Біскуп Уладзіслаў Блін,
ардынарый Віцебскай дыяцэзіі

Пантыфікат Яна Паўла ІІ—гэта ўсё маё святарскае, працягласцю 25 гадоў, жыццё, жыццё пад знакам прысутнасці ў ім вялікага Чалавека, вялікага Папы. Нездарма ўвесь свет гэтак перажывае адыход Пантыфіка, нездарма людзі смуткуюць. Ён быў сапраўдным Пастырам, які ўсіх любіў, і любоў ягоная была дзейсная і непадробная. Як ніхто іншы, Ян Павел ІІ умеў аб’ядноўваць людзей, надаваць справе служэння Богу высокі сэнс, адмысловую духоўнасць, чалавечнасць.

Магу з радасцю канстатаваць, што стасункі Папы Яна Паўла ІІ з вернікамі створанай ім Віцебскай дыяцэзіі былі самыя шчырыя і прыязныя. Святы Айцец заўсёды жыва цікавіўся нашымі справамі, падтрымліваў, дапамагаў. Асаблівы піетэт ён меў да Віцебска і Оршы, якія заўжды згадваў у сваіх размовах па тэлефоне ці ў размове прыватнай. Мы цанілі такую ўвагу да нашай маладой дыяцэзіі і заўжды стараліся пры нагодзе давесці нашаму Пастыру пра свае надзённыя справы, пра сваё жыццё.

Як біскуп дыяцэзіі я неаднойчы меў шчаслівую магчымасць знаходзіцца побач са Святым Айцом, размаўляць з ім. Ён меў рэдкую па сённяшнім часе рысу — слухаць і чуць чалавека. А яшчэ – быць гранічна ўважлівым да людской патрэбы. Чалавек звяртаецца да яго з натоўпу, а ён, не маючы мажлівасці тут жа адгукнуцца, даручае сакратару адшукаць таго, высветліць прычыну звароту. Такіх прыкладаў шмат, і ўсе яны сведчаць пра тое, як блізка да сэрца браў Пантыфік клопаты людзей. А аўдыенцыі, у якіх Святы Айцец, ужо не вельмі здаровы, ніколі не адмаўляў сваёй пастве ды і людзям іншых веравызнанняў!

Скончылася эпоха Вялікага Папы, але жыццё працягваецца. І Пастыр наш – назаўжды з намі. Будзем спадзявацца на яго падтрымку, заступніцтва перад Богам, Духам Святым дзеля далейшага развіцця Касцёла ў Беларусі, дзеля духоўнага ўзрастання ўсіх католікаў свету, усіх людзей.

Разам са святарамі, законнымі сёстрамі і ўсімі вернікамі Віцебскай дыяцэзіі я яднаюся з паўсюдным Касцёлам у малітоўным чуванні за душу памерлага Папы Яна Паўла ІІ.