Да нас працягваюць прыходзіць лісты, у якіх нашы чытачы і проста людзі добрай волі выказваюць свой смутак з прычыны смерці Святога Айца Яна Паўла ІІ. У гэтым нумары мы друкуем балючыя развагі вядомага пісьменніка, галоўнага рэдактара кінастудыі «Беларусьфільм» Георгія Марчука.

Мы, хрысціяне каталіцкай і праваслаўнай канфесій, у асноўным прытрымліваемся рытуалаў веры і з глыбокай пашанай ухваляем усім сэрцам, прымаем і кіруемся канонамі, рытуаламі і традыцыямі хрысціянства. Гэта дысцыплінуе, здымае некаторыя сумненні, умацоўвае перакананне, што Бог не пакіне добрага і сумленнага чалавека. Магчыма, хтосьці запярэчыць, што і без веры ў Бога жыць можна, — у свеце хапае атэістаў. Відаць, магчыма, але жыць з верай у Бога ўсё ж такі лягчэй і больш надзейна. Рым ад нас далёка. Але вось, седзячы цягам трох дзён ля тэлевізара перад каналам «Euronews», раптам пачынаеш неверагодна адчуваць душэўны неспакой і суперажыванне з вернікамі на плошчы Ватыкана, з вернікамі Польшчы. Усё побач, зусім блізка. Пачынаеш шкадаваць і наракаць на самога сябе: была ж, была магчымасць разам з беларускімі католікамі ў складзе нашай дэлегацыі паехаць у Польшчу на сустрэчу з Папам Янам Паўлам ІІ. Была... Чаму, чаму ж толькі гора мусіць яднаць нашы душы? Чаму? Мы ж прадстаўнікі роду чалавечага! Калісьці ў варшаўскай катэдры, з замілаваннем і радасцю віншуючы нас са святам дня ягоных народзінаў, адна мілая полька сказала: «Чаму вы, беларусы, гэткія закрытыя? Не радуецеся? Ён жа ж наш, славянін! Упершыню за чатырыста пяцьдзесят гадоў! Ён жа і паэт, філосаф, рэфарматар, моцны і спагадлівы чалавек!». Зрабілася няёмка. Мы нібыта саромеліся ганарыцца і сімпатызаваць. Мы — гэта далёка, іншая канфесія. Нам усё яшчэ здавалася, што менавіта праз яго, Вайтылу, ці з ягонай вялікай дапамогай быў звергнуты камунізм у нашых краінах. Супрацьстаянне замкнула нашы сэрцы. У іх не было спагады. Ці не таму, добра разумеючы нашы славянскія душы, Папа Ян Павел ІІ пачаў з супрацьстаяння супрацьстаянню нацый, рэлігій, нават цывілізацый. Ён пайшоў у народ, духам усё вышэй падымаючыся да Усявышняга. Шмат хто не чакаў, што Папа даруе і свайму забойцы. Ён дараваў. Прыйшоў са шчырым сэрцам у сінагогу, у мячэць, у праваслаўны храм. Прынёс прабачэнні за грахі Касцёла, набліжаючы да нас таямніцу веры і Бога. Не ўсе прынялі ягоны паварот да пратэсту супраць татальнага капіталізму, які перадусім узносіць да ідэалу выключна багацце і росквіт. Ён супрацьстаяў злу, што зыходзіла ці то ад камунізму, ці то ад капіталізму ў кожнай ягонай праяве. Мы невымоўна радаваліся, калі за некалькі месяцаў да свайго адыходу Папа Ян Павел ІІ слухаў у Ватыкане славуты хор ансамбля Расійскай Арміі. Гучалі асабліва чулліва ягоныя любімыя песні «Степь да степь кругом», «Полюшко-поле». Так, мы цягам апошніх гадоў бачылі яго пакорным, засяроджаным, строгім, мудрым, ціхмяным. Але ён мог упэўнена і шчыра заявіць прэзідэнту ЗША, што ён, Папа, супраць вайны ў Іраку. Мы памятаем яго і як эмацыйнага, экспансіўнага прамоўцу, які быў здольны пераконваць. Колькі сардэчнага натхнення, палкасці было ў ягоных казаннях! І пры гэтым ён ніколі не заклікаў, не прапаноўваў: бярыце меч, узніміце руку на камуніста, ворага свайго. Толькі мір, толькі гуманізм, перакананне, спагада. Усё зло — ад галечы, ад сквапнасці. Памятаем і гэтыя ягоныя словы. Не выпала камуністам вяршэнстваваць, утрымаць духоўнасць, прымірыць людзей — адыдзіце ўбок, саступіце месца рэлігіі. Гэта больш надзейна, хаця і не менш цяжка. Свет вельмі супярэчлівы, чалавек недасканалы. Сваім абліччам, засяроджанасцю, пяшчотай сэрца ён нібы гаварыў нам: жывіце, як я, проста, шчыра, лагодна, з вераю ў Хрыста, абагаўляючы маці, дзяцей. «Калі вы будзеце ў міры і справядлівасці, яшчэ больш наблізіцеся да Бога. Не вылучайце ні адзін народ як галоўны — усе аднолькавыя, усе роўныя, усе маюць патрэбу ў любові, клопаце адзін пра аднаго, спачуванні».

Аплаквае незаменную страту суседка наша Польшча, увесь хрысціянскі і не толькі хрысціянскі свет схіляе галовы перад ягонай мужнасцю, розумам, цярплівасцю, спагадлівасцю і выкананнем абавязку — служачы Богу, ён штохвілінна думаў і маліўся за хрысціянскі шлях чалавека на зямлі, дапамагаў гэтаму чалавеку ўтаймаваць гнеў, зайздрасць, прагу забойства, нянавісць, скіроўваючы яго, чалавека, да літасці, мудрасці, чуласці, дабра і любові. Свабода і служэнне дабру мусяць жа таксама быць забяспечаны прысутнасцю ў грамадстве лідэраў, яркіх духоўнікаў. Праўда, ён не імкнуўся быць абсалютным лідэрам, не заахвочваў культ уласнай асобы, бо пасада Папы і без гэтага самадастатковая, у нейкай ступені недасягальная для простых смяротных. Не варта тут блытаць рабскае сляпое пакланенне і глыбокую пашану ды павагу да бескарыслівага аўтарытэту. Усё жыццё ён імкнуўся і быў для нас прыкладам, «рабом рабоў Божых». Ён не паспеў прыехаць у Мінск, але мы перакананы, нават упэўнены, што беларуская грамадскасць, католікі і праваслаўныя, выступяць са зваротам да ўладаў аб наданні адной з плошчаў ці вуліц нашай сталіцы імя Яна Паўла ІІ. Хай так будзе.

Георгій Марчук,
галоўны рэдактар к/с «Беларусьфільм»