Так здарылася, што я пазнаёміўся з будучай жонкай на сустрэчы з Святым Айцом Янам Паўлам ІІ у Кіеве падчас яго апостальскага падарожжа на Украіну ў 2001 годзе. Утварылася сям’я, з жонкаю Ірынай выхоўваем маленькага сына Янку. Атрымліваецца, быццам сам Ян Павел ІІ пазнаёміў нас. Зразумела, што мы вельмі любілі і шанавалі нашага Папу.

Мяне заўсёды ўражвала тая вялікая мужнасць і глыбокая пакора, з якой Святы Айцец пераадольваў шматлікія фізічныя і духоўныя выпрабаванні на сваім шляху.

Мне як урачу-неўролагу добра вядомыя пакуты невылечна хворых людзей, у тым ліку на хваробу Паркінсона. Скаванасць мускулаў, якая паступова павялічваецца, перашкаджае нармальнаму руху чалавека, дрыжанне рук і ног, штодзённы боль у суставах і пазваночніку і г.д. Многія хворыя не вытрымліваюць штодзённых пакут, у іх пачынаецца дэпрэсія, некаторыя жадаюць сабе смерці. Але наш Папа-пакутнік мужна нёс свой крыж. Цяжка хворы, ён працягваў нястомна прапаведваць Веру, Надзею і Любоў, наведваючы шматлікія куткі планеты, сустракаючыся з мільёнамі людзей праз асабісты кантакт, тэлемасты, радыё і прэсу.

Хачу згадаць пра яшчэ адзін прыклад пакутніцтва Яна Паўла ІІ – замах на яго жыццё 13 мая 1981 года. Тады турэцкі тэрарыст трапіў Святому Айцу ў жывот. Куля разарвала тонкую і абадочную кішкі, прайшла праз крыж пазваночніка. Папа згубіў вялікую колькасць крыві. Хірургі, якія рабілі аперацыю, былі вельмі здзіўлены: куля за некалькі міліметраў ад аорты чамусьці змяніла траекторыю і не зачапіла гэтую галоўную артэрыю, пашкоджанне якой заўсёды смяротнае. Пакуты, лячэнне і рэабілітацыя былі доўгімі, але Святы Айцец адразу дараваў злачынцы і маліўся за яго...

Ад нас адышоў вельмі блізкі кожнаму чалавек.

Ян Павел ІІ заўсёды клікаў нас да святасці. Ён ужо змяніў кожнага з нас праз тое, што паказаў нам прыклад святасці.

Руслан Гародка, урач.