Абраз Маці Божай Кангрэгацкай у алтары гродзенскай катэдральнай малой базылікі імя святога Францішка Ксаверыя мае вельмі шмат вотаў, якія сведчаць аб цудоўным уздзеянні Марыі на жыццё вернікаў. У канцы мінулага года малітва да Кангрэгацкай Мадонны вылечыла гродзенскага хлопчыка, які чакаў складанай аперацыі. А колькі дзяўчат і хлопцаў атрымалі ад Яе дапамогу падчас здачы экзаменаў!

Да гэтага часу цудоўны абраз не мае кароны. Але ўжо, дзякаваць Богу, вызначана дата каранацыі абраза Маці Божай Кангрэгацкай: 28 жніўня 2005 г. а 11-й гадзіне. Кожную суботу ў 18.00 адбываецца малітоўная просьба аб высокім плёне каранацыі.

Другі год у Кангрэгацкай капліцы перад абразом штодзённа адаруецца Найсвяцейшы Сакрамэнт. Перад Панам Езусам, утоеным у Гостыі, трывае пастаяннае глыбокае малітоўнае чуванне. Духавенства і вернікі супольна ідуць да асвячальнай урачыстасці. Суполка, якая моліцца Ружанец перад святою Імшою на беларускай мове, моліцца менавіта перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам – такая была воля пробашча нашай катэдры кс. Яна Кучынскага.

У пастаяннай Ружанцовай малітве ўдзельнічае шмат вернікаў, але ёсць група жанчын, якія вядуць яе з 90-х гадоў. З імі я і вырашыла паразмаўляць пра плён іх глыбокай малітвы.

Галіна Янушка:

– У ружанцовую суполку мяне запрасіла святой памяці Ніна Радзіловіч. Я ніколі не спазняюся на святы Ружанец, як, зрэшты, на працу, на прадпрыемства «Азот», за ўсе 32 гады я не спазнілася ніколі, а заўсёды прыходзіла на паўгадзіны раней. Я не маю ўласнай сям’і. Бацькі мае пахаваны ў Камянцы. Тата быў католікам, мама – праваслаўнаю. У мяне ёсць сёстры. Але ў Гродне я адна. Апякуюся суседскай дзяўчынкай.

Люблю маліцца па-беларуску. Дома кожны дзень адмаўляю таямніцы ружанца, адпаведныя дням тыдня, і таямнічку ў Жывы Ружанец, у Ружу. Я малюся Ружанец ранкам, днём – Вяночак да Божай Міласэрнасці. Малюся таксама ўвечары – малітвы з кніжкі «Ойча наш» я ведаю на памяць. Кожны дзень тры разы я малюся за памерлых. Ружанец перад святой Імшой мяне саграе, пазбаўляе розных пабочных думак, якія перашкаджалі б на святой Імшы.

Калі я прыйшла ў касцёл, каб быць у ім, каб прытуліцца да Бога, я спачатку малілася і плакала. Гэта былі добрыя ачышчальныя слёзы, яны дапамаглі мне абмыць і адкрыць перад Богам маё сэрца.

Жэня:

– У нас тата быў католікам, а мама – праваслаўнаю. У сям’і было пяцёра дзяцей. Татава маці, наша бабуля, вадзіла нас пешкі ў Новы Двор у касцёл за 7 кіламетраў. Мы працавалі ў Гродне на ніткавым камбінаце болей за 30 гадоў, таму пайшлі на пенсію раней. Мая сястра Рэгіна, якая ўваходзіць таксама ў нашу ружанцовую супольнасць, жыве недалёка ад францішканскага касцёла, але молімся мы ў катэдры, нам лепей маліцца па-беларуску. Рэгіна кажа, што ў касцёл яе нясе нейкая добрая сіла, яна дае адчуванне вялікага шчасця. Думаю, што святы Ружанец ахоўвае нас ад усяго нядобрага й злога. Молячыся на ружанцы, мы чытаем інтэнцыі Ніны Радзіловіч, якія яна нам аддала перад сваёй смерцю, і далучаем да яе запісаў новыя, свае, – гэта ўжо традыцыя нашай супольнасці.

Ларыса Карповіч:

– Я прыходжу ў касцёл стомленая, хворая. Выходжу шчаслівая, вылятаю на крылах. Я нарадзілася 1 студзеня, Маці Божая апякуецца мною. У самыя цяжкія хвіліны жыцця я адчуваю Яе побач. Дваццаць гадоў таму я перажыла вялікае гора – разбіўся на машыне мой муж Анатоль. Я засталася жыць, каб маліцца. У мяне два сыны, старэйшы мае сям’ю, малодшы пры мне. Маё шчасце – трое ўнукаў. Я цярплівая.

Мяне нельга вывесці з раўнавагі, я ўмею маўчаць. Малюся і плачу. Ружанец я люблю асабліва. Нават у касцёле, калі я малюся на ружанцы з усімі, я ледзь стрымліваю слёзы.

Маю бабулю з Варшавы выдалі замуж за беларускага хлопца. Дзед прывёз яе ў Беразіно Мінскай вобласці. Сам паехаў у Амерыку і не вярнуўся. Нас было сямёра. Бабця вучыла нас маліцца, размаўляць і чытаць па-польску. Але не навучыла. Ксяндза ў Беразіно саветы расстралялі да вайны (кс. Вітальд Тамашэўскі, 1880–1936). Нам з Польшчы па пошце прыслалі аплаткі, малітоўнікі...

Цяпер я малюся з вамі па-беларуску, чытаю часопіс «Аve Maria», а калі прачытаю, пасылаю яго сястры ў Мінск, дзе ён выходзіць. Яна яго там набыць чамусьці не можа...

Марыя Лагойская:

– Я жыву ў мікрараёне Вішнявец, дзе будуецца новы касцёл. У нашым касцёле ёсць прыгожая фігура святога айца Піо, якую прывёз з Рыма першы пробашч Станіслаў Росік, яе падаравала нашаму касцёлу адна італьянская сям’я. Кожны дзень я малюся «Вяночак св. айца Піо» і «Вяночак да Божай Міласэрнасці». І люблю Літанію хрысціянскай маці з польскага малітоўніка «Pokуj wam», дзе ёсць усе просьбы, якія мне трэба складаць да Бога. У Вялікі пост я малюся кожны дзень усе чатыры часткі святога Ружанца. Але мае дочкі Наташа і Аляксандра моляцца больш глыбока, гэта яны прывялі мяне ў касцёл. Яны падобныя да сваёй прабабкі, маёй бабулі Браніславы. Мая бабуля Браніслава, дачка Вінцэнта, мела 20 гадоў, калі выйшла замуж за дзеда Канстанціна Іванавіча Лабецкага. Ён быў старэйшы. Ён пачаў будаваць чыгунку ў Кітаі рабочым, а дайшоў да Харбіна начальнікам станцыі. 7 гадоў яны жылі ў Кітаі, і там застаўся бабулін брат Альфонс. Яны ж вярнуліся дадому ў Верхнядзвінск. Дзядуля памёр у 1929 годзе, а ў 1939 годзе сям’ю раскулачылі і вывезлі на поўнач пад Архангельск, кінулі ў тайзе бабулю з шасцю дзецьмі і паралізаванай дзедавай сястрой.

Былі ў іх сякеры, каб секчы дровы, і швейная машынка «Зінгер», якую бабуля атрымала ў спадчыну ад сваёй мамы, якая памерла, калі бабулі было 14 гадоў. Яна на той машынцы шыла людзям. Уся сям’я працавала, малілася. Навокал людзі паміралі ад голаду, а сям’я маёй бабулі выжыла. Дзеці выраслі, раз’ехаліся па Расіі. А мама вярнулася ў Беларусь, паступіла ў педвучэльню ў Ганцавічах, выйшла замуж за Аркадзя Клімкова, франтавіка родам з Коханава, недалёка ад Оршы. У дзеда Ціхана і бабулі Марыі было пяцёра сыноў. Мая бабуля Канстанцыя прыехала да мамы. З Коханава яна ездзіла ў касцёл у Краснае за 200 кіламетраў, калі ёй было 80 гадоў. І нас вазіла – мяне і маіх сясцёр Леанарду і Альбіну. Я выйшла замуж за хлопца з нашага Коханава. Мой муж – вайсковец. Мы шмат вандравалі па свеце. У Гродна жывём з 1984 года...

Святы Ружанец – гэта наша сямейная малітва, яна яднае нашу сям’ю і прыводзіць усіх нас у касцёл.

Запісала Д. Бічэль,
Гродна