VІ ВЕЛІКОДНАЯ НЯДЗЕЛЯ — 1 мая 2005 г.

Чытанні: Дз 8, 5-8. 14-17;
Пс 66 (65); 1 П 3, 15-18.

Евангелле (Ян 14, 15-21):

Езус сказаў сваім вучням: Калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае запаведзі. І Я папрашу Айца, і дасць вам іншага Суцяшальніка, каб быў з вамі навекі, Духа праўды, якога свет не можа прыняць, таму што не бачыць Яго і не ведае. А вы Яго ведаеце, бо Ён з вамі ёсць, і ў вас будзе.

Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас. Яшчэ крыху, і свет ужо не ўбачыць Мяне. Вы ж бачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце. У той дзень спазнаеце, што Я ў Айцу Маім і вы ўва Мне, і Я ў вас.

Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне. А хто любіць Мяне, таго палюбіць Айцец Мой, і Я палюблю яго і аб’яўлюся яму.

Абяцаючы даць сваім вучням «іншага Суцяшальніка», Езус патрабуе толькі аднаго: любові. Гэта — адзінае, што неабходна чалавеку, каб прыняць Святога Духа, «Духа праўды». Агностык Пілат пытаўся ў Езуса, «што такое праўда?», але не быў гатовы прыняць гэтай праўды, хоць у тую хвіліну яна была так блізка ад яго. Пілат меў на ўвазе нейкае абстрактнае філасофскае разуменне праўды, а Езус казаў пра праўду вельмі канкрэтную — праўду любові. Прыняцце гэтай праўды патрабуе ад нас выканання Божых запаведзяў, якія таксама вельмі ясныя і канкрэтныя. Кожны з нас, хто лічыць сябе хрысціянінам, павінен добра ўсведамляць, што нашая рэлігія — гэта не акультнае вучэнне пра нейкія «нябачныя сілы Сусвету», гэта не «таямнічая веда», даступная толькі пасвячоным, утаямнічаным адзінкам. Хрысціянства — гэта школа любові, школа жыцця ў гармоніі з Богам, самім сабою і навакольным светам. Кожны пражыты дзень становіцца для нас чарговым «урокам», а добра здадзены «выпускны экзамен» дае доступ да жыцця вечнага. Каб быць добрым вучнем у гэтай школе, не трэба мець надзвычайных здольнасцяў. Не трэба быць вялікім знаўцам філасофіі ці тэалогіі, неабавязкова добра разбірацца ў астрафізіцы ці малекулярнай біялогіі. З аднаго боку, Хрыстус гаворыць, што з таго, каму было шмат дадзена, шмат і спытаюць. Але, з другога боку, любоў — яна аднолькавая для ўсіх: і для таго, хто шмат атрымаў, і для таго, хто атрымаў менш. Таму не трэба падманваць сябе, удаючы няшчырую «сціпласць» (што горшая за пыху): што ж патрабаваць ад мяне, калі навокал ёсць столькі людзей, разумнейшых за мяне, якія не жывуць паводле запаведзяў. Гэта не можа быць для нас апраўданнем, таму што мы маем найлепшага Настаўніка і Выхаваўцу — Духа Святога, — які сам вучыць нас усяму і нагадвае нам усё, што Езус казаў сваім вучням і не перастае казаць кожнаму з нас (пар. Ян 14, 26). Мы не можам свядома і дабравольна дазволіць сабе ігнараваць ні адной запаведзі, нават калі нас схіляе да гэтага ўсё наша атачэнне і наш асабісты жыццёвы вопыт. Святасць — вось канкрэтнае заданне для кожнага хрысціяніна. Так, менавіта для кожнага, а не для выбраных адзінак. Бо мы ўсе выбраныя, мы ўсе ўсыноўленыя Хрыстом, які сёння кажа нам: «Не пакіну вас сіротамі». І калі свет не можа прыняць Духа праўды, бо не бачыць яго і не ведае, мы маем перад сабою яшчэ адно канкрэтнае заданне: сведчыць перад светам аб гэтай праўдзе, каб яна была бачная ў нашым штодзённым жыцці. Толькі так мы можам выканаць запаведзі Хрыстовай любові і стаць добрымі вучнямі ў школе Святога Духа.

 
УРАЧЫСТАСЦЬ УНЕБАЎШЭСЦЯ ПАНА — 5 мая 2005 г.

Чытанні: Дз 1, 1-11; Пс 47 (46); Эф 1, 17-23.

Евангелле (Мц 28, 16-20):

Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Езус. І калі Яго ўбачылі, пакланіліся Яму, але некаторыя засумняваліся. Тады Езус наблізіўся да іх і сказаў ім:

Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку.

Як сведчыць святы Лука, Езус пасля ўваскрасення яшчэ на працягу сарака дзён з’яўляўся сваім вучням. Ім былі патрэбныя «шматлікія доказы», каб перастаць сумнявацца ў тым, што Ён сапраўды ўваскрос. У гэтых сваіх аб’яўленнях Езус ізноў казаў вучням пра Божае Валадарства. Казаў да таго часу, пакуль, нарэшце, не расплюшчыліся іхнія вочы і не запалалі ў іх сэрцы, як напачатку ў тых двух у Эмаусе. Але сорак дзён мінула, і вось надышоў час расстання. Цяпер Езус ужо можа канчаткова ўвайсці ў нябесную хвалу, каб сесці праваруч Айца, а вучні ўжо гатовыя выканаць тую місію, якую Ён даручыў ім: «Ідзіце і навучайце ўсе народы». Кожны чалавек да канца жыцця з удзячнасцю памятае пра сваіх настаўнікаў: пра тых, хто адкрыў яму навакольны свет, навучыў чытаць і пісаць, дапамог набыць прафесійныя веды і ўменні. Яшчэ ў большай ступені мы, вернікі, павінны быць удзячныя тым, хто дапамог нам пазнаць Пана Бога; тым, хто з’яўляецца нашымі настаўнікамі ў веры. Святы Павел у пасланні да Рымлянаў піша: «Як верыць у таго, аб кім не чулі? Як чуць без абвяшчаючага? І як абвяшчаць, калі не будуць пасланыя?» (Рым 10, 14). Хрыстус, які прынёс збаўленне ўсім людзям, хоча, каб вестка пра гэта дасягнула самых аддаленых куточкаў зямлі.Таму ва ўсе часы Ён не перастае выбіраць тых, каго кліча таксама, як калісьці апосталаў: «Ідзіце і навучайце ўсе народы». Ва ўсім свеце з бясконцай удзячнасцю будуць памятаць Папу Яна Паўла ІІ, які нястомна абвяшчаў Хрыста, асабіста наведваючы розныя краіны і кантыненты. Гэты вялікі наступнік святога апостала Пятра стаў настаўнікам веры для цэлага пакалення хрысціянаў, і таму ўсе мы з вялікім сумам перажываем яго адыход да дому нябеснага Айца. Гэта заўсёды так бывае: цяжка развітвацца з блізкім чалавекам, асабліва калі ведаеш, што вельмі доўга, а магчыма, нават ужо ніколі яго не ўбачыш. Між тым мы ведаем, што гэтае «ніколі» не мае абсалютнага значэння, бо яно заўсёды абмежавана толькі нашым зямным уяўленнем аб часе. «Ніколі» сканчваецца разам з зямным жыццём, і пасля гэтага наступае «заўсёды», а яно ўжо не скончыцца. Вучням Езуса таксама цяжка было перажыць расстанне са сваім уваскрослым Панам. Яны стаялі і «пільна ўзіраліся ў неба»: засмучаныя, разгубленыя, асірацелыя. Але Езус не пакінуў іх, хоць пасля ўнебаўшэсця яны ўжо не маглі бачыць Яго. Не пакінуў ён і нас і ніколі не пакіне, бо паабяцаў: «Вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку». Езус заўсёды прабывае ў сваім Касцёле ў святых сакрамэнтах, перадусім у сакрамэнце Эўхарыстыі. Мы не можам бачыць Яго ўслаўленага Цела, але затое можам прымаць Яго Цела Эўхарыстычнае. Таму будзем старацца захоўваць усё, што Ён загадаў нам, каб у Найсвяцейшым Сакрамэнце яднацца з Хрыстом тут, на зямлі, а пасля смерці ўвайсці за Ім, нашым Галавою, у нябесную Айчыну. Там, разам з Найсвяцейшай Паннай Марыяй, за нас моляцца і чакаюць нас нашыя дарагія настаўнікі ў веры.

 
VІІ ВЕЛІКОДНАЯ НЯДЗЕЛЯ — 8 мая 2005 г.

Чытанні: Дз 1, 12-14; Пс 27 (26); 1 П 4, 13-16.

Евангелле (Ян 17, 1-11а):

Езус узняў вочы свае да неба і сказаў: Ойча, прыйшла гадзіна. Услаў Сына свайго, каб і Сын Твой уславіў Цябе. Ты даў Яму ўладу над усялякім целам, каб Ён даў жыццё вечнае ўсім, каго Ты даў Яму. А вечнае жыццё ў тым, каб спазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і таго, каго Ты паслаў, Езуса Хрыста.

Я ўславіў Цябе на зямлі, выканаўшы справу, якую Ты даручыў Мне зрабіць. А цяпер Ты, Ойча, услаў Мяне ў сабе хвалою, якую меў Я ў Цябе перад існаваннем свету.

Я абвясціў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне са свету. Яны былі Тваімі, і Ты даў Мне іх, і яны захавалі слова Тваё. Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, ад Цябе паходзіць. Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялі іх і сапраўды пазналі, што Я выйшаў ад Цябе, і паверылі, што Ты паслаў Мяне.

Я за іх прашу. Не за ўвесь свет прашу, але за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае. І ўсё Маё – гэта Тваё, і Тваё – гэта Маё, і Я ўславіўся ў іх. Я ўжо не ў свеце, але яны яшчэ ў свеце, а Я іду да Цябе.

Пасля ўнебаўшэсця Езуса апосталы вярнуліся ў Ерузалем і «сумесна трывалі ў малітве». Святы Лука падкрэслівае, што яны не проста маліліся, а менавіта «трывалі ў малітве разам (...) з Марыяй, Маці Езуса». Яшчэ зусім нядаўна яны прасілі свайго Настаўніка: «Пане, навучы нас маліцца». Тады Ён быў побач і сам вельмі шмат маліўся. Усе евангелісты ўзгадваюць пра гэта: «Узышоў на гару памаліцца ў самоце» (пар. Мц 14, 23; Мк 6, 46; Лк 6, 12). Часцей за ўсё малітву Езуса чуў толькі Яго Айцец нябесны, а таму Першасвятарская малітва Хрыста, якую пераказвае ў сваім Евангеллі святы апостал Ян, — гэта адно з рэдкіх выключэнняў, калі і мы становімся сведкамі размовы Сына з Айцом. Гэтую малітву Езус узнёс да Нябеснага Айца напрыканцы Апошняй Вячэры, гэта значыць, адразу пасля ўстанаўлення сакрамэнту Эўхарыстыі. На кожнай святой Імшы пасля паднясення святар таксама моліцца за ўвесь Касцёл. Гэтая частка Эўхарыстычнай малітвы называецца малітваю заступніцтва, праз якую Эўхарыстыя цэлебруецца ў еднасці з усім Касцёлам — як нябесным, так і зямным — і ахвяра складаецца за яго і за ўсіх яго членаў, жывых і памерлых, якія былі пакліканыя да ўдзелу ў адкупленні і збаўленні, здабытых праз Цела і Кроў Хрыста. Так, як Хрыстус на пачатку сваёй Першасвятарскай малітвы моліцца толькі за апосталаў — «Не за ўвесь свет прашу, але за тых, каго Ты даў Мне» — так і ў малітвах заступніцтва святой Імшы спярша ўзгадваецца Папа, потым — мясцовы біскуп і ўсё духавенства. Такім чынам, духоўная еднасць Каталіцкага — гэта значыць, сусветнага, паўсюднага — Касцёла выяўляецца ў тым, што ўвесь Касцёл моліцца за Папу, а Папа моліцца за ўвесь Касцёл. Намеснік Езуса Хрыста і Наступнік святога апостала Пятра з’яўляецца Найвышэйшым Святаром Касцёла. Інтэнцыі яго першасвятарскай малітвы вельмі важныя, таму што яны заўсёды ахопліваюць найбольш актуальныя патрэбы Касцёла і свету. Кожны хрысціянін проста абавязаны падтрымліваць Святога Айца ў яго першасвятарскай малітве і таксама маліцца ў інтэнцыях Папы і за Папу. Нашым найлепшым дарам для нядаўна абранага Папы Бэнэдыкта XVI павінны стаць менавіта нашыя малітвы. Малітвы ў інтэнцыях Папы з’яўляюцца таксама абавязковаю ўмоваю атрымання ўсіх адпустаў у Каталіцкім Касцёле. Няхай жа нашыя вочы часцей узнімаюцца да неба, а з сэрцаў узносіцца шчырая і засяроджаная малітва, якой мы можам навучыцца ад самога Езуса. А «трываць у малітве» нам заўсёды дапаможа Найсвяцейшая Панна Марыя, бо кожны раз, калі мы молімся, знаходзімся ў прысутнасці нашай добрай нябеснай Матулі, як калісьці апосталы ў вячэрніку. Толькі ў малітве мы па-сапраўднаму можам адкрыць свае сэрцы, прыняць ласку Духа Святога і з’яднацца з усім Касцёлам, зямным і нябесным.

 
УРАЧЫСТАСЦЬ СПАСЛАННЯ ДУХА СВЯТОГА —
15 мая 2005 г.

Чытанні: Дз 2, 1-11; Пс 104 (103); 1 Кар 12, 3b-7. 12-13.

Евангелле (Ян 20, 19-23):

Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Супакой вам! І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: Супакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў і кажа: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца.

Падрыхтаваныя трывалай малітвай, апосталы атрымліваюць Духа Святога — абяцанага Хрыстом Суцяшальніка. З таго далёкага дня Пяцідзесятніцы і да сённяшняга дня Святы Дух ні на адну хвіліну не пакідаў Касцёла і заўсёды кіраваў ім. Ён напаўняе і ажыўляе Касцёл, чынячы яго жывым целам Хрыстовым, што складаецца з мноства членаў, кожны з якіх непаўторны, мае свае функцыі і сваю бясспрэчную вартасць. Гэтыя члены — мы з вамі, усе, хто быў адроджаны да новага жыцця ў сакрамэнце святога хросту. Так, менавіта хрост стаў пачаткам нашага новага жыцця ў Хрысце, але толькі аднаго гэтага сакрамэнту недастаткова для паўнацэннага духоўнага развіцця хрысціяніна. Хрыстус у сваёй бязмежнай дабрыні ўстанавіў і іншыя сакрамэнты, каб з дапамогаю Яго ласкі мы ўсе маглі дасягнуць збаўлення. Сакрамэнтам, які асаблівым чынам звязаны з сённяшняй урачыстасцю і з яе вынікае, з’яўляецца канфірмацыя, або, як яе яшчэ называюць, бежмаванне. Канфірмацыя — гэта сакрамэнт хрысціянскай сталасці, і ў перакладзе з лацінскай мовы гэтае слова азначае «ўмацаванне, пацвярджэнне». У ім хрысціянін, які дасягнуў адпаведнага ўзросту, а таксама набыў належны духоўны вопыт і неабходныя рэлігійныя веды, атрымлівае дары Духа Святога. Яны дапамагаюць яму ў далейшым узрастанні ў веры, а таксама дапамагаюць быць сведкам гэтай веры перад бліжнімі. Такім чынам, кожны без выключэння хрысціянін пакліканы быць апосталам і несці атрыманае ад Бога святло веры іншым. У апісанні Спаслання Духа Святога ў Дзеях Апосталаў мы бачым цуд: людзі розных народнасцяў, якія сабраліся ў Ерузалем на свята, чуюць, што апосталы гавораць «пра вялікія справы Божыя» на іх родных мовах. Мы ведаем, што амаль усе апосталы былі людзьмі малаадукаванымі і зусім не паліглотамі. Але ў першасным Касцёле вельмі распаўсюджаным дарам Святога Духа быў дар гласалаліі — праслаўлення Бога на розных мовах. Таму і чулі шматлікія пілігрымы ў дзень Пяцідзесятніцы кожны сваю мову. У наш час дар прамаўлення на розных мовах — анёльскіх і чалавечых — сустракаецца толькі ў некаторых адзінкавых харызматыкаў. Пра тое, што «прароцтвы знікнуць і мовы змоўкнуць», ужо ў апостальскія часы пісаў у Першым пасланні да Карынцянаў святы Павел (1 Кар 13, 8). А таму «цяпер прабываюць гэтыя тры: вера, надзея, любоў; але большая з іх — любоў». Мова любові з’яўляецца ў сучасным свеце тою універсальнаю моваю, на якой мы, хрысціяне, можам сведчыць перад светам аб Уваскрослым Збаўцы. Менавіта гэта меў на ўвазе Вялікі Папа Ян Павел ІІ, калі казаў пра «цывілізацыю любові». Няхай жа Дух Святы ўмацуе ў нас веру, надзею і любоў і дапаможа нам стаць сапраўднымі сведкамі Божай любові ў свеце.

 
УРАЧЫСТАСЦЬ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ —
22 мая 2005 г.

Чытанні: Зых 34, 4b-6. 8-9; Пс:
Дан 3, 52-56; 2 Кар 13, 11-13.

Евангелле (Ян 3, 16-18):

Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, таму што не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.

У размове з Нікадэмам, фрагмент якой падаецца ў сённяшнім Евангеллі, Езус тлумачыць гэтаму «настаўніку Ізраэля» сутнасць Божага плана збаўлення. У гэтых словах Езус таксама прыадкрывае таямніцу Найсвяцейшай Тройцы: каб збавіць свет, Бог паслаў свайго Адзінароднага Сына. Безумоўна, адукаваны фарысей Нікадэм цудоўна ведаў пра Месію, прыйсце якога прадказвалі прарокі, але ці ж мог ён альбо хтосьці іншы здагадвацца, што гэта будзе не проста Божы абраннік, нехта накшталт прарока, а Адзінародны Сын Божы? Ці мог ён дапусціць, што гэты чаканы ўсім жыдоўскім народам Месія не «адновіць валадарства Ізраэля», а ўчыніць непараўнальна больш: для ўсіх, хто верыць у Яго, адчыніць брамы Валадарства Нябеснага? І, нарэшце, ці мог тады нават найлепшы знаўца пісанняў уявіць сабе, што адзіны Бог Ізраэля аб’явіцца ўсяму свету як еднасць Трох Боскіх Асобаў — Найсвяцейшая Тройца? Яшчэ адным нечаканым аб’яўленнем стала тое, што Бог палюбіў не толькі Ізраэльскі народ (пра гэта неаднойчы ўзгадвалася ў Старым Запавеце, напр., Дрг 33, 3; Пс 78 (77), 68; Іс 43, 4; Ер 31, 3), а ўвесь свет. Менавіта ў святле гэтай праўды трэба ўспрымаць вучэнне Езуса, а асабліва Яго словы «любіце ворагаў вашых» (Мц 5, 44) і тройчы паўтораную Ім у Евангеллі паводле Яна «новую запаведзь»: «любіце адзін аднаго» (Ян 13, 34). А цяпер пастараемся шчыра адказаць сабе на пытанне: як мы выконваем гэтыя наказы Хрыста? Аднаго беглага позірку на нашыя адносіны з іншымі людзьмі дастаткова, каб пераканацца ў тым, што пераважная большасць з нас амаль не кіруецца гэтымі словамі ў сваім жыцці. Мы не толькі не ўмеем і не хочам любіць ворагаў, але часта не знаходзім агульнай мовы са сваімі роднымі і блізкімі, з якімі разам жывем і нават ходзім у адзін касцёл. Нягледзячы на гэта, мы лічым сябе добрымі хрысціянамі, дастаткова дасведчанымі ў пытаннях веры і маралі. Многія з нас любяць прыгожа пагаварыць на гэтыя тэмы і часта з пагардаю ставяцца да тых, каго лічаць «прафанамі» ў пытаннях рэлігіі. Усім нам трэба часцей узгадваць словы Тамаша Кемпійскага: «Якая карысць для цябе з таго, каб узнёсла разважаць пра Тройцу, калі няма ў табе спагадлівасці да людзей, і таму ты не можаш падабацца Богу ў Святой Тройцы? (...) Калі б ведаў усю Біблію і ўсе мудрыя выказванні філосафаў, якая карысць ад усяго гэтага, калі не маеш любові і ласкі Божай?» (Пра наследаванне Хрыста, 1). Таму ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы не станем імкнуцца пранікнуць у гэтую неспасцігальную Божую таямніцу, а лепш прыкладзем усе свае намаганні, каб бліжэй пазнаць Езуса Хрыста, што магчыма толькі ў жывой і дзейснай любові. Але ці можна ўвогуле навучыцца любіць, як мы вучымся чытаць, пісаць, спяваць? Безумоўна, так. І першым крокам да гэтага павінна стаць пераадоленне ўласнай пыхі. Ніхто не можа сказаць: «Я настолькі добра ведаю Бога, што мне забяспечана збаўленне». Кожны з нас павінен імкнуцца сустрэцца з Езусам у цішыні Найсвяцейшага Сакрамэнту, размаўляць з Ім у засяроджанасці малітвы. Гэта належыць рабіць з усведамленнем уласнай слабасці і ў пакоры, як Нікадэм, які, у адрозненне ад большасці сваіх сабратоў-фарысеяў, не адкінуў з пагардаю слова збаўлення, пачутага з вуснаў сціплага вандроўнага Настаўніка з Назарэту. Калі мы зможам адкінуць сваю пыху, навучымся быць аднадумцамі і жыць у супакоі, да чаго заклікае карынцянаў і ўсіх нас у другім чытанні апостал Павел, тады, паводле ягоных словаў, Бог любові і міру, у Тройцы адзіны, ніколі нас не пакіне. І з усімі намі будзе «ласка Пана Езуса Хрыста і любоў Бога, і еднасць Духа Святога».

 
УРАЧЫСТАСЦЬ НАЙСВЯЦЕЙШАГА ЦЕЛА
І КРЫВІ ХРЫСТА — 26 (29) мая 2005 г.

Чытанні: Дрг 8, 2-3. 14b-16a; Пс 147; 1 Кар 10, 16-17.

Евангелле (Мц 7, 21-27):

Езус сказаў юдэям: Я хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе есці хлеб гэты, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, гэта цеemла Маё дзеля жыцця свету. Юдэі спрачаліся паміж сабою, кажучы: Як Ён можа даць нам есці сваё цела? Езус сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце есці цела Сына Чалавечага і піць крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, ува Мне ёсць, а Я — у ім. Як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву Айцом, так і той хто есць Мяне, будзе жыць Мною. Гэта той хлеб, які сышоў з неба, а не той, які елі айцы вашыя і памерлі. Хто есць хлеб гэты, будзе жыць навекі.

Урачыстасць Божага Цела. Сёлета яна асаблівая, таму што з’яўляецца цэнтрам Года Эўхарыстыі, абвешчанага нашым любым Папам Янам Паўлам ІІ, які святкуе яе ў нябесным Ерузалеме. Сёння ва ўсім свеце адбываюцца ўрачыстыя працэсіі, у якіх разам са сваім верным народам ідзе сам Езус Хрыстус — «Хлеб жывы, які сышоў з неба». Працэсія — гэта не нейкая прыгожая акцыя, накшталт параду ці дэманстрацыі. Гэта — публічнае вызнанне веры Касцёла, які пад кіраўніцтвам Духа Святога пілігрымуе на зямлі да сваёй нябеснай Айчыны. Таму ў гэтай працэсіі мы нясем не сцягі ці транспаранты, а сімвалы нашай веры: наперадзе — крыж, за ім — выявы святых, якія перад намі ўвайшлі ў Валадарства Нябеснае, і нарэшце, на руках у святара — сам Бог, скрыты ў невялічкай белай Гостыі. Мы не маем права баяцца або — што яшчэ горш — саромецца вызнаваць нашую веру: «Кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах; а хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім» (Мц 10, 32-33). Больш за тое, у выпадку патрэбы мы павінны рашуча стаць на абарону веры і Касцёла, каб ніколі ўжо на беларускай зямлі не паўтарылася тое, што давялося перажыць старэйшаму пакаленню нашых вернікаў. А яны, узяўшы прыклад ад першых мучанікаў, якіх, зрэшты, хапала ва ўсе часы, нягледзячы ні на што, захавалі вернасць Хрысту і Касцёлу і такім чынам збераглі для нас, сваіх часта няўдзячных нашчадкаў, бясцэнны скарб веры. Жыццё гэтых нязломных сведкаў веры, такіх, як нашыя сціплыя бабулі, як наш дарагі арцыпастыр кардынал Казімір Свёнтэк, як Вялікі Папа Ян Павел ІІ, павінна натхняць нас заўсёды захоўваць вернасць Хрысту. У сучасных умовах ад нас не патрабуецца нейкіх надзвычайных духоўных подзвігаў, і няма патрэбы даваць сведчанне сваёй веры праз мучаніцкае праліццё ўласнай крыві ці праз гады зняволення ў вязніцы. Дык што ж мы можам зрабіць сёння, каб вызнаць Хрыста перад людзьмі не толькі падчас урачыстай працэсіі? Варта пачаць з малога. Трэба навучыцца быць хрысціянінам не толькі на словах, якім цяпер мала хто верыць, але па-сапраўднаму імкнуцца жыць вучэннем Хрыста: быць спагадлівым да бліжніх, ахвярным у сям’і, сумленным на працы. У наш час святасць дасягаецца ў шэрым штодзённым жыцці, і тут няма такіх дробязяў, якія ўвогуле не былі б вартымі ўвагі. Ходзіш у касцёл кожную нядзелю? Цудоўна! Мусіш толькі навучыцца не спазняцца на Імшу і не думаць падчас малітвы пра нешта іншае. Дапамагаеш церпячым? Выдатна! Але зноў і зноў не заўважаеш кагосьці, хто зусім побач, і каму ад цябе патрэбна так няшмат: усяго толькі крыху больш увагі і цеплыні. Стараешся не закопваць атрыманых ад Бога талентаў і імкнешся да канкрэтна вызначанай мэты свайго жыцця? Наперад! Толькі не забывайся, што час — гэта таксама Божы дар, а таму трэба шанаваць кожную хвіліну. Дасягнуў значных поспехаў у вучобе або на працы? Малайчына! Але ты ўсё яшчэ занадта амбітны і не ўспрымаеш сваю прафесійную дзейнасць як служэнне Богу і бліжняму, як асабістае жыццёвае пакліканне. А, можа, Бог кліча цябе да поўнага прысвячэння сябе Яму ў святарстве ці ў кансэкраваным жыцці? Падумай над гэтым, калі будзеш ісці ў працэсіі, і пастарайся быць з Езусам не толькі падчас вялікіх касцёльных урачыстасцяў, але запрасі Яго і ў шэрыя будні твайго жыцця. Будзь у Ім, і Ён будзе ў табе, і тады будзеш жыць навекі.

Падрыхтаваў
ксёндз Міхал Сапель