7 жніўня ксёндз доктар Станіслаў Паўліна, законнік манаскай супольнасці Малой Справы Божага Провіду, адзначыў 45-гадовы юбілей святарства.

Незвычайная самаахвярнасць у служэнні Хрысту і Касцёлу, нястомная працаздольнасць, адданасць справе ратавання людскіх душ, міласэрнасць і заўсёдная гатоўнасць прыйсці з дапамогаю кожнаму, хто звяртаецца да яго, – вось толькі невялікая частка тых рысаў, якімі вылучаецца ў душпастырскай дзейнасці айцец Станіслаў, – святар, законнік, канцлер, дзекан Пінскага дэканату, пробашч пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, апякун будаўніцтва Дома міласэрнасці для нямоглых у Лагішыне.

Нарадзіўся кс.Станіслаў Паўліна ў Ловічы (Польшча) 19 сакавіка 1933 г. У манаскі закон Малой Справы Божага Провіду, ці, як часцей яго называюць, закон ксяндзоў-арыяністаў (назва паходзіць ад імя заснавальніка – святога Луіджы Арыёнэ) быў прыняты ў 1953 г. Вечныя шлюбы склаў 15 жніўня 1958 г. Манаская фармацыя ксяндза Станіслава адбывалася ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ксяндзоў-арыяністаў у Здуньскай Волі, дзе з рук кардынала Стэфана Вышынскага, Прымаса Польшчы, 7 жніўня 1960 г. ён атрымаў сакрамэнт святарства. Скончыў Акадэмію каталіцкай тэалогіі (у Варшаве), абараніў доктарскую дысертацыю. На працягу 30 гадоў выкладаў катэхетыку, літургіку і цырымонію ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ксяндзоў-арыяністаў у Здуньскай Волі.

Дзве кадэнцыі запар ксяндза Станіслава выбіралі Правінцыялам закону арыяністаў. Падчас яго дзейнасці ў правінцыяльнай радзе быў рэалізаваны шэраг важных для Касцёла і закону справаў, асабліва ў будоўлі новых і рэстаўрацыі старых святыняў. На працягу 33 гадоў а.Станіслаў Паўліна быў таксама душпастырам хворых у Варшаве.

На Беларусь а. Станіслаў прыехаў у 1994 г. Апрача абавязкаў пробашча пінскай катэдры і душпастырства (да 1997 г.) у некалькіх парафіях (у Асавой, дзе, дарэчы, ён пабудаваў касцёл, у Століне і Іванаве), кардынал Казімір Свёнтэк даручыў яму абавязкі канцлера Пінскай дыяцэзіі і рэдактара дыяцэзіяльных Аглядаў. Падчас працы Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій (1996 – 2000 гг.) ксёндз доктар быў не толькі дзейсным памочнікам у правядзенні пленарных сесій Сіноду, але ахвотна дзяліўся сваёю дасведчанасцю ў стварэнні Статутаў Сіноду.

На працягу душпастырскай дзейнасці на Беларусі а. Станіслаў быў аўтарам шматлікіх ініцыятываў – перш за ўсё, у пашырэнні культу святога Андрэя Баболі, а таксама Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага, у катэдры якога ён выконвае абавязкі пробашча. Апошняя яго ініцыятыва – будаўніцтва Дома міласэрнасці для старых і нямоглых у Лагішыне, якое неўзабаве завершыцца.

Падчас урачыстай святой Імшы, якую цэлебраваў кардынал Казімір Свёнтэк пры ўдзеле юбіляра кс. Станіслава Паўліны, а таксама кс. Міраслава Жлабінскага (кусташа санктуарыя Маці Божай Лагішынскай) і ксяндза Андрэя Сіповіча, выкладчыка Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, Яго Эмінэнцыя ў сваім слове ўдзячнасці адзначыў вялікі ўклад а. Станіслава ў адраджэнне Касцёла і парафіі ў Пінску:

«У розных сітуацыях, у розных абставінах і абавязках прайшлі гэтыя 45 гадоў святарства. І так склалася, што вялікую частку свайго практычнага святарства ксёндз канцлер прысвяціў Касцёлу на Беларусі, а дакладней – Пінску, катэдры біскупа Зыгмунта Лазінскага. І з першых дзён тваёй працы тут я адчуваю тваю духоўную лучнасць са Слугою Божым біскупам Лазінскім, які спачывае ў гэтай катэдры. Таму нічога дзіўнага, што, маючы такога вялікага заступніка, ксёндз канцлер на працягу святарскага служэння ў катэдры як яе пробашч зрабіў так многа. Нягледзячы на розныя цяжкасці і перашкоды, ты, шаноўны брат у святарстве, перамог і перамагаеш, каб без рэшты аддаваць сябе Богу, Касцёлу, катэдральнай парафіі ў Пінску...

На працягу гэтых многіх гадоў я быў сведкам тваёй штодзённай святарскай працы ў тых парафіях, якія былі давераны тваёй душпастырскай апецы. Будучы дзеканам Пінскага дэканату, ты клапаціўся і клапоцішся пра ўвесь дэканат, а як канцлер выконваў і выконваеш вельмі важную адміністрацыйна-выхаваўча-святарскую функцыю ва ўсёй Пінскай дыяцэзіі.

Дзякаваць ёсць за што – за ўсё, што ты здзейсніў у Пінску, у Пінскай дыяцэзіі, ва ўсім партыкулярным Касцёле на Беларусі. Менавіта ад імя ўсяго мясцовага Касцёла, ад імя дэканату і парафіі дзякую табе, дарагі ксёндз канцлер, за тваю штодзённую руплівую душпастырскую працу, за тыя нявыспаныя ночы з-за шматлікіх падарожжаў, з-за клопатаў пра Касцёл і парафію. Тым больш што далучыў яшчэ да сваёй душпастырскай працы здзяйсненне цудоўнай справы – будову Дома міласэрнасці для старых і нямоглых у Лагішыне...

Шчыра дзякуючы за плённую і адданую працу, адначасова просім цябе аб адным. Перад тым, што не залежыць ад цябе, мы схіляем галаву: няхай дзеецца воля Божая. Але просім цябе аб тым, што залежыць ад цябе асабіста. Спадзяюся, згодзішся і надалей выконваць святарскую паслугу ў якасці пробашча нашай старажытнай катэдры, побач са Слугою Божым біскупам Зыгмунтам Лазінскім, пашыраючы яго культ.

Няхай жа Езус Хрыстус, укрыты ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, заўсёды будзе для цябе сілаю, моцаю, Кіраўніком, – тым, што адначасова дае сілы, а таксама гаючае суцяшэнне ў няпростым і нялёгкім служэнні і працы. Жадаю табе шмат задаволенасці з душпастырскай працы і нават задаволенасці з цяжкасцяў, з тых штодзённых крыжоў, якія спадарожнічаюць твайму служэнню, бо ў Богу – наша сіла, у Богу – наша надзея, у Богу – наша радасць».

Хочацца паўтарыць паважанаму Юбіляру словы дэвізу св. Арыёнэ, якімі кс.Станіслаў Паўліна любіць падтрымліваць на духу вернікаў: Ave Maria e avanti – Вітай, Марыя, – і наперад! Паважаны ксёндз Станіслаў, з Марыяй, з Яе магутнай апекай ідзіце да новых перамог на ніве святарскага служэння яшчэ доўгія-доўгія гады!

Фота і тэкст М. Новікава.