СВЯТАР

За сумным позіркам апушчаных вачэй
ён у душы бязмежны свет хавае.
А колькі ж меў трывожных дзён-начэй,
як доўга Бога клікаў у адчаі!

І ў памяці навек той светлы дзень,
калі паклікаў Езус за сабою,
і ён прыйшоў з малітвай да людзей,
і сэрцы Божай наталіў любоўю.

Хай цернем высланы ягоны шлях,
і шмат зачыненых ён бачыць сэрцаў,
але ў вачах яго агонь не счах,
спадзеўна сэрца стомленае б’ецца.

Яму сам Бог прызначыў па жыцці
быць светачам для душаў заблуканых,
дапамагчы ім існае знайсці
і абмінуць спакусы і падманы.

І ён ідзе, шчаслівы, як анёл,
да алтара, і вочы падымае,
і Богу сэрца аддае сваё,
і ў шчасці на імгненне замірае...

Аня АНТОНАВА

 

* * *

Тры шапкі гартэнзій з галіначкай дуба
Пакутнікам Віленскім несла я ў храм.
Стаянне прад Богам душы маёй люба,
Вось толькі жыццё за Хрыста ці аддам?
Хоць клопатам дробязным сценены Дух мой,
Начную малітву я ўзнёсла ўспрымала
І думкай высокай адольвала скруху,
А пеўня пачуўшы – пра здраду Хрысту ўзгадала.

* * *

За нас перад Богам
Слязінкамі шчырымі
Заплакала воблачка.
Празрыстыя кроплі
З нябёсаў высокіх
Уніз абрываліся:
На дрэвы, на травы,
На твары людскія...
Натольвалі смагу,
Змывалі наліплую
Быцця абыякавасць,
Што ссохлася ў жарсцях,
І выстыла ў чэрствасці
Нашай будзённасці...

* * *

Колькі адчаю ў пакутных вачах,
Што не азораны промнямі веры!
Свецяцца радасцю тыя, дзе ёсць Божы страх,
Быццам расчынены ім ужо райскія дзверы.

Ларыса РАБЦЭВІЧ-БРАНАВІЦКАЯ