Сёлетняя ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай сабрала больш за трыццаць тысяч вернікаў з усёй Беларусі і з-за мяжы. Пешых пілігрымак да Маці Божай Будслаўскай у гэтым годзе было больш за трыццаць, а таксама дзве велапілігрымкі. Пілігрымы — усяго каля трох тысяч чалавек, якія перанеслі цяжкасці дарогі і дасягнулі мэты свайго духоўнага вандравання, — не хавалі эмоцый: адусюль было чуваць спевы і радасныя воклічы.

Калі ў Будслаў уваходзілі пілігрымы з Віцебскай дыяцэзіі — каля 1 300 чалавек на чале са сваім пастырам, біскупам Уладзіславам Блінам, — яркае ліпеньскае сонца раптам схавалася за невялікую хмарку, з якой лінуў такі моцны дождж з градам, што літаральна праз некалькі хвілін усе былі мокрыя да ніткі, але гэта не сапсавала агульнага настрою і не перашкодзіла малітве. Калі ж віцебскія пілігрымы падышлі да падножжа святыні, навальніца скончылася гэтак жа раптоўна, як і пачалася, а ў неба ўзляцела тысяча рознакаляровых шарыкаў, якія прадстаўнікі самай маладой беларускай дыяцэзіі прынеслі з сабою.

З надыходам ночы на вежах базылікі засвяціліся крыжы, а навокал запаліліся тысячы свечак, і роўна апоўначы традыцыйнай начной працэсіяй распачалася святая імша, якую цэлебраваў Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч. На наступны дзень галоўную святую імшу ўрачыстасці цэлебраваў арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі кардынал Казімір Свёнтэк разам з усімі беларускімі біскупамі і Апостальскім Нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Марцінам Відавічам, а ў канцэлебрацыі прынялі ўдзел больш за сто святароў. На ўрачыстасці прысутнічалі памочнік Прэзідэнта РБ Шаўцоў М.М., старшыня Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў РБ Буко С.і., іншыя прадстаўнікі дзяржаўных уладаў розных узроўняў, а таксама паслы ЗША і Францыі ў Беларусі.

Падчас урачыстасцяў усе жадаючыя проста на полі каля базылікі маглі пазнаёміцца з дзвюма выставамі: «Гісторыя Будслава ў фотаздымках» і «Будслаў вачыма дзяцей». На першай экспанаваліся архіўныя фотаздымкі будслаўскага санктуарыя, а на другой можна было ўбачыць дзіцячыя працы, дасланыя на конкурс, што праводзіць часопіс «Маленькі рыцар Беззаганнай». Абедзве выставы былі арганізаваныя выдавецтвам «Pro Christo» пры падтрымцы санктуарыя Маці Божай Будслаўскай.





М. Г.
Фота А. Глекава і М. Новікава