Музычная тэма, на жаль, не часта абмяркоўваецца на старонках касцёльнага друку, а калі гэта і здараецца, гаворка часцей за ўсё ідзе пра дэструктыўны ўплыў некаторых музычных кірункаў на моладзь. А што думае сама моладзь пра сваю музыку, якую яна слухае, іграе, а часам сама і стварае? Каб больш даведацца пра гэта, мы запрасілі на сяброўскую размову двух маладых людзей, якія прадстаўляюць сучасную моладзевую музычную культуру і разам з тым з’яўляюцца практыкуючымі каталікамі. Гэта — бас-гітарыст гурта «Тэзаўрус» Павел Сучынскі і лідэр гурта «Рэха» Андрусь Такінданг.
 

— Хлопцы, вашыя гурты адрозніваюцца ад больш вядомых «касцёльных» гуртоў, накшталт лідскай «Miłości», якія маюць выразную рэлігійную накіраванасць, а таму для пачатку распавядзіце крыху пра сябе, пра вашыя гурты і пра музыку, якую вы іграеце.

П. С. — Наш гурт існуе ўжо каля 7 гадоў. Раней ён меў назву «Армагедон», цяпер гэта «Тэзаўрус». Неаднаразова змяняліся ўдзельнікі, але з самага пачатку нашага існавання лідэр гурта Мікола Пташнікаў вырашыў, што мы будзем спяваць пра Бога, каб такім чынам распавесці пра Яго іншым людзям. Гэта павінна было стаць не праслаўленнем, не адкрытым зваротам да Бога, а спосабам расказаць іншым, што мы верым у Бога і пра тое, што з гэтага маем. Усе ўдзельнікі гурта — веруючыя, бо калі ты пра гэта спяваеш, то павінен быць прыкладам, павінен гэтым жыць. Але ў некаторых нашых музыкантаў з вераю былі праблемы, таму яны выйшлі з гурта. Сёння ўсе ў нашым гурце — практыкуючыя хрысціяне. Мы вырашылі, што нашым стылем будзе цяжкі рок, каб гэтую музыку разумела і ўспрымала моладзь, бо шмат маіх сяброў, напрыклад, калі прапануеш ім паслухаць гурт «Miłość», кажуць, што ім такая музыка не падабаецца, што ім гэта нецікава. А нашыя песні яны заўсёды спяваюць з задавальненнем, бо перш за ўсё іх кранае музыка, а потым паволі даходзяць словы.

А. Т. — Нашаму гурту, які называецца «Рэха», усяго каля 2 гадоў. Мы не з’яўляемся ў поўным сэнсе хрысціянскім калектывам, таму што з шасці ўдзельнікаў практыкуючыя хрысціяне толькі два чалавекі, абодва каталікі. Гэта я і мая стрыечная сястра. Але ўсе людзі, з якімі мы іграем, добрыя, і я думаю, што Бог для іх мае свае планы. Што датычыцца стылю нашай музыкі, мы яшчэ самі не вызначыліся цалкам. Гэта акустычная музыка. У нас — скрыпка, домра, гітара акустычная, бас. Мы эксперыментуем у многіх стылях, «насваволілі» і ў року, і ў фольку...

— Для падлеткаў і моладзі музыка — адзін з першых сродкаў самавыяўлення, сцвярджэння ўласнага «я». Як вы лічыце, ці моладзь сама «фарміруе» сваю музыку, ці гэта музыка фарміруе моладзь, уплываючы на развіццё асобы, яе самасвядомасці, характару і светапогляду?

П. С. — Сапраўды, у маладосці модна слухаць музыку, дыскатэкі ўсялякія... З аднаго боку, малады чалавек сам выбірае, што яму слухаць, камусьці рок падабаецца, іншаму джаз, і тут кожны мае свабоду, але ўсё ж аднекуль з’яўляюцца новыя стылі, ствараецца, можна сказаць, мода. Мода з’яўляецца, калі ёсць шмат людзей, якім падабаецца адно і тое ж. Пытанне ў тым, хто стварае моду: музыканты ці слухачы? І тут я прытрымліваюся тэорыі эліт — як у палітыцы, так і ў музыцы. Нейкая група людзей адукаваных нешта стварае і вядзе за сабой усіх, бо большасць людзей, асабліва маладых, кіруецца псіхалогіяй натоўпу і слухае тое, што слухае сусед. Таму ў нас папулярнасць розных гуртоў ідзе хвалямі. Па некалькі гадоў былі надзвычай папулярнымі «Металіка», «Нірвана», «Рамштайн» і гэтак далей. І тыя ж самыя людзі спачатку слухаюць цяжкі рок, потым «папсу», а нарэшце ў іх застаецца не больш за 2–3 улюбёныя дыскі, і часта іх гэта ўвогуле перастае цікавіць.

А. Т. — Што датычыцца нашай сітуацыі, то можна падзяліць музыку на два «лагеры». Гэта такая агрэсіўная музыка, якая адносіцца да масавай культуры — мода, як сказаў Павел, што як бы захоплівае людзей у палон. А ёсць музыка, якую чалавек мусіць сам шукаць, якая не адразу адкрываецца для слухача, ён павінен прыкласці нейкія намаганні, каб яе пачуць і зразумець. Вядома, такой музыкі менш, яна менш запатрабаваная, таму што ў асноўным пануе масавая культура, спрошчаная музыка.

П. С. — Калі паспрабаваць зрабіць нейкую статыстыку, то ўсяго толькі каля 5% маіх знаёмых больш-менш арыентуюцца ў музыцы, а ўсе астатнія — гэта прыхільнікі «Фабрыкі зорак». Таму недзе 5% моладзі самі выбіраюць, якую музыку слухаць, а 95% слухаюць толькі тое, што на радыё і па тэлевізары круцяць; што ім там прапануюць, тое ім і цікава.

— Якія гурты вы асабіста лічыце самымі цікавымі як з беларускіх, так і з замежных, і якая музыка ўвогуле цяпер найбольш папулярная сярод нашай моладзі?

А. Т. — З беларускіх калектываў мне падабаецца творчасць этна-трыо «Тройца». Таксама «WZ-Orkiestra» — цікавы гурт Змітра Вайцюшкевіча. Цяпер, у прынцыпе, ствараецца шмат цікавых праектаў, хоць яны не абавязкова могуць быць фарматнымі для FM станцый. Але людзі нешта шукаюць, скажам, такія маладыя каманды, як «Джанглі Бум», «Нагуаль», «Вірус ліха». Яны робяць шчыра свае песні, магчыма, тэхнічна не заўсёды на адпаведным узроўні, але, калі гэта зроблена шчыра, то яно будзе заўсёды цікава. А яшчэ не так даўно нам пашчасціла з’ездзіць на фолькавы фестываль, і я зразумеў, што цікавасць да этнічнай музыкі цяпер проста неймаверная, гэтая музыка сёння вельмі папулярная. Я нават быў здзіўлены, што па ўсім свеце ёсць так шмат калектываў, якія іграюць менавіта фольк, эксперыментуюць у гэтым кірунку. Людзі пачалі як бы вяртацца назад, рабіць крок ад індустрыяльнага свету да бабуляў і дзядуляў, зразумела, дадаючы нешта сваё. Мне асабіста вельмі спадабаўся гурт з Польшчы «Кітка Сарэна». Цяпер сярод моладзі таксама ўзнікла цікавасць да такіх стыляў, як рэгі, рэтра-стыль — гэта такая як быццам сонечная музыка, дзе шмат увагі надаецца духавой часцы. А ўвогуле адбываецца адыход ад дакладна акрэсленых стыляў, ад чыстага блюзу ці чыстага року, і ў кожным стылі прысутнічаюць як бы дамешкі, таму што проста рок ужо, напэўна, не так цікава слухаць маладому чалавеку, як гэта было 10 гадоў назад, ці проста блюз, ці проста джаз...

П. С. — Я ў апошні час слухаю пераважна хрысціянскія гурты, бо, размаўляючы з хрысціянамі з розных краін, даведаўся, што за мяжой іх проста вельмі шмат: і цікавых, і вартых. Сусветную вядомасць з іх маюць такія амерыканскія гурты, як «P.O.D.», «D.C.Talk», італьянскі гурт «Pietra». У Беларусі таксама ўжо ёсць цікавыя хрысціянскія гурты, але ўсе яны пратэстанцкія: «Новы Ерусалім», «Дзеі», «Антывірус», «Спасение», «Fish.by», аднак толькі мы спяваем на беларускай мове. Што ж датычыцца музычных упадабанняў моладзі, то гэтак званая «прасунутая» моладзь цяпер найбольш слухае электронную музыку. Гэтую музыку ў наш час можна ўжо не толькі чуць, але і адчуваць на сабе. Для гэтага патрэбна добрая акустыка, моцны саўнд-буфер, і тады нізкачастотныя хвалі даюць проста адчувальны эфект... Такую музыку стварае які-небудзь DJ, які сядзіць дзесьці ў намёце ў Індыі і там натхняецца. Гэта ультрасучасная, ультрамодная музыка, якой раней не было.

— Але ж часта музыка, якой захапляецца моладзь, мае адкрытую антыхрысціянскую накіраванасць і разбуральна ўплывае на сістэму каштоўнасцяў маладога чалавека. Ці не лічыце вы, што адмоўны ўплыў на моладзь мае таксама і нізкаякасная поп-музыка, гэтак званая «папса», або музычнае хуліганства ў стылі «Ляписа Трубецкого» ці «Лепрыконсаў»?

А. Т. — Калі паглядзець тое, што «круцяць» па Першым музычным канале, там шмат такіх поп-кліпаў, якія адкрыта прапагандуюць нейкі гвалт, агрэсію, секс. Тады, безумоўна, узнікае пытанне, за кошт чаго гэтыя каманды хочуць быць папулярнымі. Атрымліваецца, што за кошт грахоў чалавека. І гэта не абавязкова павінен быць «heavy metal». Нават наадварот. Гэта, хутчэй, лёгкая папулярная музыка. Ёсць безліч электрычных камандаў, якія ствараюць такога кшталту відэашэраг пад сваю музыку.

П. С. — Яшчэ трэба адрозніваць гурты з «жывою» музыкай, і тыя, якія выконваюць нешта такое, што можна стварыць за некалькі гадзін з дапамогай сінтэзатара. «Ляпісы» і «Лепрыконсы» (некаторых з іх я ведаю) — гэта недурныя людзі і прафесійныя музыкі. І тэксты ў іх не дурныя, а проста «сцёбныя». У іх ёсць нейкі гумар, які не заўсёды ўкладваецца ў рамкі дзесяці запаведзяў, але гэта ўсё ж якасная музыка. Мне здаецца, значна больш небяспечная гэтая дурнаватая папса, якая проста навязвае свае каштоўнасці. Гэта нават нельга назваць каштоўнасцямі — гэта звычайная дурнота, да таго ж вельмі нізкаякасная. Усё гэта не творчасць, а канструктар LEGO нейкі. Напрыклад, наш клавішнік можа зрабіць такой музыкі цэлы альбом за адну ноч, нават цікавей. І ўзровень выканання ў гэтых спевакоў адпаведны.

У наступным нумары мы працягнем гэтую размову і даведаемся, ці можа цяжкі рок быць хрысціянскім і якой музыкай моладзь хоча праслаўляць Бога ў Касцёле.

Размаўляў Мікола Гракаў.