Ад самага пачатку свайго пантыфікату ён здзіўляў многіх тым, што не баяўся, не пагарджаў, але адважна, з любоўю ішоў да бедных і хворых, самотных і пакрыўджаных. Ён працягваў да іх свае рукі, якія яны са слязьмі цалавалі. Ён крэсліў на іхніх ілбах знак крыжа, і яны шчасліва ўсміхаліся ў адказ, кожны з патаемнай надзеяй, што гэты знак нарэшце зменіць штосьці ў іхнім гаротным жыцці. Ён маліўся за іх. Ён гатовы быў прытуліць да свайго сэрца кожнага, каму цяжка, чый твар перакошаны болем, у чыіх вачах палае вялікая бяда, а часта й крыўда на свой лёс, а можа й зайздрасць да тых, хто не ведае гэткага болю й цярпення. Ён не баяўся ўваходзіць у найбяднейшую нястачу...

І ўсё ж тады, калі ён ішоў да бедных і гаротных, змучаных болем цяжкіх, а то й невылечных, а то й заразных хваробаў, калі ён адважна ішоў да ўсіх іх, але сам быў яшчэ малады, статны, прыгожы, рухавы, яны, знясіленыя сваімі бедамі, маглі ўспрымаць яго хоць і з удзячнасцю ды любоўю, але ўсё ж і з пэўнаю доляю недаверу. Бо ён сыходзіў у іх бездань болю на нейкі час, хоць і глыбока спачуваў іх бядоце, але праз пэўны час зноў вяртаўся да здаровых, моцных, упэўненых у заўтрашнім дні. Ён вяртаўся, а яны заставаліся са сваімі бедамі ды прыгожым, светлым успамінам пра ягонае наведванне іх мора бядоты.

Усё змянілася для іх пасля замаху на Святога Айца, калі ён сам ступіў у адхлань болю й крыўды. Той стрэл у Яна Паўла ІІ на пляцы святога Пятра быў вынікам злой нянавісці. А што ж ён, наш Святы Айцец? Ён перамог тую нянавісць сваёй прамяністай любоўю і прабачэннем. І тым самым даў свету яшчэ адзін вялікі ўрок любові і прабачэння. Маці Божая ацаліла ягонае жыццё – гэта ён сам прызнаў. Але Яна не ацаліла яго ад шматлікіх хваробаў і болю, якія пазней яму давялося цярпець на вачах усяго свету. Ён здолеў прыняць і гэта, і тым самым зноў даў урок пакоры Божай волі, згоды з ёю нават тады, калі яна такая балючая і незразумелая, але яе трэба прыняць менавіта такою.

Які ж блізкі ён стаў з таго часу тым, хто цярпеў боль і хваробы! Гэты мудры старац, такі малады душой, якога віталі воплескамі і якім захапляліся, да якога з’язджаліся юнакі і дзяўчаты з усіх куткоў свету, умеў годна несці крыж сваіх цярпенняў і адначасна заставацца маладым душою. І таму ў самай глыбокай ягонай старасці яго любілі, ім захапляліся дзеці, моладзь, людзі сталага веку. І не аднаму нямогламу калеку, прыкаванаму да ложка болю цяжкай хваробаю, гэты старац дапамагаў несці крыж цярпенняў. Ён, Намеснік Хрыста на зямлі, не толькі сваімі палымянымі словамі, але і ўласным прыкладам, уласным болем паказваў гэтаму свету, як трэба наследаваць Хрыста.

Ён часта пісаў лісты хворым, і тыя словы былі патрэбныя ім, бо яны падтрымлівалі і дапамагалі несці крыж пакутаў. Словы, вядома, былі ім патрэбныя, але не менш патрэбным быў і прыклад. І тое, што яны ведалі, на свае вочы бачылі, як церпіць сам гэты чалавек, які падтрымліваў іх сваімі добрымі, мудрымі словамі, узнімала іх дух, дапамагала трымацца Хрыста і Касцёла.

У сваім лісце «Да маіх братоў і сясцёр – людзей сталага веку» Ян Павел ІІ 1 кастрычніка 1999 г. пісаў: «І хоць жыццё кожнага з нас такое нетрывалае і крохкае, суцяшае думка, што дзякуючы душы, мы перажывем нават уласную смерць. А вера адкрывае перад намі надзею, якая не можа падмануць, указваючы перспектыву уваскрасення напрыканцы часоў».

Святы Айцец Ян Павел ІІ умеў быць з тымі, каму цяжка. Ён проста быў адным з іх, а гэта – найлепшае навучанне. За некалькі дзён да смерці, у Вялікую пятніцу, 25 сакавіка 2005 года, Крыжовы шлях у рымскім Калізеі адбыўся ўпершыню ад пачатку ягонага пантыфікату без яго фізічнага ўдзелу. У сваім пасланні да ўдзельнікаў набажэнства ён напісаў, што ахвяруе ўласныя цярпенні ў інтэнцыі выканання Божых планаў.

...Ён, які ўмеў так неабсяжна любіць, памёр. «Пастыр нас пакінуў...» Але хіба ж пакінуў назусім? Хіба, адышоўшы ў вечнасць, ён адразу забыўся на тых, каго так моцна любіў? Вядома, не. Ён і надалей застаецца з намі. Таму нашы цяперашнія малітвы – гэта падзяка Пану Богу за яго і... просьбы да яго. У сваіх надзеях, спадзяваннях, імкненнях – да яго, Яна Паўла ІІ: «Маліся за нас, хто яшчэ застаецца на гэтай зямлі, на нашай даліне слёз, горычы і болю».

Ірына Жарнасек