Кожная святыня мае сваю адметнасць і непаўторнасць, сваю своеасаблівую гісторыю. На Беларусі шмат касцёлаў, якія ведае кожны католік, але ёсць і такія, пра якія варта ведаць. Шмат такіх касцёлаў знаходзіцца на Віцебшчыне, куды і адправілася моладзь катэдральнай парафіі з Мінска. Гэта ўжо другая пілігрымка катэдральнай моладзі па касцёлах Беларусі (першая адбылася па Лідчыне).

Пілігрымка мела не толькі малітоўны характар, але таксама і пазнавальны. Чарговы раз моладзь выязджала не толькі для таго, каб памаліцца ў святыні, але каб даведацца пра яе гісторыю і сучаснасць, пра яе святароў. Галоўнай мэтай пілігрымкі было наведанне Друі.

Дарога ад Мінска да Друі няблізкая і таму, каб не марнаваць шмат часу на падарожжа, мы вырашылі завітаць і ў іншыя святыні.

Першы прыпынак – горад Глыбокае, дзе знаходзіцца касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Касцёл пабудаваны на ўзвышшы і вылучаецца сярод панарамы горада сваёй прыгажосцю і велічнасцю. Не менш прыгожа касцёл аздоблены знутры, дзе моладзь магла схіліць свае галовы і ўкленчыць не толькі перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, але і перад цудадзейным абразом Маці Божай Падхорнай, апякункі гэтага горада, якая захавала ад варожых нападаў не толькі касцёл, але і веру ў сэрцах людзей.

Наступным прыпынкам пілігрымкі быў мёрскі касцёл. Пры ўваходзе ў браму касцёла кожнага чалавека вітае Найсвяцейшая Панна Марыя, Выратаванне тонучых. Яна высока трымае Езуса, які благаслаўляе ўвесь край. Як пазней паведаміў нам кс. Генадзь, вікарый гэтай парафіі, Марыя невыпадкова глядзіць на азёры перад касцёлам, бо раней падобная фігура стаяла сярод іх і літаральна была апошнім прытулкам і выратаваннем тонучых. На жаль, улады не дазволілі размясціць фігуру на мінулым месцы. З боку прэзбітэрыя, звонку касцёла, усталяваны не зусім звычайны помнік. Дакладней, гэта не помнік, а выраз болю і плачу па ненароджаных дзецях. Размяшчэнне помніка таксама невыпадковае, бо ён стаіць насупраць радзільнага дома, дзе не заўсёды дзецям дапамагаюць прыйсці на гэты свет. Знутры касцёл упрыгожаны алтарамі неагатычнага стылю і фігурамі святых апосталаў. У цэнтральным алтары размешчана фігура св. Язафата Кунцэвіча і пятнаццаць таямніцаў Ружанца. У наступным годзе касцёл будзе адзначаць сваё стагоддзе.

Нарэшце мы прыехалі да мэты нашага пілігрымавання – Друі. Гэты пасёлак адразу ўразіў нас сваім цудоўным ландшафтам. З 7 касцёлаў, якія тут знаходзіліся, захаваўся толькі адзін, дзе працуюць айцы марыяне. Здаецца, нічога асаблівага няма, але гэтае месца прыцягвае кожнага адданага беларуса не сваёй прыгажосцю або чым-небудзь іншым, але сваёй гісторыяй, бо менавіта тут упершыню айцы марыяне пачалі праводзіць набажэнствы на роднай беларускай мове. Друя сапраўды з’яўляецца святым месцам для кожнага беларуса, бо кожны ўзгорак нагадвае пра тых святароў, якія аддана працавалі дзеля хвалы Пана Бога, а некаторыя аддалі за Яго сваё жыццё. Сучасны выгляд касцёла сведчыць пра яго трагічнае мінулае. У Друі размешчаны адзін з самых вялікіх кляштарных будынкаў Беларусі.

Наша пілігрымка ніяк не магла абмінуць галоўны санктуарый Віцебскай дыяцэзіі – касцёл Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў. Касцёл заўсёды адчуваў апеку Маці Божай, нават у камуністычныя часы ён дзейнічаў і заўжды быў адчынены для вернікаў. Уражвае таксама і ахвярнасць парафіянаў Браслава, якія не дазволілі зачыніць касцёл і даказалі сваім жыццём вернасць Хрысту і Яго Касцёлу. Пілігрымка – гэта перш за ўсё малітва, а кожная малітва прыносіць багаты плён. Я спадзяюся, што плёнам гэтай пілігрымкі будзе мужнае вызнаванне веры і адданае служэнне Хрысту і Касцёлу.

Дзмітры Моніч