Шлях да Пана Бога... У кожнага ён свой, але заўсёды гэта праца, пошук і барацьба.

Наталля выхоўвалася ў няверуючай сям’і і таму пытанняў пра Бога тут не паўставала. Сама яна таксама Бога не шукала. Але Ён, Усемагутны і Міласэрны, шукаў і клікаў яе. Наталля адазвалася на заклік і праз некаторы час нават стала пастырам адной з пратэстанцкіх цэркваў. Цяпер яна належыць да вернікаў Рыма-каталіцкага Касцёла і ўпэўнена, што ўвесь гэты час яе вяла за руку Божая Маці.
 

– Наташа, пачнём з дзяцінства: ці была ты тады ахрышчана?

– Так. Калі мне было 2 гады, мая няверуючая бабуля чамусьці павезла мяне ў Маскву, у касцёл святога Людовіка, што на Лубянцы, і папрасіла святара аб хрышчэнні. Было гэта ў дзень Пасхі. Ксёндз быў вельмі заняты і адмовіў, спасылаючыся на тое, што я буду плакаць і яшчэ на нешта. Па словах бабці, я падышла да святара, учапілася за сутану і пралепятала, што не буду плакаць. Расчулены ксёндз удзяліў мне сакрамэнт хросту.

– Народная мудрасць гаворыць: «Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся». Упэўнена, што гэта адносіцца і да хрышчэння, бо душа нараджаецца для Неба. Таму не дзіва, што ты цяпер каталічка. Раскажы пра свой шлях да Бога.

– Свядома я Бога не шукала. А тое, што трапіла да пратэстантаў, было вынікам майго духоўнага вакууму. Да гэтага часу са мной ніхто не гаварыў пра Бога. Родныя, сябры, знаёмыя – усе былі няверуючыя. І вось калі я вучылася ў педуніверсітэце на факультэце псіхалогіі, да нас прыехалі з Амерыкі місіянеры пратэстанцкага веравызнання. А паколькі мы вывучалі ангельскую мову, мяне яны цікавілі як носьбіты гэтай мовы. Яны гаварылі, вядома ж, і пра сваю місію, але мяне гэта не цікавіла.

Аднойчы знаёмыя іншаземцы запрасілі мяне ў адну з пратэстанцкіх цэркваў. Пра тое, што гэта царква, мне ніхто не сказаў. Гаварылася пра сустрэчу моладзі, замежнай у тым ліку. Царква знаходзілася ў будынку прыватнага дома. Спачатку сабраныя пагаварылі на нейкія рэлігійныя тэмы, але я ўсё гэта прапусціла міма вушэй, а потым селі невялічкімі групамі маліцца. Тыя, хто былі побач, вельмі аддана маліліся за мяне. Гэта мяне ўразіла. Здавалася, за ўсё маё жыццё ніхто так не перажываў за мяне, як гэтыя амаль што незнаёмыя людзі. І я пачала хадзіць сюды, але зусім не збіралася станавіцца веруючай.

– У якую царкву ты трапіла?

– У прэсвітэрыянскую, а называлася яна – «Універсітэцкая біблійная садружнасць». У хуткім часе мне прапанавалі тут вывучаць Біблію. Я згадзілася толькі для таго, каб потым хваліцца перад сябрамі, бо ніхто з іх не чытаў Святога Пісання. Біблія вывучалася вельмі падрабязна, з духоўным кіраўніком. Кожны сюжэт прывязваўся да тваёй канкрэтнай жыццёвай сітуацыі. За год я, напрыклад, прачытвала Стары Запавет разы два-тры, а Новы Запавет некалькі дзесяткаў разоў. Так атрымлівалася, што, практычна, я жыла Святым Пісаннем, разважаючы гадзінамі над тым, што прачытвала. На жаль, прыйшоўшы ў касцёл, я перастала гэта рабіць. Вядома ж, чытаю Біблію, але не так часта.

– Гэта бяда многіх католікаў...

– Так, без чытання Бібліі, без разважання над ёй немагчыма стаць сапраўдным хрысціянінам. Вельмі б хацелася, каб у касцёле святары часцей заахвочвалі вернікаў чытаць Святое Пісанне. Было б цудоўна, каб існавалі групы па вывучэнні Святога Пісання. На жаль, я сустракаю нямала католікаў, якія ніколі не разгортвалі Бібліі.

– Ты казала, што не збіралася станавіцца веруючай і Біблію згадзілася вывучаць толькі дзеля таго, каб паказыраць перад сябрамі, і калі ж адбылося навяртанне?

– У той царкве раз на тыдзень, па суботах, адбывалася публічнае пакаянне. Да яго людзі сур’ёзна рыхтаваліся. Пісалі на паперы падрабязна свае грахі і памылкі, абмяркоўвалі з пастырам, а потым выходзілі і перад усімі спавядаліся. І вось праз некалькі месяцаў мяне пачалі настройваць на тое, што трэба пакаяцца. Каб яны адчапіліся, я сказала, што рыхтуюся, але прэсінг быў такі, што вырашыла: напішу я ўсё на паперы, прачытаю, павесялю іх ці насмяшу, але больш сюды – ні нагою.

І вось, калі села пісаць, пераварушыла ўсю душу. Адкрылася столькі ранаў, столькі болю і нейкай крыўды, што мне спатрэбілася суцяшэнне. Вось калі адбылося ўнутранае навяртанне да Бога. Чытаючы і абмяркоўваючы напісанае з пастырам, я плакала так, што мне не хапіла вялікага стосу папяровых сурвэтак. І потым я выйшла на публічнае пакаянне.

– Залежнасці ад людскога стаўлення падчас споведзі не было?

– Напачатку існаваў бар’ер: як мяне ўспрымуць, што падумаюць? Але кожную суботу я прымушала сябе выходзіць на пакаянне, і вельмі хутка ў душы з’явілася цвёрдае перакананне: калі мяне прабачае Пан Бог, то што мне да таго, што падумаюць і скажуць людзі? Да таго ж, я бачыла, што ўсе вернікі каяліся вельмі шчыра. Пасля пакаяння я зразумела, што з Богам ужо буду да канца жыцця. І гэта было не проста маё рашэнне, гэта была ўпэўненасць, што так будзе і так трэба.

– Як ты стала пастырам?

– Тая прэсвітэрыянская царква вельмі своеасаблівая, так бы мовіць, з правамі семінарыі, бо менавіта навучанне такое ж, як у пратэстанцкіх семінарыях. Вельмі сур’ёзныя і нават жорсткія ўмовы выхавання, таму не кожны, хто прыходзіў, вытрымліваў. Супольнасць была адносна невялікай – каля 30 чалавек. Нейкі час я была духоўным кіраўніком групы моладзі па вывучэнні Бібліі, а потым мне прапанавалі стаць пастырам.

Перадача пастырства адбылася нескладана: старэйшыя пастыры ў малітве накладалі на маю галаву рукі, перадаючы паўнамоцтвы. Чыталіся словы з Евангелля ад Яна: «Пасі маіх авечак...» Я прымала ўсё гэта не як ад людзей, але як ласку ад Бога. Добра ведала, што пакліканне гэта – на ўсё жыццё і вымагае многіх вырачэнняў, але я прагнула быць апосталам Езуса Хрыста.

– Часта чалавеку, нават вельмі веруючаму, няпроста растацца з нейкімі пасадамі ў тых жа духоўных структурах. Ты ж, дабіўшыся ашаламляльнай для маладой дзяўчыны «кар’еры», усё пакінула і пайшла ў невядомае. Чаму?

– Думаю, што гэта быў Провід Божы. У той царкве існавала правіла: сужэнствы заключаліся па прынцыпе Ісаак – Рэвека. Памятаеце, як у Старым Запавеце Абрагам паслаў слугу знайсці сужонку свайму сыну Ісааку? Той знайшоў Рэвеку, і Ісаак з пакораю прыняў волю айца – ажаніўся. Вось і там дзейнічаў такі прынцып. Пастыры маліліся за чалавека, які хацеў ажаніцца ці выйсці замуж. Пасля малітвы гаварылі, хто гэты «нарачоны». Ён, як правіла, быў незнаёмы, нават з іншага горада ці краіны. У нас тады было ўжо некалькі такіх сужэнстваў. Калі мне вось так паведамілі, што мой «абраннік» з Паўднёвай Карэі і мне трэба ехаць туды жыць, а потым адпраўляцца з ім на місію, я спалохалася. На такі крок у мяне не хапіла пакоры і паслушэнства. Зразумела, што мне вельмі бракуе пакоры, даверу, веры ў Божую міласэрнасць. Пазней стала ясна, што гэта асноўная праблема амаль усіх пратэстантаў.

Існуе некалькі відаў гардыні: гардыня натуральная, гардыня розуму і гардыня духоўная. І вось апошняя, на маю думку, у пратэстантаў вельмі адчувальная. Яны не маюць пашаны ні да Маці Божай, ні да святых, аднак сябе ўсе лічаць прарокамі, годнымі павучаць іншых. Разважаюць яны прыкладна так, як і я ў той час: чаму я павінна ўшаноўваць святых і верыць ім, калі яны такія ж людзі, як і я? Я таксама шчыра малюся і давяраю Пану Богу! І калі Бог нешта ім адкрыў звышнатуральнае, няхай адкрые і мне. Перад Айцом Нябесным усе людзі роўныя, а таксама святыя і Панна Марыя – усё робіць ласка Божая, і асабістыя заслугі тут ні пры чым.

– Але ж менавіта праз сваіх выбраных святых Пан Бог прамаўляе да людзей. Уся Біблія на гэтым пабудавана.

– Я гэта зразумела толькі пасля размовы з адным грэка-каталіцкім святаром з Украіны. Ён вельмі спакойна, без эмоцый, сказаў: «А хто ты такая?..» І паколькі ён прамовіў гэта без агрэсіі і крытыкі ў мой адрас, я задумалася: «А сапраўды, хто я такая, каб Бог мне нешта адкрываў?»

Не магла я заставацца ў той царкве і па іншых прычынах. Мне вельмі не хапала Езуса Хрыста ў Эўхарыстыі. Я пачала пра гэта гаварыць нашым кіраўнікам. Тыя адказвалі, што гэта толькі сімвал і няважна, што ты ясі, галоўнае, як жывеш. А калі чалавек чытае Слова Божае і прымае яго ўсім сэрцам, гэта і ёсць Прычасце, святая Камунія.

– Я ведаю, што ў многіх пратэстанцкіх цэрквах ёсць абрад хлебаламання, які там лічаць Эўхарыстыяй. У вас такога не было?

– Не. Але наўрад ці мне гэта дапамагло б. Хлебаламанне, сапраўды, сімвал, а душа мая прагнула жывога Бога ў Эўхарыстыі. Шчыра прызнаюся, я некалькі разоў заходзіла ў касцёл і прымала святую Камунію.

– І што было далей?

– Пасля чарговага непаразумення ў той царкве я вырашыла адысці. Паўгода хадзіла па розных цэрквах. Заходзіла і ў касцёл, была нават на моладзевых сустрэчах, але яны мяне не захапілі. Паразмаўляла неяк з дыяканам, аднак ён мяне таксама не пераканаў. Нарэшце я прытулілася да адной з евангельскіх цэркваў, але доўга я там не затрымалася. Мяне палохалі харызматычныя рэчы, што там адбываліся. Не прымала душа і аднаго з прынцыпаў іх веравызнання: калі ты веруючы, то будзеш і здаровы, і багаты. Малітва за матэрыяльны дабрабыт займала цэнтральнае месца.

Але там я таксама прайшла своеасаблівую школу, а менавіта школу пакоры. У былой царкве я была пастырам, а тут – нікім. Мне гэта часта падкрэслівалі, і я старалася быць цішэй вады і ніжэй травы. Цяпер, калі я навучылася распазнаваць руку Маці Божай, разумею, што ўвесь гэты час менавіта Яна вяла мяне. А Яе шлях – гэта шлях пакоры.

– І нарэшце ты прыйшла ў Рыма-каталіцкі Касцёл?

– Не. Была ў маім жыцці яшчэ грэка-каталіцкая Царква. Знаёмыя неяк прапанавалі пайсці з вернікамі гэтай канфесіі ў пілігрымку ў Полацк. Вось там я спаткала цудоўнага святара з Украіны, пра якога ўжо гаварыла. Ён вельмі паўплываў на маю душу. Пасля размовы з ім я стала чытаць кнігі пра святых, пра Маці Божую. Мне вельмі не хапала ў жыцці Багародзіцы, але я не магла Яе ўспрыняць належным чынам – сказваўся уплыў пратэстантызму. Па-сапраўднаму я палюбіла Багародзіцу ўжо ў Рыма-каталіцкім Касцёле.

– Як гэта адбылося?

– На той момант я не раз чула пра дзейнасць каталіцкай місіі «Маці Божая Фацімская», пра абарону жыцця, якою яна займаецца. Сустрэлася з яе супрацоўнікамі і прапанавала сваю дапамогу. Паволі стала працаваць на гэтай ніве.

Аднойчы мне выдалася магчымасць паехаць у Баранавічы, дзе адбываліся рэкалекцыі Руху Назарэтанскіх Сем’яў. Гэтыя рэкалекцыі ўсё і вырашылі. Мая душа нарэшце адкрылася на любоў Божай Маці. Цяпер я ніводнага кроку ў сваім жыцці не раблю без Яе. Кожную справу распачынаю са слоў: «Мамачка, дапамагай...» Яна сапраўды для мяне як Маці.

– Наташа, што б ты сказала сваім сябрам з пратэстанцкіх цэркваў аб такой вось метамарфозе ў тваім жыцці і веры?

– Магчыма, ёсць духоўна моцныя асобы, якім дастаткова толькі адной Бібліі, у іх ёсць сілы жыць па ёй. Аднак ёсць людзі, якія не могуць справіцца з грахамі, найцяжэйшым з якіх з’яўляецца гардыня. Такім без Эўхарыстыі не абысціся. А ёсць яшчэ і такія, у каго гардыня настолькі вялікая, а самі яны настолькі нямоглыя, што, нават прымаючы Езуса Хрыста ў святой Камуніі, не спраўляюцца са сваёй грахоўнасцю. Вось такім патрэбна Божая Маці. У крытычную хвіліну свайго слабога дзіцяці Яна возьме яго на рукі і перанясе праз небяспечнае месца. Шлях Марыі – самы надзейны, і я абрала яго.

Размаўляла Галіна Калевіч.