ЭНЦЫКЛІКА
ECCLESIA DE EUCHARISTIA

СВЯТОГА АЙЦА ЯНА ПАЎЛА ІІ

ДА БІСКУПАЎ, ДА СВЯТАРОЎ І ДЫЯКАНАЎ, ДА ЗАКОННІКАЎ І ЗАКОННІЦ,
ДА СВЕЦКІХ КАТОЛІКАЎ, А ТАКСАМА ДА ЎСІХ ЛЮДЗЕЙ ДОБРАЙ ВОЛІ
ПРА ЭЎХАРЫСТЫЮ Ў ЖЫЦЦІ КАСЦЁЛА

Заканчэнне. Пачатак у № 11—12 за 2004 г. >>>

ЗАКАНЧЭННЕ

     
     

Езу, Сыне Давіда, злітуйся нада мною!
Дай святло маім вачам,
каб я знайшоў шлях да Цябе.
Зрабі ўпэўненымі мае крокі,
каб я не збіўся з дарогі.
Адкрый мае вусны,
каб я гаварыў пра Цябе.
Ты хочаш, каб я любіў сваіх бліжніх.
Дазволь мне так служыць ім,
каб яны атрымалі збаўленне
і вечна прабывалі ў Тваёй велічы.

Алкуін,
англасаксонскі тэолаг
VIII cт.

59. Ave, verum corpus natum de Maria Virgine! Некалькі гадоў таму назад я адзначаў пяцідзесятую гадавіну майго святарскага пасвячэння. Сёння маю ласку: дадзена мне ахвяраваць Касцёлу гэту энцыкліку пра Эўхарыстыю ў Вялікі Чацвер, які прыпадае на дваццаціпяцігоддзе мае Пятровай паслугі. Раблю гэта сэрцам, поўным удзячнасці. Больш за паўвеку, пачынаючы ад помнага 2 лістапада 1946 года, калі я адпраўляў сваю першую св. Імшу ў крыпце св. Леанарда ў кракаўскай катэдры на Вавелі, мой позірк кожны дзень спачывае на белай гостыі і келіху, у якіх час і прастора як бы яднаюцца, а драма Галгофы жыва паўтараецца, выяўляючы сваю таемную «сучаснасць». Кожны дзень мне было дадзена з вераю распазнаваць у кансэкраваным хлебе і віне Боскага Вандроўніка, які калісьці стаяў побач з двума вучнямі з Эмаус, каб адкрыць ім вочы на святло, а сэрца на надзею (пар. Лк 24, 13–35).

Дазвольце, умілаваныя Браты і Сёстры, што ў святле вашай веры і для яе ўмацавання перакажу вам гэта маё сведчанне веры ў Найсвяцейшую Эўхарыстыю. Ave, verum corpus natum de Maria Virgine, vere passum, immolatum in cruce prо homine! Вось скарб Касцёла, сэрца свету, абяцанне мэты, да якой кожны чалавек, нават несвядома, імкнецца. Вялікая таямніца, якая, несумненна, нас пераўзыходзіць і выстаўляе на вялікае выпрабаванне здольнасць нашага розуму выходзіць па-за бачную рэчаіснасць. Сюды нашы пачуцці не сягаюць — visus, tаctus, gustus in te fallitur, як гэта сказана ў гімне Adoro te devote, але дастаткова нам самой веры, укаранёнай у Слове Хрыста і перададзенай нам праз Апосталаў. Дазвольце, што таксама як Пётр напрыканцы эўхарыстычнай прамовы ў Янавым Евангеллі, ад імя ўсяго Касцёла, ад імя кожнага і кожнай з вас паўтару Хрысту: «Пане, да каго нам ісці? Ты маеш словы жыцця вечнага» (Ян 6, 68).

60. На парозе трэцяга тысячагоддзя ўсе мы, дзеці Касцёла, заахвочаны з адноўленым запалам ісці шляхам хрысціянскага жыцця. Як я напісаў у Апостальскім лісце Novo millennio ineunte: «Не трэба (...) вышукваць “новай праграмы”. Праграма ўжо ёсць: тая самая, што й заўсёды, заключаная ў Евангеллі і ў жывой Традыцыі. Па сутнасці, яна сканцэнтравана вакол самога Хрыста, якога мы павінны пазнаваць, любіць і наследаваць, каб жыць у Ім трынітарным жыццём і з Ім перамяняць гісторыю, аж пакуль не асягне сваёй паўнаты ў нябесным Ерузалеме»103. Выкананне гэтай праграмы адноўленай стараннасці ў хрысціянскім жыцці вядзе праз Эўхарыстыю.

Кожны крок да святасці, кожная дзейнасць, распачатая дзеля рэалізацыі місіі Касцёла, кожнае ажыццяўленне душпастырскіх праграмаў павінны чэрпаць неабходную сілу з эўхарыстычнай таямніцы і да яе імкнуцца, як да вяршыні. У Эўхарыстыі мы маем Езуса, Яго адкупленчую ахвяру, маем Яго змёртвыхпаўстанне, маем дар Духа Святога, маем адарацыю, паслухмянасць і любоў Айца. Калі занядбаем Эўхарыстыю, як зможам дапамагчы нашаму ўбоству?

61. Эўхарыстычная таямніца — ахвяра, прысутнасць, гасціна — не дапускае ні абмежаванняў, ні інструменталізацыі; яна павінна перажывацца ў сваёй інтэгральнасці, ці то ў літургічнай падзеі, ці ў асабістым дыялогу з Езусам адразу пасля прыняцця св. Камуніі, ці таксама падчас малітвы на эўхарыстычнай адарацыі па-за св. Імшою. Такім чынам Касцёл умацоўваецца, узрастае і выяўляе сябе такім, якім сапраўды ёсць: адзіным, святым, паўсюдным і апостальскім; люд, святыня і сям’я Божая; Цела і абранніца Хрыстова, ажыўляемая Духам Святым, паўсюдны сакрамэнт збаўлення і іерархічна сфармаваная камунія.

Дарога, якою Касцёл крочыць у гэтыя першыя гады трэцяга тысячагоддзя, — гэта таксама Дарога адноўленай экуменічнай актыўнасці. Апошнія дзесяцігоддзі другога тысячагоддзя, якое закончылася Вялікім Юбілеем, скіравалі нас у гэты бок, заахвочваючы ўсіх ахрышчаных адказаць на малітву Езуса: ut unum sint (Ян 17, 11). Гэта доўгая дарога, з многімі перашкодамі, якія пераўзыходзяць чалавечыя здольнасці; аднак мы маем Эўхарыстыю і перад ёю можам у глыбіні сэрца пачуць як бы скіраваныя да нас, тыя самыя словы, якія пачуў прарок Ілля: «Устань, еш, бо перад табою доўгая дарога» (1 Цар 19, 7). Скарб Эўхарыстыі, які Пан аддаў у наша распараджэнне, заахвочвае імкнуцца да мэты, якою ёсць поўнае дзяленне ёю з усімі братамі, з якімі нас яднае супольны хрост. Аднак, каб не згубіць гэтага скарбу, трэба шанаваць высілкі, якія вынікаюць з таго факту, што ён з’яўляецца сакрамэнтам камуніі ў веры і ў апостальскай пераемнасці.

Аддаючы Эўхарыстыі ўсю пашану, якой яна заслугоўвае, і прыкладаючы ўсялякія намаганні, каб не зменшыць якога-кольвечы яе вымярэння ці патрабавання, мы па-сапраўднаму ўсведамляем веліч гэтага дару. Нас запрашае да гэтага непарыўная традыцыя, якая з першых стагоддзяў заўважала ў хрысціянскай супольнасці ахоўніка, што апякуецца гэтым «скарбам». Касцёл, кіруемы любоўю, клапоціцца аб перадачы чарговым пакаленням хрысціянаў веры і навукі аб эўхарыстычнай Таямніцы так, каб не была страчана хоць бы найменшая яе частка. Няма небяспекі перабольшання ў клопаце пра гэту таямніцу, бо «ў гэтым Сакрамэнце заключаецца ўся таямніца нашага збаўлення»104.

62. Увойдзем, умілаваныя Браты і Сёстры, у школу святых, вялікіх настаўнікаў сапраўднай эўхарыстычнай пабожнасці. У іх сведчанні тэалогія Эўхарыстыі набывае ўвесь бляск перажывання, «заражае» нас і як бы «запальвае». Паслухайма найперш Найсвяцейшую Дзеву Марыю, у якой таямніца Эўхарыстыі аб’яўляецца больш, чым у кім бы то ні было іншым, як таямніца святла. Гледзячы на Яе, спазнаем перамяняльную сілу, якой валодае Эўхарыстыя. У Ёй мы заўважаем свет, адноўлены ў любові. Сузіраючы Яе, узятую ў Неба з душою і целам, заўважаем краёчак «новых нябёсаў» і «новай зямлі», якія адкрыюцца перад нашымі вачыма разам з паўторным прыйсцем Хрыста. Тут, на зямлі, Эўхарыстыя з’яўляецца іх «абяцаннем» і, у пэўным сэнсе, апярэджаннем: Veni, Domine Jesu! (Ап 22, 20).

У пакорным знаку хлеба і віна, пераісточаных у Яго Цела і Яго Кроў, Хрыстус вандруе разам з намі як нашая моц і наш віятык і робіць нас сведкамі надзеі для ўсіх. Калі перад гэтаю таямніцаю розум перажывае ўласную абмежаванасць, то сэрца, асвечанае ласкаю Духа Святога, добра ведае, якую заняць пазіцыю, паглыбляючыся ў адарацыю і ў бязмежную любоў.

Учынем нашымі пачуцці св. Тамаша з Аквіна, дасканалага тэолага і адначасова шчырага песняра эўхарыстычнага Хрыста; дазвольма, каб і наша душа адкрылася ў надзеі на сузіранне мэты, па якой тужыць сэрца, спрагненае радасці і спакою:

Bone pastor, panis vere,
Jesu, nostri miserere...

Добры Пастыр,
сапраўдны Хлебе,
Езу, змілуйся над намі;
накармі нас і беражы,
давядзі нас
да вечнага багацця
ў краіне жывых.
Ты, які ўсё ведаеш і можаш,
які нас корміш на зямлі,
давядзі сваіх братоў
да гасціны нябеснай,
да радасці Тваіх святых.

 

У Рыме, у Св. Пятра, 17 красавіка 2003 г., у Вялікі Чацвер,
у Год Святога Ружанца, дваццаць пяты год майго Пантыфікату.

 

  1. N. 29: AAS 93 (2001), 285.
  2. Св. Тамаш з Аквіна, Summa theologiae, III, q. 83, a. 4c.

Пераклад Крыстыны Лялько.