Малітва аб беатыфікацыі Папы Яна Паўла ІІ

Божа ў Тройцы Найсвяцейшай, дзякуем Табе за тое, што даў Касцёлу Папу Яна Паўла ІІ, у якім заяснела Твая айцоўская дабрыня, Хвала Хрыстовага Крыжа і хараство Духа любові. Ён, цалкам давяраючы Тваёй бясконцай міласэрнасці і матчынаму заступніцтву Марыі, даў нам жывы вобраз Езуса Добрага Пастыра і паказаў святасць як узор штодзённага хрысціянскага жыцця, як шлях для дасягнення вечнага паяднання з Табою. Праз яго заступніцтва дай нам, згодна з Тваёю воляю, тую ласку, аб якой просім з надзеяй, што Твой Слуга Ян Павел ІІ будзе хутка далучаны да ліку Тваіх святых. Амэн.

13 мая, у часе сустрэчы з духавенствам Рыма ў базыліцы св. Яна на Латэране, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прачытаў на лаціне ліст, які стаў адказам на просьбу вікарыя Рыма кардынала Каміллё Руіні да прэфекта Кангрэгацыі па справах кананізацыі кардынала Хасэ Сараівы Марцінса. Бэнэдыкт XVI сцвярджае ў гэтым лісце, што беатыфікацыйны працэс Яна Паўла ІІ можа распачацца неадкладна. Вось пераклад дакумента (рэскрыпта) ад 9 мая 2005 года: «Па просьбе кардынала Каміллё Руіні, генеральнага вікарыя Яго Святасці для Рымскай дыяцэзіі, Папа Бэнэдыкт XVI, улічваючы надзвычайныя абставіны, выкладзеныя ў часе аўдыенцыі, удзеленай гэтаму ж кардыналу вікарыю 28 красавіка 2005 года, адхіліў прынятае правіла пяці гадоў з дня смерці Слугі Божага Яна Паўла ІІ (Караля Вайтылы), Папы, дзеля таго, каб працэс яго беатыфікацыі і кананізацыі мог распачацца неадкладна».

 
ШЛЯХ НА АЛТАР

Беатыфікацыя – гэта дазвол на публічны культ Слугі Божага, які абвяшчаецца благаслаўлёным, абмежаваны пэўнаю краінаю, горадам, дыяцэзіяй альбо інстытутам кансэкраванага жыцця.

Кананізацыя наказвае аддаваць пашану святому ва ўсім Касцёле.

Згодна з абвешчанаю Янам Паўлам ІІ у 1983 г. Апостальскаю канстытуцыяй Divinus perfectionis Magister («Боскі Настаўнік дасканаласці») і выканаўчымі нормамі да яе, працэдуры, скіраваныя на абвяшчэнне кагосьці благаслаўлёным альбо святым, можна распачаць праз пяць гадоў пасля яго смерці ў стане святасці.

Працэс распачынаецца ў той дыяцэзіі, у якой памёр кандыдат на алтар. Збіраецца дакладная інфармацыя пра жыццё Слугі Божага, тэолагі даследуюць яго працы, заслухоўваюцца сведкі, дакументуюцца цуды. Сабраныя дакументы ў двух экзэмплярах дасылаюцца ў Кангрэгацыю па справах кананізацыі. Біскуп дыяцэзіі павінен далучыць да іх дэкларацыю, якая пацвярджае адсутнасць публічнага культу Слугі Божага.

Працэс у Кангрэгацыі ахоплівае вывучэнне і праверку гістарычнай сапраўднасці дакументаў, дыскусію тэолагаў і галасаванне.

Кангрэгацыя рыхтуе дакумент, які сведчыць пра гераічнасць цнотаў кандыдата. Дакумент падпісвае Папа.

Для беатыфікацыі патрэбен адзін цуд праз пасрэдніцтва Слугі Божага. Кангрэгацыя па справах кананізацыі не разглядае гэтак званых маральных цудаў (нечаканыя навяртанні, адмаўленне ад п’янства, наркотыкаў і г. д.) з прычыны недахопу гарантыі іх трываласці.

Найчасцей прызнаюцца цудоўныя аздараўленні. Для беатыфікацыі мучаніка цуд не патрэбны.

Пасля правядзення беатыфікацыйнага працэсу шлях да кананізацыі ўжо больш просты: згодна з цяперашнім правам неабходна пацвярджэнне аднаго цуду, учыненага Богам праз пасрэдніцтва благаслаўлёнага (паўтараць ранейшыя працэдуры няма патрэбы).