Знаходжу запіс у нататніку ад 25.02.2005 г.: «Учора ў 22.00 Святому Айцу зрабілі аперацыю – трахеатамію. Сёння ў 13.30 на канале EuroNews – прэс-канферэнцыя, якую правёў Хаакін Наварра-Вальс. Прэс-сакратар Апостальскай Сталіцы паінфармаваў пра стан здароўя Папы, а пасля дадаў: «Калі Папу везлі з аперацыі, ён абудзіўся ад наркозу. (...) Тады напісаў: „Што ж са мною зрабілі?.. Аднак я заўсёды Totus Tuus...”»

Памятаю, як журналісты тут жа паспрабавалі асэнсаваць словы Святога Айца, асабліва гэта нечаканае пытанне. Хтосьці выказаў думку, што Ян Павел ІІ нават у такой сітуацыі спрабуе жартаваць, а значыць, справы не такія ўжо й кепскія... Усім вельмі хацелася верыць, што і на гэты раз Папа знойдзе ў сабе сілы, каб перамагчы чарговае недамаганне...

Цяпер, пасля яго адыходу, тое «нечаканае» пытанне набыло зусім іншы сэнс і ўспрымаецца не інакш як нямы крык бяссілля і болю, ад якіх ён, дарэшты схварэлы і спакутаваны, шукаў тады паратунку. І шукаў яго менавіта ў Марыі. Гэтак, як калісьці ў далёкім маленстве, страціўшы родную матулю, асірацела туліўся да Божай Маці, так і цяпер, у сваёй нямогласці і цярпенні звяртаўся менавіта да Яе... Яшчэ раней, думаючы пра непазбежнае, Святы Айцец напісаў у Тэстамэнце: «З магчымасцю смерці кожны заўсёды павінен лічыцца. І заўсёды павінен быць падрыхтаваны да таго, што стане перад Панам і Суддзёю, а разам з тым – Адкупіцелем і Айцом. Таму і я пастаянна лічуся з гэтым, давяраючы той вырашальны момант Маці Хрыста і Касцёла – Маці маёй надзеі».

Цесная лучнасць з Марыяй суправаджала Яна Паўла ІІ праз усё жыццё, а глыбокая марыйнасць была вызначальнаю рысаю яго пантыфікату.

«Ушанаванне Маці Божай у традыцыйнай форме я вынес з бацькоўскага дому і з вадавіцкай парафіі. У парафіяльным касцёле памятаю бочную капліцу Маці Божай Нястомнай Дапамогі, у якую рана перад заняткамі ішлі гімназісты», – успамінаў Папа свае першыя крокі да Маці Божай.

У яго родных Вадавіцах быў кляштар айцоў кармэлітаў і заўсёды жыла далучанасць да кармэлітанскай традыцыі шкаплера, у які яшчэ хлапчуком запісаўся Караль Вайтыла і потым насіў яго ўсё жыццё. Калі яны з бацькам пераехалі ў Кракаў, Караль увайшоў у супольнасць «Жывога Ружанца» пры сваёй парафіі на Дэмбніках, а гэта ўжо было звязана, як ён сам згадваў, «з асабліваю пашанаю да Марыі Успамогі хрысціянаў». Яшчэ ў юнацтве ён зразумеў, што не толькі «Марыя вядзе нас да Хрыста», але і «Хрыстус вядзе нас да свае Маці». Пасля былі таксама хвіліны пакутлівых сумненняў у марыйнай пабожнасці, з’явілася асцярога, «што яна мае перабольшанае значэнне перад ушанаваннем самога Хрыста». Менавіта тады на дапамогу юнаку прыйшла кніжачка св. Людвіка Марыі Грыньёна дэ Манфора пад назваю «Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Марыі Панны». «У той кніжачцы я знайшоў у нейкім сэнсе гатовы адказ на мае пытанні, – пісаў Папа. – Так, Марыя набліжае нас да Хрыста, вядзе нас да Яго, але пры ўмове, што мы перажываем Яе таямніцу ў Хрысце». Менавіта чытаючы «Трактат...» св. Людвіка, Караль Вайтыла спасціг сутнасць малітвы «Анёл Панскі» і той галоўны змест «найвялікшай падзеі, якая адбылася ў гісторыі чалавецтва» і якую перадаюць словы гэтай малітвы. «Тут тлумачыцца паходжанне гэтага Totus Tuus. Яно бярэ пачатак менавіта ад св. Людвіка Марыі Грыньёна дэ Манфора. (...) Такім чынам (...) я пачаў нанава адкрываць усе скарбы існуючай да таго часу марыйнай пабожнасці, але як бы з новых пазіцый...»

Абраўшы дэвізам пантыфікату менавіта пачатковыя словы формулы аддання Маці Божай Totus Tuus (цалкам Твой), Папа падкрэсліваў, што яны былі для яго не толькі праяваю асаблівай адданасці Маці Божай, але нечым значна большым. «Кожны з нас павінен усведамляць: тут не ідзе гаворка толькі пра патрэбу ўласнага сэрца, пра пэўную пачуццёвую схільнасць, але таксама пра аб’ектыўную праўду аб Багародзіцы. Марыя – гэта новая Ева, якую Бог ставіць перад новым Адамам – Хрыстом, пачынаючы са Звеставання, праз ноч бэтлеемскага нараджэння, праз вясельны баль у Кане Галілейскай, да Крыжа на Галгофе і пасля – да вячэрніка Пяцідзесятніцы: Маці Хрыста Адкупіцеля – гэта Маці Касцёла», – сцвярджаў Святы Айцец у кнізе «Пераступіць парог надзеі».

Вынікам шматгадовага пакланення Яна Паўла ІІ Маці Божай сталі энцыкліка Redemptoris Mater («Маці Адкупіцеля») і Апостальскае пасланне Mulieris dignitatem («Годнасць жанчыны»).

У 2002 г. Папа абвясціў чацвёртую частку Ружанца, прысвяціўшы яе таямніцам публічнай дзейнасці Хрыста. Традыцыйная марыйная малітва, аб якой так часта просіць свет Багародзіца ў сваіх аб’яўленнях, набыла выразную хрыстацэнтрычную скіраванасць. Тое, што хвалявала маладога Караля Вайтылу, над чым ён не пераставаў разважаць у святарскім жыцці, знайшло сваё падсумаванне напрыканцы яго апостальскага служэння.

«Ружанец, хоць і мае марыйны характар, з’яўляецца хрысталагічнаю малітваю. (...) У ім рэхам адгукаецца малітва самой Марыі, Яе вечнае Magnificat за адкупленчую справу Уцелаўлення, распачатую ў Яе дзявочым улонні. Праз Ружанец хрысціянскі люд як бы ўваходзіць у школу Марыі, дазваляючы прывесці сябе да кантэмпляцыі хараства Хрыстовага аблічча і да перажывання глыбіні Ягонай любові». (Апостальскі ліст Rosarium Virginis Mariae – «Ружанец Панны Марыі»).

У гэтай «школе Марыі» найлепшым і найбольш адданым вучнем на працягу ўсяго свайго жыцця быў ён сам, Папа Ян Павел ІІ.

Нумар, прысвечаны яго святой памяці, выходзіць у маі – месяцы Марыі, якую верны люд услаўляе ў часе маёвых набажэнстваў. Але май – таксама і месяц Святога Айца Яна Паўла ІІ: якраз у гэтым годзе 18 мая яму споўнілася б 85. І яшчэ адзін дзень гэтага прыгожага марыйнага месяца мае асаблівае значэнне ў жыцці Яна Паўла ІІ – дзень Маці Божай Фацімскай. Дваццаць чатыры гады назад, 13 мая 1981 г., менавіта Маці Божая цудоўным чынам захавала Святому Айцу жыццё; гэта Яе мацярынская апека аказалася мацнейшаю за смяротную кулю наёмнага забойцы. Праз год пасля замаху Папа прыбыў у фацімскі санктуарый «з імем Маці Божай на вуснах і з песняю падзякі Богу ў сэрцы...», а ў 1984 годзе прысвяціў увесь свет і Расію Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

Нястомна падарожнічаючы па свеце, ён не прамінаў ніводнага марыйнага санктуарыя. У 1993 г., у часе пілігрымкі ў Літву, Святы Айцец укленчыў у капліцы Маці Божай Вастрабрамскай. Схіляючы галаву перад Яе міласэрным абліччам, Папа звярнуўся да Марыі словамі Адама Міцкевіча:

О Ты, Заступніца Прачыстая над намі,
Чый цудатворны лік у Чэнстахове ў храме,
І ў Вострай браме свеціцца пры набажэнстве,
(...) Як мне ў маленстве
Жыццё вярнула Ты, з’явіўшы цуд нябесны
1...

«Тады голас мой задрыжаў, – успамінаў Святы Айцец. – Я ведаў, што Вострая Брама чакала гэтага прызнання Папы...» Гэтаксама, як чакалі яго іншыя марыйныя санктуарыі... Адтуль, з Вільні, так блізка было да нашага Будслава. Да крыўднага блізка... І яшчэ так далёка было да развітання. Да тае апошняй стацыі Крыжовага шляху, калі запанавала маўчанне, мацнейшае за ўсе словы... Як свайму ўлюбёнаму сыну Айцец Нябесны не пашкадаваў нашаму Папу цярпення. Яго асабісты ўрач Рэнато Будзанэцці сказаў, што пакуты Святога Айца ён можа параўнаць толькі з мукаю Хрыста. І калі ўжо наступіла апошняя мяжа тых пакутаў, прыйшла першая красавіцкая субота, як і ўсе першыя суботы, прысвечаная Беззаганнаму Сэрцу Марыі. І тады да канца збыліся прарочыя словы Тэстамэнту: «У жыцці і смерці Totus Tuus праз Беззаганную».

Крыстына Лялько

  1. Перакл. Я. Семяжона.