Гарадскі пасёлак Асвея, што на Верхнядзвіншчыне, навечна ўпісаўся ў гісторыю Беларусі сваёй жудаснай трагедыяй мінулай вайны. Тут у сакавіку 1943 г. фашысцкія карнікі спалілі жывымі і ўтапілі ў рацэ Свольна 3639 мірных жыхароў, сярод якіх было 2118 дзяцей, а 2615 жанчын і мужчын сярэдняга веку былі вывезены ў канцэнтрацыйныя лагеры смерці. Фашысцкія нелюдзі ператварылі ў пустэльню гэты адзін з найпрыгажэйшых куточкаў нашай Бацькаўшчыны. І цяпер яшчэ, праз шмат гадоў, ледзянее нутро пры адным успаміне — Асвея...

Колькі гадоў таму ў гэтай самай Асвеі запаліўся агеньчык малітвы: некалькі мясцовых католікаў пачалі збірацца на супольную малітву. Выглядала гэта даволі сіратліва і амаль што безнадзейна: вернікаў тых на пальцах адной рукі злічыць можна было, але ж ужо даўно вядома, што не шматлюднымі натоўпамі моцны наш Каталіцкі Касцёл. Ён моцны трывалаю, настойліваю, упартаю малітваю. Так, відаць, думаў і блаславёны айцец марыянін Антоні Ляшчэвіч, які ў гады вайны прыязджаў у Асвею з Росіцы ды адпраўляў тут святую Імшу ў рэштках палаца Шадурскіх. Зразумела, што тады было больш вернікаў, але потым зямлю скаланулі трагедыі — асвейская і росіцкая. У полымі Росіцы і Асвеі, у ледзяной вадзе ракі Свольна страшнай смерцю загінулі вернікі. Добраахвотна прынялі смерць і іхнія пастыры — Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра...

Духоўнае жыццё на доўгія гады замерла, і ўжо зусім мала каму верылася, што яно зноў зможа некалі ажыць, запалаць трапяткімі словамі малітваў. Доўгія гады жалобы, суму, гора пасяліліся на папялішчах Асвеі, Росіцы, і ўжо мала хто прыгадваў, што ў той жа Асвеі даўным-даўно квітнела яно, духоўнае жыццё — яшчэ тады, калі Асвею ўпрыгожвалі касцёл Найсвяцейшай Тройцы і прыгожы палац, кляштар місіянераў. Час бывае бязлітасны да прыгажосці: зарастае цінаю ды чаротам адно з найбуйнейшых азёраў Беларусі — Асвейскае, а ў 1937 годзе быў разбураны прыгожы касцёл, той самы, што некалі натхніў мастака Напалеона Орду, які намаляваў яго разам з палацам. Ад палаца ж даўно засталіся адны руіны, якія трывожна прамаўляюць да нашых сэрцаў рэштаю чырвоных таўшчэзных скляпенняў, ды яшчэ захаваўся ў Асвеі помнік архітэктуры XVIII стагоддзя — будынак кляштара місіянераў. Вось у левым крыле гэтага кляштара і зладзілі мясцовыя католікі капліцу.

Да нядаўняга часу яны маліліся ці не ў найменшым пакоі, але нядаўна ў іх адбылося своеасаблівае наваселле: 22 ліпеня, у дзень святой Марыі Магдалены — апякункі парафіі, набажэнства прайшло ў суседнім, большым пакоі. Напярэдадні, праўда, давялося вернікам добра папрацаваць дзеля гэтага: зрабіць уласнымі сіламі рамонт. Зрабілі. І ў дзень адпусту радаваліся светлай радасцю, бо на свяце былі не толькі католікі, але і праваслаўныя, якія, дарэчы, маюць у Асвеі таксама свой храм — невялікую цэркаўку. Свята прайшло ў малітве, прыгожых спевах, з добрым, лагодным настроем.

Па традыцыі, наследуючы прыгожы місіянерскі чын блаславёнага Антонія Ляшчэвіча, асвейскай парафіяй апякуюцца марыяне, якія прыязджаюць сюды з Росіцы.

Як жа гэта важна, каб такіх, няхай сабе невялікіх, малітоўных цяпельцаў было як мага больш на нашай спакутаванай зямлі! Тут можна адагрэць знявераныя душы, знайсці надзею, паверыць у тое, што не ўсё страчана, нягледзячы на ўсе жахлівыя трагедыі, што скаланалі нашу зямлю. Не ўсё страчана, таму што сам Пан Бог ёсць з намі.

Ірэна Задарожная.
Фота аўтара.