З дамініканінам, айцом Яцэкам Саліем размаўляе Марцін Якімовіч.

Марцін Якімовіч: «Радуйцеся» — заклікала літургія дня, калі адышоў у вечнасць Папа. Ён таксама сам заклікаў нас радавацца. А як можна радавацца праз слёзы?

Яцэк Салій: О-о-о, гэта вялікая таямніца нашай веры. Кожны ж з нас ідзе ў жыццё вечнае, а гэтыя некалькі дзесяткаў гадоў, якія нам дадзены, — толькі час нашага падарожжа. А ў выпадку Яна Паўла ІІ, вялікага хрысціяніна, калі сэрца не дазваляе нам хоць крыху сумнявацца ў тым, што ён проста пайшоў да Бога, — як можна не радавацца? А калі чалавек пры гэтым заплача, то гэта нармальна. Гэта зусім іншае вымярэнне, бо сітуацыя падобная да смерці роднага бацькі. Зразумела, мы адчуваем пустку і ведаем, што калі паедзем у Рым, то не сустрэнемся ўжо там з Янам Паўлам ІІ. Сумна. Але за нашымі слязьмі тоіцца сапраўдная радасць: Папа трапіў у рукі Айца.

Пан Езус таксама плакаў каля грабніцы Лазара, а крыху пазней ўваскрасіў яго...

— Тэалагічная традыцыя вельмі моцна ставіць акцэнт на гэтым плачы Езуса як на галашэнні па чалавечай смерці. Гэта плач па тым, што людзі паміраюць, а Пан Бог не меў такога намеру, каб людзі мусілі праходзіць праз смерць. Аднак уся горыч смерці ёсць пладом граху...

Ці можна ўжо маліцца да Папы? Ці можна праз яго пасрэдніцтва прасіць Бога?

— Гэта далікатная матэрыя, але хутчэй за ўсё я не раіў бы. Пачакаем, паслухаем Касцёл. Трэба захаваць меру і ва ўсім нашым захапленні і ўдзячнасці, каб убачыць: праз Яна Паўла ІІ дзейнічаў сам Бог! Вельмі многае здарылася за час яго пантыфікату, але ж гэта дзейнічаў сам Пан. А веліч Папы заключаецца ў тым, што гэтаму ўздзеянню ён цалкам падпарадкоўваўся. За сваё жыццё ён неймаверна напрацаваўся. Сапраўды, ён цалкам паглыбляўся ў працу, не шкадаваў сябе, быў увесь для Бога і для людзей...

На смерць Папы людзі адрэагавалі не эмоцыямі, але толькі малітваю. Перад канфесіяналамі стаялі вялікія чэргі. Адбылося шмат навяртанняў, вяртанняў...

— Я гэта бачыў з самага пачатку яго пантыфікату. Адбываліся вялікія цуды. Якія? Напрыклад, такія, што розныя народы і грамадствы пад улывам яго пілігрымак усведамлялі сваю глыбокую хрысціянскасць, пра якую нават ніхто не здагадваўся...

Сустрэча з моладдзю ў Дэнверы стала правалам сродкаў масавай інфармацыі. Хто ў Амерыцы прыйдзе на сустрэчу з кансерватыўным, патрабавальным Папам? Аказалася, што прыйшлі вялікія натоўпы людзей. Падобнае было ў Парыжы і Таронта...

— А палякі выразна засведчылі гэта падчас яго першага прыезду ў 1979 годзе. Аказалася, наперакор таму, што нам даводзілі і што паказвала тэлебачанне, наша прывязанасць да Хрыста была вельмі моцная. І такія цуды здараліся не раз.

Езус на працягу трыццаці гадоў знаходзіўся ва ўкрыцці, толькі тры гады Ён навучаў і дзейнічаў, але збавіў свет, калі бездапаможны тры гадзіны вісеў на крыжы і як чалавек нічога не мог зрабіць. Папа таксама ляжаў бездапаможны на сваім ложку...

— Так! І гэта цудоўнае сведчанне, а таксама адказ на пытанне, чаму ён не адмовіўся ад папскай пасады, нягледзячы на сваю немач. Людзі ў той час выказвалі такія меркаванні. А я думаю, што ён пачуў сур’ёзны загад на малітве. Маліўся і пачуў: «Застанься. Ідзі да канца». І паслухаўся.

І той час, калі знямоглы чалавек успрымаецца як пятае кола ў возе, непатрэбная мэбля і нават адкід грамадства, калі гаворыцца пра бессэнсоўнасць цярпення, Папа даў сведчанне таго, што чалавек, які моцна церпіць і знясілены хваробаю, з’яўляецца не толькі раўнапраўным побач са здаровымі, але калі яшчэ моцна трымаецца Пана Езуса, то гэта чалавек проста прыгожы! За гэты складаны ўрок і сведчанне мы павінны па-сапраўднаму падзякаваць Пану Богу!

У хвіліны цярпення і адыходу з гэтага свету Папа не рабіў нічога, апроч таго, што выконваў неймаверна вялікую і складаную справу адыходу з гэтага свету: цярпеў агонію. І што выяўляецца? Што пад уплывам гэтага сведчання мы знаходзім сваё хрысціянскае прызначэнне. Складаем рукі для малітвы.

Аднак мне вельмі хацелася б падкрэсліць: адыход Яна Паўла ІІ выклікаў такое вялікае ўражанне і так моцна паўплываў на людзей, якія адчулі сябе зусім асірацелымі, што з нашага боку было б сапраўды вялікім ашуканствам, калі цяпер, пасля вяртання да нармальнага жыцця, сярод нас зноў было б столькі нявольнікаў цывілізацыі смерці, абортаў, эўтаназіі ці легальных гомасексуальных саюзаў. Гэта было б проста ашуканствам.

«Gość niedzielny», 10 красавіка 2005 г.
Пераклад з польскай мовы
І. Ламакі