Свае першыя цюльпаны ксёндз Часлаў Курэчка выгадаваў, калі вучыўся ў тэхнікуме ў Даўгаўпілсе. Радасны, прывёз ён тады дахаты некалькі цыбулінак, малюючы ў марах, як упрыгожаць гэтыя дзівосныя кветкі іхні гародчык. Ягоную радасць азмрочыў бацька, насварыўшыся на сына за тое, што ён неразумна растрачвае грошы. Але неўзабаве была і ўзнагарода за хлопцавы непамыслоты: цюльпаны добра прыжыліся і ў тую вясну ярка, прыгожа зацвілі ў матчыным кветніку. І былі яны своеасаблівым помнікам па маці, якой ужо даўно няма на гэтым свеце...

Мама

Яна, змучаная хваробаю, рана адышла з іхняе хаты, пакінуўшы мужа і двух сыноў – Чэсіка і Стасіка. Старэйшаму Чэсіку было тады ўсяго 6 гадкоў. На ўсё жыццё запамятаў ён той дзень, калі схварэлую маці прывезлі з бальніцы. Яны, няўрымслівыя ейныя сыны, кінуліся да мамы з радаснай навіной: у іхнюю хату правялі электрычнасць! Маці квола ўсміхнулася, пагладзіла гарэзаў па галовах і сказала цалкам для іх незразумелае:«Добра, сынкі... Толькі мне гэта ўжо не патрэбна». Неўзабаве яны зразумеюць страшны сэнс слоў «не патрэбна»: маці памерла. Гэта была першая вялікая рана на сэрцы шасцігадовага Чэсіка. Потым іх будзе яшчэ нямала – большых і меншых, – але тая, першая, будзе крывавіць ды нагадваць пра сябе ўсё жыццё. Потым у іхняй хаце з’явіцца яшчэ адна жанчына – добрая, мудрая, спагадная, якая заменіць Чэсіку і Стасіку маці. Яна давядзе іх да першай споведзі, а потым і да сакрамэнту бежмавання. Яна, сама глыбока веруючая, будзе рупліва дбаць пра рэлігійнае выхаванне сваіх усыноўленых дзяцей ды час ад часу паўтараць:«Так хачу, каб хоць адзін з маіх сыноў стаў святаром...».

 
Сакрамэнт святарства

Мара тае добрае жанчыны збылася: Часлаў прыняў сакрамэнт святарства ў польскім Ліхэні. Пасля вучобы ў рыжскай духоўнай семінарыі ён уступіў у ордэн айцоў марыянаў і шчасліва знайшоў сваё месца ў гэтай супольнасці. Даўно не было на свеце той, якая дала яму жыццё, адышла ў вечнасць і тая, што малілася за ягонае святарства, не было ўжо на свеце і бацькі. Радасць таго дня раздзяліў з ім брат Станіслаў, які прыехаў у Ліхэнь з роднай Браслаўшчыны. Моцна абняліся браты пасля ўрачыстасці, і абодва дарослыя мужчыны не змаглі стрымаць слёз...

 
Бог заўсёды побач

Бог быў і застаецца заўсёды побач з чалавекам і ў радасці, і ў горы. У гэтым проста перакананы айцец марыянін Часлаў Курэчка. Так ужо шчасліва сталася ў ягоным жыцці, што яму не давялося шукаць Бога, – Ён сам прыйшоў да яго і застаўся назаўсёды: у далёкім дзяцінстве разам з добрымі матчынымі рукамі, скупымі, але мудрымі бацькавымі словамі, разам з радасцямі і выпрабаваннямі першых святарскіх крокаў, застаецца з ім і цяпер, калі айцец Часлаў служыць пробашчам і аршанскім дзеканам у касцёле святога Юзафа ў Оршы.

Служыць Богу і... па-ранейшаму любіць цюльпаны. Ксёндз Міхал Цвячкоўскі, які таксама пэўны час служыў у Оршы, неяк жартаваў: «Калі ў нас зацвітаюць цюльпаны, тады ўжо было б жорстка ўгаворваць айца Часлава кудысьці ад’ехацца з Оршы – цюльпаны проста не могуць квітнець без яго».

У кветніку пры аршанскім касцёле (зрэшты, не такім ужо й вялікім) месціцца больш за 20 гатункаў цюльпанаў. А побач з імі яркім квяцістым дываном раскашуюць незабудкі, званочкі, флоксы, ружы, астры... Адразу пасля таго, як растае апошні веснавы снег, і да позняй восені тут цвітуць кветкі. Ад першых веснавых пралесак ды крокусаў – да трывушчых у сваёй адважнай квецені насуперак першым замаразкам маразянак.

 
Сляды Пана Бога

– Кветкі – гэта сляды Пана Бога, – кажа айцец Часлаў. – Вакол нас вельмі шмат Божых слядоў – у найменшай непрыкметнай травінцы, першай веснавой зеляніне, у восеньскіх яркіх фарбах, спеве птушкі, у тумане, што плыве над Дняпром, пад самымі вокнамі касцёла.

Ксёндз Часлаў захаваў у сабе шчаслівае ўменне заўважаць такія сляды, здзіўляцца ды захапляцца імі. І таму з першымі промнямі сонца яго можна ўбачыць у кветніку, у парку, на Дняпры. Толькі не спадзявайцеся ўбачыць айца Часлава ў такія хвіліны з важкім томам брэвіярыя альбо яшчэ з якой кнігай.

– На прыродзе трэба ўглядацца ды ўслухоўвацца ў яе, а не ў тое, што напісана ў разумных кнігах, – паўжартам, паўсур’ёзна кажа айцец Часлаў. – А то выйдзе каторы рады ў гады на луг альбо ў парк – уткнецца носам у кнігу, а яшчэ «лепш», магнітафон уключыць. Цывілізацыя, бач, такая. Чаго тады ішоў туды: ці дома месца не было? Не, на прыродзе трэба чытаць прыроду.

 
Розныя бываюць чытачы

Чытачы, як у бібліятэцы, так і на прыродзе, бываюць сапраўды розныя. Адны ў той жа бібліятэцы баяцца лішні раз дыхнуць на каштоўную кнігу, а іншыя пры зручным моманце проста скрадуць яе, каб потым зручна прадаць. Так і з красою кветак пры аршанскім касцёле. Час ад часу знаходзяцца такія «таварышы», што пад покрывам начы залазяць у той кветнік ды зрываюць дарагія сэрцу айца Часлава цюльпаны альбо іншыя кветкі – выбар жа тут вялікі. На базары, як вядома, можна прадаць усё, нават уласнае сумленне, калі толькі яно не прададзена яшчэ раней. А часта так яно, відаць, і ёсць, бо сумленне зусім не замінае тым самым «таварышам» з сінімі тварамі заявіцца праз некалькі дзён зноў да касцёла ды папрасіць у таго ж айца Часлава кавалак хлеба.

 
Праца і з балота робіць золата

Гэтай народнай мудрасцю ксёндз Часлаў кіруецца ў сваім жыцці ўсюды, дзе яму толькі даводзіцца служыць Богу: ці то ў Падсвіллі, што на Глыбоччыне, ці то ў Лужках Шаркаўшчынскага раёна, ці то цяпер у Оршы.

Сам ён не баіцца ніякай працы, і таму яго можна часта ўбачыць з рыдлёўкай альбо граблямі ў руках. І падсвільскія, і лужэцкія католікі гэта добра ведаюць. А цяпер вось і аршанскія парафіяне адчулі, як умее айцец Часлаў арганізаваць працу па аднаўленні іхняга касцёла. «Адкуль што бярэцца?» – падзівіцца, мабыць, не адзін з іх. І мала хто ведае, што ксёндз Часлаў захапляецца не толькі жывой прыродай, але і створаным па Божым натхненні плёнам працы рук чалавечых. Асабліва ён любіць сакральную архітэктуру, пра што сведчаць шматлікія здымкі ў ягоным фотаальбоме, а таксама і тая ж рэстаўрацыя аршанскага касцёла святога Юзафа. А можа, гэта апякун Касцёла, працавіты святы Юзаф так натхняе айца Часлава на працу? Мажліва й так...

 
Чаму бусел жабаў збірае?

Айцец Часлаў любіць распавядаць гэтае народнае паданне пра чалавека, што не паслухаўся Бога і ператварыўся з гэтае прычыны ў бусла, якому наканавана ўсё жыццё блукаць па балоце ды збіраць жабаў. Паданне – паданнем, але айцец Часлаў вельмі любіць гэтых прыгожых птушак, якія ўжо даўно сталі сімвалам Беларусі. Не адну буслянку зрабіў ён для іх, і неяк у размове, загінаючы пальцы, айцец Часлаў прыгадваў, што ў Браславе каля братавай хаты ды ў Лужках, ды яшчэ дзесьці там буслы пасяліліся ў змайстраваных ім буслянках, а дзесьці чамусьці так і не прызналі прапанавага ім жытла. Я не агаварылася: айцец Часлаў сапраўды часам майструе для ўлюбёных птушак гнёзды. Як во і на гэтым слупе на здымку: для гэтай буслянкі давялося і рэйкі збіваць, і слівоўнік ды бульбоўнік звіваць, а потым яшчэ і трактарыста прасіць, каб дапамог падняць слуп з птушынай «кватэрай» з зямлі ды ўстанавіць яго для жаданых гасцей. Рэшту дарабілі ўжо самі буслы.

Што за гэтым усім тоіцца? Дзівацтва? Прыхамаць ад няма чаго рабіць? Няблага ведаючы майстравога буслянак, пераканана сцверджу: за ўсім гэтым стаіць вялікая любоў да ўсяго жывога, прыгожага, высакароднага – Божага.

 
Што табе здалося?

Прагледзела ўсё мною напісанае пра айца Часлава і раптам жыва ўявіла, як прачытае ён мае словы пра яго і прытворна так падзівіцца: «Але ж і назбірала во ўсяго-ўсялякага! Дайце рады! Што табе здалося? Людзі, думаеш, і праўда павераць, што я гэткі, як ты тут пра мяне панапісвала?». Скажа гэта ўсё без ценю ўсмешкі, а ў вачах – вясёлыя іскрынкі.

Адна з найбольш характэрных рысаў гэтага чалавека – выключнае пачуццё гумару. Пра такіх у народзе кажуць:«Каб не пасмяўся, дык бы памёр». Айцец Часлаў здольны жартаваць у самых нечаканых сітуацыях і тым самым ратаваць тыя сітуацыі, якія, калі толькі іх прымаць усур’ёз, былі б занадта цяжкія, а то й трагічныя, а камусьці здаліся б і безвыходнымі. Сваім дасціпным жартам айцец Часлаў, здаецца, здольны разрадзіць самую змрочную абстаноўку. Усім прысутным тады неспадзявана зробіцца лягчэй ды весялей. І ўжо змрок – не змрок, калі на яго зірнуць з іроніяй і да сябе, і да іншых.

Гэта таксама талент. І ўжо што-што, а ў зямлю то яго айцец Часлаў не закопвае – ніхто яго ў гэтым не папракне.

 
Уменне раздзяліць радасць

Расказвалі мне, як на нядаўніх святарскіх пасвячэннях айцец Часлаў так расчуліўся, што на ягоных вачах заблішчэлі слёзы. Даволі нязвыклая карціна для тых, хто з большага ведае айца Часлава. А як для мяне, то й зразумелая. Бо чалавек, якому цяжкавата ад’ехацца ад кветніка, калі ў ім зацвілі ўлюбёныя кветкі, якому рупіць выйсці з дома з першымі промнямі сонца, каб пачуць, убачыць штосьці такое, чаго не пачуеш і не заўважыш удзень, калі завіхурыцца штодзённасць, чалавек, чыя душа настроена на тонкі, такі далікатны тон прыроды, які ва ўсім гэтым заўсёды ўмее распазнаць руку Пана Бога, гэты самы чалавек здольны і моцна, бескарысліва любіць іншага, умее за яго шчыра парадавацца.

Кажуць, сябар правяраецца ў бядзе. Са свайго жыццёвага досведу ведаю, што не менш ён правяраецца і ў перажыванай табой радасці. Бо як жа часта людская пыха, зайздрасць, самаўпэўненасць і любаванне сваім непаўторным «я» перашкаджаюць людзям не з вымушанай ветлівай усмешкай, а па-сапраўднаму, шчыра раздзяліць радасць, удачу, шчасце іншага!.. Айцец Часлаў умее гэта рабіць. Яму не трэба прыкідвацца, змушаць сябе – ён проста такі чалавек. І таму многім, а ў тым ліку і мне асабіста, утульней і радасней робіцца на душы пры сустрэчы з ім – чалавекам, які ўмее любіць хараство ў дадзеным Богам свеце.

Ірына Жарнасек