4 чэрвеня ў Віцебску прайшла 1-я медыцынская канферэнцыя «Праблемы ўрачэбнай этыкі ў сучасным свеце». Ініцыятарам яе правядзення выступіла Віцебская дыяцэзія, у якасці спонсара – вядомая фірма па вытворчасці медпрэпаратаў «Берлін–Хэмі». У канферэнцыі, якая праводзілася на базе мясцовага медуніверсітэта, дарэчы, аднаго з самых прэстыжных у краіне, узялі ўдзел як медыкі (галоўным чынам з ліку практыкуючых вернікаў), так і прадстаўнікі Касцёла. Як адзначыў ва ўступным слове Генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз пралат Францішак Кісель, гэта – першая спроба супрацоўніцтва Касцёла і медыцыны ў справе мацавання фізічнага і духоўнага здароўя чалавека.

З прывітаннем ад кардынала Казіміра Свёнтка і ад сябе асабіста звярнуўся да ўдзельнікаў і гасцей канферэнцыі сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі біскуп Антоні Дзям’янка. Яго Эксцэленцыя ахарактарызаваў ініцыятыву ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслава Бліна па правядзенні такога навуковага сімпозіума як важны крок у супольнай працы прафесійнай медыцыны і Касцёла на карысць людзей. Пасля малітвы распачалося чытанне вынесеных на парадак дня дакладаў.

Чалавека і меру яго пакутаў у хваробе трэба вымяраць мераю сэрца – такім быў лейтматыў даклада на тэму «Клятва Гіпакрата ў пачатку ХХІ стагоддзя» прафесара універсітэта імя кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве, душпастыра медыкаў Седльцкай дыяцэзіі ксяндза доктара Славаміра Клемянтовіча. Дакладчык згадаў словы вечнай памяці Папы Яна Паўла ІІ пра цесную сувязь душы і цела і неабходнасць цэласнага ўспрымання чалавека, што ў сваю чаргу павінна дапамагчы лекару больш грунтоўна і правільна лекаваць як першае, так і другое. Аўтар даклада закрануў таксама шэраг пытанняў, што паўстаюць перад урачом у сувязі з паступленнем у арсенал медыцыны новых прэпаратаў і тэхналогій дыягностыкі, асобна акрэсліў праблемы, звязаныя з такою далікатнаю тэмаю, як аборты. Наогул жа, на думку дакладчыка, галоўнае з патрабаванняў, якім павінен адпавядаць сённяшні ўрач, – патрабаванне кіравацца ў працы найвышэйшымі духоўнымі каштоўнасцямі і сумленнем. У заключэнне навуковец з Польшчы пажадаў усім урачам «сэрца, прасякнутага любоўю да людзей». У справе лячэння людзей, зазначыў ён, мы можам прадаваць свае веды, сэрца ж можам толькі падарыць.

Затым з прэзентацыяй дакумента Папскай рады па пастырскай апецы ў адносінах да працаўнікоў аховы здароўя «Статут работнікаў аховы здароўя» выступіў афіцыял біскупскага суда Віцебскай дыяцэзіі ксёндз доктар Томаш Чарноцкі. Вынясенне на парадак дня канферэнцыі азнаямлення з гэтым дакументам 20-гадовай даўнасці звязана з яго недастатковай вядомасцю ў медыцынскім свеце, у той час як менавіта ён дэманструе стаўленне Каталіцкага Касцёла да некаторых вежных аспектаў сучаснай медыцыны, такіх, як генетычныя аперацыі, рэгуляцыя плоднасці, кантрацэпцыя, штучнае апладненне і інш. Узяўшы за аснову пункт 43 Статута, у якім падкрэсліваецца сакральны характар чалавечага жыцця, выступоўца даходліва і абгрунтавана развіў тэзу аб яго непарушнасці, засяродзіў увагу прысутных на пытаннях медыцынскай этыкі.

Змястоўна прагучаў даклад пробашча катэдральнага касцёла святой Барбары ў Віцебску а. Міхала Ермашкевіча «Выпрабаванне сумленнем для ўрача-практыка». А. Міхал звярнуўся ў сваім дакладзе да Божых запаведзяў і на прыкладзе чатырох з іх паказаў, як сучасны ўрач можа служыць Богу і чалавеку праз сумленнае, бездакорнае іх выкананне. З цікавымі развагамі пра месца медыцынскіх ведаў у сучасным свеце выступілі прадстаўнікі Праваслаўнага медыцынскага брацтва, кандыдаты медыцынскіх навук Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта Канстанцін Шабашоў («Вызначальныя фактары здароўя і поспеху лячэння») і Аляксандр Бізункоў («Медыцына ХХІ стагоддзя: духоўнасць або матэрыялізм»). На думку абодвух, у працы медыка вера ў Бога павінна спалучацца з пастаянным пошукам аптымальных метадаў лячэння і з’яўляцца не толькі канкрэтным актам, а і крыніцаю новых падыходаў да аздараўлення чалавека. У век бяспечнай хірургіі і небяспечнай тэрапіі, лічаць навукоўцы, урачу-практыку важна кіравацца прыярытэтамі найвышэйшага парадку, узор якіх дае навука Хрыста. Гэткай жа думкі прытрымліваецца і ўрач-анестэзіёлаг Віцебскай абласной клінічнай бальніцы Сяргей Сіпайла. Яго даклад на тэму «Месца ўрача ў сучасным свеце» выклікаў цікавасць найперш развагамі пра прычыны адсутнасці раўнавагі паміж матэрыяльным і маральным бакамі жыцця сучаснага чалавека і стаўся своеасаблівай ілюстрацыяй да тых пошукаў, якія вядуць медыкі.

Пра некаторыя неардынарныя выпадкі ацалення хворых на аснове абязбольвання прэпаратамі фірмы-спонсара канферэнцыі распавяла ўрач-рэўматолаг абласной клінічнай бальніцы Людміла Ярмолава. Сваё выстпленне яна пабудавала на выпадках з урачэбнай практыкі і, як і папярэднія дакладчыкі, звярнула ўвагу прысутных на неабходнасць кіравацца ў штодзённай працы з цяжкахворымі цярплівасцю і міласэрнасцю.

Апошнім выступіў на канферэнцыі прадстаўнік фірмы «Берлін–Хэмі» Сяргей Сундзееў. Яго паведамленне было прысвечана новым прэпаратам фірмы для аблягчэння пакутаў цяжкахворых людзей.

Наогул, канферэнцыя мела вельмі выразную практычную скіраванасць. І ў прапанаваных яе ўдзельнікам дакладах, і ў выступленнях падчас іх абмеркавання пастаянна акцэнтавалася ўвага на праблемах, вырашэнне якіх у вялікай ступені залежыць ад супольнай працы Касцёла, Царквы і медыцынскіх работнікаў, іх узаемадзеяння. Найперш гэта праблемы змяншэння колькасці абортаў, пошуку аптымальных метадаў абязбольвання безнадзейна хворых, маральнай падтрымкі людзей, якія трапілі з-за хваробы ў цяжкую жыццёвую сітуацыю. А яшчэ форум прадэманстраваў шырокія магчымасці для працы медыкаў і прадстаўнікоў абедзвюх хрысціянскіх канфесій у справе паляпшэння фізічнага і маральнага здароўя грамадства. Першаю ластаўкай да змянення сітуацыі да лепшага назваў яго ў заключным слове да ўдзельнікаў і гасцей канферэнцыі біскуп Антоні Дзям’янка, і з меркаваннем яго Эксцэленцыі цяжка не пагадзіцца.

Франц Сіўко.
Фота Ядвігі Сіпайлы