Гаворачы пра ўзаемаадносіны Яна Паўла ІІ і моладзі, варта пачаць з таго, што ў час пантыфікату Святога Айца ў Касцёле вельмі моцна адчувалася атмасфера сям’і. І менавіта шмат у чым дзякуючы гэтаму Святому Айцу мільёны маладых людзей ва ўсім свеце, у тым ліку ў Беларусі, пачалі ўспрымаць Касцёл як свой дом, а не як нешта далёкае і таямнічае. Моладзь перастала ставіцца да рэлігіі як да прэрагатывы бабулек. Папа дапамог нам адчуць, што Касцёл — гэта таксама і мы, моладзь, што і ад нас, маладых, ужо цяпер шмат залежыць. Ян Павел ІІ увесь час падкрэсліваў гэта. Ён хацеў, каб мы былі адказнымі, мэтанакіраванымі, гатовымі да ахвяры і каб жылі згодна з вучэннем Евангелля і запаведзямі Хрыста. Ён часта паўтараў: Don’t be afraid — Не бойцеся! Папа заклікаў нас не баяцца быць апосталамі ў сучасным свеце, і ў гэтым ён сам быў найлепшым прыкладам. Яго шматлікія пастырскія падарожжы найбольш яскрава сведчылі пра жаданне быць бліжэй да ўсіх сваіх дзяцей, дзе б яны ні жылі. Яго асабістая прысутнасць у розных краінах найбольш спрыяла ўстанаўленню гэтай сямейнай абстаноўкі, пра якую я казаў напачатку, а таксама атмасферы любові і даверу, што так прыцягвала моладзь. Сотні тысяч маладых людзей мелі магчымасць асабіста сустракацца са Святым Айцом і, напэўна, будуць памятаць пра гэтыя сустрэчы ўсё сваё жыццё.

Зазвычай сустрэчы Папы з моладдзю былі вельмі эмацыйнымі: радасць свяцілася ў позірках, звінела ў песнях, вылівалася ў самых цёплых словах, і ніхто не стараўся яе хаваць. Ці не больш за маладых радаваўся і сам Папа: яго жывая непасрэдная рэакцыя прымушала хвалявацца высокіх касцёльных саноўнікаў і ахову, а моладзь проста прыводзіла ў захапленне. Святы Айцец, забываючы пра ўзрост і хваробы, а часта перамагаючы боль, мог спяваць і танцаваць разам з маладымі, мог раптам перастаць абапірацца на сваю кавеньку і пачаць ёю жангліраваць або часам і пагразіць ёю, калі моладзь ужо занадта разыходзілася. Менавіта такім запамятаў я Папу Яна Паўла ІІ падчас Сусветных дзён моладзі, якія праходзілі зімою 1995 года ў Маніле.

Для мільёнаў маладых каталікоў Папа быў добрым і любячым айцом, прынамсі, мне здаецца, што менавіта так яго ўспрымалі. Яго адкрытасць і натуральнасць у адносінах з моладдзю не была нейкім папулізмам ці гульнёй. Цеплыні гэтых адносінаў не астуджала нават строгая і прынцыповая пазіцыя Папы ў некаторых сур’ёзных пытаннях, у якіх многім маладым людзям, можа, хацелася б мець больш вольнасці. Святы Айцец не быў адарваны ад рэчаіснасці, ён цудоўна разумеў праблемы сучаснага свету і імкнуўся навучыць маладых глядзець на гэтыя праблемы ў святле Евангелля і вырашаць іх разам з Хрыстом. У выказванні сваёй пазіцыі ён ніколі не станавіўся занудлівым маралістам. Папа заўсёды імкнуўся да дыялогу і размаўляў з моладдзю не з пазіцыі вышэйшага іерарха, а на роўных. Лепшым перакананнем Святы Айцец заўсёды лічыў асабістае сведчанне і заклікаў маладых таксама станавіцца сведкамі Божай любові ў свеце.

Сваім вялізным асабістым аўтарытэтам Ян Павел ІІ трывала ўмацаваў сярод моладзі аўтарытэт Галавы Касцёла. Але самае галоўнае ўсё ж такі не гэта, а тое, што моладзь любіла свайго Папу, нават калі і не заўсёды слухалася яго айцоўскіх парадаў. Здаралася, падчас Сусветных дзён моладзі на вялікіх пляцоўках, дзе адбывалася вігілія або святая Імша, не заўсёды было выразна чуваць, што гаворыць стары Пантыфік, але само гучанне яго голасу, яго ледзь распазнавальная з-за вялікай адлегласці постаць як нішто дапамагалі адчуць блізкасць Нябеснага Айца.

У апошнія дні зямнога шляху Яна Паўла ІІ, а таксама пасля яго адыходу з гэтага свету маладыя людзі з усіх краінаў аднадушна маліліся за таго, хто ўсё жыццё іх так моцна любіў. Яны заахвочвалі да малітвы сваіх сяброў на Internet-форумах, а таксама высылаючы адзін аднаму электронныя лісты і SMS паведамленні. Маладым асабліва цяжка прымірыцца са смерцю, але мы, хрысціяне, верым у жыццё вечнае і ведаем, што любоў не знікне ніколі. Таму мы можам быць упэўненымі ў тым, што Ян Павел ІІ разам са сваім наступнікам Бэнэдыктам XVI будзе нябачна прысутнічаць сярод нас на сёлетніх Сусветных днях моладзі ў Кёльне і калісьці сваёй радаснай усмешкай зноў сустрэне нас у доме Нябеснага Айца.

Мікола Гракаў