– Ніколі не забуду пачутых ужо даўнавата ўспамінаў аднаго ліванскага святара пра сваю маці. Ён нам расказваў пра матчыну малітву за яго. Памаліўшыся, маці кожны раз клала ў мяшэчак пшанічнае зярнятка. Так было ад самага нараджэння сына. Калі ён вырас і стаў святаром, тых зярнятак сабралася цэлае рэшата. Тады маці іх змалола і на ўрачыстасць яго прыміцыйнай Імшы спякла бохан хлеба. Гэта быў яе падарунак сыну. Найлепшы і самы дарагі, які яна магла яму даць. Праз гады памятаецца гэта прыгожая гісторыя і ўдзячныя слёзы пажылога ўжо святара, які з намі ёю дзяліўся...

Перажываючы разам з табою, Ірына, урачыстасць святарскага пасвячэння твайго сына, я думала пра тое, што ў кожнай маці святара ёсць свая гісторыя малітвы і ахвяры, ёсць сваё «рэшата зярнятак»...

– Што ж ты, сяброўка, не падказала мне раней пра вопыт той мудрай жанчыны? Хто ведае, можа, і я здолела б назбіраць хоць бы на невялікі бохан хлеба ды падараваць яго сыну на прыміцыі. Ну, але «хлеб» маіх малітваў, напэўна ж, прыняты Небам.

Мабыць, кожная маці, нават няверуючая, моліцца за сваіх дзяцей. Калі падступяцца хваробы ці яшчэ якія непамыслоты, то мала якая маці стрывае, каб не звярнуцца за падтрымкай да Неба. У выпадку ж паклікання малітва мае асаблівае значэнне. На ўсё жыццё запамятала я словы ксяндза Францішка Кісяля, якія ён сказаў мне ў тыя дні, калі мой сын пайшоў у духоўную семінарыю. Ён сказаў тады:«Матчына малітва мае вялікую моц». Усё так проста і адначасна так мудра. Вельмі часта прыгадваю гэту ягоную параду і вельмі ўдзячная за яе, бо яна нібы вызначыла для мяне заданне на ўсё жыццё. Разумею, што малітва, вядома ж, патрэбна, калі малады чалавек вучыцца ў семінарыі, але не менш яна патрэбна і потым – усё ягонае святарскае жыццё. Так што, хто ведае, можа я яшчэ і спяку свой малітоўны хлеб для сына, калі толькі Бог дазволіць яшчэ пажыць на гэтай зямлі.

— У гэтыя дні мне згадваецца твая першая кніга «Ліст да сына», выдадзеная ў 1986 годзе, з прысвячэннем сыну Аляксандру, тады яшчэ шасцігадоваму хлапчуку. Апавяданне, якое дало назву кнізе, гэта прыгожы патрыятычны запавет, матчын наказ любові да Радзімы. А як у той час ваяўнічага атэізму ўдавалася выхоўваць у Сашы любоў да Бога?

– Думаю, што веруючаму чалавеку нашмат лягчэй быць і патрыётам сваёй Бацькаўшчыны, і проста сумленным, добрым чалавекам. Увогуле мне здаецца, што я знарок і не выхоўвала чагосьці ў сваіх сынах. Проста я, відаць, дзялілася з імі тым, што мне самой было вельмі дорага: і хрысціянскай верай, і любоўю да роднай зямлі, нашай мовы, культуры. А ці лёгка мне гэта давалася? Лёгка. Бо любоў не бывае цяжарам. А яшчэ маім сынам пашчасціла, што ў дзяцінстве ў іх былі веруючыя бабуля з дзядулем – мае бацькі. Адны толькі маёвыя ды чэрвеньскія набажэнствы ў нашай хаце, на якія збіралася ўся вёска, неслі столькі дабра, паэзіі, прыгажосці! Я і цяпер, калі малюся Літанію да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, часта нібы вяртаюся ў нашу хату, да бацькоў, да ўсіх нас пры самаробным алтары на стале...

Так што вера для Аляксандра брала свой пачатак адтуль, з глыбіні нашага роду. Як у Купалы:«Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына...». Вельмі гэта важна, калі чалавек мае такую спадчыну, сатканую з малітваў маці і бацькі, бабуль і дзядуль, прадзедаў ды ўсіх продкаў. Яна дапамагае жыць.

А Аляксандру, як ты ведаеш, я прысвяціла не толькі «Ліст да сына», але ўжо абодвум маім дарослым сынам – Аляксандру і Вітаўту – прысвечана і вельмі дарагая для мяне, можна сказаць, знакавая кніга «Гадара». Палова апавяданняў гэтага зборніка – мой роздум над старонкамі Евангелля. Яго ж, Евангелле, можна і трэба чытаць у кантэксце нашых дзён, шукаючы адказы на самыя складаныя пытанні, якія ставіць перад намі жыццё. Евангелле – надзвычай сучасная кніга! Вельмі хачу, каб яна была сучаснаю і для маіх сыноў, а ў выпадку Аляксандра – і для тых вернікаў, якім ён будзе абвяшчаць Добрую Навіну Хрыста.

— У размове з новапрэзбітэрамі ніколі не абыходзіцца без пытання пра пакліканне. У размове з табою, Ірына, як з маці новапрэзбітэра, таксама не хацелася б абмінаць гэтага пытання. Скажы, калі ты даведалася пра тое, што Саша хоча быць святаром, і якая была твая першая рэакцыя на гэту навіну?

– На летніх канікулах, пасля дзевятага класа. Я тады, памятаю, адно пажартавала, што мастаком ён ужо пабыў, ну, то няхай цяпер пабудзе ксяндзом. Аляксандр скончыў мастацкую школу і марыў пра мастацкую прафесійную адукацыю, а потым вось так нечакана заявіў мне пра духоўную семінарыю. Праўда, вельмі хутка я зразумела, што гэта не жарт, і пачала маліцца, каб Пан Бог дапамог яму добра распазнаць ягонае пакліканне. Два гады гэта было нашай таямніцай – маёй, Сашавай і Вітакавай. Мужу я тае таямніцы не выдала, чакала, пакуль сын сам скажа пра сваё рашэнне бацьку. І ён сказаў. Пасля выпускнога вечара. А муж адно пасмяяўся з нас, бо сам даўно здагадаўся таксама.

— Сакрамэнт святарства Аляксандр прымаў у росіцкім касцёле імя Найсвяцейшай Тройцы. І касцёл, і Росіца назаўсёды запісаліся ў гісторыі Беларусі трагічнымі падзеямі, якія там адбыліся ў лютым 1943 года. Пра гэтыя падзеі ты напісала раман «Будзь воля Твая» – шчымлівую, балючую кнігу, якая на пачатку гэтага года выйшла ў выдавецтве «Pro Christo». Твой сын, Ірына, як і яго сябры, новапрэзбітэры Аляксандр Шамрыцкі і Андрэй Сідаровіч, на знак крывавай ахвяры сваіх папярэднікаў, ксяндзоў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, апранулі на ўрачыстасць святарскага пасвячэння чырвоныя шаты... Цяжка нават задаваць табе такое пытанне, але ўсё ж: што адчувала тваё матчына сэрца ў той дзень?

– Так, гэта Росіца... Якога ж іншага колеру апранаць там шаты ў такі дзень, як не колеру крыві, полымя, ахвяры?.. Табе прыгадаліся падзеі 1943 года? У цябе ўзніклі страшныя асацыяцыі? У мяне іх не было, я была проста шчаслівая і ўдзячная і сыну, і ягоным сябрам ды братам па законе Аляксандру Шамрыцкаму і Андрэю Сідаровічу, што яны выбралі для прыняцця сакрамэнту святарства менавіта Росіцу. Маглі выбраць больш прыгожае, можа, больш зручнае месца. Але яны выбралі гэтае. Відавочна, што блаславёныя мучанікі з Росіцы Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра шмат значаць для іх. Дзякуй Богу. Бо якое іншае месца можа прамовіць да сэрца святара, можа вучыць яго святарскай годнасці і высакародству, ахвярнасці і вялікай любові да тых, каго ты вядзеш да Бога, як не Росіца?! Дзе шукаць больш яскравы прыклад прыгожага святарства, як не тут, на месцы мучаніцтва адважных у сваёй службе Богу і людзям святароў? Хрысціянства – вера мужных. І гэтай мужнасці трэба нам усім вучыцца ды маліцца хоць бы і праз заступніцтва блаславёных мучанікаў з Росіцы:«...Удзялі нам праз іх заступніцтва ласку мужнасці, каб нашая штодзённая служба бліжнім сталася ўдзелам у жыцці Касцёла...». Вельмі люблю гэтую малітву і часта малюся яе ў тым ліку і ў інтэнцыі гэтых трох нядаўна пасвечаных марыянскіх святароў – двух Аляксандраў і Андрэя. Так ужо сталася, што гэтыя два сябры майго сына зрабіліся і мне дарагімі і роднымі. Так яно, мабыць, і павінна быць, бо яны ж – браты майго сына па ордэну.

— Я ведаю пра твае штогадовыя пілігрымкі з сынамі Аляксандрам і Вітаўтам у Будслаў, да Маці Божай. Раскажы, калі ласка, як усё пачалося і колькі такіх сумесных падарожжаў вы здзейснілі?

– У самую першую пілігрымку з Полацка ў Будслаў з нашай сям’і пайшоў адзін Саша. Здаецца, гэта было пасля восьмага класа. Я не адважылася, а Вітак быў яшчэ малы. Але мне ўсе тыя дні так балелі ногі, што я зразумела: мне таксама трэба было ісці. І на наступны год мы з Вітакам выправіліся таксама. Так з таго часу і практыкуем іх кожнае лета, здаецца, ужо дванаццаты год. Аляксандр кажа, што менавіта ў пілігрымцы да Маці Божай Будслаўскай пачуў у сваёй душы пакліканне на Божую службу. Ён нядаўна жартаваў:«Хто баіцца паклікання, няхай не ходзіць у пілігрымкі».

— Мы размаўляем з табою напярэдадні сёлетняй пілігрымкі. Ці можна даведацца, з якой інтэнцыяй ты ідзеш да Маці Божай?

– Іду з малітваю падзякі Пану Богу і Маці Божай за дар паклікання для майго сына. З малітваю просьбы: памагчы мне быць годнай гэтага Божага выбару, а таксама, каб годнай яго была і ўся мая сям’я. З малітваю праслаўлення Божай велічы, усёмагутнасці і бясконцай міласэрнасці. З малітваю любові да роднай зямлі і просьбай да Пана Бога – быць міласэрным да яе будучыні.

— Якім ты, як маці, хацела б бачыць свайго сына-святара, што хацела б яму пажадаць?

– А што лепшага можна пажадаць яму, як не выканання праз усё жыццё, праз усё сваё святарскае служэнне, з дня на дзень запаве- дзяў любові:«Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім. Любі бліжняга твайго, як самога сябе»? Усім нам не стае ў жыцці любові. Мы мерзнем без яе, чарсцвеем, чэзнем. Паўсюль у штодзённым жыцці мы спатыкаемся на пагарду, непрыязнасць, нядобразычлівасць, насцярожанасць, а то і грэблівасць. Мы стамляемся ад усяго гэтага. Нам так хочацца цеплыні і разумення! І хто, калі не святар – пасрэднік паміж небам і зямлёй, – можа гэта нам даць? Няхай жа ніколі не стамляюцца ягоныя сэрца, рукі і розум раздаваць людзям Божую ласку!

— Дзякуй табе, Ірына, за шчырую гутарку. І няхай жа Пан Бог пачуе ўсе твае малітвы.

Глядзі таксама: СВЯТАРСКІЯ ПАСВЯЧЭННІ Ў РОСІЦЫ

Размаўляла Крыстына Лялько