усялякія ўяўленні тэарэтыкаў глабалізацыі. І тут трэба адзначыць, што такое ўшанаванне Святога Айца нічога не мае ў сабе ад рэлігійнага фанатызму, бо трэба прызнаць, што нас пакінуў чалавек-сімвал. Адышоў той, каго Бог падараваў нам як асаблівы знак нашага часу. Паўсюль там, дзе ён цалаваў зямлю, веяла Духам, руйнаваліся муры людскіх сэрцаў, разрываліся путы рэжымаў, надзея ўваходзіла ў сэрцы, людзям з большым жаданнем хацелася жыць, тварыць і любіць. Амаль 27 гадоў ён вучыў нас, як жыць. Нават у апошнія гадзіны яго зямнога жыцця адбывалася катэхізацыя свету пад ягоным маўклівым кіраўніцтвам. Толькі цяпер ужо ён вучыў нас паміраць. Прыгожа, па-людску. Па-хрысціянску. Гэта была ягоная апошняя катэхізацыя. Апошнім часам ён шмат казаў пра сваю смерць. Калі ўзгадваў пра яе, слухачы ўголас альбо толькі ў сваіх сэрцах казалі: «Не!». Іх трэба было навучыць, як казаць смерці «так». Нам патрэбна было і гэтае ягонае навучанне.

«Не бойцеся, адчыніце насцеж дзверы Хрысту і Ягонай збаўчай уладзе! Адчыніце межы дзяржаў, сістэмаў эканамічных і палітычных, шырокія сферы культуры, цывілізацыі, развіцця!» «Не бойцеся!» – гэта былі адны з першых словаў Папы Рымскага Яна Паўла ІІ. Яны таксама акрэслілі характар усёй ягонай дзейнасці на Пятровым троне. Настолькі акрэслілі, што Ян Павел ІІ часта здзіўляў акружэнне сваімі паводзінамі. Ён не адчуваў сябе абмежаваным чыста людскімі бар’ерамі, папрокамі, стэрэатыпамі. Наадварот, як і Езус, якога ён наследваў, наш Святы Айцец ламаў тое, што людзі набудавалі вакол сябе. Не звяртаў вялікай увагі на тое, што ў дадзеным выпадку выгадна было б сказаць, а ад чаго ўстрымацца. Некаторыя лічылі яго недыпламатычным, бо ён казаў праўду «без дамешак». Ён не баяўся, што скажуць пра яго людзі, калі з’явіцца перад імі са сваімі слязьмі альбо жартам, калі на галаву адзене пер’е індзейцаў ці ў часе прывітання з кіраўніцтвам Новай Зеландыі будзе датыкацца носам. Не баяўся таго, як іншыя будуць рэагаваць, калі ён увойдзе ў жыдоўскую сінагогу ці ў святыню будыстаў. Не саромеўся вызнаць грахі Касцёла, хоць многім гэта не падабалася. Гэты ягоны аўтэнтызм, уменне быць самім сабой ёсць знакам Духа, які прабываў у гэтым чалавеку. Менавіта адкрытасць на Духа з’яўляецца прычынай таго, што тады бярэцца ў разлік толькі праўда, дэталі ж адыходзяць на другі план. Адкрытасць на Духа робіць чалавека па-сапраўднаму свабодным, незалежным ад людской думкі і людскіх суджэнняў. Дух разрывае скасцянелае, прыносіць новае жыццё, адраджае і асвяжае.

Там, дзе дзейнічае Дух Бога, знікае страх. “Няхай прыйдзе Дух Твой і адновіць аблічча зямлі. Гэтай зямлі!” Так маліўся Ян Павел ІІ, калі першы раз ступіў на зямлю сваіх продкаў у якасці Намесніка Пятра. На зямлі сваіх продкаў Ян Павел ІІ заклікаў Духа, бо добра ведаў, што менавіта страх загадвае нам будаваць розныя муры непаразуменняў і падзелаў, ісці на розныя маральныя кампрамісы, прымушае быць нерашучымі перад выбарам дабра. Страх намагаецца пераканаць нас, што рызыка поўнага адкрыцця на сапраўдныя каштоўнасці, якія павінны стаць лепшай альтэрнатывай таго, чым мы жывём цяпер, можа нас знішчыць, асмяяць у вачах іншых. Страх паралізуе і не дазваляе выявіцца ўсяму патэнцыялу дабра, які ляжыць на дне нашых душаў. Гэты Дух у нас жыве. «Ці вы не ведаеце, што вы – святыня Духа Святога», – ушчуваў калісьці святы Павел першых Хрыстовых вернікаў. Адкуль жа ў нас столькі страху, што Ян Павел ІІ часта паўтараў: «Не бойцеся Хрыста, не бойцеся Бога, не бойцеся саміх сябе і свету!»

Не бойцеся жыць. Ян Павел ІІ пастаянна паказваў нам, што нашым галоўным клопатам павінна быць дбанне пра якасць хрысціянства. Ён верыў і сваім жыццём даказваў, што дзякуючы супрацоўніцтву з Богам і дзякуючы патрабаванням, якія чалавек бярэ на сябе, ён можа асягнуць вяршыню святасці і гераізму. Чалавек, дзякуючы ласцы Бога, можа ўпадобніцца да самога Хрыста. Ян Павел ІІ заўсёды быў знакам супраціву ўсялякаму этычнаму, маральнаму і інтэлектуальнаму мінімалізму, шэрасці, пасрэднасці. Ён не прымаў жыцця, якое не прасякае і не рухае творчая думка, не ажыўляе натхненне духа, жыцця, якое не хоча развівацца і прагне заставацца на мізэрным задавальненні сваім status quo. Папа ўвесь час намагаўся паказаць нам, што мы створаныя не для перфекцыянізму, але для таго, каб, прызнаючы сваю ўласную слабасць і абмежаванне, адначасова адважвацца на творчасць – такую, якую кожны з нас мае магчымасць рэалізаваць. Пакліканне кожнага чалавека – усцяж пераўзыходзіць самога сябе, ступаць на глыбіню. Duc in altum.

«Для мяне вялікім аўтарытэтам быў Ян Павел ІІ... Я хачу належаць да Касцёла, якім ён кіраваў і ў якім застаўся ягоны дух», – сказаў мне чалавек, які некалькі дзён таму вырашыў стаць католікам. Гэты чалавек так і не прыйшоў у вызначаны час на першую катэхізацыйную сустрэчу. Спадзяюся, што ён яшчэ адгукнецца. А, можа, ён усвядоміў, што тое, чым заслужыў сабе аўтарытэт Святы Айцец, з’яўляецца таксама і для яго заданнем? Бо дзеля таго, каб навучыцца плаваць, трэба ўсё ж выплысці на глыбіню. Многія ж з нас да сённяшняга дня так, на жаль, і не навучыліся плаваць. Многія з нас, што ганарыліся ў гэтыя дні сваёй прыналежнасцю да Каталіцкага Касцёла. Што гэта – боязь глыбіні?

Ксёндз Аляксандр Чайкоўскі