«Зрабі так, каб усе маглі жыць на гэтай зямлі, і блізкія, і тыя, хто знаходзіцца далёка, і тады ты ўпішаш сваё жыццё ў адну з самых прыгожых старонак Евангелля».

«Надзея ажывае, калі мы пакорліва аддаем сябе Богу.

Ёсць сіла, што жыве ўнутры нас, яна для ўсіх адна. Імя ёй – Дух Святы. Ён ціха прамаўляе ў сэрцы: “Аддай сябе Богу ў прастаце – тваёй малой веры цалкам дастаткова”...

Нават калі здаецца, што ты зусім адзін, – Дух Святы побач. Няхай нябачна, але Ён заўсёды з намі. Тады памалу пачынаеш разумець, што галоўнае ў жыцці чалавека – любіць з даверам.

Давер – адна з самых сціплых і простых рэчаў на Зямлі; і гэта тое, на чым усё трымаецца. Калі мы любім даверам любові, мы нясём шчасце тым, хто знаходзіцца побач з намі, і захоўваем сувязь з тымі, хто ўжо пайшоў і чакае нас у жыцці вечным».

Брат Ражэ

17 жніўня быў раптоўна забіты заснавальнік экуменічнай супольнасці з Тэзэ брат Ражэ. Яго забіла 36-гадовая румынка, хутчэй за ўсё, псіхічна хворая. Трагедыя адбылася ў 20.45 у царкве Паяднання ў вёсцы Тэзэ, калі на вячэрняй малітве разам з братам Ражэ сабралася больш за 2,5 тысяч маладых пілігрымаў з многіх краінаў свету.

Жанчына нечакана ўварвалася ў сярэдзіну святыні, туды, дзе традыцыйна займалі месцы законнікі і заснавальнік супольнасці. Брат Ражэ, як заўсёды паглыблены ў малітву, сядзеў апошні...

Злачынцу, якая не аказала ніякага супраціўлення, адразу схапілі і перадалі ў рукі паліцыі.

Адразу ж пасля трагедыі брат Францішак звярнуўся да разгубленых і перапалоханых пілігрымаў з заклікам да малітвы ў святыні, якая доўжылася цэлую ноч.

Наступнікам брата Ражэ, верагодна, стане брат Алоіс, 51-гадовы немец, якога яшчэ пры жыцці заснавальнік супольнасці прызначыў сваім пераемнікам.

Ражэ Шуц-Марсож, брат Ражэ, нарадзіўся 12 мая 1915 г. у швейцарскай Правансіі. Яго бацька быў настаяцелем у швейцарскай рэфармацкай царкве, маці паходзіла з Францыі. У 1937–1940 гг. ён вывучаў тэалогію ў Лазане, а потым – у Страсбургу. Са жніўня 1940 г. ён пасяліўся ў вёсцы Тэзэ, аддаленай на некалькі кіламетраў ад дэмаркацыйнай лініі, якая тады падзяляла Францыю, і тут перажыў ваенны перыяд. У той час ён даваў прытулак многім людзям, найперш яўрэям, якім гітлераўцы пагражалі смерцю.

Паступова да брата Ражэ далучаліся іншыя браты. Сярод першых братоў былі таксама немцы і французы, якія цяпер складаюць найбольшую групу ў Тэзэ. У 1949 г. браты склалі шлюбы – цэлібату, паслухмянасці настаяцелю супольнасці, агульнасці духоўнага і матэрыяльнага – і паабяцалі жыць на ўзор манаскай супольнасці. Так была створана «Communautй» (ад фр. супольнасць).

Першыя браты былі евангелістамі. Потым да іх далучыліся католікі. Супольнасць, якая налічвае 100 братоў 25 нацыянальнасцяў, да сённяшняга дня захавала экуменічны характар. Браты не прымаюць ніякіх падарункаў і ніякіх ахвяраванняў, а таксама адмовіліся ад спадчыны. Яны самі зарабляюць на сваё ўтрыманне.

Брат Ражэ прысвяціў сваё жыццё пошуку шляхоў да пераадолення разрыву паміж хрысціянамі і пераадоленню канфліктаў у чалавечай сям’і. Тэзэ стала месцам, куды сотні тысяч маладых хрысціянаў Еўропы, а сёння і ўсіх іншых кантынентаў, прыязджаюць маліцца, вывучаць вытокі веры і сумесна пракладваюць шлях да прымірэння і даверу паміж людзьмі.

У 1988 г. брат Ражэ атрымаў Прэмію ЮНЭСКА «Выхаванне дзеля міру», а ў 1989 г. – Міжнародную прэмію Карлспрэйс за ўдзел у стварэнні новай Еўропы.

Паводле КАІ.