Пачатак глядзі ў нумары №3(118) 2005 >>>

Частка, якая не адымецца

Свята св. Марыі Магдалены 22 чэрвеня 1993 г.

Дарагі Тамаш, учора я адпраўляў святую Імшу за місіянерак Міласэрнасці. Гэта нагадала мне маю першую сустрэчу з маці Тэрэзай Калькуцкай. Яна прыехала ў Манілу, каб заснаваць тут супольнасць сясцёр Міласэрнасці і папрасіла мяне адслужыць Імшу ў гэтай інтэнцыі. Пасля Імшы я меў гонар размаўляць з ёю асабіста. Менавіта тады яна расказала мне гісторыю яе супольнасці. Сястра Агнэса, маленькая смуглявая манахіня з Індыі, была першай яе паслядоўніцай. На самым пачатку з маці Тэрэзай было толькі некалькі сясцёр, а людзей, якім патрабавалася дапамога, было вельмі шмат – ад старых і хворых, паміраючых на вуліцы, да кінутых немаўлятаў і дзяцей, аб якіх ніхто не клапаціўся. І маці Тэрэза хацела дапамагчы ім усім. Але як гэта зрабіць, калі сясцёр так мала? Маці і сёстры маліліся, каб знайсці адказ на гэта пытанне. Адказ вельмі ўразіў іх. Акрамя рэгулярных малітваў, Бог хацеў ад іх нечага асаблівага. Нават нягледзячы на тое, што, як здавалася, не хапала часу ў сутках, Бог жадаў нечага большага. Ён хацеў, каб супольнасць сясцёр кожны дзень збіралася разам на святую гадзіну малітвы каля Яго Сына ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Маці Тэрэза сведчыла, што гэтая штодзённая святая гадзіна зрабіла неверагоднае. Дзякуючы ёй супольнасць павялічылася больш чым да трох тысяч. Праз сваіх сясцёр – паслядоўніц яе справы – маці Тэрэза прысутнічае цяпер ва ўсіх кутках зямлі. Дзякуючы таму, што пажадала знайсці час для таго, каб з’яднацца з «Вінаграднай Лазою», яна змагла ахапіць увесь свет сваёю дапамогаю.

На Апошняй Вячэры Езус сказаў, што той, хто яднаецца з Ім у святой Эўхарыстыі, прынясе шмат пладоў (пар. Ян 15, 5).

Апостальскія плады маці Тэрэзы і яе сясцёр працягваюць здзіўляць увесь свет. Яе гісторыя натхніла мяне зрабіць тое, што зрабіла яна. Я чытаў пра апасталат Бесперапыннай Адарацыі і пра тое, як айцец Марцін Лючыя садзейнічаў яе паспяховаму распаўсюджванню па ўсіх Злучаных Штатах і іншых краінах. У сваю чаргу я захацеў распаўсюдзіць гэта пакланенне на Філіпінах. Вось чаму я заснаваў манаскую супольнасць Эўхарыстычных Вучаніц святога Пія Х. Удзень і ўночы сёстры бесперапынна прыходзяць да Найсвяцейшага Сакрамэнту на ўшанаванне яго з любоўю. Цяпер на Філіпінах ужо 500 такіх каплічак. Вучаніцы моляцца за дасягненне нашай мэты – 1000 каплічак бесперапыннай Адарацыі ў парафіях.

Гэтыя два прыклады – маці Тэрэзы і Эўхарыстычных Вучаніц – адлюстроўваюць сказанае Езусам у сённяшнім Евангеллі: «Марта! Марта! Ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно; Марыя ж выбрала найлепшую частку, якая не адымецца ў яе» (Лк 10, 41–42).

Твой брат у Яго
Эўхарыстычнай любові
монсіньёр Джазэфіно Рамірэс.

Падрыхтавала Г. Калевіч