Ідалапаклонства (ад грэцк. eidolon – літаральна: вобраз, падабенства) — перш за ўсё гэта абагаўленне і пакланенне розным прадметам (статуям, выявам і да т. п.), вырабленым з дрэва, каменю, метала, якое выяўляецца ў форме рэлігійнага культу. Гэта — яўнае і грубае І., супраць якога скіравана першая запаведзь Дэкалога. Яно называецца паганствам (язычніцтвам) і было вельмі распаўсюджана ў старажытным свеце, калі абагаўляліся прадметы, з’явы прыроды, некаторыя жывёлы і г. д. Больш вытанчаным ідалапаклонствам было жаданне служыць сапраўднаму Богу, што выявілася ў пакланенні Ягвэ перад вобразам залатога цяляці, зробленым Ааронам (Зых 32). У далейшым на працягу ўсёй сваёй гісторыі выбраны народ часта парушаў першую запаведзь, дапускаючы грэх І., пра што сведчыць Святое Пісанне. Гэта адбывалася з-за ўплыву паганскіх культаў суседніх з Ізраэлем народаў, а часам праз насаджэнне сваёй рэлігіі рознымі заваёўнікамі. Аднак заўсёды ў Ізраэлі заставаліся тыя, хто захоўваў вернасць адзінаму Богу, нягледзячы на агульнае адступніцтва і рэлігійны ўціск. У больш шырокім значэнні Святое Пісанне называе І. усё, чаму пакланяюцца замест Бога, тое, што адцягвае ад Яго сэрца чалавека. Так, апостал Павел называе ідаласлужэннем прагу да матэрыяльных каштоўнасцяў (пар. Клс 3, 5).

Каўчэг — у Бібліі гэтае слова мае два значэнні. 1. Ноеў К. (габрэйск. тэвах) — судна, якое Ной пабудаваў па загадзе Бога, каб уратавацца ад патопу. Ён меў выгляд не карабля, а хутчэй быў падобны на вялізны (каля 150 м удаўжыню, 25 м ушырыню і 15 м увышыню) плывучы дом (гл. Быц 6, 14-16). Падчас усяго патопу, калі паверхня зямлі была цалкам залітая вадою, у каўчэгу знаходзіўся Ной са сваёй сям’ёю, а таксама па пары ўсіх відаў звяроў і птушак. У драўляным К., у якім уратаваліся Ной і яго сям’я, айцы Касцёла бачаць правобраз збаўчага дрэва крыжа і Касцёла, прыстанак вернікаў сярод небяспекаў свету. 2. К. Запавету (габрэйск. арон, лац. arca – скрыня) — багата аздобленая скрыня, зробленая па загадзе Бога, перададзеным праз Майсея (Зых 25, 10-22). К. быў зроблены з дрэва сітым (разнавіднасць акацыі), а звонку і знутры абкладзены золатам. Века было з чыстага золата. Яго аздабляў залаты вянок і выявы двух херувімаў. Менавіта яно было месцам Божых аб’яўленняў: адтуль Бог размаўляў з Майсеем. У К. знаходзілася т. зв. «сведчанне»: табліцы Запавету, а таму К. З. называлі таксама «каўчэгам сведчання». Гэта была рухомая святыня, якая спадарожнічала Ізраэлю ў вандраванні па пустыні да Зямлі абяцанай, з’яўляючыся ўвасабленнем прысутнасці Бога сярод Яго народа. К. насілі на спецыяльных шастах, якія ўкладаліся ў колцы, прымацаваныя да ягоных рагоў. Пасля пабудовы ерузалемскай святыні К. З. знаходзіўся там. Падчас Бабілонскага палону, калі першая святыня была разбурана, К. З. бясследна знік.

Паганства (ад лац. paganus – сялянскі, невуцкі) — слова набыло сваё рэлігійнае значэнне, калі хрысціянства шырока распаўсюдзілася ў Рымскай імперыі і было паўсюдна прынята ў гарадах, а паганамі (язычнікамі) пачалі называць тых, хто не прымаў Евангелле. У арыгінальных тэкстах Святога Пісання гэтае слова не ўжывалася, аднак існавала азначэнне для народаў, якія не ведаюць сапраўднага Бога, і менавіта прадстаўнікоў гэтых народаў у перакладах Бібліі называюць паганамі. Як піша св. апостал Павел, гэтыя людзі «славу нятленнага Бога замянілі на ўзор вобраза тленнага чалавека і птушак, і чатырохногіх, і гадаў. Яны замянілі праўду Божую на хлусню і пакланяліся і служылі стварэнню замест Стварыцеля» (пар. Рым 1, 23. 25). Культавае праяўленне П. заўсёды звязана з ідалапаклонствам, што часта адбываецца ў найбольш жорсткіх, агідных і амаральных формах (напр., чалавечыя ахвярапрынашэнні, рытуальная прастытуцыя і да т. п.). Усім гэтым пагане апаганьваюць (г. зн. робяць нячыстымі) сябе і нават тую зямлю, дзе яны жывуць. Гэтым тлумачацца жорсткія наказы Бога, якія Ён даў Ізраэлю адносна паганскіх народаў, у чыю зямлю выбраны народ быў выведзены з Егіпту (гл. Абяцаная зямля). Разам з тым, ужо ў Старым Запавеце ёсць прарочае прадказанне адносна будучага збаўлення паганскіх народаў, што цалкам спраўдзілася ў часы Новага Запавету. У наш час Касцёл часта гаворыць пра небяспеку вяртання паганскага светапогляду, т. зв. «неапаганства», маючы на ўвазе поўнае выключэнне Бога з асабістага, сямейнага і грамадскага жыцця, ігнараванне хрысціянскіх каштоўнасцяў, утылітарны падыход да чалавека і яго жыцця, геданізм, неўмеркаванае спажывальніцтва і г. д.

Патоп — грандыёзнае навадненне, якое стала Божай карай за цяжкія грахі ўсяго чалавецтва (гл. Быц 6, 11 - 8, 22). Калі людзі адышлі ад Бога і перасталі жыць згодна з устаноўленым Ім парадкам, зямля напоўнілася злом да такой ступені, што Бог вырашыў знішчыць усё грэшнае чалавецтва, пакінуўшы ў жывых толькі справядлівага Ноя і яго сям’ю — усяго 8 асобаў. Ён загадаў Ною пабудаваць каўчэг, і калі Ной зрабіў гэта і ўвёў туды па пары ўсіх звяроў і птушак, а пасля ўвайшоў у яго сам з сям’ёю, «усе крыніцы вялікай бездані і вокны нябесныя адчыніліся, і ліўся на зямлю дождж сорак дзён і сорак начэй» (пар. Быц 7, 11-12). Амаль цэлы год уся паверхня зямлі была пакрыта вадою. Калі ж вада сышла і Ной выйшаў з каўчэга, Бог заключыў з ім і ўсёй зямлёю запавет, паабяцаўшы, што ўжо ніколі воды патопу не знішчаць усяго жывога на зямлі. Знакам гэтага запавету стала вясёлка. Раскопкі ў Месапатаміі пацвердзілі, што там за 4000 гадоў на Нараджэння Хрыста сапраўды здарылася надзвычай вялікае навадненне, якое знішчыла першыя цывілізацыі Міжрэчча. Пра гэтую катастрофу сведчаць таксама старажытныя паданні, якія захаваліся ў многіх народаў. Айцы Касцёла бачаць у стыхіі П. сімвалічны правобраз водаў хросту.

Святыня (у Бібліі) — Ерузалемская С. з’яўлялася духоўным і культавым цэнтрам рэлігійнага жыцця Ізраэля ў часы Старога Запавету. Яна часта называецца ў Бібліі домам Пана ці домам Божым. Паводле закона Майсея, кожны ізраільцянін, які дасягнуў дванаццацігадовага ўзросту, павінен быў тройчы ў год наведваць С.: на святы Пасхі, Пяцідзесятніцы і Шатроў. Тут святары і левіты, якія даглядалі С., здзяйснялі прадпісаныя абрады і прыносілі ахвяры. Усяго ў гісторыі Ізраэля было тры С. Ужо цар Давід жадаў пабудаваць у Ерузалеме С., каб у ёй захоўваўся каўчэг Запавету, аднак гэтыя намеры ажыццявіў толькі яго сын Саламон, які каля 975 г. да Н. Х. пабудаваў у Ерузалеме першую С. (1 Вал 6, 1). Яна была пабудавана на ўзор скініі, толькі ў значна большых памерах. Гэтая першая С. існавала трохі больш за 400 гадоў і каля 587 г. да Н. Х. была разрабаваная і спаленая войскамі бабілонскага цара Навухаданосара, які вывеў у палон большасць насельніцтва Ізраэля. Дзякуючы ўказу персідскага цара Кіра палонныя юдэі змаглі вярнуцца ў Ерузалем і ўвесну 537 г. да Н. Х. была закладзена другая С. Туды была вернута частка нарабаванага святога начыння, аднак месца каўчэга Запавету заставалася пустым. Гэтая С. каля 167 г. была разрабавана сірыйскімі войскамі Антыёха Эпіфана і апаганена ідалапаклонствам, а на ахвярніку ўсеспалення была пастаўлена «агіда спусташэння» — ахвярнік, прысвечаны Зеўсу Алімпійскаму. У выніку паўстання на чале з Юдам Макабэем сірыйцы былі прагнаныя, і пасля трох гадоў прафанацыі С. была адноўлена і зноў асвечана. У памяць пра гэтую падзею было ўведзена свята аднаўлення С. (габрэйск. ханука). Юдэйскі цар Ірад Вялікі палічыў старую С. недастаткова велічнай і таму каля 20 г. да Н. Х. пачаў яе перабудову. Гэтая трэцяя па ліку С. сваімі памерамі і багаццем уражвала сучаснікаў. Усе эпізоды з жыцця Езуса, звязаныя са С., адбываліся менавіта тут. У 70 г. ад Н. Х. гэтая С. была дашчэнту знішчана рымскімі войскамі. Ад яе літаральна не засталося «каменя на камені», і такім чынам цалкам спраўдзілася прароцтва Хрыста (пар. Мц 24, 2). У Бібліі С. з’яўляецца сімвалам Цела Езуса Хрыста (пар Ян 2, 19-22); целаў хрысціянаў як «С. Духа Святога» (пар. 1 Кар 3, 16-17); Хрыстовага Касцёла (пар. Эф 2, 21); неба (Ап 7, 15; 11, 19 і г. д.). У новым Ерузалеме св. Ян не бачыць С., «бо святыня — Пан Бог Усемагутны і Ягня» (пар. Ап 21, 22).

Скінія — намёт або шацёр, які Майсей па загадзе Божым устанавіў у пустыні, каб у ім захоўваўся каўчэг Запавету. У Бібліі яна таксама называецца «С. аб’яўлення» і «С. сходу», таму што народ збіраўся вакол яе на набажэнствы. Яна была зроблена з каштоўных матэрыялаў, якія народ вынес з Егіпта: сцены і брусы з дрэва рэдкай пароды, абкладзеныя золатам, мелі срэбныя падножжы і пакрываліся дарагімі тканінамі чытырох гатункаў. С. уяўляла сабой выцягнуты прамавугольнік 15 м даўжыні, 5 м шырыні і 5 м вышыні, уваход у яе знаходзіўся з усходняга боку. Унутры яна была раздзелена на дзве часткі: Святое і Святое Святых. У Святым, куды дазвалялася ўваходзіць толькі святарам, знаходзіліся ахвярнік каджэння, стол для ахвярных хлябоў і залаты светач. За заслонаю, у Святым Святых, куды толькі раз у год мог уваходзіць першасвятар, змяшчаўся каўчэг Запавету. С. была прызначаная для таго, каб спадарожнічаць Ізраэлю ў вандраванні па пустыні, а таму лёгка разбіралася, пераносілася, а таксама ўстанаўлівалася ізноў. Клопат пра гэта быў даручаны левітам. Калі Ізраэль асталяваўся ў Абяцанай зямлі, С. як месца малітвы і ахвярапрынашэнняў замяніла святыня, пабудаваная падчас панавання Саламона. Там па яго загадзе і знаходзілася С. да самага разбурэння Ерузалема Навухаданосарам.