Працяг. Пачатак глядзі ў нумары №12(115) 2004 >>>

Мы зноў працягваем расказ пра хрысціянскія святыні на Святой Зямлі. Большая частка з іх была пабудавана на пачатку ХХ стагоддзя і пры актыўным удзеле італьянскага архітэктара Антоніо Барлуццы. І хаця будаўніцтва храмаў у ХХ стагоддзі было непараўнальна больш лёгкае, чым, напрыклад, у Сярэднявеччы, але на землях Палестыны італьянскі дойлід сутыкнуўся з адсутнасцю неабходных матэрыялаў, вады, дарог, кваліфікаваных інжынераў і будаўнікоў. Да таго ж 14 ліпеня 1927 года праз Ерузалем, Святую Зямлю, праз увесь той рэгіён, прайшла моцная тэктанічная хваля землятрусу. Пацярпела шмат старажытных пабудоваў, касцёлаў і кляштараў. Катастрофа не пашкадавала і самых старажытных помнікаў. Другі раз пасля Укрыжавання Езуса траслася Галгофа. (Праз некалькі гадоў архітэктару Барлуццы будзе даручана рэстаўрацыя каталіцкай часткі Гроба Гасподняга.) Але спачатку, у 1928 годзе, паўстала пытанне аб храмах на Крыжовым шляху.

Via Dolorosa – Шлях смутку – так называюць у Ерузалеме тыя вуліцы і завулкі, па якіх прайшоў з крыжам Езус ад рэзідэнцыі Понція Пілата да месца пакарання злачынцаў за горадам. Мінулыя дваццаць стагоддзяў прынеслі з сабой новы археалагічна-культурны слой, таму тыя вуліцы, па якіх хадзіў Хрыстус, сёння ляжаць на 2-3 метры ніжэй. Практычна толькі ў трох-чатырох месцах старога горада можна «спусціцца на зямлю» часоў Збавіцеля. Але калі мы гаворым аб адноснай сучаснасці Via Dolorosa, мы маем на ўвазе евангельскі Ерузалем.

Сама традыцыя Крыжовага шляху ўзыходзіць гістарычна не глыбей, чым да ХIV стагоддзя і з самага пачатку звязана з дзейнасцю францішканскага ордэна.

Гісторыя францішканскай місіі пачыналася з місіянерскіх падарожжаў па Егіпце і Палестыне заснавальніка закона святога Францішка Асізскага. З канца ХІІІ ст., калі эпапея крыжовых паходаў скончылася і рыцары былі вымушаны пакінуць Святую Зямлю пад націскам мусульманаў-мамлюкаў, толькі францішкане засталіся захоўваць хрысціянскія святыні. І толькі да іх мусульманскія ўлады ставіліся больш-менш прыхільна. У 1342 г. Рымскі Папа Клімент выдаў асаблівую булу, якой зацвярджаў правы ордэна на ахову каталіцкіх святыняў у Ерузалеме і Палестыне. І францішкане ахоўвалі святыя мясціны амаль 500 гадоў. Таму няма нічога дзіўнага, што з іх дзейнасцю, іх малітоўнай практыкай, багаслоўем і аскезай звязаны многія рысы сучаснага аблічча хрысціянскага Ерузалема. Помнікам іх архітэктурна-літургічнай творчасці і з’яўляецца Via Dolorosa. Гэта шлях да Галгофы, Крыжовы шлях душы, адноўлены ў камені і скульптуры. На гэтым шляху 14 стацый – малітоўных прыпынкаў Крыжовага шляху: 1 – месца асуджэння Хрыста (тут знаходзіцца каталіцкая капліца, пабудаваная архітэктарам Барлуццы), 2 – арка і касцёл Ecce Homo («Гэта Чалавек»), куды Пілат вывеў нявінна асуджанага, 3 – апакрыфічнае месца першага падзення Езуса пад цяжарам Крыжа (тут знаходзіцца польская каталіцкая капліца), 4 – месца апошняй сустрэчы Езуса з Маці (тут стаіць капліца Армянскай Царквы), 5 – месца ўскладання Крыжа на Сымона Кірынэйца, пачатак узыходу на Галгофу (на гэтым месцы пабудавана капліца францішканаў), 6 – дом Веранікі, якая выцерла хусткаю твар Божага Пакутніка (тут пабудавана капліца каталіцкага закона «Малодшых сясцёр Езуса»), 7 – рымская калона на месцы другога падзення Езуса (тут таксама ёсць капліца закона францішканаў), 8 – месца размовы Езуса з ерузалемскімі жанчынамі (побач, на сцяне, – крыж грэцкага праваслаўнага манастыра), 9 – месца трэцяга падзення Збавіцеля, калі Ён убачыў за Суднай брамай месца пакарання. Астатнія пяць малітоўных прыпынкаў знаходзяцца ўнутры храма Гроба Гасподняга.

На пачатку нашай гутаркі мы ўзгадвалі пра землятрус 1927 года, калі сярод пацярпелых храмаў была і капліца Бічавання Езуса. Невядома, ці была на гэтым месцы нейкая бажніца ў візантыйскі час, але ў часы крыжовых паходаў і да ХIV стагоддзя яна, безумоўна, існавала.

Пры раскопках 1901–1903 гадоў археолагі знайшлі на месцы цяперашняга двара Францішканскага Біблейскага Інстытута рэшткі трохнававай сярэднявечнай капліцы, у якой чатыры моцныя калоны падтрымлівалі купал над старажытным рымскім памостам – тым самым Ліфастратонам (даслоўна «каменным брукам»), гуляючы па якім, Пілат гутарыў з Езусам.

Над гэтымі старажытнымі фундаментамі сёння стаіць другі з парных францішканскіх касцёлаў – капліца Асуджэння, пабудаваная на пачатку ХХ стагоддзя. Згадаем, што пілігрымы ХVІІ стагоддзя сведчылі, што гэтая пабудова выкарыстоўвалася як стайня для коней пры асманскім намесніку Мустафе-Бею. Калі ж ён задумаў пабудаваць над былым храмам памяшканне для свайго гарэма, пабудова не вытрымала і абрушылася. У ХVІІІ ст. тут працавалі турэцкія ткачы, і толькі ў 30-я гады ХІХ ст. Ібрагім-паша вярнуў гэтае месца айцам францішканам, і яны рэстаўравалі і пашырылі старажытную святыню ў 1839 годзе.

Сяргей Кірык.