Без сустрэчы са Святым Айцом Янам Паўлам ІІ я не ведаю, ці засталася б у Касцёле. Папа дапамог пераадолець цяжкія спакусы адысці ад каталіцкай веры.

Так здарылася ў маім жыцці, што я аднолькава моцна палюбіла Каталіцкі Касцёл і Праваслаўную Царкву. Нарадзілася ў Казахстане, там і была ахрышчана каталіцкім святаром. Пасля смерці маці наша сям’я вярнулася на радзіму, у Беларусь. Родная цётка падрыхтавала мяне да Першай святой Камуніі, якую я прыняла ў 13 гадоў. А потым у маім духоўным жыцці было доўгае зацішша.

І вось на пачатку 90-х гадоў, калі пачала адраджацца духоўнасць, Міласэрны Бог праз працу журналіста прывёў мяне ў Касцёл. Набажэнствы, самастойныя малітвы, духоўная літаратура пакрысе наталялі маю збалелую ад духоўнага голаду душу, аднак яна не атрымлівала галоўнага – святой Камуніі. З мужам мы жылі без касцёльнага шлюбу, і таму я не магла хадзіць да споведзі і ад гэтага вельмі пакутавала. Ведала, што ў Праваслаўнай Царкве сужэнцам, якія жывуць без шлюбу, дазваляецца прыступаць да сакрамэнту споведзі і святога Прычасця, і я пайшла туды.

У царкве мне таксама вельмі падабалася. Тут, як і ў касцёле, адчувала вялікую Божую ласку. Касцёл не кідала, хадзіла і туды, і туды, аднак гэтая раздвоенасць пачала прыгнятаць маю душу. Памятаю: іду ў царкву – плачу і сумую па касцёле; іду ў касцёл – плачу і хачу ў царкву, бо там магу ачысціць душу ў сакрамэнце споведзі і атрымаць Цела і Кроў Езуса Хрыста ў святым Прычасці. Як жа пакутавала мая душа з-за гэтага раздзялення на католікаў і праваслаўных! Заўсёды думалася: калі мне так цяжка, дык як жа пакутуе Езус Хрыстус з-за таго, што бясконца раздзіраюць Яго Містычнае Цела. З таго часу я пачала маліцца за аб’яднанне ўсіх хрысціянаў. Разумела, што павінна вызначыцца. У сваіх малітвах прасіла Пана Езуса і Найсвяцейшую Яго Маці дапамагчы мне ў гэтым. І вось аднойчы на споведзі ў адной з мінскіх цэркваў, даведаўшыся, што я каталічка, святар катэгарычна забараніў мне хадзіць у касцёл, маўляў, там ерэтыкі і адступнікі ад сапраўднай веры. Я была збянтэжаная. Не разумела, як можна католікаў, братоў па хрысціянскай веры, называць ерэтыкамі і бязбожнікамі. Дзе ж тая любоў да бліжняга, да якой заклікае ў сваіх запаведзях Пан Бог і пра якую навучаюць самі святары?! Усё гэта нагадвала мне пра фарысейства. Душа мая такіх адносінаў да сваіх братоў і сясцёр у Хрысце не прымае. Да таго ж, у касцёле я ні разу не чула ад святароў штосьці негатыўнае ў адрас праваслаўя. Наадварот, часта гучала: «Нашы браты праваслаўныя...»

Я шчыра маліла Бога адказаць мне праз Святое Пісанне, дзе ж праўда. І вось мой позірк трапляе на словы: «І Пётр, расчыніўшы вусны, сказаў: Сапраўды спасцерагаю, што не на аблічча ўглядаецца Бог, але ў кожным народзе прыемны Яму той, хто баіцца Бога і чыніць справядліва» (Дз 10, 34–35). Перагарнуўшы некалькі старонак, чытаю: «Таму што праз Яго і тыя, і другія маем доступ да Айца ў адным Духу» (Эф 2, 4.19). Было адчуванне, што гэта прамовіў сам Езус. І я вырашыла, што павінна застацца там, куды кліча душа, а яна клікала ў Касцёл.

У хуткім часе Бог даў, што мой муж згадзіўся на шлюб, і я ўжо магла прымаць святыя Сакрамэнты ў касцёле. Аднак не ўсё складвалася проста. Заўсёды знаходзіліся людзі, якія пераконвалі ў тым, што я зрабіла няправільны выбар. Сярод іх быў вядомы вучоны Альберт Вейнік, які перайшоў з каталіцтва ў праваслаўе і ўзяў новае імя – Віктар. Для мяне на той час гэта быў вялікі аўтарытэт. Я зачытвалася яго працамі, сярод якіх былі «Таямніцы Вечнай Кнігі», «Таямніцы мыслення» і іншыя. Парастак маёй каталіцкай веры быў яшчэ вельмі слабы, таму мяне хістала, як былінку на ветры, а душа па-ранейшаму не знаходзіла супакою.

І вось сапраўдны цуд – я еду на 20 дзён у Рым на летні курс Універсітэта польскай культуры, які праходзіў у Доме Яна Паўла ІІ. Гэта быў 1995 год. Міласэрны Бог праз аднаго польскага святара зрабіў мне такі падарунак.

Наша група складалася ў асноўным з палякаў, якія калісьці эмігрыравалі у ЗША, Канаду, Швецыю, іншыя краіны. З былога Савецкага Саюза было ўсяго чатыры чалавекі – дваіх з Беларусі і па аднаму з Украіны і Літвы.

Сорамна прызнацца, але на той час я вельмі раўнадушна адносілася да Святога Айца, не разумеючы значэння і велічы гэтага чалавека.

Успамінаю, як усе ў групе ва ўзнёслым настроі ехалі ў Ватыкан на сустрэчу з Папам, а я была спакойная. У вялікай мармуровай зале адчула нейкую няўтульнасць ад недахопу святла і цяпла. І вось раптам – мёртвая цішыня. З праёму шырокіх дзвярэй паволі ідзе, нібы выплывае фігура Святога Айца Яна Паўла ІІ. Увесь у белым, са шчырай і радаснай усмешкай ён адразу, нібы сонейка, асвяціў усё навокал. Адразу стала цёпла і ўтульна. Прывітаў усіх і пачаў размаўляць. Пытаў у нас, хто адкуль. Параіў маладым хлопцам і дзяўчатам з Польшчы вяртацца на радзіму. Па-бацькоўску пяшчотна назваў іх польскімі кветкамі. Пацікавіўся, ці ёсць хто з былога СССР. Пачуўшы пра беларусаў, ён неяк ажно выпрастаўся, яго вочы заблішчэлі асаблівым святлом, і ён працягла прапеў, нібы прамовіў сэрцам: Бе-ла-русь... Папа доўга глядзеў на мяне, і той позірк, нібы рэнтген, пранікаў у глыбіню душы. Памятаю, што я апусціла вочы... Цяпер я ўпэўнена, што гэты святы чалавек убачыў мае духоўныя праблемы і памаліўся за мяне.

Потым мы сустрэліся з Янам Паўлам ІІ у базыліцы святога Пятра на святой Імшы, прысвечанай збліжэнню дзвюх канфесій – каталіцкай і праваслаўнай. На набажэнстве прысутнічаў экуменічны Патрыярх Канстанцінопаля Барталамей І. Увесь час нельга было стрымаць слёз веры і надзеі ў паяднанне хрысціянаў, а таксама слёз радасці і гонару за нашу каталіцкую веру. Нібы яркі промень асвяціў душу: вось ён, адзіны Пастыр Адзінага Сусветнага Касцёла, наш Святы Айцец Ян Павел ІІ, Наступнік святога Пятра, першага Рымскага Папы.

Я ўсім сэрцам палюбіла Папу. Мне часта хацелася маліцца да яго як да святога, і вось з 2 красавіка гэтага года з’явілася такая магчымасць, але яна зусім не радуе. Занадта балючая гэта страта...

Галіна Горская