Выдатнаю асобаю, якая ўвабрала найлепшыя традыцыі і досвед усяго хрысціянства, з’яўляецца фігура Папы Рымскага Яна Паўла ІІ, Чалавека вялікага і высакароднага. Сам факт яго шматгадовага пантыфікату сапраўды захапляльны. Ян Павел ІІ даў свету надзвычай шмат прыкладаў, якія сведчаць пра шматграннасць і шматбаковую дзейнасць Асобы, якая выпраменьвала святло, высокую культуру, магутны дух. Папа Ян Павел ІІ быў сусветным духоўным Пастырам, і гэта пацверджана ўсёй ягонай дзейнасцю і духоўнай практыкай. Яго прымалі, слухалі, на яго спадзяваліся не толькі католікі. Пачуць яго пераканаўчае слова прагнулі людзі ў розных кутках зямлі, вызнаўцы розных рэлігій.

У 1978 г. Канклаў кардыналаў выключна правільна зрабіў свой выбар, абраўшы на Апостальскі Пасад сусветнага Пастыра кардынала Караля Вайтылу. Папа Ян Павел ІІ быў першы і пакуль адзіны найвышэйшы іерарх Каталіцкага Касцёла, які быў славянінам, палякам, прадстаўніком блізкага нам па духу і па культуры народа. І мы, беларусы, наша краіна Беларусь цалкам, незалежна ад рэлігійнага вызнання, суграмадзяне і тыя, хто жыве па-за межамі Бацькаўшчыны, а гэта значыць каля 14 мільёнаў нашых суайчыннікаў, на працягу чвэрці стагоддзя атрымлівалі моцную духоўную падтрымку.

Быць проста славянінам – яшчэ нічога не значыць, бо, як часта бывае, высокія саноўнікі ў славянскіх вопратках у сваіх ацэнках і дзеяннях дапускаюць брутальныя, грубыя выпады, непавагу да гістарычных устояў суседніх ці іншых народаў.

Дзякаваць Богу, што ў каталіцкай канфесіі, сярод яе прадстаўнікоў такога няма, а ёсць талерантнасць і клопат пра евангелізацыю на нацыянальнай мове народа. Яскравым прыкладам з’яўляецца хрысціянская перадача «Голас душы» – трансляцыя службы з мінскага архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Кожную нядзелю службу вядуць іншыя святары, з розных касцёлаў Беларусі, але ўсе святары карыстаюцца беларускаю моваю, нават многія прыезджыя святары ахвотна яе вывучаюць. І гэта нармальная з’ява, так павінна быць у цывілізаванай краіне, бо стан культуры і духоўнасці народа залежыць ад стану мовы і нацыянальнай школы. Можа, не ва ўсіх касцёлах беларуская мова знайшла прапіску, але ў большасці яна функцыянуе. Гэта і ёсць Духоўнае Адраджэнне. І гэты працэс пашыраецца. Духоўнае Адраджэнне ў Беларусі працягваецца. За гэтым працэсам відавочная постаць Папы Яна Паўла ІІ.

Родная мова, па сваёй сутнасці, з’яўляецца сродкам яднання народа. І гэта найлепшы паказчык таго, што ў Беларусі духоўнае Адраджэнне набыло дынамічны, незваротны характар, прынамсі ў нетрах аднае канфесіі, каталіцкай, як заходняга так і ўсходняга абрадаў.

Спачатку трэба было быць кардыналам Каралем Вайтылам з ягонай унутранай культурай, светапоглядам, адукацыяй, талерантнасцю, ягоным дэмакратызмам у падыходах да будовы свету, каб увасобіць гэтыя ідэалы ў практыцы Папы Яна Паўла ІІ. Ён ніколі не казаў пра «кананічную тэрыторыю». Папа Ян Павел ІІ заўсёды, калі для гэтага была нагода, звяртаўся да нас, да беларускага народа, на нашай мове. І гэта была ягоная звыклая практыка. Ён ведаў шмат якія мовы дасканала і мог чытаць практычна на любой мове. Такая практыка была сведчаннем ягонай глыбокай павагі да беларускага народа (як і да любога іншага), да носьбітаў беларускай мовы і культуры. Кожны такі факт быў моцнай падтрымкай усіх, хто працуе на ніве беларушчыны, а тым, хто яшчэ блукае ў цемры паняверкі – далікатны намёк на стыль паводзінаў, яркі прыклад служэння народу, прапаведвання спрадвечных нацыянальных ідэалаў. І за ўсёй дзейнасцю Папы Яна Паўла ІІ відавочны глыбокая кампетэнтнасць, высокая культура і, як вынік – несумніўны аўтарытэт, аўтарытэт сусветнага Пастыра.

Мікола Купава, мастак.