Эмінэнцыя, шаноўны ксёндз кардынал, Эксцэленцыя, шаноўны ксёндз біскуп, паважаныя браты ў святарстве і манахіні, дарагія ўдзельнікі Першага міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскага кіно і тэлепраграм, паважаныя прадстаўнікі ўлады, дарагія браты і сёстры!

Мы хочам схіліцца сёння над алтаром Божага Слова, якое паўстае перад намі незвычайна радыкальным і адважным. Яго унікальнасць у тым, што скіравана яно да нас асабіста і непасрэдна. Езус кажа нам толькі тое, што ў гэты момант мы павінны пачуць, без недагаворак і кампрамісаў, падману і маніпуляцый. Мы можам быць упэўненыя, бо кожны з нас пераканаўся неаднойчы, што непахісным атрыбутам Хрыстовага Слова з’яўляецца праўда. Менавіта яна стала асновай усяго навучання Хрыста і Яго педагогікі.

Мы ведаем Хрыста як разумеючага, міласэрнага, адэкватнага і прабачаючага. Мы сустракаем Яго такім, напрыклад, падчас ратавання чужаложнай жанчыны ад укаменавання, Яго словы «Ідзі, твае грахі адпушчаны» спадарожнічаюць усёй Яго місіі. Ён адносіцца з разуменнем да найбольш закаранелых грэшнікаў, аднак ёсць адна група людзей, да якой Хрыстус кіруе свой гнеў, сваю вострую рэакцыю. Спакойны, разумеючы, міласэрны Хрыстус абсалютна змяняецца падчас сустрэчы з гэтымі людзьмі.

Фарысеі – гэта тыя, у бок каго Хрыстус кіруе свае найбольш вострыя словы і эмоцыі. Схіляючыся над Святым Пісаннем, несумненна, кожны з нас задаецца пытаннем: чаму? Чаму адна з найбольш шанаваных, папулярных у ізраільскім грамадстве групаў стала аб’ектам вострай рэакцыі Езуса? Яны ж вельмі дакладна выконвалі свае рэлігійныя абавязкі, захоўвалі традыцыі продкаў. Пасты, малітвы, святыня – гэта тое, што было моцна ўпісана ў іх паўсядзённае жыццё. Чаму менавіта ў іх бок Езус скіраваў свае найбольш моцныя словы?

Найвялікшай пасткай, у якую трапілі фарысеі, іх жыццёвай праблемай стала перакананне ў эксклюзіўнасці сваіх правоў на праўду. Яны не пытаюцца ў выгнаўшага гандляроў са святыні Хрыста, чаму Ён зрабіў «дрэнна». «Якім правам Ты гэта робіш?» – вось пытанне фарысеяў. З захавальнікаў праўды, якія яе шукаюць, яны ператварыліся ў тых, каму яна нібыта выключна належыць. Больш за тое, яны сталі стваральнікамі ўласнай праўды. Прапаведуючы яе сярод іншых, яны разумелі гэтую праўду як абсалютную норму паступкаў. І менавіта гэта іх самае значнае жыццёвае паражэнне, што непасрэдна працівіцца чалавечаму пакліканню шукання праўды, а не стварэння яе.

Сучасны Касцёл сярод сваіх найбольшых клопатаў – тэалагічнай, маральнай і ўвогуле рэлігійнай прыроды – на значнае месца ставіць мас-медыя. Адной з першых праблемаў, якую закрануў ІІ Ватыканскі Сабор, было пытанне сродкаў масавай камунікацыі. Адказам на праблему стаў дакумент «Inter mirifica» («Дзіўныя рэчы»), а ўвянчаннем вялікага пантыфікату Яна Паўла ІІ стала апостальскае пасланне да працаўнікоў мас-медыя «Хуткае развіццё». «Вялікім заданнем веруючых і ўсіх людзей добрай волі нашага часу стала пытанне падтрымання праўдзівай і свабоднай камунікацыі», – піша ў ім Папа.

Адна з самых вялікіх небяспекаў, якая пагражае сённяшняму свету мас-медыя, гэта фарысейскі сіндром, сіндром эксклюзіўнасці правоў на праўду. Гэта не таямніца, што сродкі масавай камунікацыі маюць велізарны патэнцыял, здольны глыбока змяніць рэчаіснасць. «СМІ ўплываюць на сумленне людзей, фармуюць іх менталітэт і вызначаюць іх погляды на рэчы» («Хуткае развіццё», Ян Павел ІІ). У руках рэжысёраў, журналістаў, аўтараў, сцэнарыстаў, аператараў знаходзіцца магутная зброя, якая мае вялікую моц. Я ўпэўнены, што кожны, хто сустрэўся з мас-медыя, непасрэдна гэта адчуў. Такія моцныя магчымасці могуць спакушаць, і спакушаць вельмі сур’ёзна да таго, каб быць не шукальнікамі ісціны, а яе творцамі. А гэта вялікая пастка, у якую трапілі многія, і з якой неверагодна цяжка выйсці.

Хрыстус заклікае нас да вялікай адказнасці за тых, да каго Ён нас пасылае. Кожны, хто працуе ў мас-медыя, рэлігійных ці свецкіх, – пасланы. Пасланы, каб несці праўду, прыгажосць і любоў. Ён адказны за кожнага свайго гледача, слухача ці чытача, бо сённяшні чалавек хоча, жадае, прагне верыць сродкам масавай камунікацыі, але часта яго чакае расчараванне.

...Аднойчы журналіст размаўляў са сваёй знаёмай. Размова ладзілася і ішла на розныя тэмы, і між іншым – на тэмы сельскай гаспадаркі. «У гэтым годзе будзе вялікі ўраджай бульбы», – сказаў дзелавіта журналіст. Але знаёмая, якая жыла на вёсцы, са здзіўленнем запярэчыла: «Не, што ты, сёлета бульба не ўрадзіла». Рассталіся кожны са сваім перакананнем. Журналіст вярнуўся дадому і пад натхненнем ад размовы напісаў артыкул для сваёй газеты пра вялікі ўраджай бульбы. Праз некалькі дзён ён зноў сустрэўся з даўняй знаёмай і тая з вялікім энтузіязмам сказала яму: «Слухай, ты меў рацыю: сапраўды ў гэтым годзе будзе шмат бульбы, я пераканалася». «О-о, чаму гэта ты так хутка змяніла сваю думку?» – спытаўся журналіст. «Ну, проста я прачытала пра гэта ў сённяшняй газеце». Гэта гісторыя дакладна ілюструе псіхалогію сучаснага чалавека, які верыць мас-медыя, але вельмі часта спазнае расчараванне.

Міжнароды каталіцкі фестываль хрысціянскага кіно і тэлепраграм – гэта знакавая падзея ў жыцці Касцёла і ўсёй краіны. Гэта месца, дзе збіраюцца людзі, якія не ствараюць, а шукаюць праўду, жадаючы вызваліцца ад сіндрому фарысеяў. У гэтым апостальская роля фестывалю, і гэта пакліканне кожнага з нас не толькі на гэтыя святочныя тры дні, але і на нашу штодзённасць, на тыя дні, калі мы вернемся да звыклай працы і возьмем у рукі асадкі, мікрафоны, камеры. І ў гэтым я бачу адну з асноўных роляў нашага фестывалю.

Мы сёння просім Хрыста аб тым, каб Ён даў нам уменне і жаданне імкнуцца да праўды. Каб мы былі энтузіястамі праўды, вельмі часта непапулярнай і пагарджанай. Гэта заданне і пакліканне сучасных хрысціянскіх мас-медыя, гэта пакліканне нашага фестывалю. Амэн.

Глядзі таксама: ФЕСТЫВАЛЬ У ГЛЫБОКІМ

Ксёндз Аляксандр Амяльчэня