2 мая:
святога Атаназія, біскупа і доктара Касцёла.

Святы Атаназій Вялікі з’яўляецца адным з найбольш значных дзеячаў усходняга Касцёла. Ён нарадзіўся каля 298 г. у Александрыі ў Егіпце. У 328 г. ён становіцца біскупам Александрыі і разам з гэтым вышэйшым кіраўніком Касцёла ў Егіпце і Лівіі. Біскуп Атаназій рашуча абараняў правы Касцёла ад парушэння з боку цэзара і некаторых біскупаў, якія лічылі Атаназія занадта маладым для таго, каб займаць такое высокае становішча. Ён таксама адстойваў пастановы Нікейскага Сабору (325 г.) і нястомна змагаўся з арыянскай ерассю. З-за сваёй прынцыповай пазіцыі неаднаразова высылаўся і ўвогуле правёў у выгнанні 17 гадоў. Захавалася шмат ягоных працаў, лістоў і кніг, сярод якіх і жыццяпіс славутага пустэльніка Антонія, дзе падаюцца правілы манаскага жыцця. Гэты твор пасля Бібліі быў адной з самых папулярных кніг хрысціянскай старажытнасці. Атаназій перажыў усіх сваіх нядобразычліўцаў і памёр у Александрыі 2 мая 373 г.

 
3 мая:
святых Філіпа і Якуба, апосталаў.

У пераліку апосталаў Філіп з’яўляецца пятым. Ён быў вучнем святога Яна Хрысціцеля і паходзіў з Бэтсаіды, што на Генісарэцкім возеры, дзе працаваў рыбаком. Там яго сустрэў Езус і паклікаў у супольнасць дванаццаці апосталаў. Пасля ўваскрасення Хрыста Філіп спачатку вёў місіянерскую дзейнасць у сябе на радзіме, а пасля накіраваўся ў Фрыгію (Малая Азія), дзе навярнуў і ахрысціў шмат паганаў. Там каля 80 г., ва ўзросце 87 гадоў, апостал прыняў мучаніцкую смерць: быў прыбіты да крыжа і пабіты камянямі.

Якуб Меншы (Малодшы) быў сынам Клеафаса і Марыі, сястры Найсвяцейшай Панны Марыі. Часта яго атаясамліваюць з Якубам, «братам Пана», які карыстаўся ў Ерузалеме вялікім аўтарытэтам і быў празваны «Праведны». Розныя крыніцы называюць яго таксама першым біскупам Ерузалему. У 62 г. першасвятар Анна асудзіў Якуба на смерць, і апостала скінулі са сценаў святыні, пасля чаго яго дабіў нейкі гарбар.

Рэліквіі абодвух святых спачываюць у Рыме, у базыліцы Дванаццаці Апосталаў. Святыя Філіп і Якуб лічацца апекунамі капялюшнікаў, крамнікаў, гарбароў.

 
14 мая:
святога Мацея, апостала.

Пасля здрады і самазабойства Юды, аднаго з дванаццаці апосталаў, было вырашана выбраць на яго месца іншага. З двух кандыдатаў, якія належалі да ліку бліжэйшых вучняў Хрыста і Яго надзейных паслядоўнікаў, жэрабе выпала на Мацея, імя якога азначае «дар Ягвэ». Ён, хутчэй за ўсё, паходзіў з Бэтлеему і быў адным з 72 вучняў, пра якіх гаворыцца ў Евангеллі. Ён напэўна ўдзельнічаў ва ўсіх падзеях жыцця Хрыста, пачынаючы ад хросту ў Ярдане аж да ўваскрасення і спаслання Святога Духа. Пасля далучэння да супольнасці апосталаў Мацей навучаў у Юдэі, «за Эфіопіяй» і, магчыма, у Македоніі і Калхідзе (на Каўказе). Яму прыпісваюць шматлікія цуды. Адносна яго смерці існуюць дзве версіі. Паводле першай, Мацей памёр натуральнай смерцю ў Македоніі, а паводле другой, апостал вярнуўся ў Юдэю, дзе быў пабіты камянямі, і калі ён яшчэ жыў, нейкі жаўнер адсек яму галаву сякерай. У момант смерці яму было каля 63 гадоў. Святы Мацей лічыцца апекуном рамеснікаў, якія займаюцца будаўніцтвам, сталяроў, разьбяроў, кавалёў, а таксама ахоўнікам ад коклюшу і бясплоднасці.

 
16 мая:
святога Андрэя Баболі, святара і мучаніка.

Нарадзіўся каля 1591 г. Пасля заканчэння сярэдняй школы уступіў у ордэн езуітаў у Вільні. Прайшоўшы курс філасофіі і тэалогіі ў Віленскім універсітэце, у 1622 г. атрымаў святарскае пасвячэнне і цалкам прысвяціў сябе душпастырскаму служэнню ў тых мясцінах, куды яго выпраўляла духоўнае кіраўніцтва. З 1642 г. ён вёў адданую місіянерскую дзейнасць на Піншчыне. У той час рэлігійнае жыццё палешукоў было ў вельмі занядбаным стане: у народзе панавалі шматлікія забабоны, людзі амаль не ўдзельнічалі ў набажэнствах. Андрэй Баболя хадзіў праз балоты з вёскі ў вёску, несучы святло Божай праўды ў самыя аддаленыя куточкі Палесся. Ён добра ведаў творы ўсходніх айцоў Касцёла і заўсёды мог аргументавана адстойваць аўтарытэт каталіцтва ў розных рэлігійных дыспутах. Дзякуючы яго намаганням шмат людзей навярнулася да Бога і паядналася з Каталіцкім Касцёлам. З-за гэтага Андрэя Баболю называлі апосталам Піншчыны і «душахватам». У той жа час рэзка абвастрыліся адносіны паміж канфесіямі, у першую чаргу — з праваслаўнаю. Супярэчнасці на рэлігійнай глебе імкнуліся выкарыстаць для дасягнення сваіх брудных мэтаў розныя сілы. Адной з такіх сілаў былі казакі, якія дзейнічалі цалкам бескантрольна і тэрарызавалі ўсё мясцовае насельніцтва. У сераду 16 мая 1657 г. казакі уварваліся ў Янаў Палескі (сучаснае Іванава Брэсцкай вобл.), дзе яны забілі ўсіх каталікоў і жыдоў, не зважаючы на ўзрост, пол і паходжанне. Даведаўшыся, што незадоўга перад гэтым з Янава выйшаў Андрэй Баболя, выправіліся за ім у пагоню. Схапіўшы, яго страшэнна збілі і, прывязанага паміж двума канямі, прыцягнулі ў Янаў. Там казакі некалькі гадзін люта здзекаваліся са сваёй ахвяры, выдумляючы ўсё новыя жахлівыя катаванні, пасля чаго два ўдары шабляй перарвалі зямное жыццё святога. Яго знявечанае цела было прывезена ў Пінск, пазней — у Полацк. Савецкія ўлады перавезлі рэліквіі святога ў Маскву і, як знак удзячнасці Папу за дапамогу ў час голаду на пачатку 20-х гг., перадалі іх у Рым. Пасля кананізацыі Андрэя Баболі, якая адбылася ў 1938 г., рэліквіі былі перададзены Польшчы і цяпер знаходзяцца ў Варшаве. Святы Андрэй Баболя з’яўляецца апекуном Пінскай дыяцэзіі, 4-м апекуном Польшчы і патронам чыгуначнікаў.

 
26 мая:
святога Філіпа Нэры, святара.

Нарадзіўся ў Фларэнцыі ў 1515 г., ва ўзросце 18 гадоў адмовіўся прыняць спадчыну і накіраваўся ў Рым, дзе вывучаў тэалогію і на працягу 16 гадоў працаваў хатнім натаўнікам у адной сям’і. Філіп вёў вельмі сціплае жыццё, напоўненае малітвай і пакаяннем; пэўны час супрацоўнічаў са св. Ігнацыем Лаёлам. Ночы ён часта праводзіў на малітве ў катакомбах, размешчаных пад горадам, і меў шмат містычных ласкаў і бачанняў. Падчас адной з такіх малітваў у катакомбах святога Себасцьяна ён убачыў вогненны шар, які ўвайшоў у ягоныя вусны, а яго сэрца пашырылася пад уздзеяннем нейкай невядомай велізарнай сілы. Гэтае здарэнне паўплывала на ўсё яго далейшае жыццё: ён прысвяціў сябе місіянерскай дзейнасці на вуліцах і плошчах Вечнага Гораду. Нетрадыцыйнаю формаю апостальства і палымянымі казаннямі, поўнымі радасці, ён прыцягваў да сябе шматлікіх прыхільнікаў, аднак сярод духавенства ў яго было шмат непрыяцеляў, бо Філіп папракаў касцёльных дзеячаў у кан’юнктуры і прывязанасці да матэрыяльных выгодаў. У 1551 г. 38-гадовы Філіп Нэры прыняў святарскае пасвячэнне і далучыўся да супольнасці святароў, з якой праз год стварыў т. зв. «Араторый» — будучы закон аратарыянаў (філіпінаў). Мэтай дзейнасці гэтай супольнасці апостальскага жыцця стала абуджэнне ў сэрцах людзей радасці ад блізкасці да Бога праз асабістую пабожнасць і энтузіязм. Філіп Нэры жыў гэтым кожны дзень і хутка апынуўся ў цэнтры ўвагі ўсяго Рыму. У араторыі — доме малітвы — збіраліся святары і свецкія вернікі, каб вывучаць Святое Пісанне і разам маліцца. Гэтая дзейнасць прыносіла багаты духоўны плён, дзякуючы чаму Філіпа Нэры пачалі называць апосталам Рыму. Ён быў блізкім сябрам святых Ігнацыя Лаёлы, Караля Барамэя і Францішка Сальскага. Па парады да яго звярталіся біскупы, кардыналы і Папы, ён быў аточаны ўсеагульнай любоўю. Яму некалькі разоў прапаноўвалі кардынальскае званне, але ён адмаўляўся. Свой зямны шлях Філіп Нэры завяршыў 26 мая 1595 г. у келлі пры касцёле Санта Марыя ін Валічэла, дзе да гэтага часу ў капліцы св. Філіпа знаходзяцца яго рэліквіі. За вясёлую натуру Філіпа Нэры, які заўсёды быў гатовы да забаваў і добрых жартаў, часам называюць «святым камедыянтам», таму ён лічыцца апекуном гумарыстаў, а яшчэ яго заступніцтва просяць пры жаночай бясплоднасці і хваробах рук і ног.

 
1 чэрвеня:
святога Юстына, мучаніка.

Вядомы як Юстын-філосаф. Нарадзіўся каля 100 г. у Палестыне ў горадзе Флавія Неапаліс (старажытны Сыхем). Паходзіў з паганскай сям’і рымскіх арыстакратаў. Пасля знаёмства з рознымі філасофскімі вучэннямі таго часу (стаіцызм, арыстатэлізм, платанізм) звярнуўся да хрысціянства і каля 130 г. у Эфесе прыняў хрост. З васьмі вядомых працаў Юстына захаваліся толькі дзве апалогіі. У іх аўтар абараняе хрысціянаў, якіх суды Рымскай імперыі асуджалі на смерць толькі за само веравызнанне. Юстын лічыў хрысціянства адзінай сапраўднай філасофіяй і імкнуўся выкладаць праўды веры з дапамогаю філасофскіх паняццяў і тэрмінаў. У той час для філосафа, які жадаў папаўняць свае веды, існаваў для гэтага толькі адзін спосаб: шмат падарожнічаць. Такім чынам, прайшоўшы праз розныя краіны, Юстын, нарэшце, трапіў у Рым, дзе заснаваў бясплатную школу. Разам з шасцю сваімі вучнямі ён быў абвінавачаны ў вызнанні хрысціянства і пасля адмовы прынесці ахвяру паганскім бажкам асуджаны і забіты праз адсячэнне галавы каля 165 г. У XVII ст. частка рэліквій святога як дар Папы Бэнэдыкта XIV была прывезена на Беларусь і змешчана ў мядзельскім касцёле. У ХІХ ст. рэліквію перанеслі ў мосарскі касцёл, дзе яна знаходзіцца да гэтага часу, прыцягваючы шматлікіх пілігрымаў, асабліва ў дні парафіяльнага адпусту на ўрачыстасць нараджэння св. Яна Хрысціцеля (24 чэрвеня і бліжэйшая нядзеля).

 
11 чэрвеня:
святога Барнабы, апостала.

Імя Барнаба ў перакладзе азначае «сын суцяшэння». Ён нарадзіўся на пачатку І ст. на Кіпры і быў адным з 72 вучняў Езуса. У кнізе Дзеяў Апосталаў пра яго сказана, што ён прадаў усё, што меў, а выручаныя грошы ахвяраваў апосталам. У 37 годзе ён увёў Паўла ў супольнасць апосталаў, а потым быў яго спадарожнікам і блізкім супрацоўнікам у справе абвяшчэння Евангелля падчас першага місіянерскага падарожжа Апостала народаў. У 51 г. браў удзел у Саборы апосталаў у Ерузалеме. Пазней Барнаба абвяшчаў Евангелле на сваёй радзіме — на Кіпры, дзе ў 61 годзе быў укаменаваны мясцовымі жыдамі. Святога Барнабу называюць «Апосталам Кіпра» і просяць у яго абароны ад сварак, ад смутку і ад граду.

 
12 чэрвеня:
благаслаўлёнага Генрыха Глябовіча, святара,
і паплечнікаў, мучанікаў Другой сусветнай вайны.

Генрых Глябовіч нарадзіўся ў Гродне ў 1904 г. Скончыў духоўную семінарыю ў Вільні, а потым працягваў вывучаць тэалогію ў Люблінскім каталіцкім універсітэце і філасофію ва універсітэце імя св. Тамаша ў Рыме. У 1929 г. становіцца выкладчыкам у Віленскім універсітэце. У 1935 г. быў прызначаны пробашчам у Троках (Тракай). Ксёндз Генрых Глябовіч быў самаадданым душпастырам, харызматычным духоўным кіраўніком і сапраўдным апосталам у справе адзінства хрысціянаў. Яго асоба і яго служэнне значна ўплывалі на студэнцкае асяроддзе Вільні і ўсёй архідыяцэзіі. Падчас Другой сусветнай вайны ён вёў душпастырскую дзейнасць у некалькіх парафіях на Беларусі. 3 мая 1941 года склаў акт ахвяравання свайго жыцця за ратаванне веры ў моладзі. 9 лістапада 1941 г. за сваё душпастырскае служэнне быў расстраляны гестапа ў Барысаве. У 1999 г. Папа Ян Павел ІІ беатыфікаваў Генрыха Глябовіча разам з іншымі 108 мучанікамі Другой сусветнай вайны.

 
13 чэрвеня:
святога Антонія Падуанскага,
святара і доктара Касцёла.

Нарадзіўся ў 1195 г. у Лісабоне (Партугалія) і на хросце атрымаў імя Фернандо. Ва ўзросце 15 гадоў уступіў у ордэн аўгустынцаў-эрэмітаў у Каімбры і там прыняў святарскае пасвячэнне. Моцна ўражаны мучаніцтвам пяці францішканцаў, забітых мусульманамі, вырашае сам стаць францішканцам. Уступіўшы ў закон Меншых Братоў, прыняў імя Антоній. Спачатку ён выехаў на місію ў Марока, але з-за слабога здароўя мусіў неўзабаве вярнуцца. Па дарозе дадому ў выніку караблекрушэння застаўся ў Італіі. Там у Антонія выявіліся вялікія прамоўніцкія здольнасці, і яго накіравалі ў Паўночную Італію, дзе дзякуючы сваім казанням ён хутка стаў папулярным. Аднойчы паслухаць яго сабралася каля 30 тысяч чалавек! Пэўны час святы правёў у Францыі, а пасля вяртання ў Італію пасяліўся ў Падуі. Святы Францішак прызначыў яго першым настаўнікам тэалогіі для Меншых Братоў, настаўнікам францішканцаў. Антоній памёр 13 чэрвеня 1231 г. і менш чым праз год быў кананізаваны. Рэліквіі святога Антонія знаходзяцца ў прысвечанай яму базыліцы ў Падуі, дзе адбываецца так шмат цудаў, што святы Бонавентура нават аднойчы сказаў: «Калі шукаеш цудаў, ідзі да Антонія». Святы быў абвешчаны доктарам Касцёла (doctor evangelicus — евангельскі доктар). Антоній — адзін з найбольш шанаваных святых у Каталіцкім Касцёле і вельмі папулярны ў народнай пабожнасці: з’яўляецца, між іншым, апекуном закаханых, сужэнцаў, падарожных; ахоўвае ад неўраджаю і дапамагае знаходзіць згубленыя рэчы.

 
24 чэрвеня:
нараджэнне святога Яна Хрысціцеля.

Постаць святога Яна Хрысціцеля, якога Езус назваў «найбольшым сярод народжаных ад жанчыны», знаходзіцца ў цэнтры гісторыі збаўлення дзякуючы асаблівай місіі гэтага святога быць папярэднікам Сына Божага на зямлі. Пра яго гавораць усе евангелісты. Нараджэнне святога Яна было прадказана Арханёлам Габрыэлем яго бацьку, святару Захарыю, а пры яго з’яўленні на свет прысутнічала Найсвяцейшая Панна Марыя, якая прыйшла адведаць яго маці Альжбету. Яшчэ ва ўлонні маці Хрысціцель узрадаваўся, адчуўшы прысутнасць Месіі. Ён нарадзіўся на паўгода раней за Хрыста і ў маладым узросце адасобіўся ў Юдэйскай пустыні, дзе вёў вельмі строгае аскетычнае жыццё. Там ён адчуў пакліканне абвяшчаць набліжэнне Божага валадарства і пачаў удзяляць хрост пакаяння ў Ярдане. Вакол яго сабралася супольнасць вучняў, да якой спачатку належалі і некаторыя з апосталаў (Андрэй, Ян). Прыняць ад яго хрост прыйшоў сам Езус, і тады Ян, паказваючы на Хрыста, сказаў: «Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі свету». З пачаткам служэння Езуса Хрыста святы Ян засведчыў, што яго місія завяршылася: «Яму час узрастаць, а мне памяншацца». Праз пэўны час ён быў зняволены царом Юдэі Ірадам Антыпам у крэпасці Махерон за тое, што публічна крытыкаваў недазволенае сужыццё гэтага цара з Ірадыядай, жонкай роднага брата Ірада. Аднак зняволенне не задаволіла Ірадыяду. Падчас урачыстага банкету цару вельмі спадабаўся танец дачкі Ірадыяды Саламеі, і ён паабяцаў даць ёй за гэта любую ўзнагароду. Помслівая жанчына скарысталася неасцярожнасцю цара і падбухторыла дачку прасіць у яго галаву Яна Хрысціцеля. Ірад выканаў абяцанне, і святы быў забіты. Гэта адбылося каля 30 года. Ян Хрысціцель — апошні прарок Старога Запавету і першы прарок Новага Запавету — першы святы, якога пачалі ўшаноўваць у гісторыі Касцёла. Ён з’яўляецца апекуном многіх гарадоў і краінаў.

 
26 чэрвеня:
святога Хасэмарыі Эскрывы, святара.

Нарадзіўся 9 студзеня 1902 г. у Барбастра (Іспанія). Разам з навучаннем у семінарыі вывучаў права у Наварскім універсітэце. Святарскае пасвячэнне атрымаў у 1925 г. Праз тры гады, 2 кастрычніка 1928 г., у свята Анёлаў Ахоўнікаў, Хасэмарыя Эскрыва заснаваў у Мадрыдзе супольнасць Opus Dei (Божая Справа), якая аб’яднала ў асноўным маладых свецкіх вернікаў са студэнцкага асяроддзя. Мэтаю гэтай арганізацыі была і застаецца дапамога свецкім хрысціянам асвячаць іх штодзённае жыццё ў свеце. У 1943 г. узнікла святарская галіна Opus Dei. Айцец Эскрыва ўвесь час клапаціўся пра ўмацаванне і развіццё супольнасці, а таксама пра ўзрастанне ў святасці сваіх духоўных дзяцей. Ён нястомна настаўляў іх словам на шматлікіх сустрэчах, у якіх удзельнічалі дзесяткі тысяч людзей, а таксама ў сваіх кнігах, што ў перакладах на мноства моваў разыходзіліся мільённымі накладамі. Сярод іх шырока вядомыя «Шлях», «Баразна», «Кузня», «Сябры Бога», «Хрыстус праходзіць побач». Эскрыва заклаў асновы сучаснай каталіцкай духоўнасці. На момант смерці заснавальніка 26 чэрвеня 1982 г. Opus Dei налічвала каля 60 тысяч сяброў у 80 краінах на 5 кантынентах. Папа Ян Павел ІІ зрабіў Opus Dei персанальнай пралатурай, даючы ёй такім чынам шырокія магчымасці для дзеяння ва ўсім свеце. Цела святога, якога Папа Ян Павел ІІ кананізаваў на плошчы Святога Пятра 6 кастрычніка 2002 г., спачывае ў касцёле Маці Божай Супакою ў Рыме, дзе знаходзіцца сядзіба пралатуры Opus Dei. Святы Хасэмарыя Эскрыва з’яўляецца апекуном штодзённых справаў.

 
29 чэрвеня:
святых Пятра і Паўла, апосталаў.

Пётр, імя якога было Сымон, нарадзіўся ў галілейскім горадзе Бэтсаідзе, быў жанаты і жыў у Капэрнауме. Ён і яго брат Андрэй былі рыбакамі на Генісарэцкім возеры. Менавіта за лоўляй рыбы Сымона сустрэў Езус і паклікаў ісці за сабою, каб зрабіць яго «лаўцом людзей». Сымон атрымаў ад Езуса імя Пётр (габрэйск. Кіфа, што азначае скала) і заўсёды быў першым сярод апосталаў. Каля Цэзарэі Філіпавай ён упершыню назваў Хрыста Сынам Божым, і тады атрымаў ад Езуса абяцанне, што на ім, як на скале, будзе заснаваны Касцёл. Нягледзячы на трохкратнае адрачэнне Пятра ад Хрыста, што здарылася ў ноч перад укрыжаваннем, уваскрослы Езус даручае Пятру «пасвіць сваіх авечак» і прадказвае яму пры гэтым, якой смерцю апостал памрэ. Гэтае прадказанне спраўдзілася ў Рыме падчас ганення на хрысціянаў пры імператары Нероне ў 64 ці 67 г.: Пётр быў укрыжаваны ўніз галавою. Ён сам папрасіў аб гэтым, бо не лічыў сябе годным памерці гэтаксама, як Хрыстус.

Звесткі пра жыццё святога Паўла дайшлі да нас у Дзеях Апосталаў, а таксама ў пасланнях самога апостала. Павел, чыё габрэйскае імя было Саўл, паходзіў з кілікійскага горада Тарсу (на тэрыторыі Турцыі), дзе ён нарадзіўся каля 10 г. ад Н. Х. у фарысейскай сям’і. Паколькі ён ад нараджэння меў рымскае грамадзянства, у яго, хутчэй за ўсё, з самага пачатку было і другое, лацінскае імя Павел. Маючы каля 19 гадоў, ён прыбыў у Ерузалем, каб вучыцца ў рабіністычнай школе вядомага настаўніка Гамаліэля. Тады Саўл быў непрымірымым ворагам хрысціянаў, бо лічыў іх адступнікамі ад веры Майсея. Ён заўзята пераследаваў вучняў Хрыста (між іншым, удзельнічаў у каменаванні першамучаніка Стэфана). З мэтаю знішчыць маладую хрысціянскую супольнасць у Дамаску Саўл ва ўзросце 34 гадоў вырушыў у гэты горад, але па дарозе туды яму аб’явіўся Хрыстус, які цалкам перамяніў усё яго жыццё, зрабіўшы сваім «выбраным начыннем» для абвяшчэння імені Божага ва ўсім свеце. Адразу пасля навяртання Павел стаў нястомна абвяшчаць Евангелле паўсюль, куды яго пасылаў Святы Дух. Паўлу ўдалося пераканаць апосталаў не чыніць перашкодаў для навяртання язычнікаў, і ўсё больш язычнікаў прымала слова Божае, праз хрост далучаючыся да Касцёла. Падчас трох місіянерскіх падарожжаў апостал абвяшчае Евангелле і стварае хрысціянскія супольнасці ў Аравіі, Сірыі, Малой Азіі, Македоніі, Грэцыі, Турцыі і інш. краінах. Неаднаразова яго жыццё было ў небяспецы падчас караблекрушэнняў; яго каменавалі, бічавалі, арыштоўвалі. Прыблізна ў той жа час, што і Пётр, Павел прыняў у Рыме мучаніцкую смерць праз адсячэнне галавы. Яго называюць Апосталам народаў і лічаць першым хрысціянскім тэолагам. Пасланні апостала Паўла раней за ўсе іншыя кнігі Новага Запавету пачалі лічыцца боганатхнёнымі.

Святыя апосталы Пётр і Павел з’яўляюцца заснавальнікамі і падмуркам Касцёла. Намеснікам Пятра з’яўляецца Папа Рымскі, які працягвае яго служэнне ў Касцёле.