Даведка

Рэспубліка Камерун знаходзіцца ў Цэнтральнай Афрыцы. Яе тэрыторыя – 475 тыс.кв.км, насельніцтва –14,2 млн.чал. Сталіца краіны – Яундэ. З 1946г. Усходні Камерун і Заходні, якія раней былі калоніямі Францыі і Англіі, знаходзяцца пад апекаю ААН. 20 мая 1972г. была абвешчана Аб’яднаная Рэспубліка Камерун, перайменаваная ў 1984 г. у Рэспубліку Камерун. У краіне жыве звыш 200 плямёнаў.
 
Якімі якасцямі павінен валодаць чалавек, што выпраўляецца на місію ў далёкія краі? Напрыклад, у Афрыку з яе неміласэрнай спёкай, суровай пустэльняй, праліўнымі дажджамі і экзатычнымі жывёламі, на якіх цікава паглядзець у тэлеперадачы «У свеце жывёлаў», але сустрэча з якімі на вузкай сцежцы часта не абяцае нічога добрага. Якім павінен быць місіянер?Напэўна ж, моцным, дужым, загартаваным. І, вядома, не баязліўцам, якому не страшныя ні львы, ні гарылы, ні змеі. Так, хутчэй за ўсё, падумае большасць з нас, хто ніколі не быў у той далёкай загадкавай Афрыцы. Падумае і...памыліцца.

Яна баіцца змеяў

Сястра Альберта з ордэна Сясцёр Мукі Пана нашага Езуса Хрыста, якая служыць у Оршы, вельмі баіцца змеяў. «Ну і што? — магчыма падзівіцца хтосьці, — многія іх баяцца. Вось і я таксама...». Вядома. З той толькі розніцай, што мы, калі баімся гэтых стварэнняў, то лішні раз і ў ягады ці грыбы не рызыкнем схадзіць, а яна, зусім не асілак з выгляду і да таго ж баязлівая, сабралася ды й паехала на місію ажно ў Афрыку, у самае, так бы мовіць, іхняе гняздоўе. Чаму? Адказ сястры Альберты можа цалкам збіць з тропу, бо ў ім зусім не ўлічаны страх перад змеямі:

— Таму што калі я ўступіла ў ордэн Сясцёр Мукі Пана нашага Езуса Хрыста, а зрэшты, яшчэ і раней, калі толькі збіралася гэта зрабіць, марыла служыць найбяднейшым з бедных. Гэтая мара ажыццявілася, калі пасля двухгадовай падрыхтоўкі да місіянерскай працы ў Францыі я нарэшце атрымала дазвол на місію ў Камеруне, дзе вось ужо 15 гадоў існуе дом нашай супольнасці.

Пігмеі з племені Бака

Яны і ёсць тыя найбяднейшыя з бедных, якім служыла сястра Альберта чатыры гады. Пігмеі жывуць на Паўднёвым Усходзе Камеруна і вядуць качавы вобраз жыцця. Іхні дом — лес. Цяпер жа, калі ў краіне пачалі высякаць лясы, пігмеям нічога не застаецца, як перайсці на аселы лад жыцця. З аднаго боку, гэта вялікая бяда пігмеяў, а з другога, само жыццё змушае іх зрабіць усё магчымае, каб нарэшце ўліцца ў агульную плынь развіцця сваёй краіны. Пакуль жа пігмеі не маюць нават пашпартоў і жывуць самі па сабе, так, як бы іх і не было на свеце.

Дапамога

Як і чым дапамагчы гэтым людзям? Існуе галандскі праект такой дапамогі, у складзе якой і працуе каталіцкая місія, што арганізоўвае і праводзіць навучанне ў школах, займаецца аховай здароўя, дапамагае пігмеям асвоіць земляробства, дапамагае аформіць пашпарты.

Місія пабудавала дзве школы, у якіх навучаюцца не толькі дзеці пігмеяў, але і іншых плямёнаў. Місіянеры дапамагаюць пігмеям змагацца з хваробамі, якія жорстка атакуюць іх. Дзеля таго, каб наведаць пігмеяў на іхняй стаянцы, місіянеры іншы раз вымушаны адольваць шмат кіламетраў на машынах, а потым па лесе пехатою яшчэ па 10–12 км. Качэўнікі часта змяняюць месца сваіх стаянак, і тады пошукі могуць зацягвацца. Правадніком па такіх дарогах звычайна служыць аніматар з мясцовых, але нават для яго гэтая задача даволі складаная.

У Камеруне працуюць законнікі і законніцы з розных манаскіх супольнасцяў з Францыі, Італіі, Польшчы, іншых еўрапейскіх краінаў. Працы хапае ўсім.

Як здабыць іхні давер?

Пігмеі — вельмі недаверлівыя, і яны маюць для гэтага падставы, бо спрадвеку імі пагарджалі іншыя плямёны, іх проста выкарыстоўвалі дзеля розных мэтаў. Таму, каб дапамагаць ім цяпер, трэба напачатку здабыць іхні давер.

— Як гэта робіцца? — наіўна папытала я, не маючы аніякага ўяўлення пра місійную працу.

Сястра Альберта адказала коратка і проста:

— Трэба з імі быць. Працаваць з імі. Любіць іх. І халадок недаверу пакрысе растае: яны павераць, што ты прыходзіш да іх з дабром.

Свае нялёгкія кіламетры да стаянак пігмеяў сястра Альберта перамервала дзеля таго, каб правесці для сваіх удзячных слухачоў кароткую катэхізацыю, пагаварыць з імі на тэмы гігіены, параіць, як аберагчы сябе ад розных небяспечных хваробаў, якіх тут вельмі шмат, падказаць, як трэба карміць і гадаваць дзяцей. Заўважце, гаворка ідзе нават не пра выхаванне, а пра кармленне. У Камеруне, як і ва ўсёй Афрыцы, надзвычай высокая дзіцячая смяротнасць, прычынай якой часта з’яўляецца элементарнае недаяданне, недахоп вітамінаў, голад. Сястра Альберта мае медыцынскую адукацыю, і таму яе паслуга ў Камеруне была асабліва запатрабаваная з прычыны цяжкіх хваробаў сярод мясцовага насельніцтва, распаўсюджаных заразных інфекцый, эпідэмій. У Еўропе ўжо даўно забыліся на многія хваробы, якія ў Афрыцы яшчэ і цяпер прыносяць шмат гора, — водра, малярыя, слупняк і інш. Але дзеля таго, каб правесці прафілактычныя прышчэпкі, трэба напачатку яшчэ пераканаць людзей зрабіць іх, бо ўзровень медыцынскіх ведаў сярод жыхароў лясоў настолькі нізкі, што ім часта трэба тлумачыць усё ад нуля. Сястра Альберта да таго ж навучала мясцовых жанчын акушэрскай справе, а мужчын — санітарнай.

Тых пігмеяў, што адважваліся пакінуць лес і пасяляліся на ўскрайках вёсак, супрацоўнікі місіі навучалі земляробству, дзякуючы чаму многія з іх упершыню бралі ў рукі матыкі для апрацоўкі зямлі. Дарэчы, у Камеруне сястра Альберта, апроч матыкі, так і не ўбачала іншых прыладаў для працы на зямлі.

Жыццё ў лесе

Як можна ў наш час жыць у лесе? Не турыстам, не шукальнікам прыгодаў, якія прыхапілі з сабою ладную валізу правіянту на пару тыдняў, а вось так проста, з дня на дзень спажываючы толькі тое, што дае лес?

— Гэта экзотыка для нас, еўрапейцаў, для іх жа — проста жыццё са сваім стагоддзямі ўстаноўленым укладам, — кажа сястра Альберта.

Цяжка даць веры, што ў наш час яшчэ дзесьці жывуць людзі ў часовых хацінках, нібы ў нас у пастуховых шалашах. А хата сям’і пігмеяў — гэта паўтараметровы ў вышыню шалаш, пакрыты лісцем і заліты смалой для абароны ад дажджу. Будаўніцтвам жытла займаюцца жанчыны. Яны ж і здабываюць рыбу, падтрымліваюць агонь, а гэта таксама няпросты занятак, бо агонь — вялікая каштоўнасць, якую тут усё яшчэ здабываюць найстаражытнейшым чынам — метадам шаравання ў дупле спецыяльнага дрэва, якое лягчэй паддаецца запальванню. Потым у дупле гэтага ж дрэва падтрымліваецца распаленае вуголле.

— А запалкі? Чаму місіянеры не забяспечаць пігмеяў запалкамі? — наіўна папытала я.

Сястра Альберта адно ўсміхнулася:

— У лесе з ягонай пастаяннай вільгаццю немагчыма зберагчы запалкі.

Чаму можна ў іх павучыцца?

Місіянеры нясуць дапамогу тым, да каго яны прыходзяць. А ці бывае так, што яны таксама могуць чаму-небудзь навучыцца ў гэтых людзей?

— Вядома, — адказвае сястра Альберта. — У пігмеяў можна вучыцца спакою і лагоднасці: гэтыя пакрыўджаныя светам людзі самі ніколі не крыўдзяцца, не сварацца, яны заўсёды зычлівыя, усмешлівыя, ніколі не павышаюць на іншага голас.

Сапраўды, навучыцца б і нам вось такой лагоднасці ў адносінах паміж сабою, а то ледзь што — крык, гвалт, сварка, а то і бойка. Цывілізацыя ў нас такая.

Што вы елі там, сястра Альберта?

Улюбёны жарт турыстаў, якія прыязджаюць з падарожжа па Францыі, — аповед пра тое, як яны каштавалі ў рэстаране смажаныя лапкі жабаў.

Сястра Альберта ў Камеруне не наведвала шыкоўных рэстаранаў, але экзатычных страваў столькі накаштавалася, што ніводнаму турысту, мабыць, і не снілася. Напрыклад, мяса слана, малпаў, чарапахаў. Аднойчы давялося з’есці нават мяса ката, праўда, не ведаючы таго, а то, магчыма, пры ўсёй павазе да абарыгенаў, не змагла б адважыцца на такі «ласунак», як не знайшла адвагі пакаштаваць мяса вужакі, хоць яго ўсяляк хвалілі ды прапаноўвалі гасцінныя гаспадары. Галоўны мясны далікатэс Камеруна — мяса пацукоў — сястра Альберта таксама не асмелілася пакаштаваць, не змогшы забыцца пра свой страх перад гэтымі стварэннямі яшчэ на радзіме.

— Увогуле ў Камеруне, — распавядае сястра Альберта, — людзі ядуць усё, што рухаецца.

І многае з таго, што расце, таксама. Ці то жарт, ці то праўду распавядалі сястры Альберце бывалыя місіянеры, але яны казалі, што раней святар на споведзі за пакуту загадваў пенітэнту пасадзіць мангавае дрэва, таму што плады манга — добры і карысны спажытак, асабліва для дзяцей. Вельмі часта дзеці тут аддадзеныя на волю лёсу і вымушаны самі дбаць пра наедак. У больш багатых сем’ях у Камеруне людзі ядуць зазвычай два разы на дзень, а ў бедных — добра калі ёсць яды на адзін раз. Да таго ж, першымі сядаюць за стол дарослыя мужчыны, якія, напрацаваўшыся, маюць, вядома, неблагі апетыт, потым — жанчыны і дзеці, якім ужо даводзіцца даядаць тое, што засталося. (Спадзяюся, нашы мужчыны, прачытаўшы пра такую практыку, не захочуць пераняць вопыт камерунцаў.)

Час спёкі і час дажджоў

У Камеруне дзве пары году: сухая і дажджавая. Першая доўжыцца ад лістапада да красавіка. У гэты час не выпадае ані кроплі дажджу, толькі паліць сонца. У красавіку ж пачынаецца пара малых дажджоў — яны рэдкія і цёплыя. Гэтая найпрыгажэйшая пара, у часе якой расліннасць нібы выбухае буйной зелянінай і квеценню, доўжыцца да жніўня. А ад жніўня да лістапада — пара вялікіх дажджоў, якія паліваюць зямлю амаль бесперастанку. Гэта найцяжэйшы час для людзей, а для еўрапейцаў асабліва. Але найгоршае іх чакае на пераломе часу дажджу і спёкі, калі зямлю літаральна скаланаюць буры, маланкі, ліўні ды ўраганы Тарнада.

Хрысціянства пігмеяў

40% пігмеяў — хрысціяне, 40 — мусульмане, а рэшта належыць да паганства і сектаў. Асноўная іх маса верыць у Бога Створцу, і таму абвяшчаць ім Евангелле Хрыста — даволі ўдзячная справа. Яны з радасцю ўдзельнічаюць у занятках па рэлігіі, з вялікай непасрэднасцю ўдзельнічаюць у святой Імшы. Найбліжэйшы касцёл да місіі быў той, які пабудавалі французскія місіянеры ў 1952 годзе. На нядзельнай Імшы ў ім зазвычай было цесна, бо прыходзілі і жыхары вёскі, і жыхары лясоў. А часам святар выязджаў на чарговую стаянку пігмеяў далёка ў лес, і тады Імша адпраўлялася пад адкрытым небам.

Святая Імша звычайна працягваецца тры гадзіны. Літургію слова праводзяць самі вернікі. Яны вельмі ахвотна гэта робяць і з вялікай пашанай рыхтуюцца да дзейства, збіраючыся папярэдне колькі разоў на рэпетыцыі спеваў і танцаў. Так-так, і танцаў, бо кожная святая Імша пачынаецца доўгай урачыстай працэсіяй з песнямі, музыкай на народных інструментах і танцамі. На кожнай Імшы ёсць таксама працяглая працэсія з дарамі, сярод якіх — садавіна, гародніна, самыя розныя прадукты харчавання, у тым ліку куры ды рыба. Часам вернікі могуць прывесці ды прывязаць да алтара нават казу.

Дзіўна ўсё гэта нам ды нязвыкла, але Афрыка ўвогуле моцна адрозніваецца сваёй культурай ад нашай, як і ментальнасцю насельніцтва. Галоўнае, відаць, каб людзі сэрцам, шчыра, непасрэдна прымалі ды вызнавалі Бога. Вера ж афрыканцаў вельмі натуральная, зрэшты, як і ўсё іхняе жыццё.

Ці варта быць місіянерам?

Вядома, варта. Датуль, пакуль будуць існаваць на свеце голад, эпідэміі, нізкі ўзровень жыцця, пакуль будуць краіны, жыхары якіх яшчэ не пазналі Бога, датуль будзе і патрэба ў місіянерах. Зразумела, далёка не кожны здольны ім быць. Дзеля такой службы патрэбныя і вялікая адвага, і здароўе ды вынослівасць, і абавязкова патрэбна вялікая любоў да тых людзей, якім місіянер нясе Евангелле Хрыста. А да ўсяго гэтага, місіянер не павінен баяцца ніякай працы, бо да таго, як пачаць гаварыць людзям пра Бога, вельмі часта найперш трэба іх накарміць, апрануць, дапамагчы выжыць.

— Ад місіянера, — кажа сястра Альберта, — не патрабуецца шмат гаварыць пра Бога, важней — сваім жыццём, паводзінамі сведчыць пра Яго. А яшчэ ёсць залатое правіла — катэгарычна нельга дапамагаць людзям задарма, бо тым самым мы неслі б ім не дабро, а крыўду.

— Але чаму? — прадбачу я пытанне чытачоў.

І чую адказ пра тое, што місіянер павінен навучыць людзей жыць — гэта ягоная галоўная задача. Жыць, а не спажываць гатовае, прывезенае з далёкіх краёў. Вядома, людзі плацяць місіянерам сімвалічную плату, зусім нязначную частку сапраўднага кошту і тых лекаў, і харчавання, і навучання ды медыцынскай паслугі. Калі ж яны не маюць грошай, то адпрацоўваюць альбо прыносяць нейкія прадукты харчавання. У сваю чаргу, калі місіянеры прыязджаюць на стаянку пігмеяў, то яны купляюць у іх дары лесу. Іншыя, суседнія плямёны могуць проста прыйсці і адабраць, а місіянеры плацяць грошы і такім чынам вучаць пігмеяў пазнаваць справядлівасць ды эканамічныя зносіны.

Насуперак страху перад змеямі

Цяпер сястра Альберта служыць у нашай Оршы — чатырохгадовая місія ў Афрыцы засталася прыгожым успамінам. Насуперак цяжкой працы, якой напоўніцу хапіла ёй, насуперак усялякім непамыслотам, неспадзяванасцям, сярод якіх былі і сур’ёзная дарожная аварыя, і хваробы, і завіслая над галавой змяя ў часе, калі сястра Альберта рабіла пігмеям прышчэпкі. Усё гэта было. Але адбылося і іншае: яна моцна палюбіла тых, дзеля каго ўсё гэта вынесла, да каго ішла з дапамогаю, спагадаю, любоўю і словам пра Бога. Як палюбіла ўсю гэтую загадкавую, цудоўную Афрыку, поўную супярэчнасцяў, экзотыкі, выпрабаванняў.

— Што самае цяжкае на місіі? — пытаюся я ў сястры Альберты. —Хваробы? Праца? Страх перад невядомым?

— Сум па радзіме, — нечакана адказвае сястра Альберта. — Ён літаральна з’ядае, асабліва ў пару вялікіх дажджоў, калі так рэдка даходзяць весткі з бацькаўшчыны. Усё астатняе можна перанесці, нават страх перад змеямі, якіх я так панічна баюся.

— Але пасля чатырох гадоў у Камеруне, можа, усё ж баіцеся цяпер іх менш?

— Хіба што не-е...

— І апошняе пытанне, сястра Альберта. У Афрыцы вас з’ядаў, як вы кажаце, сум па радзіме. А я, паслухаўшы ваш аповед пра Афрыку, чамусьці падумала, што цяпер вы, магчыма, адчуваеце сум па ёй, па вашай Афрыцы, якую так палюбілі. Ці я памыляюся?

— Не, вы не памыляецеся, — проста і шчыра адказала сястра Альберта. — І калі б генеральная маці прапанавала мне цяпер паехаць зноў у Камерун — з радасцю згадзілася б.

Ірына Жарнасек