Светлай памяці
Святога Айца Яна Паўла ІІ

Бывай жа, Найвялікшы Славянін!
Хто з нас сягоння горка не заплакаў...
Усёй зямлі ты незвычайны сын.
Стаіць жальба не толькі між палякаў.

І дзён тваіх вячэрняя зара
так доўга ззяла і зусім не гасла.
Ты шчыраваў, каб годным быць Пятра,
ты ўсё жыццё свяціўся ясна-ясна.

Тваёю добрай звычкаю было –
не затрымацца й хвілю на прывале.
Туды прыносіў гойнае святло,
дзе поцемкі пакуль што панавалі.

Цябе любоў вялікая вяла
не на жніво людскіх апладысментаў.
На міг прыпаўшы да твайго цяпла,
усе гублялі холад кантыненты.

Пры дапамозе жыватворных слоў
ты праціраў замглёны свет, як люстра.
Рукою далікатнай рупна вёў
да чыстай згоды ўзбуджанае людства.

Твой голас чуў ён, гэты свет глухі,
рунелі душы ад твайго спрыяння.
За ўсе былыя звады і грахі
ты спавясціў прад Богам пакаянне.

Ты запаветнае прагаварыў
і растлумачыў, скуль ідуць пагрозы.
І мудра паяднаў і прымірыў
святую веру й чалавечы розум.

Як прыхамаці дробныя – праз край,
ты знаў: душу ахутае знямога.
І не наступіць «еўрапейскі рай»,
калі яго нам будаваць без Бога.

Дзеля людзей і для хвалы нябёс
свой крыж цяжкі дарогаю не торнай
з апостальскаю вытрымкаю нёс,
з адданасцю, цярпліва і пакорна.

Як ты хацеў дастукацца да ўсіх,
каб вырас плён з сустрэчаў непасрэдных.
Ах, як любіў ты юных, маладых,
як шкадаваў усіх старых і бедных!

Святы Айцец! Пра наш ты смутак знай:
не выйшла так, як марылася, штосьці.
Ты ў наш гасцінны беларускі край
заўжды жадаў наведацца у госці.

Было замала нашага «хацець»,
і не спрацоўваў беларускі вектар.
Як толькі ты збіраўся узляцець,
адразу нехта слаў насустрач вецер...

На нашай добрай ветлівай зямлі
Такому Госцю цешыліся б дужа.
І для цябе ужо даўно былі
шырока ўсе расчыненыя душы.

Ды запаветнай стрэчы не было –
ёй месца не хапіла ў нашым лёсе.
Але тваё нязгаснае святло
надзейна ў нашых сэрцах засталося.

Яно не згасне праз гады і час,
хоць існуеш ты за зямным парогам.
За Беларусь, наш родны край, за нас
хоць крышку заступіся перад Богам.

Мар’ян Дукса

 
Малітва

да Цябе ў Твой нябесны Рым
у чарзе з пакорай стаім
ад высокіх нябесных брам
паспрыяй Добры Ойча нам

брамы дзе пралілася кроў
адчыні любоўю ў любоў

з Арханёлам Міхалам удвух
прылятайце на цёмны ўсход
тут людзей нявечыць злы дух
заступіцеся за сірот

кожны край бяздольны заўваж
santo subito Ойча наш

паміж намі нябёс сувой
там прымі знак пашаны мой

Данута Бічэль
02–08.04.2005