У тэстамэнце Яна Паўла ІІ асабліва ўражваюць дзве акалічнасці, якія паказваюць усяму свету, чым жыў Папа. Яны даюць нам прыклад таго, на што мы павінны звярнуць увагу ў сваім жыцці, і што з’яўляецца для чалавека сапраўдным скарбам.

На самым пачатку свайго тэстамэнту Папа цытуе словы з Евангелля паводле св. Мацвея (24.42), дзе евангеліст кажа: «Будзьце падрыхтаваныя, бо не ведаеце, калі прыйдзе Пан». Ян Павел ІІ нагадвае ўсяму свету, што падрыхтоўкай да гэтай сустрэчы павінна быць усё наша жыццё. На жаль, мы вельмі часта чуем не толькі ад моладзі, але і ад старэйшых людзей, што ў іх яшчэ ёсць шмат часу, каб падрыхтавацца да сустрэчы з Богам. Людзі вельмі часта кажуць так таму, што не разумеюць сэнсу словаў, якія Папа змясціў у сваім тэстамэнце, даючы свету зразуменне, што гэтая хвіліна наступіць не тады, калі мы гэтага захочам, можа, змучаныя хваробамі і ўзростам, і не тады, калі нам здаецца. Яна можа наступіць тады, калі чалавек думае, што перад ім яшчэ досыць доўгае жыццё, яшчэ шмат чаго можна паспець і што яшчэ шмат часу, каб выправіць свае памылкі, занядбанне веры і перапрасіць за грахі.

Другім красамоўным фактам, на які трэба звярнуць увагу, з’яўляецца тое, што Папа адышоў з гэтага свету, нічога не маючы ва ўласнасці. Тым самым ён стаў верным наступнікам нашага Збаўцы Езуса Хрыста і Яго вернага слугі св. Францішка з Асізі. Ян Павел ІІ ясна даў зразумець свету, што ў хворым імкненні мець, набываць і паядаць чалавек вельмі часта перастае быць чалавекам, хрысціянінам, забываецца пра іншых, пра дапамогу слабым, пакрыўджаным і прыніжаным.

Словы, якія Ян Павел ІІ на працягу ўсяго свайго пантыфікату скіроўваў да свету, адрасаваліся не толькі канкрэтнаму чалавеку альбо групе людзей, але і цэлым народам. Папа неаднарозова звяртаўся да кіраўнікоў багатых краінаў з заклікам працягнуць руку дапамогі бедным, убогім, паміраючым ад голаду альбо пакрыўджаным вайною людзям.

Папа, які не пакінуў пасля сябе матэрыяльнай маёмасці, пакінуў вельмі багатую духоўную спадчыну і прыгожую навуку, якую ён рэалізоўваў праз прыклад свайго жыцця, якое сведчыць, што сапраўдная вартасць чалавека не ў тым, што і колькі ён мае, але ў тым, кім ён з’яўляецца для свету і Пана Бога.

Айцец Анатоль Ярошка