Прысяга гвардзейцаў

6 мая, у патранальнае свята Швейцарскай Гвардыі, што адзначаецца для ўшанавання 150 гвардзейцаў, якія ў 1527 г. аддалі жыццё, баронячы Папу Клімэнта VII, 30 рэкрутаў склалі прысягу. Урачыстасць адбылася на пляцы св. Дамаса. У сувязі з гэтым у Клімэнтыйскай зале Папа Бэнэдыкт XVI сустрэўся з гвардзейцамі і іх сем’ямі, каб падзякаваць за верную і адданую службу, а таксама за клопат пра бяспеку Наступніка св. Пятра. Святы Айцец падкрэсліў, што служба Папу – гэта служба ўсяму Касцёлу.

 
Папа на Латэране

Адбыўся інгрэс Папы Бэнэдыкта XVI да базылікі св. Яна на Латэране, якая з’яўляецца яго катэдраю як біскупа Рыма. Святую Імшу разам з Папам канцэлебравалі 40 кардыналаў. Святога Айца прывітаў папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі кардынал Каміллё Руіні і запрасіў яго заняць біскупскі трон.

Бэнэдыкт XVI сказаў, звяртаючыся да сваіх дыяцэзіянаў: «Дарагія рымляне, цяпер я з’яўляюся вашым біскупам. Дзякую за вашу велікадушнасць, дзякую за вашу сімпатыю, дзякую за вашу цярплівасць. Як католікі мы ўсе ў пэўным сэнсе таксама рымляне. Ад усяго сэрца прагну старацца быць вашым біскупам, біскупам Рыма. І ўсе мы хочам імкнуцца быць усё больш католікамі».

Пасля ўрачыстасці на Латэране Святы Айцец наведаў Базыліку Маці Божай Большай (Santa Maria Maggiore), каб памаліцца перад абразом Марыі, у якім Яна ўшаноўваецца як Апякунка Вечнага Горада.

 
Новы прэфект

Ватыкан. 13 мая Бэнэдыкт XVI менаваў новым прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння мітрапаліта з Сан-Францыска (ЗША), 69-гадовага арцыбіскупа Вільяма Хосэфа Леваду. Ён зойме пасаду, якую з 1981 г. займаў кардынал Ёзаф Ратцынгер, цяперашні Папа.

Кампендыум Катэхізіса Каталіцкага Касцёла

18 чэрвеня 2005 г. Святому Айцу Бэнэдыкту XVI быў прадстаўлены першы экзэмпляр Кампендыума Катэхізіса Каталіцкага Касцёла — скарочанага выкладу асноваў каталіцкага веравучэння і маралі, што займае каля 150 старонак. Ён быў падрыхтаваны спецыяльнай камісіяй, якую ўзначальваў сам Папа ў той час, калі з’яўляўся прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння.

Новы Катэхізіс Каталіцкага Касцёла быў абнародаваны 7 снежня 1992 г., а ў 2002 г. Міжнародны катэхетычны кангрэс вырашыў выдаць скарочаны варыянт гэтага дакумента — Кампендыум, у якім будуць «сфармуляваныя ў сінтэтычнай і дыялогавай форме тыя самыя палажэнні каталіцкага веравучэння і маралі». Праца па падрыхтоўцы Кампендыума распачалася па ініцыятыве Папы Яна Паўла ІІ, які ў 2003 г. склікаў згаданую камісію на чале з кардыналам Ёзафам Ратцынгерам.

Афіцыйная прэзентацыя Кампендыума адбылася 28 чэрвеня 2005 г. падчас урачыстай літургічнай цэлебрацыі з удзелам Святога Айца, а ўжо з 29 чэрвеня яго можна набыць на лацінскай і італьянскай мовах. Пераклады дакумента на іншыя мовы павінны быць падрыхтаваныя паасобнымі Канферэнцыямі Біскупаў.