Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Антоні Дзям’янка

У 1991 годзе адбылося маё першае спатканне са Святым Айцом. Гэта было ў яго прыватнай капліцы ў Ватыкане. Задоўга да святой Імшы, якую цэлебраваў Святы Айцец, раніцай ён на каленях маліўся перад табэрнакулюмам (так, па сведчанні блізкіх да Папы асобаў, адбывалася кожны дзень). На прыкладзе Святога Айца мы бачым, які скарб захоўваецца ў малітве і якім скарбам для веруючых з’яўляецца Эўхарыстыя. Можа, менавіта таму ён і адышоў у той час, калі сам абвясціў Год Эўхарыстыі. Які ж скарб і якая сіла знаходзяцца ў табэрнакулюмах каталіцкіх касцёлаў! А кантэмпляцыя Хрыста, як мы пераконваемся, можа вельмі глыбока паўплываць на чалавека і зрабіць яго здольным да ўзнёслых чынаў.

Папа-славянін добра разумеў нас. Мы глыбока прынялі да сэрца яго пасланні з нагоды 1000-годдзя хрышчэння Кіеўскай Русі і 600-годдзя хрышчэння Літвы. Гэта таксама гісторыя і нашых земляў. Сваімі пасланнямі Пантыфік звярнуў увагу свету на нас, тых, хто тады быў так званым нямым Касцёлам — у тым сэнсе, што быў пазбаўлены магчымасці свабодна вызнаваць веру і праслаўляць Бога, прапаведаваць Добрую Навіну.

Гавораць аб адышоўшым да вечнасці Папе як пра таго, хто надзвычай рупліва клапаціўся пра церпячых, пра тых, хто не заўсёды мае права голасу. Бедныя ў асобе Яна Паўла ІІ страцілі свайго ўпаўнаважанага ў абароне сваіх правоў. У многіх дакументах і пры асабістых сустрэчах ён звяртаў увагу на бедных і заклікаў ім дапамагчы. Мы таксама ў цяжкім становішчы Касцёла неаднаразова карысталіся гэтаю дапамогаю. Праз пасрэдніцтва «Caritas» і іншых дабрачынных арганізацый жыхары нашай краіны атрымлівалі і атрымліваюць розную дапамогу, якую заініцыяваў Ян Павел ІІ. Гэта і дапамога індывідуальная, і дапамога шпіталям апаратурай і тэхнікай, і арганізацыя рознымі хрысціянскімі супольнасцямі адпачынку і лячэння для дзяцей і моладзі з чарнобыльскай зоны ў нашай краіне і за мяжой. Папа таксама клапаціўся пра тое, каб нашыя студэнты мелі магчымасць здабываць веды за мяжой, атрымліваць стыпендыю. (...)

Як найвышэйшы Пастыр святой памяці Ян Павел ІІ не абмінаў нікога і па магчымасці дапамагаў. Ён быў ініцыятарам Сусветных дзён моладзі, ён распачаў кангрэсы сем’яў, дні хворых, заклікаў да дапамогі вязням.

Мы асабліва адчулі гэта падчас святкавання Юбілею 2000-годдзя хрысціянства: Провід Божы выбраў гэтага Пантыфіка, каб увесці Касцёл у новае тысячагоддзе.

Вялікія заслугі памерлага Пантыфіка і на полі экуменічнай дзейнасці. Ён шчыра імкнуўся да таго, каб споўнілася малітва Хрыста напярэдадні Яго мукі: «Каб усе былі адно». Ён сустракаўся з Патрыярхам Усходняй Царквы, запрашаў яго да сябе, быў прыхільнікам спатканняў моладзі, арганізаваных братамі з Тэзэ, вёў паспяховыя перамовы з пратэстанцкімі Цэрквамі. Гэта быў першы Пантыфік, які ад апостальскіх часоў пераступіў парог сінагогі. Ён умеў размаўляць з вызнаўцамі Магамета і прадстаўнікамі іншых рэлігій, і пра гэта яскрава сведчаць сустрэчы ў Асізі, горадзе святога Францішка. Дзеля спакою ў свеце гэты Пантыфік не шкадаваў сваіх сіл і намаганняў. Штогод на 1 студзеня ён пісаў Апостальскія пасланні. Усе мы памятаем яго вельмі мудрае выказванне напярэдадні аднаго сусветнага канфлікту: «Праз перамовы мы нічога не губляем, але праз ваенныя канфлікты чалавецтва можа многае страціць».

Ён спазнаў небяспеку таталітарных сістэм, у якіх жыў: яны знішчаюць індывідуальнасць чалавека. Таму так часта Ян Павел ІІ заступаўся за зняволеных і пераследаваных, але адначасова ён перасцерагаў ад бяздумнасці і безадказнасці. Ён вучыў: «Свабода нам не толькі дадзена, але і зададзена», яна — нашае заданне.

Ян Павел ІІ быў ініцыятарам і новага Кодэксу Кананічнага Права, і новай рэдакцыі Катэхізісу Каталіцкага Касцёла, што дало магчымасць католікам глыбей зразумець у гэтым зменлівым свеце сутнасць місіі веруючага чалавека.

Ён зрабіў істотныя і неабходныя ўдакладненні ў справаванні літургіі. Па яго ініцыятыве была апрацавана новая версія Рымскага Імшала, падрыхтаваны іншыя літургічныя кнігі. Новыя літургічныя прадпісанні далі магчымасць наладзіць больш глыбокую сувязь з Тым, Хто з’яўляецца сэнсам нашага жыцця, — з Богам, з Хрыстом.

Ён выступаў у абарону ненароджаных. Гаварыў, што народ, які забівае ненароджаных, не мае будучыні. (...)

Кантэмпляцыя аблічча Хрыста і бязмежны давер Божай Маці — на гэта заўсёды ўказваў нам Святы Айцец.

З надзеяй і ўпэўненасцю ён заклікаў вернікаў крочыць па шляху зямнога пілігрымавання. «Не бойцеся!» — гэта яго словы, яго заклік да людзей, якія сумняваліся і перажывалі цяжкасці. Бог міласэрны, таму не трэба баяцца. У Яго Міласэрнасці наш ратунак і нашая надзея. Можа, таму Бог і паклікаў яго ў сваё Валадарства менавіта напярэдадні свята Божай Міласэрнасці.

З гаміліі падчас жалобнай Імшы
за Святога Айца Яна Паўла ІІ