10 ліпеня ў мінскім мікрараёне Кунцаўшчына была асвечана новая капліца пад тытулам Маці Божай Будслаўскай, а таксама пляц пад пабудову касцёла. Абрад асвячэння здзейсніў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка. Ва ўрачыстай святой імшы ўдзельнічала шмат вернікаў і святароў, сярод якіх былі канцлер Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Юрый Касабуцкі, дзекан Мінскі ксёндз Антоні Клімантовіч, віцэ-рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску ксёндз Ян Крэміс, пробашч парафіі касцёла святых Сымона і Алены ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, які вельмі шмат зрабіў для вывучэння гісторыі і пашырэння культу цудатворнага будслаўскага абраза, і іншыя. Павіншаваць пробашча мінскай парафіі Маці Божай Будслаўскай ксяндза Юзафа Мельдзюка і яго парафіянаў спецыяльна прыбыў кусташ будслаўскага санктуарыя айцец Славамір Вятлугін. На пасвячэнне капліцы ў Мінск разам са сваім пробашчам ксяндзом Сяргеем Лянгам прыехалі таксама вернікі з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Дзераўная, дзе раней працаваў ксёндз Юзаф Мяльдзюк. Грэка-каталіцкую супольнасць прадстаўляў на ўрачыстасці ксёндз Казімір Ляховіч.

Фота В. Царыка