Эўхарыстычныя кангрэсы — асабліва масавыя сходы вернікаў — праводзяцца з ХІХ стагоддзя на міжнародным, нацыянальным і рэгіянальным узроўні з мэтай умацавання асабістай еднасці вернікаў з Хрыстом праз больш глыбокае пранікненне ў таямніцу Эўхарыстыі шляхам дакладаў, семінараў і дыскусій, а таксама адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. У гэтым годзе, абвешчаным Слугою Божым Янам Паўлам ІІ Годам Эўхарыстыі, згодна з рашэннем Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, у нашай краіне ўпершыню праходзіць Эўхарыстычны кангрэс. Беларускі епіскапат вырашыў правесці гэты кангрэс для таго, каб вернікі маглі лепш асэнсаваць значэнне Эўхарыстыі ў жыцці хрысціяніна. Дэвізам гэтага Эўхарыстычнага кангрэса былі выбраныя словы «Застанься з намі, Пане», бо менавіта такую назву мае Апостальскі ліст Папы Яна Паўла ІІ на Год Эўхарыстыі.

Эўхарыстычны кангрэс у нашай краіне распачаўся з самай маладой беларускай дыяцэзіі — Віцебскай. Там 7 мая ў вёсцы Удзела, якую называюць беларускім Непакалянавам, адбыўся першы этап кангрэса — першая стацыя. У ёй бралі ўдзел біскуп Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслаў Блін, біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка, які таксама з’яўляецца сакратаром Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Менавіта ён узначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы, падчас якой больш за 700 маленькіх хрысціянаў з усёй Віцебскай дыяцэзіі ўпершыню ў сваім жыцці прынялі Цела Хрыста — першую святую Камунію. У Імшы ўдзельнічала амаль 100 святароў, якія працуюць у Віцебскай дыяцэзіі, шмат запрошаных гасцей з іншых дыяцэзій і надзвычай вялікая колькасць вернікаў. Наступныя этапы Эўхарыстычнага кангрэса ў Віцебскай дыяцэзіі прайшлі 14 мая ў Слабодцы (стацыя была спалучана са святарскім пасвячэннем), 23 мая ў Паставах (навуковы сімпозіум, прысвечаны тэме Эўхарыстыі), а 28 мая адбылася ўрачыстая дыяцэзіяльная працэсія Божага Цела па вуліцах Віцебска.

У Пінскай дыяцэзіі Эўхарыстычны кангрэс распачаўся 9 мая ў санктуарыі Маці Божай у Лагішыне. З самага ранку ў святыні праходзіла адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. На працягу дня ў Лагішын прыбывалі пілігрымы, якіх сустракалі і шчыра віталі дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец і кусташ санктуарыя айцец Міраслаў Жлабіньскі FDP. Пілігрымы, сярод якіх было шмат моладзі, а таксама выкладчыкі і семінарысты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску, разам адаравалі Найсвяцейшы Сакрамэнт. Апоўначы абраз Маці Божай Лагішынскай — Каралевы Палесся — быў адслонены і адбылася святая Імша для пілігрымаў. Наступны дзень 10 мая распачаўся адарацыяй, якую разам з духоўным айцом праводзілі сёстры манаскіх супольнасцяў, якія працуюць у Пінскай дыяцэзіі, а пазней распачалася ўрачыстая святая Імша, цэлебраваў якую Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк з біскупамі Каталіцкага Касцёла на Беларусі — Гродзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам, Віцебскім біскупам Уладзіславам Блінам, біскупамі Антоніем Дзям’янкам і Казімірам Велікасельцам. Кардынал Казімір Свёнтэк, завяршаючы ўрачыстую святую Імшу, звярнуўся да вернікаў з пастырскім словам. Ён заклікаў усіх прысутных да адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту да частага ўдзелу ў святой Імшы і прыняцця Эўхарыстыі, якая дае нам сілу і моц у штодзённым жыцці. Акрамя Лагішына, стацыі Эўхарыстычнага кангрэса ў Пінскай дыяцэзіі прайшлі таксама ў Брэсце, Баранавічах і Гомелі.

У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі першая стацыя Эўхарыстычнага кангрэса прайшла 9 мая ў Магілёве, а цэнтральнаю падзеяй кангрэса стала ўрачыстасць Божага Цела ў Мінску. 29 мая вернікі з розных парафій горада на чале з архіпастырам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кардыналам Казімірам Свёнткам, дапаможным біскупам Антоніем Дзям’янкам, а таксама са шматлікімі святарамі прайшлі ў працэсіі па вуліцах беларускай сталіцы разам з Эўхарыстычным Хрыстом, даючы такім чынам выраз і сведчанне сваёй веры ў тое, што «пад відам скрыты хлеба Ты ёсць Бог праўдзівы з неба», як спяваецца ў старажытнай эўхарыстычнай песні. Асаблівае месца ў гэтай працэсіі было адведзена дзеткам, якія ў гэтым годзе ўпершыню прынялі Цела Хрыста — святую Камунію. Працэсія, як і кожны год, распачалася ўрачыстай святой Імшою, якую цэлебраваў кардынал Казімір Свёнтэк каля сцен касцёла першай каталіцкай парафіі нашага горада — Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы. Тут жа адбылася і першая стацыя працэсіі. Нягледзячы на спякоту, у працэсіі прынялі ўдзел тысячы вернікаў. Многія ішлі цэлымі сем’ямі, несучы на руках самых маленькіх. На апошняй стацыі, што адбылася каля мінскай архікатэдры, да ўдзельнікаў працэсіі прамовіў кардынал Казімір Свёнтэк. У сваім казанні архіпастыр засяродзіўся на змесце пастырскага ліста Епіскапату Беларусі да вернікаў на Год Эўхарыстыі, а на заканчэнне сказаў: «Сёння Езус Эўхарыстычны прайшоў з намі ў працэсіі па вуліцах нашага горада, асвячаючы і благаслаўляючы нас, нашыя сем’і, нашых блізкіх. А як шмат яшчэ навокал людзей, якія зусім не ведаюць Яго, а часта нават не хочуць ведаць! Няхай нашае сённяшняе выяўленне веры стане добрым сведчаннем для іх, каб яны таксама маглі спазнаць і палюбіць Хрыста».

18 чэрвеня стацыя Эўхарыстычнага кангрэса з удзелам кардынала Казіміра Свёнтка адбылася ў касцёле Божага Цела ў Нясвіжы, а апошняя стацыя прайшла 1–2 ліпеня ў Будславе падчас святкавання ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай. З гэтай нагоды ў Будславе вернікам быў прачытаны даклад ксяндза Пятра Байгера «Разам з Марыяй сузіраць аблічча Хрыста» пра надзвычай важнае значэнне прыкладу Багародзіцы для ўстанаўлення сувязі з Хрыстом Эўхарыстычным. Вялікі алтар, што кожны год на ўрачыстасць робіцца каля падножжа базылікі, сёлета быў упрыгожаны эўхарыстычнымі сімваламі. Галоўную святую Імшу ўрачыстасці цэлебраваў арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі кардынал Казімір Свёнтэк разам з усімі беларускімі біскупамі і Апостальскім Нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Марцінам Відавічам. У канцэлебрацыі прынялі ўдзел больш за сто святароў. На заканчэнне Імшы адбылася працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, якую распачаў і завяршыў кардынал Казімір Свёнтэк. Пасля працэсіі ён благаславіў усіх прысутных Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Стацыя Эўхарыстычнага кангрэса прайшла 8 – 9 ліпеня таксама ў Гродзенскай дыяцэзіі, у санктуарыі Маці Божай Тракельскай. Зусім невыпадкова тое, што некалькі стацый Эўхарыстычнага кангрэса адбыліся менавіта ў Марыйных санктуарыях, бо Святы Айцец Ян Павел ІІ называе Марыю «Жанчынай Эўхарыстыі» і заклікае разам з Ёю сузіраць аблічча Хрыста.

Згодна з зацверджанай Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі душпастырскай праграмай на 2005 год для Касцёла на Беларусі, адзначэнне Года Эўхарыстыі будзе працягвацца да канца каляндарнага года.

Падрыхтаваў Мікола Гракаў.
Фота Міколы Новікава