ЭНЦЫКЛІКА
ECCLESIA DE EUCHARISTIA

СВЯТОГА АЙЦА ЯНА ПАЎЛА ІІ

ДА БІСКУПАЎ, ДА СВЯТАРОЎ І ДЫЯКАНАЎ, ДА ЗАКОННІКАЎ І ЗАКОННІЦ,
ДА СВЕЦКІХ КАТОЛІКАЎ, А ТАКСАМА ДА ЎСІХ ЛЮДЗЕЙ ДОБРАЙ ВОЛІ
ПРА ЭЎХАРЫСТЫЮ Ў ЖЫЦЦІ КАСЦЁЛА

Працяг. Пачатак у № 11—12 за 2004 г. >>>

49. У кантэксце гэтага ўзнёслага адчування сэнсу таямніцы становіцца зразумелым, якім чынам вера Касцёла ў эўхарыстычную таямніцу выявілася ў гісторыі не толькі праз патрэбу ўнутранай паставы пабожнасці, але таксама праз шэраг знешніх праяваў, якія маюць на мэце выклікаць і падкрэсліць значнасць цэлебраванай падзеі. Тут бярэ свой пачатак шлях, што паступова вядзе да азначэння спецыяльнага статуту, які ўнармоўвае эўхарыстычную літургію, шануючы розныя касцёльныя традыцыі, што сфармаваліся законна. На гэтым падмурку развілася таксама багатая спадчына мастацтва. Звяртаючыся да хрысціянскай таямніцы, архітэктура, скульптура, жывапіс, музыка непасрэдна альбо ўскосна знаходзілі ў Эўхарыстыі тэмы для вялікага натхнення.

Так, напрыклад, было з архітэктурай, у якой, калі толькі гістарычная сітуацыя гэта дазваляла, здзейсніўся пераход ад першапачатковых месцаў цэлебрацыі Эўхарыстыі ў дамах хрысціянскіх сем’яў да прыгожых базылік першых стагоддзяў, да ўнушальных катэдраў Сярэднявечча, да вялікіх альбо малых касцёлаў, што з’яўляліся з часам на землях, да якіх даходзіла хрысціянства. У межах літургічнай прасторы развіліся формы алтароў і табэрнакулюмаў, адлюстроўваючы не толькі тэмы чалавечай фантазіі, але таксама правілы, якія сыходзяць з яснага разумення таямніцы.

Гэтаксама можна сказаць пра касцёльную музыку; дастаткова падумаць пра натхнёныя грыгарыянскія мелодыі, пра многіх вялікіх кампазітараў, якія браліся за літургічныя тэксты св. Імшы. Ці ж мы не заўважаем сярод прадметаў культу і літургічных прыналежнасцяў, што выкарыстоўваюцца ў цэлебрацыі Эўхарыстыі, велізарнай колькасьці мастацкіх твораў, вырабаў рамяства і сапраўдных шэдэўраў мастацтва?

Такім чынам, можна сказаць, што Эўхарыстыя фармавала Касцёл і духоўнасць і моцна ўплывала на культуру, асабліва ў сферы эстэтыкі.

 
50. У гэтым высілку адарацыі таямніцы Эўхарыстыі, заключаным у абрадавай і эстэтычнай перспектыве, у пэўным сэнсе «супрацоўнічалі» хрысціяне Захаду і Усходу. А таму, як жа не скласці асаблівай падзякі Пану за ўклад, які ўнеслі ў хрысціянскае мастацтва вялікія архітэктурныя і жывапісныя творы візантыйскай традыцыі альбо цэлага славянскага геаграфічнага і культурнага рэгіёну? На Усходзе царкоўнае мастацтва захавала выключна моцнае адчуванне таямніцы, заахвочваючы мастакоў да творчай працы не толькі як да выяўлення іх таленту, але як да сапраўднага служэння веры. Выходзячы далёка за звычайнае тэхнічнае ўмельства, яны здолелі з пакораю адкрыцца на дыханне Духа Святога.

Незвычайнае хараство архітэктуры і мазаік на хрысціянскім Усходзе і Захадзе — гэта ўсеагульная спадчына веруючых, якая нясе ў сабе гарачае жаданне паўнаты камуніі ў веры і ў цэлебрацыі. Гэта прадугледжвае і вымагае таго, каб Касцёл быў глыбока «эўхарыстычны» (як на слыннай іконе Святой Тройцы Рублёва, на якой дзяленне таямніцаю Хрыста ў ламаным хлебе як бы заглыбленае ў неспасцігальную еднасць Трох Боскіх Асобаў), чынячы самога сябе «іконаю» Святой Тройцы.

У перспектыве мастацтва, якое прагне выявіць праз усе свае элементы сутнасць Эўхарыстыі паводле навукі Касцёла, трэба звярнуць пільную ўвагу на нормы, якія рэгулююць архітэктурную форму і дэкарацыі святыняў. Як пацвярджае гісторыя і як я сам гэта падкрэсліў у Лісце да людзей мастацтва100, Касцёл заўсёды пакідаў мастакам шырокую творчую прастору. Аднак сакральнае мастацтва павінна вызначацца ўменнем трапна выказаць таямніцу, заключаную ў паўнаце веры Касцёла, і згодна з душпастырскімі ўказаннямі, адпаведна апрацаванымі кампетэнтнымі касцёльнымі ўладамі. Гэта датычыць і выяўленчага мастацтва, і касцёльнай музыкі.

 
51. Тое, што было здзейснена на землях старажытнай хрысціянізацыі ў галіне касцёльнага мастацтва і літургічнай дысцыпліны, развіваецца таксама на кантынентах, дзе хрысціянства адносна маладое. Гэта адпавядае ўказанням ІІ Ватыканскага Сабору ў сувязі з неабходнасцю здаровай і разам з тым абавязковай «інкультурацыі». У часе маіх шматлікіх падарожжаў я меў магчымасць ва ўсіх частках свету паназіраць, наколькі жывы кантакт існуе паміж цэлебрацыяй Эўхарыстыі і формамі, стылямі, адчуваннямі розных культураў. Дастасоўваючыся да зменлівых умоваў часу і тэрыторыі, Эўхарыстыя забяспечвае спажыву не толькі асобным людзям, але й цэлым народам і фармуе культуры, якія натхняюцца хрысціянствам.

Аднак неабходна, каб гэтая важная справа дастасавання рабілася з пастаянным усведамленнем невыказнай таямніцы, перад якою становіцца кожнае пакаленне. «Скарб» занадта вялікі і каштоўны, каб рызыкаваць яго збядніць ці пашкодзіць яму эксперыментамі або практыкамі, уводзячы іх без уважлівай ацэнкі з боку кампетэнтных касцёльных уладаў. Больш за тое, цэнтральны характар эўхарыстычнай таямніцы вымагае, каб такая ацэнка была зроблена ў цесным кантакце з Апостальскаю Сталіцаю. Як я пісаў у паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі Ecclesia in Asia: «Такое супрацоўніцтва істотнае, бо Святая Літургія выяўляе і цэлебруе адну веру, якую вызнаюць усе, а паколькі яна з’яўляецца спадчынаю ўсяго Касцёла, то не можа акрэслівацца мясцовымі Касцёламі ў ізаляцыі ад Касцёла паўсюднага»101.

 
52. З сказанага вышэй можна зразумець, якая вялікая адказнасць ляжыць пры цэлебрацыі Эўхарыстыі асабліва на святарах, якія павінны ўзначальваць яе in persona Christi, гарантуючы сведчанне і паслугу камуніі не толькі ў адносінах да супольнасці, якая непасрэдна бярэ ў ёй удзел, але таксама ў адносінах да паўсюднага Касцёла, які заўсёды прызываецца Эўхарыстыяй. На жаль, з горыччу трэба зазначыць, што пачынаючы з часу паслясаборавай літургічнай рэформы, з-за дрэнна зразуметага пачуцця стваральнасці і дапасаванасці, не бракавала злоўжыванняў, якія для многіх былі прычынаю цярпення. Пэўная рэакцыя на «фармалізм» часам прыводзіла, асабліва ў некаторых рэгіёнах, да прызнання неабавязковымі «формаў», абраных вялікаю літургічнаю традыцыяй Касцёла і яго Настаўніцтва, і да непаўнамоцных новаўвядзенняў, часта цалкам неадпаведных.

Таму адчуваю сябе абавязаным скіраваць гарачы заклік, каб падчас цэлебрацыі эўхарыстычнай Ахвяры з вялікаю дакладнасцю захоўваліся літургічныя нормы. Яны з’яўляюцца канкрэтным выяўленнем сапраўднай эклезіяльнасці Эўхарыстыі; такое іх найглыбейшае значэнне. Літургія ніколі не з’яўляецца прыватнаю ўласнасцю некага: ані цэлебранта, ані супольнасці, у якой цэлебруецца таямніца. Апостал Павел быў вымушаны скіраваць неадкладныя словы да супольнасці ў Карынце з прычыны сур’ёзных адхіленняў у эўхарыстычнай цэлебрацыі, якую здзяйснялі падзеленыя (skísmata), утвараючы розныя фракцыі (airéseis) (пар. 1 Кар 11, 17–34). Таксама ў наш час паслухмянасць літургічным нормам павінна быць нанава адкрыта і ацэнена як адлюстраванне і сведчанне аднаго і паўсюднага Касцёла, прысутнага ў кожнай цэлебрацыі Эўхарыстыі. Святар, які правільна, паводле літургічных нормаў, адпраўляе святую Імшу, а таксама супольнасць, якая дастасоўваецца да іх, выказваюць далікатна, але красамоўна сваю любоў да Касцёла. Для ўмацавання гэтага глыбокага адчування каштоўнасці літургічных нормаў я папрасіў адпаведныя дыкастэрыі Рымскай Курыі падрыхтаваць больш дэталёвы дакумент, таксама з адносінамі заканадаўчага характару на гэту, такую важную тэму. Нікому нельга дазволіць недаацэньваць даверанай нам таямніцы: яна занадта вялікая, каб хтосьці мог дазволіць сабе ставіцца да яе паводле ўласнай ацэнкі, якая б не шанавала яе святога характару і яе паўсюднага вымярэння.

Працяг у нумары №5-6(96-97) 2003 >>>

Пераклад Крыстыны Лялько.

  1. Пар. AAS 91 (1999), 1155–1172.
  2. N. 22: AAS 92 (2000), 485.