Мар’ян Дукса

***
Выйшла з-за небасхілу сонца.
І ўсё ўстрапянулася жаданнем
жыць і радавацца.
Шпак засвістаў-зайграў,
як на скрыпцы,
каб світальны сон дзіцяці
быў салодкім і музыкальным.
Раскрыліся бутоны кветак,
запрашаючы пчол на сняданак.
Дружна з’явілася раса,
абяцаючы касе палёгку.
Усміхнуўся сусед суседу...
Ранішні свет
мае моцную схільнасць
да добрых учынкаў.

***
О, святы Антоній!
Мы любім цябе за дабрыню,
якая з’яўляецца тваёй візіткай
для нас і ў вечнасці.
Твая лагоднасць –
гэта жыватворная крыніца,
да якой мы прыпадаем
зашорхлымі вуснамі
і сасмяглай душой.
Млосныя подыхі самалюбства,
зайздрасці і насцярожанасці
высушваюць нашы грудзі.
Але праз тваю падпітку
вышэюць думкі,
прамяняцца светлыя пачуцці,
раствараюцца камяні ў сэрцы.

P.S. О, святы Антоній!
Дапамажы нам знаходзіць
страчаныя рэчы,
веру, надзею, любоў.

***
О, святы Францішак!
Ты нам бязмежна дарагі
сваёй шматаблічнай любоўю –
да Бога, людзей,
жывёлаў, птушак.
Ішоў крок у крок за Езусам –
не карыстаўся ні картай,
ні компасам
і не збіваўся з дарогі.
Боль ад стыгматаў
прыносіў свежыя сілы,
робячы веру крылатай.
Кожная хвіліна
твайго слугавання
ахвяравалася нябёсам і людству.
Ты дзіўна ўвасобіў
і спалучыў у сваім сэрцы
ўсе нашы лепшыя жаданні.
І ты навучыў нас
і радасць, і боль, і клопат
заўсёды аздабляць песняй.

***
О, святыя сёстры-назарэтанкі
з Наваградка!
Планка, узнятая вамі,
для нас непамерна высокая.
Мы ходзім пад ёю,
спрабуем дастаць яе
вокам і сэрцам.
Разганяйся ці не разганяйся –
не кожнаму пад сілу яе адолець.
Ці можна ўзляцець
над немагчымым?
Як жа трэба даверыцца Богу,
каб цуд гэты здзейсніць!
Страх вышыні бездапаможны
перад палётам любові.

***
Дзесяць Божых запаведзяў
ахопліваюць цэлае жыццё
з яго ўскладнёным клопатам,
хістаннямі і раздарожжамі.
Базавы рэгламент паводзін,
які прадугледжвае
тысячу сітуацый
і мільён стасункаў.
І ўсё-ткі
дзесяць Божых запаведзяў,
набраных нават
выразным шрыфтам,
змесцяцца на экране тэлевізара.
А вось паспрабуй іх парушыць –
усё ўтрапенне і пакаянне,
што ўвасобяцца ў словы і думкі,
не змесціць не толькі тэлеэкран,
але й велізарны над намі
блакітны экран нябёсаў.

***
Стамлёны Езус
ад грахоў людскіх.
Цяжкая ноша цісне непамерна.
Звярэджаныя раны ўсе смыляць.
І сэрца аж заходзіцца ад болю.
Крыжовы шлях
не скончыцца ніяк...
Падставім плечы
пад цяжар Ягоны –
на міг хай зведае палёгку Збаўца.
Маліцца будзем
шчыра і няспешна
за грэшнікаў адрынутых усіх,
за кожную самотную душу,
што ў поцемках пакутліва блукае.
Ах, колькі непрыкаяных тых душ
чакаюць малітоўнай успамогі
і цёплых слоў,
што звернуты да Пана.
Лёс тых,
хто ў джунглі кінуты цярпенняў,
залежыць ад вялікай
Божай ласкі...
Маліцеся –
і ў нашых ён руках.

***
Паламаная душа,
не раз пабітая і пакалечаная,
не аднойчы клееная і сшываная,
цыраваная і надточаная...
Яна лёгка прадзімаецца
штодзённымі скразнякамі.
Але яна – не сіта,
праз якое пралятае Божая ласка
без затрымкі.

***
Усё нішто, апроч любові.
Апроч яе, ёсць толькі марнасць.
Яна адна – выратаванне.
Яна – ў бядзе найлепшы посах.
Яна – ўсіх мукаў апраўданне.
Яна – зямная ўзнагарода.
Яна – нябеснае збаўленне.
Яна – адзіны сэнс быцця.
Яна працяг бясконцы мае
і ззяе ў вечнасці – яна.
Бог добры, любячы, стварыў нас.
І без яе ці змог адбыцца б
той геніяльны акт Тварэння
планет, і зорак, і сусветаў,
і цёплай музыкі святла.

***
Напаўняюся смуткам
ад немагчымасці спыніць час,
адкруціць яго назад
хаця б адзін раз
і падраўняць,
падмесці сваю дарогу.
Як хочацца быць карэктарам
свайго найвялікшага твора
з таямнічай назвай «Жыццё».
Зрэшты, Ты мяне і спыняў,
і падказваў,
якія словы мне гаварыць,
якую справу чыніць
з рання да вечара.
Я не ведаю аб Тваіх намерах,
але абсалютна ўпэўнены,
што яны – добрыя.
Але Тваю дабрыню
я – сляпы і глухі –
не заўсёды бачу, чую, разумею.
Адна душа ўсё адчувае.
Але яна ў целе
за сямю дзвярыма
і за сямю замкамі.
Яе самотныя пошапты
глушыць утрапёны голас тых,
хто працягвае будаваць
Вавілонскую вежу.

***
Мой страх перад жыццём
не раз ішоў за мною.
Калі ж спяшаўся я –
навыперадкі бег ён.
Свайго дабіцца мог,
умеў перамагчы –
і сцяцца я хацеў,
згарнуць парыў і крылы,
замкнуць святло душы,
схавацца ў кокан цела...
Халаднаваты страх –
ён вынік кволай веры
і знак, што Дух Святы
пакліканы не вельмі.
О, шчодры, добры Езу,
пашлі нам годнай моцы –
кусцістай той любові,
што радасна цвіце
у слове і ва ўчынку.
Калі любоў цвіце –
страх хутка засыхае.