3 ліпеня:
святога Тамаша, апостала.

Святы Тамаш, празваны Дыдым (блізня), да паклікання ў супольнасць апосталаў быў рыбаком у Галілеі. Калі Езус у дзень уваскрасення з’явіўся апосталам, Тамаша сярод іх не было. Тамаш спачатку не паверыў у змёртвыхпаўстанне, а таму яго часта называюць «няверуючы Тамаш». Падчас наступнага з’яўлення Уваскрослы Збаўца звярнуўся да Тамаша, каб той на ўласныя вочы пераканаўся, што перад ім — сам Езус, на што Тамаш усклікнуў: «Пан мой і Бог мой!» Пасля ўнебаўзяцця Хрыста апостал накіраваўся на місію ў Персію і Індыю, дзе, паводле падання, сустрэўся з трыма каралямі, ахрысціў іх і прызначыў біскупамі. Каля 72 г. прыняў мучаніцкую смерць у Індыі: быў забіты паганамі мячом або дзідаю. Лічыцца апекуном горада Рыгі, а таксама архітэктараў, будаўнікоў і геолагаў. Яго заступніцтва просяць, молячыся за шчаслівае сужэнства.

 
11 ліпеня:
святога Бэнэдыкта, абата, апекуна Еўропы.

Святы Бэнэдыкт — айцец манаства на хрысціянскім Захадзе — нарадзіўся каля 480 г. у Нурсіі (паўднёвая Італія) і паходзіў з багатай сям’і. Пакінуўшы вучобу ў Рыме, стаў жыць пустэльнікам. Праз пэўны час вакол яго сабралося шмат іншых манахаў, і каля 529 г. ён разам з паплечнікамі заснаваў на поўдні ад Рыма славуты кляштар Монтэ Касіно. Асноўным правілам манаскага жыцця ў ім былі словы «Ora et labora» («Маліся і працуй»), якія сталі дэвізам ордэна бэнэдыктынцаў. У Монтэ Касіно Бэнэдыкт напісаў статут — Ordo Sancti Benedicti, — які стаў асноваю для большасці манаскіх супольнасцяў Захаду. Заснаваны ім ордэн бэнэдыктынцаў на працягу стагоддзяў быў найбольш значным духоўным, культурным і навуковым асяродкам Еўропы. У 590 г. бэнэдыктынец упершыню стаў Папам. Гэта быў святы Грыгорый Вялікі — славуты касцёльны рэфарматар, які пакінуў найбольш звестак пра святога Бэнэдыкта (і пазней вельмі часта на Пасадзе святога Пятра знаходзіліся менавіта бэнэдыктынцы). Такім чынам сціплы манах-пустэльнік распачаў найбольшае ў гісторыі аднаўленне Касцёла і стаў «будаўніком хрысціянскага Захаду». Святы Бэнэдыкт памёр 21 сакавіка 547 г. і быў пахаваны на Монтэ Касіно каля магілы сваёй сястры-блізняці святой Схаластыкі. Святы з’яўляецца апекуном Еўропы і ўсяго Захаду, а таксама настаўнікаў і школьнікаў. У Касцёле вельмі папулярны медалік з яго выявай, што абараняе ад злых чараў і магіі.

 
22 ліпеня:
святой Марыі Магдалены.

З IV ст. Марыя Магдалена атаясамліваецца з Марыяй з Бэтаніі. Святы Марк у Евангеллі гаворыць, што Марыя Магдалена паходзіла з мястэчка Магдалы, размешчанага на беразе Генісарэцкага возера. Яна была аздароўленая Езусам ад апантанасці (гл. Мк 16, 9) і стала Яго спадарожніцай. Усе чатыры евангелісты сведчаць пра тое, што яна прысутнічала пры смерці Хрыста і падчас Яго пахавання. Са словаў святога Яна евангеліста мы ведаем, што нядзельнай раніцай яна накіравалася да магілы, якую знайшла пустою, а каля яе сустрэла ўваскрослага Збаўцу, стаўшы першым сведкам змёртвыхпаўстання. Хрыстус паслаў яе да апосталаў абвясціць ім гэтую радасную навіну. Пра яе далейшае жыццё захаваліся толькі легенды. Паводле некаторых з іх, Марыя Магдалена разам са сваёй сястрою Мартай і братам Лазарам прыплыла на караблі на Поўдзень Францыі, дзе абвяшчала Евангелле і жыла ў пакаянні. Святая лічыцца апякункай жанчын і цырульнікаў. Яе заступніцтва просяць ад болю вачэй.

 
23 ліпеня:
святой Брыгіты, законніцы, апякункі Еўропы.

Брыгіта нарадзілася ў 1303 г. непадалёк ад Упсалы (Швецыя). Ужо ў дзіцячым узросце ў бачаннях сузірала ўкрыжаванага Хрыста. У 13 гадоў яна выйшла замуж, і ў гэтым сужэнстве ў яе нарадзілася 8 дзяцей, сярод якіх святая Кацярына Шведская. Пасля пілігрымкі ў Сант’яга-дэ-Кампастэла муж Брыгіты ўступіў у кляштар, а пасля яго смерці і сама яна пажадала цалкам прысвяціць сябе Богу. Брыгіта мела багатае духоўнае жыццё і шмат містычных бачанняў. Атрымаўшы ў падарунак ад караля надзел зямлі, заснавала на ім кляштар для новага закону — брыгітак. У 1370 г., праз дваццаць гадоў пасля заснавання, закон быў зацверджаны Папам і існуе да сённяшняга часу. Брыгіта памерла ў Рыме 23 ліпеня 1373 г. адразу пасля пілігрымкі ў Святую зямлю. Яна з’яўляецца апякункай пілігрымак і добрай смерці.

 
24 ліпеня:
святога Шарбэля Маклуфа, святара.

Нарадзіўся ў Ліване 8 мая 1828 г. у сялянскай сям’і. Уступіўшы ў кляштар, стаў святаром і на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў вёў вельмі суровае аскетычнае жыццё пустэльніка. Браты вельмі паважалі яго як прыклад дасканалага манаха. Ужо пры жыцці Шарбэля Маклуфа лічылі святым. Ён памёр 24 снежня 1898 г. у кляштары, дзе пражыў усё жыццё. На месцы яго пахавання адбылося вельмі шмат цудаў, і туды пачалі прыходзіць шматлікія пілігрымы з усяго свету. Праз заступніцтва святога Шарбэля Маклуфа многія людзі атрымалі аздараўленне, аднак нельга цалкам давяраць таму, што пра яго пісалі ў апошні час некаторыя сродкі масавай інфармацыі, стварыўшы нездаровы ажыятаж вакол імя і выяваў святога.

 
25 ліпеня:
святога Якуба, апостала.

Якуб Большы, або Старэйшы, быў сынам рыбака Завядзея і Саламеі, братам святога Яна Багаслова. Разам са сваім братам Янам і святым Пятром ён быў адным з улюбёных вучняў Езуса. Якуб і яго брат за свой парывісты тэмперамент былі празваныя Езусам Баанергес — Сынамі грому. Якуб стаў сведкам уваскрашэння дачкі Яіра і перамянення Пана, а таксама быў з Хрыстом у Гэтсыманіі. Пасля ўваскрасення Збаўцы Якуб мужна абвяшчаў Евангелле, і ў 43 ці 44 г. па загадзе Ірада Агрыпы быў забіты ў Ерузалеме праз адсячэнне галавы. Такім чынам святы Якуб першым з апосталаў прыняў мучаніцкую смерць за Евангелле. Лічыцца, што ён абвяшчаў Добрую Навіну ў Іспаніі. Рэліквіі святога былі цудоўным чынам адшуканыя на Паўднёвым Захадзе Іспаніі: над полем, дзе спачывала яго цела, заззяла зорка. Пазней на гэтым месцы (лац. campus stellae – поле зоркі) быў заснаваны горад Сант’яга-дэ-Кампастэла, які ў Сярэднявеччы наведвала больш пілігрымаў, чым Рым і Ерузалем. Святы Якуб з’яўляецца апекуном Іспаніі і вайскоўцаў, а таксама яблыкаў і іншых пладоў. Яго заступніцтва просяць пры рэўматызме і ў малітвах аб добрым надвор’і.

 
26 ліпеня:
святых Яўхіма і Ганны, бацькоў Найсвяцейшай Панны Марыі.

Яўхім быў старым святаром. Ён жыў у Ерузалеме разам з жонкаю Ганнай, якая таксама паходзіла са святарскага роду з Бэтлеема. Доўгі час у іх не было дзяцей. Аднойчы Анёл абвясціў Яўхіму, што ў іх з’явіцца дзіця, а знакам доказу гэтага абяцання павінна была стаць яго выпадковая сустрэча з жонкаю каля Залатой Брамы — «Брамы Нябеснай». І сапраўды, праз пэўны час Ганна нарадзіла дзяўчынку, якую назвалі Марыяй. Калі Марыі было 3 гады, бацькі прывялі яе ў святыню, каб ахвяраваць Богу, і неўзабаве пасля гэтага васьмідзесяцігадовы Яўхім памёр. Святая Ганна памерла ў аўторак, і таму ёй прысвечаны гэты дзень. Па рашэнні ІІ Ватыканскага Сабору Касцёл узгадвае святых Яўхіма і Ганну разам. Яны з’яўляюцца апекунамі шчаслівых сужэнстваў і сужэнцаў; заступніцтва святой Ганны просяць для добрых родаў.

 
29 ліпеня:
святой Марты.

Марта была сястрою Марыі і Лазара з Бэтаніі. Езус часта бываў у іх доме. Аднойчы, калі Езус гасціў у іх, Марта як добрая гаспадыня вельмі клапацілася, каб прыгатаваць пачастунак, а яе сястра Марыя проста сядзела каля ног Збаўцы і ўважліва слухала Яго. Гэта раззлавала Марту, але Езус сказаў, што менавіта Марыя выбрала ў гэтым выпадку «найлепшую частку». У іншым эпізодзе з Евангелля паводле Яна, у якім апавядаецца пра ўваскрашэнне Лазара, Марта вызнае месіянства Хрыста. Паводле легенды, пасля ўваскрасення Езуса Марта разам з братам і сястрою накіравалася ў Францыю, дзе абвяшчала Евангелле і жыла ў пакаянні. Яна памерла ў хуткім часе пасля сястры і была пахаваная ў Тарасконе на Поўдні Францыі. Святая з’яўляецца апякункай хатніх гаспадыняў і работніц.

 
31 ліпеня:
святога Ігнацыя Лаёлы, святара.

Ігнацый (Ініго дэ Рэкальдэ дэ Лаёла) нарадзіўся ў 1491 г. у радавым замку Лаёлаў у іспанскай краіне Баскаў і быў самым малодшым з трынаццаці братоў і сясцёр. У маладосці ён быў афіцэрам у войску аднаго з іспанскіх магнатаў і вёў разгульнае жыццё. У 1521 г. падчас аблогі Памплоны французскімі войскамі Ігнацый быў цяжка паранены. Падчас доўгага лячэння яму ў рукі трапіла кніга Людольфа Саксонскага «Жыццё Хрыста», якая глыбока ўразіла Ігнацыя і дапамагла зразумець усю нікчэмнасць яго існавання. Пасля выздараўлення ён пэўны час жыў у пакаянні як пустэльнік і тады напісаў свае славутыя «Духоўныя практыкаванні». У гэты ж час у яго з’яўляецца містычны вопыт. Ён ажыццяўляе паломніцтва ў Святую Зямлю, а пасля гэтага распачынае вучобу. У 1534 г. на Манмартры ў Парыжы Ігнацый разам са сваімі аднадумцамі, сярод якіх былі св. Францішак Ксавэрый і св. Пётр Фабэр, складае вечныя шлюбы, а праз тры гады ў Італіі прымае святарскае пасвячэнне. Разам з паплечнікамі ён накіроўваецца ў Рым, каб аддаць сябе ў поўнае распараджэннне Святому Айцу. У 1540 г. Папа Павел ІІІ зацвердзіў апрацаваную Ігнацыем канстытуцыю законнай супольнасці, і з гэтага моманту пачало існаваць Таварыства Езуса — ордэн езуітаў. Ігнацый Лаёла памёр у Рыме 31 ліпеня 1556 г. пасля пятнаццаці гадоў плённага кіравання Таварыствам, якое з цягам часу набыло надзвычай вялікае значэнне для ўсяго Касцёла, заняўшы вядучыя пазіцыі ў навуцы, выхаванні і місіянерскай дзейнасці. Святы — апякун духоўных кіраўнікоў, удзельнікаў духоўных практыкаванняў (рэкалекцый) і вайскоўцаў; ён абараняе ад нападаў д’ябла і згрызотаў сумлення.

 
4 жніўня:
святога Яна Марыі Віянэя, святара.

Нарадзіўся 8 мая 1786 г. у сям’і бедных французскіх сялянаў. Яго маладосць праходзіла ў гады французскай рэвалюцыі, калі Касцёл у Францыі пакутаваў ад жорсткага пераследу, але Ян патаемна наведваў заняткі па рэлігіі і прыняў першую святую Камунію. Спачатку яго жаданне стаць святаром не магло здзейсніцца з-за малых поспехаў у вучобе. З вялікімі цяжкасцямі Яну Віянэю ўдалося атрымаць святарскае пасвячэнне, і ён быў прызначаны пробашчам у Арс непадалёк ад Ліёна. Сваім адданым служэннем ён пераадолеў рэлігійную абыякавасць мясцовых жыхароў і стварыў квітнеючую парафіяльную супольнасць. Ян Марыя засноўваў школы, таварыствы, дзіцячыя дамы і цалкам прысвячаў сябе душпастырскай працы. Ён мала спаў, амаль нічога не еў, увесь дзень праводзіў у касцёле і спавядаў да позняй ночы. У Арс прыязджала ўсё больш людзей, якія хацелі атрымаць ад яго тую ці іншую параду. Ян Віянэй памёр 4 жніўня 1859 г. Яго цела спачывае ў базыліцы, пабудаванай над старым касцёлам у Арсе. Святы з’яўляецца апекуном пробашчаў.

 
8 жніўня:
святога Дамініка, святара.

Дамінік (Дамінго Гусман) нарадзіўся ў Іспаніі каля 1170 г. Атрымаўшы святарскае пасвячэнне, ён разам са сваім сябрам біскупам Дыего дэ Асэвэдо падарожнічаў па Еўропе. На Поўдні Францыі яго ўразілі сумныя наступствы распаўсюджаных у той час ерасяў альбігойцаў і вальдэнсаў. Дамінік вырашае прысвяціць сябе місіянерскай дзейнасці і сведчыць аб сапраўдным Касцёле Хрыстовым. За некалькі гадоў плённай працы Дамініку ўдаецца навярнуць шмат падманутых ератыкамі людзей, і вакол яго збіраецца кола аднадумцаў. У 1215 г. яны стварылі жабрачы закон вандроўных прапаведнікаў — дамініканцаў, які ўжо праз год быў зацверджаны Папам. Асноўнымі прынцыпамі дзейнасці закона сталі ўбоства і навука, скіраваная на абарону чысціні веры Касцёла. Дамінік стварыў таксама жаночую супольнасць закону (дамініканкі) у Пруйлі (Францыя). Дамінік памёр 6 жніўня 1221 г. у Балоньі і быў там пахаваны. Святы з’яўляецца апекуном краўцоў. Яго заступніцтва просяць ад граду і гарачкі.

 
9 жніўня:
святой Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа (Эдыты Штайн), панны і мучаніцы, апякункі Еўропы.

Эдыта Штайн нарадзілася 12 кастрычніка 1891 г. у жыдоўскай сям’і ў Вроцлаве. Яе бацька памёр, калі Эдыце было толькі два гады. Маці выхоўвала дзевяцерых дзяцей у жыдоўскай традыцыі, але ў 14 гадоў Эдыта лічыла сябе атэісткай. Атрымаўшы атэстат сталасці, яна паступіла ва універсітэт і пачала вывучаць філасофію. Пасля абароны дысертацыі Эдыта працавала ў Фрыбургу асістэнткай вядомага фенаменолага Эдмунда Гусерля. Аднойчы яна была моцна ўражана незвычайным даверам да Бога адной жанчыны, муж якой загінуў на вайне, і тады ў Эдыты абудзілася цікавасць да хрысціянства. Зрабіць канчатковы выбар на карысць Хрыста ёй дапамог жыццяпіс св. Тэрэзы Авільскай, прачытаўшы які, Эдыта Штайн ва ўзросце 31 года вырашыла прыняць хрост, хоць гэта і выклікала асуджэнне з боку родных. У 1934 г. яна ўступіла ў ордэн кармелітак у Кёльне, нягледзячы на пачуццё віны перад маці, якая намагалася стрымаць яе ад гэтага кроку. Эдыта прыняла ў ордэне імя Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа. Пасля смерці маці па прыкладзе Эдыты яе сястра Ружа таксама ахрысцілася і ўступіла ў кляштар. Калі нацысты пачалі барацьбу за «расавую чысціню», Эдыта з сястрою перабраліся ў кармеліцкі кляштар у Галандыю, каб не ствараць праблемаў для сясцёр у Кёльне, але і там неўзабаве пачалася «чыстка». Сясцёр Штайн арышта- валі і адправілі ў Асвенцім, дзе яны і загінулі ў газавай камеры 9 жніўня 1942 г. Кармелітка, філосаф і мучаніца Эдыта Штайн была ў 1998 г. кананізаваная Папам Янам Паўлам ІІ, які абвясціў яе апякункаю Еўропы.

 
10 жніўня:
святога Лаўрэнція, дыякана і мучаніка.

Паводле падання, Лаўрэнцій паходзіў з Іспаніі. Ён быў дыяканам і служыў пры св. Папе Сіксце ІІ, з якім яго звязвалі блізкія сяброўскія адносіны. 6 жніўня 258 г. падчас пераследу цэзара Валяр’яна Папу і чацвярых яго дыяканаў, у тым ліку і Лаўрэнція, арыштавалі падчас набажэнства ў рымскіх катакомбах Калікста. Папу ў той жа дзень адсеклі галаву (успамін св. Сікста ІІ, папы і мучаніка, адзначаецца 7 жніўня), а праз чатыры дні мучаніцкую смерць прыняў таксама і Лаўрэнцій: ён быў зажыва засмажаны. Перад смерцю цэзар патрабаваў у яго выдаць багацці хрысціянаў, на што святы, паказваючы на жабракоў, сказаў: «Вось сапраўднае багацце Касцёла!» Цела святога Лаўрэнція спачывае ў базыліцы, што носіць яго імя і з’яўляецца адным з найважнейшых касцёлаў Рыма, а галава святога — адна з найкаштоўнейшых рэліквій хрысціянства — захоўваецца ў Ватыкане. Святога Лаўрэнція заўсёды ўшаноўвалі і на Захадзе, і на Усходзе, а ў Рыме ён займае трэцяе месца пасля святых апосталаў Пятра і Паўла ў іерархіі культу. Святы лічыцца апекуном пажарных, яго заступніцтва просяць пры хваробах скуры, а таксама ад пажараў і мукаў чысца.

 
14 жніўня:
святога Максімільяна Марыі Кольбэ, святара і мучаніка.

Нарадзіўся 8 студзеня 1894 г. у Польшчы і на хросце атрымаў імя Раймунд. У 1907 г. разам з братам Францішкам распачаў вучобу ў ніжэйшай францішканскай семінарыі ў Львове. Працягваў вучобу ў Рыме, дзе атрымаў доктарскую ступень. У 1918 г. прыняў святарскае пасвячэнне і праз год вярнуўся ў Польшчу. З 1920 да 1925 г. айцец Максімільян жыў і працаваў у Гродне. З 1922 г. пачаў выдаваць у Кракаве часопіс «Rycerz Niepokalanej» («Рыцар Беззаганнай»). Па яго ініцыятыве пад Варшавай быў пабудаваны кляштар, які атрымаў назву Непакалянава ў гонар Беззаганнай Панны. У 1930 г. разам з чатырма братамі айцец Максімільян накіраваўся на Далёкі Усход і заснаваў у Нагасакі місіянерскі асяродак. Праз 6 гадоў вярнуўся ў Польшчу і стаў гвардыянам Непакалянава. Ён хацеў, каб такія ж «Непакалянавы» з’явіліся ў кожнай краіне, але гэтую задуму не ўдалося ажыццявіць, бо пачалася ІІ сусветная вайна. У 1941 г. айцец Максімільян быў арыштаваны і вывезены ў Асвенцім. Там ён дабравольна ахвяраваў сваё жыццё за асуджанага на смерць чалавека, які меў сям’ю. Апынуўшыся ў бункеры смерці, ён правёў там разам з іншымі асуджанымі два тыдні без ежы і піцця. 14 верасня 1941 г. яго, дашчэнту знясіленага, дабілі, увёўшы смяротную ін’екцыю. Святы Максімільян, жыццё якога было звязана таксама і з нашаю краінаю, з’яўляецца дадатковым апекуном Гродзенскай дыяцэзіі.

 
16 жніўня:
святога Роха.

У перакладзе з французскай мовы імя Рох азначае скала. Паводле падання, Рох паходзіў з Манпелье, што на Поўдні Францыі. Ён нарадзіўся каля 1295 г. Пасля смерці бацькоў раздаў усю сваю маёмасць і без усялякіх матэрыяльных сродкаў вандраваў па свеце. Ён меў цудоўны дар аздараўляць хворых на чуму, робячы над імі знак крыжа.Такім чынам ён выратаваў шмат жыхароў Рыма падчас эпідэміі, што лютавала там у 1317 г. Вяртаючыся адтуль, Рох сам захварэў на чуму. У П’ячэнцы ён, пакінуты ўсімі, ужо не спадзяваўся падняцца і чакаў смерці. Аднак тады Роху з’явіўся Анёл, які яго падбадзёрыў, а нейкі сабака штодня прыносіў яму хлеб, пакуль Рох цалкам не ачуняў. Вандраванні і хвароба моцна змянілі знешнасць Роха, і таму, калі ён вярнуўся ў родны Манпелье, там яго не пазналі і, прыняўшы за варожага шпега, пасадзілі ў вязніцу. Правёўшы там пяць гадоў, поўных пакутаў, Рох памёр у вязніцы ў 1327 г. Толькі пасля смерці жыхары пазналі ў памерлым свайго славутага земляка. Рэліквіі святога знаходзяцца ў Венецыі, дзе ў яго гонар быў пабудаваны касцёл і апекуном якой ён з’яўляецца. Хоць святы Рох не быў афіцыйна кананізаваны, яго культ распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе. Святы з’яўляецца апекуном хворых, лекараў і шпіталяў, а таксама вандроўнікаў; абараняе ад заразы і пошасцяў. Святы Рох лічыцца таксама апекуном Мінска, бо дзякуючы яго заступніцтву ў горадзе спынілася эпідэмія халеры. Тытул святога Роха мае касцёл Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы і яшчэ некалькі касцёлаў і капліц у нашай краіне.

 
24 жніўня:
святога Барталамея, апостала.

Барталамей (што па-габрэйску азначае сын Таламея ці сын аратая), хутчэй за ўсё, меў імя Натанаэль. Ён нарадзіўся на пачатку І ст. у Кане Галілейскай, а да Хрыста яго прывёў апостал Філіп. Пасля ўваскрасення Збаўцы Барталамей абвяшчаў Евангелле ў Арменіі, Месапатаміі і Індыі, аздараўляючы хворых і апантаных. Апостал быў забіты ў сярэдзіне І ст.: з яго жыўцом садралі скуру. Святы Барталамей з’яўляецца апекуном шахцёраў і мяснікоў, а таксама яго заступніцтва просяць пры нервовых і скурных хваробах.

 
28 жніўня:
святога Аўгустына, біскупа і доктара Касцёла.

Аўгустын нарадзіўся 13 лістапада 354 г. у Тагасце ў Нумідыі (сучасны Алжыр). Яго бацька быў паганінам, а маці, святая Моніка, хрысціянкай, якая выхоўвала траіх сваіх дзяцей у веры. Аднак падчас вучобы ў Карфагене Аўгустын адышоў ад Хрыста: ён паддаўся ўплыву маніхейскай секты і жыў у пазашлюбным саюзе з жанчынаю, ад якой у яго нарадзіўся сын Адэадат. Маці Моніка вельмі перажывала за Аўгустына, нястомна спадарожнічала яму паўсюль, куды б ён ні пераязджаў, сваімі словамі і малітвамі ўвесь час спрабуючы навярнуць сына. Нарэшце, апынуўшыся ў Медыялане (сучасны Мілан), Аўгустын пачуў казанне св. біскупа Амброзія, што паспрыяла яго канчатковаму навяртанню. На пасху 387 г. Аўгустын прыняў з рук св. Амброзія сакрамэнт хросту ў прысутнасці сваёй маці Монікі, якая неўзабаве пасля гэтага памерла. Вярнуўшыся ў Афрыку, Аўгустын разам з групай аднадумцаў распачынае законнае жыццё, прымае святарскае пасвячэнне, а яшчэ праз нейкі час становіцца біскупам горада Гіпона ў Паўночнай Афрыцы і спаўняе гэтае служэнне 34 гады. Яго працы па тэалогіі і філасофіі вызначылі кірунак хрысціянскай навукі на многія стагоддзі. Яго найважнейшымі працамі з’яўляюцца: «Confessiones» («Вызнанні») і «De civitate Dei» («Пра Божую дзяржаву»). Аўгустын памёр 28 студзеня 430 г. падчас аблогі Гіпона вандаламі. Святы лічыцца адным з найбольшых заходніх Айцоў Касцёла; складзеным ім манаскім статутам да гэтага часу карыстаюцца многія законныя супольнасці. Святы з’яўляецца апекуном тэолагаў, друкароў і півавараў. Успамін яго маці, святой Монікі, адзначаецца напярэдадні.