Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч,
ардынарый архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве

У Яну Паўлу ІІ прыгожа і гарманічна спалучаліся якасці пастыра, багаслова, філосафа, мысляра, паэта, спартсмена, чалавека найвышэйшай культуры, чалавека чулага і адкрытага, які ўмеў слухаць і разумець кожнага незалежна ад веравызнання, нацыянальнасці, сацыяльнага стану, палітычных поглядаў і перакананняў. Сваімі казаннямі і бездакорна дабрачыннымі паводзінамі ён прыцягваў да сябе мільёны людзей, асабліва маладых, якія мелі ў ім вялікую патрэбу, бо ён навучаў іх жыць у надзеі. Незадоўга да свайго скону ён, убачыўшы на плошчы св. Пятра шмат моладзі, сказаў: «Я шукаў вас, і вы прыйшлі да мяне. Дзякуй за гэта».

Сапраўды, гэты чалавек жыў у поўнай адпаведнасці з тым, што ён прапаведаваў свету.

Як многа значыць шчырае пакаянне Вярхоўнага Першасвятара за грахі дзяцей Касцёла падчас Вялікага Юбілею 2000 года! У гэтым пакаянні, як і ва ўсім служэнні, выявілася незвычайная моц духу Святога Айца.

Свет прызнаў яго духоўнае лідэрства. І апошнія дні яго пакутаў, як ніякае іншае бедства або ўзрушэнне, аб’ядналі ўвесь свет. За палёгку ў пакутах Рымскага Папы маліліся не толькі католікі, але і праваслаўныя, пратэстанты, юдэі, мусульмане, вернікі іншых рэлігій. Палітычныя і дзяржаўныя лідэры ў гэтыя дні адмянілі розныя мерапрыемствы – ад канцэртаў да футбольных матчаў – настолькі вялікая ў свеце павага да Пантыфіка.

Сапраўды, Богам быў абраны патрэбны чалавек у патрэбны час, чалавек, які не падмануў ускладзенай на яго надзеі і стаў знакавай, харызматычнай фігурай сучаснасці.

Асабліва ўдзячныя яму расійскія католікі. Яго заклік «Адчыніце дзверы Хрысту!» быў найперш адрасаваны краінам Усходняй Еўропы, якія жылі тады за жалезнаю заслонаю ва ўмовах пераследу Касцёла. У тыя часы ён гаварыў нам і за нас. І жалезная заслона рухнула. Мы знайшлі свабоду веравызнання, а Папа ўзнавіў касцёльныя структуры ў Расіі.

Расійскія католікі ўвесь час адчувалі яго апеку, падтрымку і малітву. Ён неаднаразова казаў мне: «Нягледзячы на цяжкасці, памятай пра словы Маці Божай, сказаныя ў Фаціме: „Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе, і Расія навернецца”». Зусім нядаўна, 8 сакавіка, у шпітальнай палаце клінікі «Джэмэллі» ён спытаў мяне: «Што чуваць у Маскве?» У гэтых яго словах – яго клопат пра Касцёл Расіі, блізкай яго сэрцу краіне, за якую ён штодня маліўся.

Немагчыма не ўзгадаць выключную любоў першага Папы-славяніна да Расіі. Увесь свет быў сведкам яго нястомнага імкнення развіваць дыялог і супрацоўніцтва з Рускай Праваслаўнай Царквой. Ян Павел ІІ неаднаразова звяртаўся і да ўлюбёнага расійскага народа, і да братоў праваслаўных. Абраз Казанскай Божай Маці, перад якім Папа маліўся больш за 10 гадоў, у мінулым годзе быў падораны Маскоўскаму Патрыярхату, і такіх учынкаў добрай волі – вядомых і невядомых свету – было вельмі шмат...