Першы міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскага кіно і тэлепраграм «Magnificat» адбыўся 24–26 чэрвеня ў г. Глыбокае на Віцебшчыне. Ініцыятарамі і арганізатарамі фестывалю выступілі Каталіцкая асацыяцыя для камунікацый «Signis-Беларусь», курыя Віцебскай дыяцэзіі, культурна-рэлігійны часопіс «Дыялог», незалежная студыя «Стоп-кадр» пры падтрымцы Глыбоцкага райвыканкама. Ва ўрачыстым адкрыцці, якое прайшло ў в. Удзела каля помніка св. Максімільяну Кольбэ, прынялі ўдзел нунцый Апостальскай Сталіцы ў Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Уладзіслаў Блін, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка, прадстаўнікі мясцовай улады.

... Зроблены традыцыйны дубль № 1 — і фестываль распачаўся. Больш за 20 неігравых кінастужак і тэлепраграм прагледзелі яго ўдзельнікі і госці. Сярод прапанаваных працаў былі фільмы і тэлепраграмы з Беларусі і Польшчы, Украіны і Францыі, Мексікі і Расіі. Падвёўшы вынікі фестывалю, журы вызначыла сем спецыяльных дыпломаў, тры ганаровыя дыпломы, чатыры спецыяльныя прызы: ад асацыяцыі «Signis-Беларусь», ад ордэна айцоў францішканаў, ад міжнароднага фестывалю «Niepokalanуw», а таксама прыз сімпатыі гледачоў Глыбоцкага райвыканкама.

Журы вырашыла не даваць гран-пры фестывалю. Былі вызначаны тры галоўныя прызы за лепшыя фільмы: фільм «Божа мой» (вытворчасць «Беларусьфільм»), аўтар сцэнарыя і рэжысёр Галіна Адамовіч; фільм «Прымакі» (студыя «5-ы элемент»), аўтар сцэнарыя і рэжысёр Уладзімір Бокун; фільм «Даруй мне, Сяргей» (каталіцкая тэлестудыя «Кана», Новасібірск), аўтар сцэнарыя і рэжысёр а. Даміан Вайцэхоўскі.

Галоўныя прызы пераможцам уручыў Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк. Фестываль закончыўся ў глыбоцкім касцёле ўрачыстаю святою Імшою, якую канцэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кардынал Казімір Свёнтэк разам з ардынарыем Віцебскай дыяцэзіі біскупам Уладзіславам Блінам і шматлікімі святарамі, якія былі ўдзельнікамі і гасцямі фестывалю.

Глядзі таксама: КАЗАННЕ НА ЎРАЧЫСТАЕ ЗАКРЫЦЦЁ ФЕСТЫВАЛЮ

К. Лялько
Фота Карнэля Консака SVD