28 красавіка ў Касцёле святых Сымона і Алены адбылося сапраўднае свята: наш шаноўны біскуп Антоні Дзям’янка даў згоду на сустрэчу з супольнасцю «Каштоўная жамчужына». Сустрэча распачалася святой Імшой, якую цэлебраваў Яго Эксцэленцыя. Потым наш госць быў запрошаны на размову і гутарыў з намі аж да 10 гадзін вечара, бо вельмі зацікавіўся жыццём супольнасці. Размаўляў, пытаўся ў кожнага, хто ў якім касцёле атрымаў сакрамэнт хросту, які святар хрысціў. Вельмі спадабаўся нашаму госцю спектакль на тэму Пасхі, падрыхтаваны моладдзю. Напрыканцы біскуп Антоні Дзям’янка пажадаў, каб супольнасць надалей трывала ў любові да Бога і ў еднасці паміж сабою, каб колькасць братоў і сясцёр павялічвалася.

Вігілія Спаслання Духа Святога ў вёсцы Сініла, што каля Мінска, стала самай галоўнаю падзеяй не толькі для ўдзельнікаў супольнасці «Каштоўная жанчужына», але ў першую чаргу для ўсіх людзей гэтай вёсачкі (тут ужо амаль не засталося мясцовых жыхароў – толькі дачнікі).

Супольнасць перажывала рэкалекцыі на тэму «Новая культура». Яго Эксцэленцыя, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі быў запрошаны, каб адправіць святочную Імшу, а таксама для таго, каб уручыць крыжы аніматара руху «Святло – Жыццё» 5 сёстрам з супольнасці. Біскуп Антоні Дзям’янка адзначыў, што цяпер іх стала больш, і заахвоціў і надалей смела служыць Богу.

Той вечар у Сініле – гэта цуд, бо ніколі яшчэ ў касцёле, які носіць назву «Марыя – Зорка евангелізацыі», не было столькі людзей. Прыйшлі нават тыя, хто яшчэ ні разу не пераступаў парога святыні. Цэлебравалі святую Імшу на чале з біскупам Антоніем некалькі святароў: мадэратар кс. Ірынэуш Копач, кс. Мечыслаў Лабяк, а таксама грэка-каталіцкі святар айцец Андрэй Абламейка, які прывёз з сабою семінарыстаў.

Мы вельмі ўдзячныя Богу за тое, што маем біскупа, бо ён – наш пастыр тут, на зямлі, ён паказвае нам шлях у Валадарства Нябеснае, дапамагае адчыніць сэрцы на любоў Езуса Хрыста, нашага Добрага Пастыра.

Мы спадзяёмся, што будзем часцей сустракацца, каб дзякуючы яго духоўнай падтрымцы няспынна ўзрастаць духоўна.

Сёстры Часлава і Юля