Яшчэ доўга мы будзем вяртацца да тых знакаў, якія пакінуў нам Ян Павел ІІ. Памятнай ноччу 2 красавіка ў двух вокнах Апостальскага Палаца ўвесь час гарэла святло. Тысячы людзей ўглядаліся ў гэтыя вокны і час ад часу пераводзілі свае позіркі ўлева, туды, дзе ў бакавым акне на крыле папскага палаца знаходзіцца падсветлены абраз Марыі, Маці Касцёла. Пад ім – папскі герб, збоку – словы: Totus Tuus. Гэтая марыйная мазаіка была першым абразом Марыі на пляцы св. Пятра. Ян Павел ІІ асвяціў яе 8 снежня 1981 года. Мазаіка – дакладная копія фрэскі са старажытнай базылікі св. Пятра, якая стаяла на месцы цяперашняй святыні. Абраз Марыі знаходзіўся на адной з калонаў, таму ён і называецца Madonna della Colonna (Мадонна Калоны).

У 1607 г. фрэска была перанесена ў бочны алтар новай базылікі, там яна знаходзіцца да сённяшняга дня. У 1964 г., на заканчэнне трэцяй сесіі ІІ Ватыканскага Сабору, Папа Павел VI абвясціў Марыю Маці Касцёла і такі тытул надаў ватыканскаму абразу. Таксама было ўстаноўлена свята Марыі, Маці Касцёла. (...)

Ёсць у Ватыкане яшчэ адна памятка, якая засталася пасля Яна Паўла ІІ, звязаная з гэтым святам. 13 мая 1994 года Святы Айцец заклаў на тэрыторыі Ватыканскіх Садоў кантэмпляцыйны кляштар, які назваў Mater Ecclesiae – Маці Касцёла. Папа пастанавіў, што праз некалькі гадоў сёстры ў кляштары будуць змяняцца і ўжо іншы кантэмпляцыйны закон будзе несці духовую паслугу для Касцёла. Першымі былі сёстры кларыскі. Пасля іх змянілі кармэліткі. Восенню мінулага года адбылася чарговая змена: у кляштары пасяліліся бэнэдыктынкі. Яны падтрымлівалі малітваю Яна Паўла ІІ у апошнія месяцы яго служэння. Цяпер бэнэдыктынкі моляцца за Бэнэдыкта XVI. Яскравы знак! Адзін з многіх, што спадарожнічаюць змене варты на Пятровай Сталіцы.

Кожны, хто ўдзельнічае ў Эўхарыстыі на пляцы св. Пятра, моцна адчувае паўсюднасць Касцёла, бо сустраке тут людзей, сабраных з розных канцоў свету, паяднаных повязямі веры, сакрамэнтаў, братняю любоўю, служэннем Пятра. З бакавога акна Апостальскага Палаца глядзіць на ўсіх Маці Касцёла. Яе аблічча будзе заўсёды нагадваць нам пра вялікага Папу Яна Паўла ІІ.

Ксёндз Тамаш Яклевіч.
Пераклад з польскай мовы К. Лялько