У нядзелю 24 красавіка на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане адбылася ўрачыстая святая Імша з нагоды інаўгурацыі Папы Бэнэдыкта XVI. У гэтай інаўгурацыйнай урачыстасці ўдзельнічалі каля паўмільёна вернікаў, а таксама амаль усе кардыналы, шмат кіраўнікоў дзяржаваў і рэлігійных лідэраў іншых канфесій. З гэтага моманту распачалося служэнне новаабранага Папы, поўны тытул якога гучыць так: «Біскуп Рыма, Намеснік Езуса Хрыста, Наступнік Князя Апосталаў, Найвышэйшы Першасвятар Сусветнага Касцёла, Патрыярх Захаду, Прымас Італіі, Арцыбіскуп Мітрапаліта Рымскай правінцыі, Манарх Дзяржавы Горада Ватыкана, Слуга слугаў Божых». Падчас цэлебрацыі Святому Айцу былі ўручаныя сімвалы яго служэння: палій з воўны і пярсцёнак Рыбака.

Бэнэдыкт XVI прамовіў гамілію, на пачатку якой вярнуўся да апошніх падзеяў, звязаных з адыходам у вечнасць Папы Яна Паўла ІІ, і ўзгадаў светлую постаць свайго Вялікага Папярэдніка: «Менавіта ў сумныя дні хваробы і смерці Папы гэта цудоўным чынам выявілася на нашых вачах: Касцёл жывы. (...) У болю, які быў на твары Святога Айца ў дні Пасхі, мы сузіралі таямніцу мукі Хрыста і ўсе разам дакрануліся да Ягоных ранаў. Але ў гэтыя дні мы маглі таксама, у самым глыбокім сэнсе, дакрануцца і да Уваскрослага. Нам было дадзена адчуць радасць, якую Ён абяцаў, пасля невялікага змрочнага перыяду, як плён свайго ўваскрасення».

Наогул, гамілія Папы Бэнэдыкта XVI на інаўгурацыйнай Імшы не стала чымсьці накшталт яго праграмнай прамовы. Звяртаючыся да сваёй паствы, Святы Айцец сказаў: «Дарагія сябры! Мне не трэба цяпер прадстаўляць праграму кіравання. Нейкія абрысы таго, што я лічу сваім абавязкам, мне ўжо выпала магчымасць адзначыць у маім пасланні, абнародаваным у сераду 20 красавіка, і, напэўна, яшчэ будзе нагода вярнуцца да гэтага». У гаміліі Святы Айцец разважаў пра значэнне вышэйзгаданых сімвалаў Папскага служэння. Гаворачы пра палій, Папа, у прыватнасці, сказаў: «Гэты вельмі старажытны знак, які біскупы Рыму пачалі насіць з чацвёртага стагоддзя, можа ўспрымацца як сімвал Хрыстовага ярма, якое біскуп гэтага горада, Слуга слугаў Божых, прымае на свае плечы. Ярмо Бога — гэта воля Бога, якую мы прымаем. (...) На самай справе сімволіка палія яшчэ больш канкрэтная: воўна ягняці азначае згубленую авечку, а таксама і хворую, і слабую, якую пастыр кладзе сабе на плечы і нясе да водаў жыцця. (...) Чалавецтва — усе мы — гэта згубленая авечка, якая не можа знайсці дарогу ў пустыні. Хрыстус не жадае прымірыцца з гэтым; Ён не можа пакінуць чалавецтва ў такім безнадзейным становішчы. Ён устае, пакідае нябесную хвалу, каб адшукаць авечку і ісці за ёю ажно на крыж. Ён бярэ яе на свае плечы, нясе на іх усё чалавецтва, нясе нас з вамі: Ён — добры Пастыр, які аддае сваё жыццё за авечак. Перадусім палій азначае, што ўсіх нас нясе Хрыстус». Робячы выснову, Папа такім чынам бачыць сваё асабістае заданне і заданне ўсяго Касцёла: «Увесь Касцёл і ўсе яго пастыры павінны, як Хрыстус, выправіцца ў дарогу, каб вывесці людзей з пустыні туды, дзе ёсць жыццё, да сяброўства з Божым Сынам, да таго, хто дае нам жыццё — жыццё ў паўнаце». Бэнэдыкт XVI бачыць ідэал сапраўднага пастыра народа Божага такім чынам: «Адной з асноўных вызначальных рысаў пастыра павінна быць любоў да давераных яму людзей на ўзор любові Хрыста, якому ён служыць», і просіць дапамагчы яму наблізіцца да гэтага ідэалу: «Маліцеся за мяне, каб я вучыўся ўсё больш любіць Пана. Маліцеся за мяне, каб я вучыўся ўсё больш любіць Яго статак — вас, святы Касцёл, кожнага з вас паасобку і ўсіх разам».

Таксама і ў другім сімвале Пятровага служэння — пярсцёнку Рыбака — Святы Айцец бачыць напамін пра актуальныя задачы Касцёла і яго служыцеляў у сучасным свеце: «Сёння Касцёл і наступнікі апосталаў закліканыя выплыць на глыбіню ў мора гісторыі і закінуць сеткі, каб здабываць людзей для Евангелля — для Бога, для Хрыста, для сапраўднага жыцця. (...) Несучы місію лаўца людзей, па прыкладзе Хрыста, трэба выцягваць людзей з салёнага мора кожнай адасобленасці на зямлю жыцця, на Божае святло».

Непадробны боль гучаў у словах Пантыфіка, калі ён казаў пра падзел паміж хрысціянамі: «Як у вобразе пастыра, так і ў вобразе рыбака вельмі канкрэтна выяўляецца заклік да еднасці. «Маю Я і іншых авечак, што не з гэтага двара, і іх трэба Мне прывесці, каб і яны пачулі голас Мой. І будзе адна аўчарня і адзін пастыр» (Ян 10, 16), — гаворыць Езус на заканчэнне прамовы пра добрага пастыра. А аповед пра 153 вялікія рыбы заканчваецца радасным сцвярджэннем: «І пры такім мностве сетка не прарвалася» (Ян 21, 11). На жаль, любы Пане, цяпер яна парваная! — хочам сказаць мы з болем. Але ж не — мы не павінны быць сумнымі! Узрадуемся Твайму абяцанню, бо яно не падманвае, і зробім усё, што ў нашых сілах, каб прыйсці да еднасці, якую Ты абяцаў».

На заканчэнне Бэнэдыкт XVI таксама, як і на пачатку, яшчэ раз узгадаў пра Папу Яна Паўла ІІ: «У гэтую хвіліну я ў думках вяртаюся ў дзень 22 кастрычніка 1978 года, калі Папа Ян Павел ІІ тут, на плошчы Святога Пятра, распачаў сваё служэнне. У маіх вушах увесь час гучаць словы, якія ён тады сказаў: „Не бойцеся, адкрыйце і нават расчыніце насцеж дзверы Хрысту!“». І, асабліва звяртаючыся да моладзі, завяршыў гамілію словамі: «Таму і сёння я хацеў бы з вялікаю сілаю і ўпэўненасцю, якая паходзіць з вопыту ўласнага доўгага жыцця, сказаць вам, дарагая моладзь: не бойцеся Хрыста! Ён не забірае нічога і дае ўсё. Той, хто аддаецца Яму, атрымлівае стокроць. Так, адкрыйце, расчыніце насцеж дзверы Хрысту і знойдзеце сапраўднае жыццё».

Бэнэдыкт XVI узнавіў традыцыю свайго Папярэдніка праводзіць кожную сераду агульныя аўдыенцыі для пілігрымаў, якія збіраюцца на плошчы Святога Пятра. Апошнія месяцы свайго жыцця Ян Павел ІІ быў не ў стане праводзіць гэтыя сустрэчы з вернікамі, і таму мноства людзей з нецярплівасцю чакалі, калі змогуць ізноў убачыць Папу на плошчы. Першая агульная аўдыенцыя Бэнэдыкта XVI прайшла 27 красавіка, і ў ёй прынялі ўдзел каля 15 тысяч пілігрымаў. Папа распачаў сустрэчу з вернікамі праездам паміж сектарамі, падчас якога ён з усмешкаю благаслаўляў натоўпы прысутных на плошчы.

У разважаннях Папа растлумачыў, чаму ён выбраў для сябе імя Бэнэдыкт. «Памяць пра Папу Бэнэдыкта XV — „мужнага і сапраўднага прарока міру“ — стала для мяне прычынаю выбару менавіта гэтага імені», — сказаў Папа. «На пачатку свайго служэння ў якасці Наступніка святога Пятра я адчуваў вялікае здзіўленне і ўдзячнасць Богу, які нечакана перш за ўсё для мяне самога паклікаў мяне ўзяць на сябе гэтую вялікую адказнасць», — сказаў Бэнэдыкт XVI і дадаў, што разам з тым адчувае спакой і радасць, бо ўпэўнены ў дапамозе Бога і Яго Найсвяцейшай Маці, а таксама ў духоўнай блізкасці ўсяго Божага народа, «які прашу, каб суправаджаў мяне сваёй малітвай». Гаворачы далей пра Бэнэдыкта XV, Папа сказаў: «Я жадаю таксама, як ён, прысвяціць сябе служэнню паяднання і гармоніі паміж людзьмі і народамі, бо вялікае дабро міру — гэта перадусім дар Божы, які мы павінны захоўваць і будаваць паміж сабою», — падкрэсліў Папа.

Бэнэдыкт XVI з вялікай любоўю спаслаўся на вучэнне свайго Папярэдніка Яна Паўла ІІ, «дзякуючы якому мы атрымалі незвычайную духоўную спадчыну». Папа нагадаў пра значэнне малітвы ў жыцці кожнага хрысціяніна і падкрэсліў, што яна з’яўляецца не толькі нашаю сустрэчаю з Хрыстом, падчас якой мы ўзносім да Яго толькі просьбы, але таксама «праслаўленнем, пакланеннем, сузіраннем, слуханнем і перадачаю любові, ажно да поўнага ахвяравання Яму свайго сэрца». Святы Айцец паведаміў, што будзе працягваць тэматыку катэхетычных казанняў Яна Паўла ІІ па серадах адносна псальмаў і нешпараў. Апошняе з іх Ян Павел ІІ прамовіў 26 студзеня гэтага года.

«Дарагія сябры, яшчэ раз дзякую вам за тое, што вы прыйшлі сюды, за вашую любоў, якою мяне атуляеце. На гэтыя пачуцці я ўсім сэрцам адказваю ўзаемнасцю, а таксама сваім благаслаўленнем, якое праз вас перадаю вашым блізкім, вашым сем’ям і ўсім тым, каго вы найбольш любіце», — сказаў на заканчэнне Бэнэдыкт XVI. Пасля разважання Папа ў скарачэнні прачытаў сваё казанне на французскай, ангельскай, нямецкай і іспанскай мовах. Словы прывітання перарываліся бурнымі воплескамі і воклічамі пілігрымаў. Сярод сцягоў, што луналі над плошчаю Святога Пятра, былі відаць нямецкія, польскія і італьянскія. У завяршэнне аўдыенцыі Папа разам з вернікамі прамовіў на лацінскай мове малітву Ойча наш і ўсім удзяліў апостальскае благаслаўленне.

Жадаючы падкрэсліць свой намер быць не кіраўніком, а служыцелем, Папа Бэнэдыкт XVI стаў першым у гісторыі Папам, які не змясціў у сваім гербе тыяры, што з XIV стагоддзя з’яўлялася сімвалам папскай улады.

Тыяра ўяўляла з сябе мітру з трыма надзетымі на яе каронамі, якія сімвалізавалі духоўную і свецкую ўладу папаў. Яна выраблялася з каштоўных металаў, упрыгожвалася каштоўнымі камянямі і ўвенчвалася крыжам. Папа Павел VI (1963–1978) ахвяраваў сваю тыяру бедным, а Ян Павел І і Ян Павел ІІ наогул адмовіліся каранавацца тыярай, але, тым не менш, яе выява заставалася ў гербах гэтых пантыфікаў. У цырымоніі інаўгурацыі Бэнэдыкта XVI, як і абодвух яго папярэднікаў, замест цырымоніі каранацыі адбылося ўскладанне палія, згодна з раннехрысціянскай традыцыяй. Таксама і ў сваім гербе Папа змясціў гэты знак мітрапаліта Рыма. А замест тыяры ў гербе змешчана біскупская мітра, што павінна азначаць адмаўленне Папы ад свецкай улады і падкрэсліваць яго ролю як біскупа Рыма і сусветнага Касцёла. Разам з тым, мітра на гербе Бэнэдыкта XVI мае тры гарызантальныя палосы, што робіць выяву трохі падобнай да колішняй тыяры.

Іншыя элементы папскага герба Бэнэдыкта XVI былі ўзятыя з яго кардынальскага герба. У правым верхнім полі знаходзіцца галава маўра ў кароне. Гэта — святы Маўрыцый, які прыняў мучаніцкую смерць на тэрыторыі сучаснай Швейцарыі ў канцы ІІІ стагоддзя. Гэтага святога асаблівым чынам ушаноўваюць на радзіме Папы, і яго выява з’яўляецца сімвалам дыяцэзіі Мюнхена і Фрайзінга, арцыбіскупам якой доўгі час быў кардынал Ёзэф Ратцынгер. У левым верхнім полі змешчана выява мядзведзя з ношаю на спіне. Гэта — герб Фрайзінга, паходжанне якога звязана з паданнем пра святога Карбініяна. Падчас падарожжа святога ў Рым мядзведзь задраў яго мула, і Карбініян учыніў цуд, прымусіўшы гэтага мядзведзя несці свае рэчы да Вечнага Горада. У ніжнім полі герба — ракавінка, якая нагадвае пра вядомую гісторыю з жыцця святога Аўгустына. Калі святы хадзіў па беразе мора, імкнучыся зразумець таямніцу Святой Тройцы, яму з’явіўся маленькі хлопчык з ракавінкай, які сказаў: «Прасцей вычарпаць мора гэтай ракавінкай, чым спасцігнуць таямніцу Тройцы!» Ракавінка з’яўляецца таксама сімвалам пілігрымаў. Сусветны Касцёл, усе мы — зямныя пілігрымы да Нябеснага Валадарства, нашай сапраўднай Айчыны. Мы павінны дзякаваць Богу за тое, што ў гэтай пілігрымцы Ён сам вядзе нас у асобе пастыраў Касцёла. Мы таксама павінны маліцца за найвышэйшага Пастыра Касцёла — Папу Бэнэдыкта XVI — і давяраць яму, каб не заблукаць на пакручастых сцежках сучаснага свету.

Рэд.