«Ідзі за Мной», — кажа ўваскрослы Хрыстус Пятру, і гэта Яго апошняе слова да вучня, выбранага, каб пасвіць Яго авечак. «Ідзі за Мной», — гэтая кароткая фраза Хрыста можа паслужыць нам ключом да зразумення паслання, што вынікае з жыцця нашага незабыўнага і любага Папы Яна Паўла ІІ, цела якога мы сёння аддаем зямлі як насенне несмяротнасці, з сэрцамі, напоўненымі смуткам, але таксама радаснай надзеяй і глыбокай удзячнасцю.

Такія пачуцці пануюць у нашых душах, браты і сёстры ў Хрысце, прысутныя на плошчы Святога Пятра, на прылеглых вуліцах і ў розных іншых месцах Рыма, напоўненага ў гэтыя дні незлічоным мноствам людзей, засяроджаных у маўчанні і малітве. Усіх вас я сардэчна вітаю. Таксама ад імя Калегіі Кардыналаў хачу асабліва прывітаць кіраўнікоў дзяржаваў, урадаў і дэлегатаў ад розных краінаў. Вітаю кіраўнікоў і прадстаўнікоў розных Касцёлаў і супольнасцяў, як хрысціянскіх, так і іншых рэлігій. Вітаю арцыбіскупаў, біскупаў, святароў, законнікаў, законніц і вернікаў з розных кантынентаў, сабраных разам, а асабліва моладзь, якую Ян Павел ІІ любіў называць будучыняй і надзеяй Касцёла. Акрамя таго, я скіроўваю сваё прывітанне таксама і да тых, хто ў розных кутках свету яднаецца з намі праз радыё і тэлебачанне, сэрцам беручы ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі развітання з нашым любым Папам.

«Ідзі за Мной!» — у маладосці Караль Вайтыла захапляўся літаратурай, тэатрам, паэзіяй. Працуючы на хімічнай фабрыцы, калі навокал лютаваў нацысцкі тэрор, што пагражаў і яму, ён пачуў голас Пана: «Ідзі за Мной!» У гэтых вельмі асаблівых абставінах ён пачаў чытаць кнігі па філасофіі і тэалогіі, а затым паступіў у падпольную семінарыю, створаную кардыналам Сапегам, і пасля вайны змог завяршыць сваю вучобу на тэалагічным факультэце кракаўскага Ягелонскага універсітэта. Шмат разоў у сваіх лістах да святароў і аўтабіяграфічных кнігах ён апавядаў нам пра сваё святарства, якое распачалося 1 лістапада 1946. У гэтых тэкстах ён тлумачыць яго, грунтуючыся, у прыватнасці, на трох фразах Пана. Першая з іх: «Не вы мяне выбралі, але Я вас выбраў і ўстанавіў вас, каб вы ішлі і прыносілі плод і каб плод ваш трываў» (Ян 15, 16). Другая: «Добры пастыр аддае жыццё за авечак» (Ян 10, 11). І нарэшце: «Як Айцец палюбіў Мяне, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ж у любові Маёй» (Ян 15, 9). У гэтых трох фразах цалкам відаць душу Святога Айца. Ён сапраўды нястомна ішоў паўсюль, каб прыносіць плод, плод, які трывае. «Устаньце, хадзем!» — назва яго перадапошняй кнігі. «Устаньце, хадзем!» — гэтымі словамі ён абудзіў нас ад стомленай веры, ад сну вучняў, як учарашніх, так і сённяшніх. «Устаньце, хадзем!» — гаворыць ён нам і сёння. Святы Айцец быў святаром у поўнай меры, таму што ахвяраваў сваё жыццё Богу за сваіх авечак і за ўсю чалавечую сям’ю, штодзённа прыносячы сябе ў дар служэння Касцёлу, а асабліва ў цяжкіх выпрабаваннях апошніх месяцаў, і такім чынам стаў адным цэлым з Хрыстом, добрым пастырам, які любіць сваіх авечак. І нарэшце, «заставайцеся ў Маёй любові»: Папа, які імкнуўся сустрэць усіх, які быў здольны прабачаць і адкрываць сэрца для ўсіх, звяртаецца да нас таксама і сёння з такімі словамі Пана: «Прабываючы ў любові Хрыста, мы вучымся ў Хрыстовай школе мастацтву сапраўднай любові».

«Ідзі за Мной!» — у ліпені 1958 года малады святар Караль Вайтыла распачаў новы этап на шляху, па якім ішоў з Панам і за Панам. Караль, як звычайна, выправіўся з групай маладых аматараў каноэ на Мазурскія азёры, каб разам правесці адпачынак. Але ён вёз з сабою ліст, у якім яго запрашалі прыбыць да Прымаса Польшчы кардынала Вышынскага, і здагадваўся пра мэту гэтай сустрэчы: яго намінацыю дапаможным біскупам Кракава. Пакінуць выкладчыцкую працу, пакінуць поўнае энергіі жыццё разам з моладдзю, пакінуць тую напружаную інтэлектуальную барацьбу, накіраваную на пазнанне і тлумачэнне таямніцы стварэння чалавека, каб даць сучаснаму свету хрысціянскае разуменне нашага існавання — усё гэта павінна было ўяўляцца яму як страта сябе самога, страта таго, што стала чалавечай сутнасцю гэтага маладога святара. «Ідзі за Мной!» — Караль Вайтыла згаджаецца, чуючы ў пакліканні Касцёла голас Хрыста. І пасля ён зразумеў, наколькі праўдзівыя словы Пана: «Хто захоча захаваць сваё жыццё, той згубіць яго, а хто згубіць яго, той захавае яго» (Лк 17, 33). Наш Папа — і мы ўсе гэта добра ведаем — ніколі не хацеў захаваць сваё жыццё, пакінуць яго сабе; ён аж да апошняга моманту жадаў аддаваць сябе без рэшты Хрысту, а значыць, і нам. Менавіта такім чынам ён змог пераканацца, як усё, што было ім аддадзена ў рукі Пану, вярнулася ў новым выглядзе: любоў да слова, да паэзіі, да літаратуры стала істотнай часткай яго пастырскага служэння і напоўніла новай свежасцю, новай актуальнасцю, новай прывабнасцю абвяшчэнне Евангелля, нават тады, калі яно з’яўляецца знакам супраціўлення.

«Ідзі за Мной!» — у кастрычніку 1978 года кардынал Вайтыла ізноў пачуў голас Пана. Ізноў пачынаецца дыялог з Пятром, які гучаў у евангельскім чытанні сённяшняй цэлебрацыі. «Сымон, сын Яна, ці любіш ты Мяне? Пасі авечак Маіх!» На пытанне Пана : «Караль, ці любіш ты Мяне?» арцыбіскуп Кракаўскі адказаў з глыбіні свайго сэрца: «Пане, Ты ўсё ведаеш. Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Любоў Хрыста была асноўнай сілаю нашага любага Святога Айца: тыя, хто бачыў яго падчас малітвы, хто чуў яго казанні, ведаюць гэта. Такім чынам, дзякуючы глыбокаму ўкараненню ў Хрысце ён змог несці цяжар, які пераўзыходзіць звычайныя чалавечыя сілы: быць пастырам статку Хрыстовага, Яго сусветнага Касцёла. Цяпер не той момант, каб казаць пра асобныя аспекты гэтага надзвычай змястоўнага пантыфікату. Я хачу толькі прачытаць два сказы з сённяшняй літургіі, якія ўвасабляюць цэнтральныя элементы яго паслання. У першым чытанні святы Пётр — і Папа разам з ім — гаворыць нам: «Сапраўды ўпэўніваюся, што Бог не глядзіць на аблічча, але ў кожным народзе прыемны Яму той, хто баіцца Бога і паступае справядліва. Слова паслаў сынам Ізраэля, абвяшчаючы супакой праз Езуса Хрыста, які з’яўляецца Панам усяго» (Дз 10, 34-36). А ў другім чытанні святы Павел — і наш памерлы Папа разам з ім — на поўны голас звяртаецца да нас: «Браты мае ўмілаваныя і пажаданыя, радасць і вянец мой, прабывайце так у Пану, любыя» (Флп 4, 1).

«Ідзі за Мной!» — даючы наказ пасвіць свой статак, Хрыстус прадказаў Пятру яго мучаніцтва. Гэтымі заключнымі словамі, якія падсумоўваюць дыялог аб любові і аб пасланніцтве сусветнага пастыра, Пан вяртаецца да іншага дыялогу, які адбываўся падчас Апошняй Вячэры. Тады Езус сказаў: «Куды Я іду, вы не можаце ісці». Пётр сказаў: «Пане, куды Ты ідзеш?» Езус адказаў яму: «Куды Я іду, ты цяпер не можаш ісці за Мною; пазней жа пойдзеш за Мною» (Ян 13, 33. 36). Езус пасля Вячэры ідзе на крыж, ідзе да ўваскрасення — уваходзіць у пасхальную таямніцу; Пётр пакуль не можа ісці за Ім. А цяпер, пасля ўваскрасення, прыйшоў час, прыйшло гэтае «пазней». Пасвячы статак Хрыстовы, Пётр уваходзіць у пасхальную таямніцу, ідзе да крыжа і ўваскрасення. Пан гаворыць пра гэта такімі словамі: «Калі ты быў малады, (...) хадзіў, куды хацеў; калі ж састарэеш, то выцягнеш рукі твае, і іншы падперажэ цябе і павядзе, куды не захочаш». (Ян 21, 18). У першы перыяд свайго пантыфікату Святы Айцец, яшчэ малады і поўны сілаў, пад кіраўніцтвам Хрыста ішоў аж на край зямлі. Але пасля ўсё больш уваходзіў у супольнасць з Хрыстом церпячым, усё больш разумеў праўдзівасць словаў « іншы падперажэ цябе...». І менавіта ў гэтай еднасці з церпячым Хрыстом ён нястомна і з новай энергіяй абвяшчаў Евангелле: таямніцу любові, якая ідзе аж да канца (пар. Ян 13, 1).

Ён паказаў нам пасхальную таямніцу як таямніцу Божай міласэрнасці. У сваёй апошняй кнізе ён піша: «Мяжа, устаноўленая для зла — гэта, у рэшце рэшт, Божая міласэрнасць» (Памяць і самасвядомасць, с. 70). Разважаючы пра замах, гаворыць: «Хрыстус, церпячы за ўсіх нас, надаў новы сэнс цярпенню, Ён увёў яго ў новае вымярэнне, у новы парадак — парадак любові. (...) Цярпенне спальвае і паглынае зло полымем любові і нават з граху ўзрошчвае разнастайныя кветкі дабра» (с. 199). Натхнёны такім бачаннем, Папа цярпеў і любіў у еднасці з Хрыстом, а таму пасланне яго цярпення і яго маўчання стала такім красамоўным і плённым.

Божая Міласэрнасць: Святы Айцец знайшоў найбольш чыстае адлюстраванне міласэрнасці Бога ў Маці Божай. Ён, які ў дзіцячым узросце страціў матулю, яшчэ мацней любіў нябесную Маці. Ён успрыняў словы, сказаныя Панам на крыжы, менавіта як зварот асабіста да сябе: «Вось Маці твая». І зрабіў як умілаваны вучань: прыняў Яе ў самую глыбіню свайго існавання (eis ta idia: Ян 19, 27) — Totus Tuus, увесь Твой. А ад Маці ён навучыўся прыпадабняцца да Хрыста.

Для ўсіх нас застаецца незабыўным, як у апошнюю пасхальную нядзелю ў сваім жыцці Святы Айцец, пазначаны цярпеннем, яшчэ раз з’явіўся ў акне Апостальскага палаца і ў апошні раз удзяліў благаславенне Urbi et orbi — Гораду і свету. Мы можам быць упэўненыя, што наш любы Папа глядзіць з акна Дому Айца, бачыць нас і нас благаслаўляе. Так, благаславі нас, Святы Ойча. Мы даручаем тваю дарагую душу Маці Божай, тваёй Маці, якая вяла цябе кожны дзень і цяпер павядзе цябе ў вечную хвалу свайго Сына Езуса Хрыста, Пана нашага. Амэн.