XIV звычайная нядзеля — 3 ліпеня 2005 г.

Чытанні: Зах 9, 9–10; Пс 145 (144);
Рым 8, 9. 11–13.

Евангелле (Мц 11, 25–30):

У той час, адказваючы, Езус сказаў: Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты схаваў гэта ад мудрых і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо такая была Твая добрая воля. Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае Сына, апроч Айца; і ніхто не ведае Айца, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць. Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых. Бо ярмо Маё любае і цяжар Мой лёгкі.

Кожны, напэўна, сустракаў у сваім жыцці людзей, якія атрымалі навуковыя ступені, маюць шмат ведаў і багаты жыццёвы вопыт, з’яўляюцца цікавымі суразмоўцамі і гэтак далей. Аднак у размове пра веру, пра Бога, яны крытычна ці іранічна ўсміхаюцца, называючы ўсё, звязанае з рэлігіяй, байкамі, нявартымі адукаванага разумнага чалавека. Нямала і такіх, хто лічыць, што вера пасуе толькі слабым сентыментальным жанчынам у пажылым узросце, а самастойным людзям, асабліва сапраўдным мужчынам, у храме няма чаго рабіць.

Сутыкаючыся з такімі поглядамі, многія вернікі пачынаюць саромецца сваёй веры: ніхто не хоча выглядаць слабым, цёмным, неадукаваным, адсталым, прымітыўным. Менавіта з-за гэтага многія, асабліва моладзь, перастаюць практыкаваць, а потым і ўвогуле губляюць рэшткі веры...

Чаму ж дзейнічае гэты знішчальны механізм? Напэўна таму, што няма пакоры. Няма яе ў тых «мудрацоў», якія лічаць, што здабылі ўсю мудрасць свету, а тое, што ім здаецца неверагодным ці незразумелым, аб’яўляюць неіснуючым увогуле, бо інакш трэба адмовіцца ад прэтэнзіі на ўсёведанне, а пыха перашкаджае.

Не хапае пакоры і тым, хто паддаецца іх уплывам і хоча быць важнай і значнай асобай у вачах людзей, а не перад Богам. Варта, аднак, узгадаць, што сам Усемагутны Бог мае незвычайную пакору: дзеля нас стаўся Чалавекам — ціхім і пакорным сэрцам. Бо сапраўдная пакора, насуперак распаўсюджаным меркаванням, гэта не адсутнасць пачуцця ўласнай годнасці, не самапрыніжэнне, а ўспрыманне сябе ва ўсёй праўдзе: такімі, як бачыць нас Бог, з нашымі недахопамі і абмежаванасцю, але і з любоўю. Бо ўсіх нас Бог стварыў добрымі, надзяліўшы рознымі дарамі. Не трэба толькі забывацца дзякаваць за гэтыя дары і не прыпісваць сабе больш, чым сапраўды маем, бо маем не самі па сабе, а ад Бога.

«Навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых», — да гэтага заклікае наймудрэйшы Чалавек і Бог адначасова. Ці ж не варта слухаць менавіта Яго?

 
XV звычайная нядзеля — 10 ліпеня 2005 г.

Чытанні: Іс 55, 10–11; Пс 65 (64);
Рым 8, 18–32;

Евангелле (Мц 13, 1–23):

У той дзень Езус выйшаў з дому і сеў каля мора. І сабралася каля Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў, а ўвесь народ стаяў на беразе. І шмат гаварыў ім у прыпавесцях, кажучы: Вось выйшаў сейбіт сеяць. І калі ён сеяў, адны зярняты ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і паклявалі іх. Другія ўпалі на камяністае месца, дзе не было шмат глебы, і адразу прараслі, бо зямля была неглыбокай. Калі ж узышло сонца, яны завялі і з-за таго, што не мелі каранёў, засохлі. Іншыя зярняты ўпалі ў церні, і выраслі церні, і заглушылі іх. А яшчэ іншыя ўпалі на добрую зямлю і прынеслі плён: адно ў сто разоў, другое ў шэсцьдзесят, а іншае ў трыццаць. Хто мае вушы, няхай слухае!

Добра было б, каб кожны з нас, у чарговы раз прыслухоўваючыся да словаў прыпавесці аб сейбіце, задумваўся над тым, з якой глебай можна параўнаць менавіта яго. Толькі не варта забывацца пра тое, што калі чалавека нельга параўнаць з урадлівай глебай, гэта не азначае, што так будзе ўжо заўсёды. Ад самога чалавека залежыць, ці застанецца ён камяністай, неўрадлівай глебай, ці прынясе багаты плён.

Кожная, нават найгоршая глеба пры добрай апрацоўцы можа прынесці ўраджай, трэба толькі лепш і глыбей перакапаць, выдаліць пустазелле ці каменне, дадаць угнаенне.

Кожны чалавек, які, здавалася б, не мае задаткаў да святога жыцця (бо нарадзіўся і быў выхаваны ў неспрыяльных умовах), пры моцным жаданні і працы над сабой можа ўчыніць сваю душу прыдатнай для таго, каб Божае слова закаранілася ў ёй і прынесла багаты плён. Трэба толькі памятаць, што сама па сабе глеба, як бы добра ні была апрацаваная, ніколі не прынясе ніякага плёну, калі не трапіць у яе зерне Божага слова і Божай ласкі. Інакш кажучы, толькі ўласнымі намаганнямі святым не станеш. Толькі тады ўбачым доўгачаканы плён, калі сапраўды дазволім Богу дзейнічаць у нас.

 
XVІ звычайная нядзеля — 17 ліпеня 2005 г.

Чытанні: Мдр 12, 13. 16–19; Пс 86 (85);
Рым 8, 26–27

Евангелле (Мц 13, 24–43):

Езус прапанаваў людзям іншую прыпавесць, кажучы: Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік і пайшоў. Калі ж збажына ўзышла і дала плод, тады паказаўся каласоўнік. Прыйшоўшы ж, слугі гаспадара дому сказалі яму: Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на полі сваім? Адкуль жа на ім каласоўнік? Ён жа сказаў ім: Вораг зрабіў гэта. А слугі сказалі яму: Хочаш мы пойдзем выпалаць яго? Але ён сказаў: Не, каб, выбіраючы каласоўнік, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы. Пакіньце расці разам тое і другое да жніва; і ў час жніва я скажу жняцам: збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць; а пшаніцу збярыце ў гумно маё.

На жаль, не толькі добры сейбіт сее пшаніцу Божага слова ў свеце, але існуе і той, хто сее каласоўнік – пустазелле, якое спачатку вельмі падобнае да пшаніцы і лёгка ўводзіць у зман, бо цяжка адрозніць адно ад другога. З цягам часу яно закараняецца і аддзяліць ад добрага збожжа яго ўжо амаль немагчыма.

Зло ў свеце менавіта так і распаўсюджваецца. Чалавек спачатку не ў стане выкрыць яго і прымае за дабро, а калі яно ўкараняецца, тады ад яго цяжка пазбавіцца. Узгадаем хоць бы распаўсюджаныя дрэнныя звычкі: курэнне, п’янства, распусту. Здаецца, што гэта цікава, прыемна, што «ўсе так робяць», і чалавек паволі становіцца рабом гэтых звычак і не мае сілы пазбавіцца ад іх, нават калі хоча.

Чалавек па сваёй натуры імкнецца да дабра, але не заўсёды разумее, што для яго сапраўды добра, а што дрэнна, і, нават жадаючы сапраўднага дабра, часта выкарыстоўвае для яго дасягнення дрэнныя сродкі, якія перакрэсліваюць найлепшыя намеры.

Ноч, пра якую ўзгадвае Езус у прыпавесці, з’яўляецца тым станам, калі чалавек не бачыць, дзе дабро, а дзе зло, калі губляе чуйнасць.

Як тут не ўзгадаць словы святога Пятра: «Будзьце цвярозыя, чувайце, бо супраціўнік ваш д’ябал ходзіць, як рыклівы леў, шукаючы, каго праглынуць; стойце супраць яго цвёрдаю вераю...» (2 П 5, 8–9).

Менавіта цвёрдая вера дазваляе нам быць больш чуйнымі і не толькі тады, калі зло пад выглядам дабра імкнецца пранікнуць у нашыя душы, але і тады, калі ўзнікае спакуса змагацца са злом пры дапамозе зла. Так хацелася б часам выкараніць зло раз і назаўсёды, знішчыць яго сваімі метадамі, але не Божымі. Колькі ў гісторыі было такіх прыкладаў! Аднак, як бачым, вынікі нельга лічыць здавальняючымі. Не будзем забывацца пра тое, што канчатковая перамога над злом належыць Богу. Мы ж павінны ў першую чаргу клапаціцца пра тое, каб зло не перамагло нас, каб дазволіць Богу быць яго Пераможцам менавіта ва ўласнай душы, каб у ёй заўсёды панаваў Божы дзень. Тады лепш будзем ведаць, што мы павінны рабіць, каб было менш зла ў свеце.

Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 
XVII звычайная нядзеля — 24 ліпеня 2005 г.

Чытанні: 1 Вал 3, 5. 7–12; Пс 119 (118);
Рым 8, 28–30.

Евангелле (Мц 13, 44–52):

Езус сказаў народу: Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоў чалавек і ўтаіў. У радасці ад гэтага ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэтае поле. Яшчэ Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін. Знайшоўшы адну каштоўную пярліну, ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе яе.

З прыпавесці аб укрытым скарбе вынікае, што гэтага скарбу чалавек не купіў бы нават за ўсю сваю маёмасць. Пашчасціла яму толькі, што знайшоў гэты скарб, схаваны на раллі, і гэтую раллю ён можа купіць за сваю маёмасць. Заўважым, што гэты чалавек нічым не рызыкуе. Ён проста пераканаўся ў тым, што яму гэта сапраўды выгадна.

Што гэта за скарб, які нельга купіць? Гэта — любоў. Як гаворыцца ў Песні Песняў, «калі б хто аддаў за любоў усе багацці свайго дому, пагардзяць ім толькі» (8, 7). Каб здабыць любоў, трэба аддаць самога сябе. Усяго, што маеш, недастаткова, каб яе купіць. Але калі ўжо канчаткова закаранімся ў Божай любові, гэта будзе азначаць, што мы здабылі вечнае жыццё...

Богу трэба аддаць усяго сябе. Калі чалавек так зробіць, хутка пераканаецца, што нават на гэтай зямлі атрымлівае больш, чым меў перад гэтым. Калісьці Пётр – было гэта яшчэ тады, калі ён мала разумеў Божыя справы – запытаўся ў Пана Езуса: «Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою, што за гэта атрымаем?» (Мц 19, 27). Пан Езус яму адказаў: «Кожны, хто дзеля Майго імені пакіне дом, братоў або сясцёр, айца або маці, дзяцей або поле, у сто разоў больш атрымае і жыццё вечнае атрымае ў спадчыну».

Айцец Яцэк Салій ОР,
пераклад з польскай мовы
айца Міхала Ермашкевіча ОР

 
XVІII звычайная нядзеля — 31 ліпеня 2005 г.

Чытанні: Іс 55, 1–3; Пс 145 (144);
Рым 8, 35. 37–39.

Евангелле (Мц 14, 13–21):

Калі Езус пачуў пра смерць Яна Хрысціцеля, Ён асобна адплыў адтуль на чоўне ў пустыннае месца, а натоўпы людзей, пачуўшы гэта, пайшлі за Ім пехатою з гарадоў. Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў вялікі натоўп людзей, і злітаваўся над імі, і аздаравіў хворых іхніх. Калі ж настаў вечар, Ягоныя вучні падышлі да Яго і сказалі: Пустыннае месца гэтае і гадзіна ўжо позняя; адпусці народ, каб яны пайшлі ў вёскі і купілі ежы сабе. Езус сказаў ім: Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці. Яны ж кажуць Яму: у нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбы. Ён сказаў: Прынясіце іх Мне сюды. Пасля Ён загадаў народу сесці на траву, узяў пяць хлябоў і дзве рыбы, паглядзеў на неба, благаславіў і, паламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні — народу. І елі ўсе і насыціліся, і з кавалкаў, што засталіся, сабралі дванаццаць поўных кашоў. А тых, хто еў, было каля пяці тысяч чалавек, не лічачы жанчын і дзяцей.

Цуд насычэння пяці тысяч чалавек дзвюма рыбамі і пяццю хлябамі апісаны ўсімі, без выключэння, евангелістамі. Аднак скептыкі сумняваюцца ў тым, што такое ўвогуле магчыма, а некаторыя нават наракаюць: чаму, маўляў, цяпер, калі шмат дзе ў свеце людзі жывуць у нястачы і церпяць голад, Бог не можа ўчыніць такога цуду? Апісваючы гэтую падзею, святы Ян у сваім Евангеллі гаворыць, што Езус, памнажаючы хлябы, меў пэўную мэту: Ён «сам ведаў, што хацеў зрабіць» (Ян 6, 6). Паразважаем і мы над тым, што Збаўца жадаў нам паказаць гэтым сваім цудам. Напачатку ўявім сабе той вялізны натоўп, які пайшоў за Езусам у пустыннае месца: мноства стомленых, згаладалых людзей. З набліжэннем ночы апосталы пачынаюць непакоіцца і нават спрабуюць умяшацца, кажучы Езусу адпусціць народ. Што ж яны чуюць у адказ? «Вы дайце ім есці», — кажа Настаўнік сваім здзіўленым і разгубленым вучням. «Вы дайце ім есці», — кажа Езус сёння не толькі сваім служыцелям, біскупам і святарам, але і ўсім вернікам, якія праз сакрамэнт хросту сталі ўдзельнікамі каралеўскага святарства Божага народа. Паглядзім жа навокал: колькі побач з намі людзей, згаладалых духоўна, пакінутых у пустыні абыякавасці і эгаізму! Так, мы ўсяго толькі слабыя людзі, часта грэшныя і недасканалыя, але не трэба баяцца, што ў нас не хопіць сіл і сродкаў, каб падзяліцца з кожным. У апосталаў таксама было толькі пяць хлябоў і дзве невялікія рыбы, але гэтага хапіла ўсім і нават яшчэ засталося. Уражвае колькасць тых кавалкаў, што засталіся: цэлых дванаццаць поўных кашоў! Дзе ж тыя, для каго прызначалася гэтая ежа? Чаму яны яшчэ дзесьці блукаюць і не ідуць да Езуса, які жадае іх насыціць? Для ўсіх людзей на зямлі хопіць Божай ласкі і любові: варта толькі давяраць Езусу і спадзявацца на Яго дапамогу. Разам з тым Езус жадае ад нас праяваў братняй салідарнасці, як духоўнай, так і матэрыяльнай, бо ўсе мы — дзеці аднаго нябеснага Айца, які бязмежна любіць кожнага з нас. Таму перш за ўсё мы, хрысціяне, павінны самі прыняць актыўны ўдзел у цудзе памнажэння хлябоў, каб такім чынам падзякаваць Богу за безліч Яго шчодрых дароў.

Ксёндз Міхал Сапель

 
ХІХ звычайная нядзеля — 7 жніўня 2005 г.

Чытанні: 1 Вал 19, 9а. 11–13а; Пс 85 (84);
Рым 9, 1–5.

Евангелле (Мц 14, 22–33):

Калі натоўп быў накормлены, Езус адразу ж загадаў вучням сваім сесці ў човен і пераплысці на другі бок перад Ім, пакуль Ён адпусціць народ. Адпусціўшы народ, Ён падняўся на гару памаліцца ў самоце. Калі настаў вечар, заставаўся там адзін. Тым часам човен ужо адплыў шмат стадыяў ад берага. І кідалі яго хвалі, бо вецер быў супраціўны. У чацвёртую ж варту ночы Езус пайшоў да іх, ідучы па моры. А вучні, убачыўшы, як Ён ідзе па моры, спалохаліся і казалі: Гэта прывід. І ад страху закрычалі. Але Езус адразу загаварыў з імі і сказаў: Будзьце адважнымі, гэта Я, не бойцеся. Пётр сказаў Яму ў адказ: Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе. Ён жа сказаў: Ідзі. Выйшаўшы з чоўна, Пётр пачаў ісці па вадзе і падышоў да Езуса. Але, убачыўшы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Пане, ратуй мяне! Езус адразу ж працягнуў руку, схапіў яго і сказаў яму: Малаверны, чаму засумняваўся ты? Калі ўвайшлі яны ў човен, вецер сціх. А тыя, хто быў у чоўне, пакланіліся Яму і сказалі: Ты сапраўды Сын Божы!

Езус прыйшоў да сваіх вучняў, каб выратаваць іх ад марской буры, паказваючы адначасова, што Яго любоў да нас сапраўды ўсёмагутная і яе не абмяжоўваюць нават законы прыроды. Ён можа і хоча прыйсці на дапамогу да кожнага з нас заўсёды, у тым ліку і ў такіх сітуацыях, якія людзям здаюцца безнадзейнымі. Аднак тое, што Езус крочыць па вадзе, мае і сімвалічнае вымярэнне. Стаячая вада сімвалізуе ў Старым Запавеце смерць, у той час як вада, што цячэ, сімвалізуе жыццё. Воды патопу былі водамі смерці. У часы Ноя людзі залілі зямлю сваімі грахамі і амаль усе патанулі ў сваіх грахах. Воды патопу прынеслі смерць, якую людзі самі наклікалі на сябе.

Водамі смерці, ад якіх Бог збавіў свой народ, былі таксама воды Чырвонага мора. У воды смерці быў укінуты і прарок Ёна... Аднак няма такога зла, ад якога Бог не змог бы нас вызваліць.

Апавяданне пра тое, як Езус хадзіў па вадзе, мае яшчэ больш глыбокі сэнс. Гэта як бы прарочае прадказанне таго, што павінна было здзейсніцца на Галгофе. Вось, сам Сын Божы прыйшоў на зямлю, якую мы залілі ўласнымі грахамі. На погляд чалавека, немагчыма, каб хтосьці выратаваўся ад смерці граху, бо грэх залівае ўсю зямлю. Уратавацца ад смерці граху было таксама немагчыма, як і хадзіць па вадзе.

Аказалася аднак, што Божы Сын не толькі не патануў у чалавечых грахах, але прайшоў праз гэтыя воды, не замачыўшы ног. Больш за тое, Сын Божы прыйшоў на зямлю менавіта дзеля таго, каб усіх нас вызваліць з водаў смерці і нават зрабіць здольнымі прайсці праз іх. Той, хто блізкі да Бога, хоць бы і трапіў у самую сярэдзіну буры зла, не загіне ў ёй, але ўратуе сваю душу. А калі б нават у нейкі момант нас ахапіла сумненне і мы пачалі тануць, трэба толькі з верай паклікаць: «Пане, ратуй!», і будзем вызваленыя.

Якое ж гэта вялікае суцяшэнне для нас, грэшнікаў, што нават калі часам наша слабасць будзе большай, чым наша вера, Езус і тады намі не пагарджае, а хоча падаць нам руку і ўратаваць нас. Толькі б мы імкнуліся быць блізка да Яго!

Айцец Яцэк Салій ОР,
пераклад з польскай мовы
айца Міхала Ермашкевіча ОР

 
ХХ звычайная нядзеля — 14 жніўня 2005 г.

Чытанні: Іс 56, 1. 6–7; Пс 67 (66);
Рым 11, 13–15. 29–32.

Евангелле (Мц 15, 21–28):

Езус выйшаў і скіраваўся ў землі Тыра і Сідона. І вось жанчына з Ханаана выйшла з тых ваколіц і пачала крычаць: Змілуйся нада мною, Пане, Сыне Давіда! Мая дачка цяжка апантаная злым духам. Але Езус не адказаў ёй ні слова. Тады вучні Ягоныя падышлі і прасілі Яго: Адпусці яе, бо яна крычыць услед за намі. Ён сказаў у адказ: Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля. Яна ж падышла, пакланілася Яму і сказала: Пане, дапамажы мне. Ён сказаў у адказ: Нягожа забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам. Яна сказала: Так, Пане, але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх. Тады Езус сказаў ёй у адказ: О жанчына, вялікая вера твая! Няхай станецца табе, як жадаеш. І з гэтага моманту яе дачка стала здаровай.

Здараецца, што веруючы чалавек лічыць веру сваёй заслугай і мяркуе, што за гэта яму належыць больш, чым іншым людзям. Перакананы ў тым, што Бог мусіць даць яму ўсё, што ён толькі пажадае, крыўдзіцца на Бога, калі не атрымлівае жаданага. Маўляў: «Як жа так: я столькі маліўся, прасіў – а Ты, Божа, як мог не выслухаць мяне?!...»

Можна параіць такому верніку навучыцца ад хананейскай жанчыны.

Пакора гэтай язычніцы абараніла яе ад прыкрага адчування абразы. Здаецца, што жорсткая адмова Езуса, у моцы Якога яна не сумнявалася, не бянтэжыць жанчыну, яна згаджаецца, што не вартая Яго ўвагі, аднак тым не менш цярпліва просіць далей. Суровасць Езуса яе зусім не адштурхоўвае, яна як бы не заўважае таго, што для большасці людзей было б прычынай крыўды, варожасці, праклёнаў і г. д. Гэтымі сваімі паводзінамі яна выяўляе глыбокую і сапраўдную веру і заслугоўвае пахвалы самога Езуса, які выконвае яе просьбу.

Заўсёды, калі нам здаецца, што Бог не выслухоўвае нашых малітваў, варта ўзгадаць сабе гэтую хананейскую жанчыну, бо мы столькі разоў атрымлівалі ад Бога дапамогу, што нельга Яму не даверыцца і тады, калі нам здаецца, што Ён не выслухоўвае нас. Можа, праз гэта Ён аказвае нам больш міласэрнасці, чым тады, калі б выканаў усё паводле нашых задумаў і планаў.

Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 
ХХІ звычайная нядзеля — 21 жніўня 2005 г.

Чытанні: Іс 22, 19–23; Пс 138 (137);
Рым 11, 33–36.

Евангелле (Мц 16, 13–20):

Прыйшоў Езус у межы Цэзарэі Філіпавай і пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы: Кім людзі лічаць Сына Чалавечага? Яны ж сказалі: Адны — Янам Хрысціцелем, другія ж — Іллёю, а іншыя — Ераміям ці адным з прарокаў. Ён кажа ім: А вы кім лічыце Мяне? Сымон Пётр адказаў: Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога. Тады Езус сказаў яму ў адказ: Шчаслівы ты, Сымоне, сын Ёнавы, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах. І Я кажу табе, што ты, Пётр — скала — і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. І дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе. Тады загадаў вучням сваім, каб нікому не казалі, што Ён — Месія.

Касцёл існуе вось ужо дзве тысячы гадоў, і за гэты час чаго толькі ні было ў яго гісторыі! З аднаго боку, ва ўсе часы ў ім з’яўляліся незлічоныя сведчанні нязломнай веры і гераічных цнотаў многіх тысяч хрысціянаў, перыяды незвычайнага духоўнага ўздыму і вялікія святыя, а з другога боку — пераслед, балючыя падзелы, ерасі і падзенне маральнасці. Ва ўсе часы і нават сёння шматлікія непрыяцелі Хрыста паўсюдна пераследуюць Яго Касцёл і Яго вызнаўцаў, пачынаючы ад забойстваў хрысціянаў і гандлю хрысціянскімі нявольнікамі ў некаторых краінах, аж да «гуманнай» антыхрысціянскай і антыкасцёльнай прапаганды на быццам бы цывілізаваным Заха- дзе. Акрамя пераследу ад ворагаў, Касцёл пакутаваў і ад вострых унутраных праблемаў, калі не раз бываў ахоплены такімі моцнымі крызісамі, што, здавалася, вось-вось павінен бясследна знікнуць з аблічча зямлі. Але, нягледзячы на ўсе гэтыя цяжкасці, што здаюцца людзям непераадольнымі, насуперак законам чалавечай логікі Касцёл вось ужо дваццаць стагоддзяў вандруе па зямлі, ведучы мільярды людзей да Нябеснай Айчыны. Уся гісторыя хрысціянства сведчыць пра тое, што Касцёл — гэта вялікая Божая таямніца, і нездарма яго часам называюць «восьмым сакрамэнтам», падкрэсліваючы яго звышнатуральную сутнасць і боскае паходжанне. У ваколіцах Цэзарэі Філіпавай Езус сам закладвае падмурак свайго Касцёла — бачны знак яго адзінства і моцы. Гэтую цяжкую і велічную місію Збаўца даручае апосталу Пятру, таму, хто ад імя ўсіх вучняў вызнаў Яго месіянства і Богасыноўства. Пётр не сам ад сябе сказаў гэта, але Айцец Нябесны адкрыў яму гэтую праўду, пра якую той павінен быў сведчыць аж да смерці і за яе аддаць жыццё.

Пасля Пятра 264 яго Наступнікі зберагалі ў Касцёле гэтую праўду, сведчылі пра яе і абаранялі ад усялякіх скажэнняў. «Ты, Пётр — скала...» Езус будуе свой Касцёл на Пятры, як на скале, каб брамы пякельныя — варожыя сілы — ніколі не перамаглі яго. Папа, Намеснік Езуса на зямлі — гэта і ёсць тая непахісная скала веры, якая заўсёды ратуе Касцёл ад разбурэння і знішчэння. Усе мы мелі магчымасць пераканацца ў гэтым, калі, ізноў жа насуперак чалавечай логіцы, старэнькі і нямоглы Папа Ян Павел ІІ, як ніхто іншы, аб’яднаў і ўмацаваў Касцёл Хрыстовы сваім цярпеннем і адыходам у вечнасць. Яго змяніў Пётр нашага часу — Папа Бэнэдыкт XVI, — які перад гэтым на пасадзе прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння шмат гадоў абараняў чысціню веры Касцёла і цяпер з’яўляецца тою скалою — найбольш надзейным гарантам захавання гэтай чысціні.

Мы верым, што паколькі Касцёл стаіць на такім надзейным падмурку, ніякія буры гэтага свету не змогуць яго зруйнаваць: «І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі ў дом той; і ён не ўпаў, бо пастаўлены быў на скале» (Мц 7, 25). І паколькі за стырном лодкі Касцёла Хрыстовага стаіць Намеснік апостала Пятра, Езус сам кіруе ёю, ратуючы ад крушэння сярод бурлівых хваляў і падводных рыфаў гэтага свету.

Ксёндз Міхал Сапель

 
ХХІІ звычайная нядзеля — 28 жніўня 2005 г.

Чытанні: Ер 20, 7–9; Пс 63 (62);
Рым 12, 1–2.

Евангелле (Мц 16, 21–27):

Езус пачаў адкрываць сваім вучням, што Ён павінен ісці ў Ерузалем, і шмат выцерпець ад старэйшын, першасвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. Адвёўшы Яго ўбок, Пётр пачаў дакараць Яго, кажучы: Пашкадуй сябе, Пане, няхай не здарыцца гэтага з Табою. Ён жа, павярнуўшыся, сказаў Пятру: Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не аб тым, што Божае, але аб тым, што чалавечае. Тады Езус сказаў вучням сваім: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой, і ідзе следам за Мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё зберагчы, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго. Бо якая ж будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а душы сваёй прынясе шкоду? Або што дасць чалавек узамен за душу сваю? Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца свайго з Анёламі сваімі, і тады аддасць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.

Хто прагне ў жыцці толькі самарэалізацыі, змарнуе сваё жыццё. Хто шчодра і ахвярна дорыць сваё жыццё іншым, зберажэ яго.

Ці можна сабе ўявіць больш супярэчлівую сітуацыю? Толькі што Пётр урачыста вызнаў, што Езус — Месія, Сын Божы, доўгачаканы Збаўца народа Божага з усялякага прыгнёту і няволі. Адразу пасля гэтага вызнання Езус гаворыць пра штосьці зусім іншае: не пра перамогу і вызваленне, а пра будучыя цярпенні і смерць. Апосталы на чале з Пятром павінны былі ўспрыняць гэта як немагчымую супярэчнасць. Як можа быць Езус Збаўцам, калі Ён будзе ўкрыжаваны? Як можа Ён быць Збаўцам, калі Яго самога чакае цярпенне? Зразумела, што Пётр, якому Езус толькі што даверыў адказнае заданне стаць падмуркам Касцёла, па-свойму сур’ёзна падыходзіць да гэтага абавязку: ніколі так не станецца! Няхай беражэ Цябе ад гэтага Бог! Месія, Збаўца павінен перамагаць, а не цярпець, Ён павінен вызваляць, а не загінуць. Пётр хоча перасцерагчы Езуса ад цярпенняў. Хіба, няма ў Евангеллі іншага месца, дзе б Езус адрэагаваў так жорстка і рэзка, як у гэтай сітуацыі: «Адыдзі за Мяне, сатана» (менавіта такі найбольш дакладны пераклад гэтых словаў). Ці Пятра Ён называе сатаною? Пятра, якога незадоўга перад гэтым зрабіў падмуркам Касцёла? Вельмі моцна павінна было закрануць Езуса тое, што Пётр хоча звесці Яго з сапраўднага шляху: «Ты для Мяне спакуса!» Езус называе Пятра сатаной таму, што Пётр робіць дакладна тое самае, што сатана рабіў падчас спакушэння Езуса ў пустыні, калі хацеў звесці Яго з сапраўднага шляху. Езус, аднак, не праганяе Пятра, як прагнаў сатану, ад Пятра Ён жадае іншага: «Адыдзі за Мяне, ідзі за Мною, таму што твой шлях — гэта не Божы шлях, твае уяўленні пра свабоду, шчасце і збаўленне — гэта не Божыя, а чалавечыя ўяўленні».

Нам зразумелыя пачуцці Пятра. Ён жадаў дабра свайму Настаўніку, калі не хацеў бачыць, як Ён будзе цярпець. Але сітуацыя была занадта сур’ёзнаю, каб Езус моўчкі дараваў гэтае Пятру і ўсім, хто хацеў быць Яго вучнямі. Гэта патрабуе і ад нас таксама глыбокага асэнсавання выбару. Мы створаныя для шчасця, а не для крыжа. Але Езус адкрывае нам важны жыццёвы закон, без якога няма шчасця. Закон гэты называецца самаахвярнасць. Хто імкнецца ў жыцці толькі да самарэалізацыі, той змарнуе жыццё. Хто шчодра і ахвярна раздае сваё жыццё іншым, зберажэ яго. Езус прайшоў гэтым шляхам да канца, Ён выдаў сябе за сваіх ворагаў. І таму крыж стаў знакам надзеі. Пётр, навярнуўшыся, пайшоў за Езусам аж да смерці. Ён аддаў сваё жыццё на крыжы ў Рыме, там, дзе сёння стаіць дом Пятра, дзе ўвесну гэтага года 263 Наступнік Пятра Ян Павел ІІ паказаў нам, якая моц і сіла паходзіць з цярпення і крыжа.

Айцец Міхал Ермашкевіч ОР