ЭНЦЫКЛІКА
ECCLESIA DE EUCHARISTIA

СВЯТОГА АЙЦА ЯНА ПАЎЛА ІІ

ДА БІСКУПАЎ, ДА СВЯТАРОЎ І ДЫЯКАНАЎ, ДА ЗАКОННІКАЎ І ЗАКОННІЦ,
ДА СВЕЦКІХ КАТОЛІКАЎ, А ТАКСАМА ДА ЎСІХ ЛЮДЗЕЙ ДОБРАЙ ВОЛІ
ПРА ЭЎХАРЫСТЫЮ Ў ЖЫЦЦІ КАСЦЁЛА

Працяг. Пачатак у № 11—12 за 2004 г. >>>


V раздзел

Хараство эўхарыстычнай цэлебрацыі


47. Апісанне ўстанаўлення Эўхарыстыі ў сінаптычных Евангеллях хвалюе прастатою і «годнасцю», з якою Езус у часе Апошняй Вячэры ўстанаўлівае гэты вялікі Сакрамэнт. Ёсць пэўны эпізод, які ў нейкім сэнсе з’яўляецца прэлюдыяй: намашчэнне ў Бэтаніі. Пэўная жанчына, якую Ян атаясамлівае з Марыяй, — сястрою Лазара, вылівае на галаву Езуса флаконік каштоўнага алею, выклікаючы сярод вучняў, асабліва ў Юды (пар. Мц 26, 8; Мк 14, 4; Ян 12, 4), негатыўную рэакцыю, як бы гэты жэст, з увагі на патрэбы ўбогіх, быў недапушчальным «марнатраўствам». Аднак ацэнка з боку Езуса зусім іншая. З усім шацункам да абавязку падтрымкі бедных, якімі вучні заўсёды павінны будуць займацца, — «убогіх заўсёды маеце з сабою» (Мц 26, 11; Ік 14, 7; пар. Ян 12, 8) — Ён, думаючы пра блізкую хвіліну сваёй смерці і пакладання ў гроб, ацэньвае намашчэнне, якое заслужыў, як прадвесце таго шацунку, якога Яго цела, непарыўна звязанае з таямніцаю Яго асобы, будзе годнае таксама пасля смерці.

У сінаптычных Евангеллях развіццём апавядання з’яўляецца вызначэнне Езусам задання вучням, якія павінны былі старанна падрыхтаваць «вялікі пакой», дзе маглі б спажыць Пасху (пар. Мк 14, 15; Лк 22, 12), а таксама пераказ пра ўстанаўленне Эўхарыстыі. Паказваючы хоць бы і ў агульных рысах некаторыя габрэйскія абрады пасхальнай вячэры, ажно да гімну Hallel (пар. Мц 26, 30; Мк 14, 26), апісанне (хоць з асаблівасцямі розных традыцый) перадае разам з тым дакладна і ўрачыста словы Хрыста, прамоўленыя над хлебам і над віном, якія Ён сам прыняў за канкрэтныя знакі свайго ахвяраванага Цела і свае пралітай Крыві. Усе гэтыя дэталі Евангелісты запомнілі дзякуючы практыцы «ламання хлеба», якая ўкаранілася ўжо ў першапачатковым Касцёле. Але зразумела, што з часоў Езуса падзея Вялікага Чацвярга носіць бачныя прыкметы літургічнага «ўспрымання», якое фармуецца на базе старазапаветнай традыцыі, адкрытай на пераўтварэнні ў хрысціянскай цэлебрацыі так, каб яно гарманічна выяўляла новы сэнс Пасхі.

48. Так, як жанчына з Бэтаніі, Касцёл не баяўся «марнаваць», прысвячаючы найлепшыя свае рэсурсы, каб выяўляць поўнае адарацыі захапленне перад бязмежным дарам Эўхарыстыі. Не менш, чым першыя вучні, якія павінны былі падрыхтаваць «вялікі пакой», Касцёл на працягу стагоддзяў і пры зменах культураў адчуваў сябе абавязаным цэлебраваць Эўхарыстыю ў аправе, годнай гэтай вялікай таямніцы. Звяртаючыся да слоў і жэстаў Езуса і развіваючы абрадавую спадчыну юдаізму, нарадзілася хрысціянская літургія. Які ж патрэбны ўзровень, каб адпаведным чынам прыняць дар, які Боскі Абраннік пастаянна дае з сябе для Касцёла-Абранніцы, пакідаючы чарговым пакаленням вернікаў Ахвяру, здзейсненую раз і назаўсёды на Крыжы і чынячы з сябе самога спажыву для ўсіх вернікаў? Нават калі логіка «гасціны» абуджае сямейную атмасферу, Касцёл ніколі не паддаўся спакусе баналізацыі гэтай «блізкасці» з сваім Абраннікам і не забываў, што гэта Ён з’яўляецца таксама яго Панам, а «гасціна» застаецца заўсёды ахвярнаю гасцінаю, пазначанаю крывёю, пралітаю на Галгофе. Эўхарыстычная гасціна — гэта сапраўды «святая» гасціна, у якой простасць знакаў тоіць бязмежную глыбіню святасці Бога: O Sacrum convivium, in quo Christus sumitur! Хлеб, ламаны на нашых алтарах, ахвяраваны нам як пілігрымам, што вандруюць дарогамі свету, — гэта panis angelorum, хлеб анёлаў, да якога нельга набліжацца без пакоры сотніка з Евангелля: «Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў да мяне пад страху» (Мц 8, 8; Лк 7, 6).

Працяг у нумары №7-8(123-124) 2005 >>>

Пераклад Крыстыны Лялько
.