XXIII звычайная нядзеля — 4 верасня 2005 г.

Чытанні: Эзх 33, 7–9; Пс 95 (94);
Рым 13, 8–10.

Евангелле (Мц 18, 15–20):

Езус сказаў сваім вучням: Калі зграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго сам-насам. Калі паслухаецца цябе, то ты здабыў брата свайго. AКалі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сведкаў пацвердзілася ўсялякае слова. Калі ж не паслухаецца іх, скажы Касцёлу. А калі і Касцёла не паслухаецца, то няхай ён будзе для цябе як язычнік і мытнік. Сапраўды кажу вам: што вы звяжаце на зямлі, тое будзе звязана ў небе, і што развяжаце на зямлі, тое будзе развязана ў небе. Сапраўды таксама кажу вам, што, калі б двое з вас на зямлі згодна прасілі б нейкай рэчы, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах. Бо дзе двое ці трое сабраліся у імя Маё, там Я ёсць сярод іх.

Якім чынам можна пагадзіць навучанне Езуса аб прабачэнні бліжняга, пра якое мы будзем разважаць у наступную нядзелю, з тым, пра што гаворыцца ў гэтым урыўку з Евангелля? Здаецца, адно супярэчыць другому: з аднаго боку, Езус кажа прабачаць свайму бліжняму «ажно семдзесят сем разоў» (пар. Мц 18, 22), што азначае заўсёды, а з другога боку, гаворыць пра неабходнасць дакараць брата, які грашыць, спачатку сам-насам, потым пры сведках, пасля ў супольнасці, і нарэшце, калі той так і не паслухаецца, «няхай будзе для цябе як язычнік і мытнік». Гэтая ўяўная супярэчнасць знікае, калі мы глыбей разважаем над словам Божым. Хрысціянін не можа мірыцца з грахом, які аддзяляе яго ад Бога, а тым больш не можа жыць у граху. Таму і Касцёл вучыць нас, што, калі мы бачым грэх бліжняга, то не можам заставацца ў баку і рабіць выгляд, што нас гэта не датычыцца. Першы, а значыць, найважнейшы учынак міласэрнасці для душы бліжняга — гэта настаўленне грэшнікаў. Але як правільна зрабіць гэта? У сённяшнім Евангеллі Езус дае нам непасрэдны адказ: перш за ўсё трэба паразмаўляць з гэтым чалавекам сам-насам. Паразмаўляць далікатна і з пакораю, памятаючы пра сваю ўласную слабасць і грэшнасць. Трэба набрацца цярплівасці і звяртацца да сведкаў толькі ў крайнім выпадку, бо выкрыццё граху іншага чалавека без патрэбы можа стаць грахом супраць восьмай запаведзі: не сведчы фальшыва супраць бліжняга твайго. Хрысціянін павінен ненавідзець усялякае зло (а грэх, безумоўна, з’яўляецца злом), але не чалавека, які ўчыніў грэх. Нельга атаясамліваць чалавека і ўчынены ім грэх, але трэба з любоўю растлумачыць брату, што ён зрабіў кепска. Толькі любоўю можна дасягнуць жаданага выніку — выклікаць у чалавеку жаль за ўчыненае зло. І тады, калі брат «паслухаецца цябе, то ты здабыў брата свайго», здабыў яго як твайго брата на зямлі і здабыў яго душу для Валадарства Нябеснага. Як каментар да гэтых словаў у заканчэнні Паслання святога апостала Якуба мы знаходзім абяцанне, скіраванае да кожнага чалавека: «навярнуўшы грэшніка з аблуднае дарогі ягонай, ён збавіць душу ад смерці і многа пакрые грахоў». А ў першым чытанні з кнігі прарока Эзэхіэля бачым суровае папярэджанне: калі «ты нічога не будзеш гаварыць, каб асцерагчы бязбожніка ад дарогі яго, то ён памрэ ў несправядлівасці сваёй, але ты будзеш адказваць за ягоную кроў» (Эзх 33, 8). Таму, адкінуўшы магчымую боязь і няёмкасць, трэба адважна сведчыць аб праўдзе, беручы прыклад з прарока Натана, які не пабаяўся дакараць у граху самога цара Давіда. Але трэба быць гатовым і да таго, што з намі абыдуцца так, як Ірад з Янам Хрысціцелем. Што ж чакае чалавека, які не паслухаецца братняй перасцярогі? Той, хто не шкадуе за свае грахі, сам становіцца для іншых «як язычнік і мытнік». У Ізраэлі часоў Хрыста язычнікі і мытнікі лічыліся непапраўнымі грэшнікамі і таму былі ізгоямі грамадства, з якімі ніхто не хацеў мець аніякіх зносінаў. Хрысціянін, які жыве ў граху, не жадаючы выправіцца з яго і атрымаць прабачэнне ў сакрамэнце пакаяння і паяднання — споведзі, адной з умоваў якой з’яўляецца шчыры жаль за грахі, — разрывае сваю сувязь з Богам і іншымі людзьмі і такім чынам выключае сябе з народа Божага. Таму кожны павінен памятаць, што абавязак прабачаць не азначае таго, што хрысціянін павінен мірыцца з грахом як у самім сабе, так і ў сваіх бліжніх.

 
XXIV звычайная нядзеля — 11 верасня 2005 г.

Чытанні: Сір 27, 30 – 28, 7; Пс 103 (102);
Рым 14, 7–9.

Евангелле (Мц 18, 21–35):

Пётр падышоў да Езуса і сказаў Яму: Пане, калі мой брат будзе грашыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў? Езус адказвае яму: Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў. Таму Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які захацеў разлічыцца са сваімі слугамі. Калі ён пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму дзесяць тысячаў талантаў. Паколькі той не меў чым заплаціць, то гаспадар загадаў прадаць яго і жонку, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць. Тады, упаўшы, слуга кланяўся перад ім і казаў: Будзь велікадушны да мяне, і ўсё табе аддам. Гаспадар, злітаваўшыся над гэтым слугою, адпусціў яго і дараваў яму доўг. А калі гэты слуга выйшаў, знайшоў аднаго з сабратоў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: Аддай мне, што вінен. Тады сабрат яго ўпаў да ног ягоных і маліў яго, кажучы: Будзь велікадушны да мяне, і аддам табе. Але той не захацеў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязніцу, пакуль не аддасць доўгу. Сабраты яго, убачыўшы, што здарылася, засмуціліся і, прыйшоўшы, расказалі гаспадару свайму ўсё, што сталася. Тады гаспадар ягоны паклікаў яго і сказаў: Нягодны слуга! Увесь твой доўг я дараваў табе, таму што ты папрасіў мяне; ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою? І, разгневаўшыся, гаспадар ягоны аддаў яго мучыцелям, пакуль не верне яму ўсяго доўгу. Так і Айцец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца вашага не даруе брату свайму.

У толькі што прачытаным урыўку з Евангелля мы становімся сведкамі той размовы Хрыста з вучнямі, над якою пачалі разважаць у мінулую нядзелю. Апостал Пётр пытаецца ў Езуса, колькі разоў трэба прабачаць таму, хто грашыць супраць нас. Падобная казуістыка была прынятая ў тагачасных равінаў, якія, грунтуючыся на тэкстах Святога Пісання, выводзілі безліч розных нормаў і прадпісанняў на кожны выпадак жыцця. Па іх прыкладзе таксама і Пётр спрабуе вызначыць межы для міласэрнасці і прабачэння: «Ці аж сем разоў?» Сваім адказам Хрыстус дае зразумець, што такіх межаў не існуе, і для нагляднасці апавядае вучням прыпавесць пра караля і слугу. Слуга гэты быў вінен свайму валадару вялізную суму грошай, але паколькі не мог іх вярнуць, гаспадар з літасці дараваў яму доўг. Заўважце: слуга прасіў караля толькі пачакаць пэўны час, але той аказаўся настолькі міласэрным, што ўвогуле дараваў небараку ўвесь доўг. Нідзе ў свеце мы, вядома, не знойдзем такіх добрых каралёў, бо ў прыпавесці гаворка ідзе не пра нейкага зямнога кіраўніка, а пра нашага нябеснага Валадара, перад якім усе мы—неплацежаздольныя даўжнікі. Паглядзім жа, што зрабіў далей гэты чалавек, якому быў дараваны доўг. Ён знайшоў свайго сабрата, які быў вінен яму мізэрную суму ў параўнанні з той, якую яму толькі што дараваў кароль, і, «схапіўшы яго, душыў, кажучы: Аддай мне, што вінен». Зразумела, такія паводзіны слугі нас абураюць. А ці не робім і мы тое самае, калі не хочам прабачыць камусьці з нашых блізкіх нейкую дробязь, часам гадамі носячы ў душы крыўду і жаданне помсты? Кожны раз, збіраючыся паяднацца з Богам у сакрамэнце споведзі, варта прыгадаць сабе сённяшняе Евангелле і не проста фармальна, а «ад сэрца» прабачыць усім, на каго маем нейкую крыўду, бо, як сказана ў сённяшнім першым чытанні: «Калі чалавек трывае ў гневе на чалавека, то ці можа ён шукаць аздараўлення ад Пана?» У Езусе Хрысце ўсе мы з’яўляемся дзецьмі Божымі і нічым іншым не можам больш балюча засмуціць нашага нябеснага Айца, як нязгодаю і гневам паміж сабою. Ніякі іншы, нават самы цяжкі, грэх не абражае так моцна айцоўскую любоў Бога, як нежаданне дараваць адно аднаму ўзаемныя крыўды. Таму менавіта ўменне прабачаць — гэта адзін з найбольш яскравых паказчыкаў духоўнай сталасці хрысціяніна і яго блізкасці да Бога. Малітву «Ойча наш» часта называюць скарочаным Евангеллем, бо ў ёй заключаецца сутнасць вучэння Езуса Хрыста. «І адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым», — штодня паўтараем мы, хоць не заўсёды задумваемся над глыбокім сэнсам таго, што гаворым. Святы Аўгустын так тлумачыць гэтыя словы з малітвы Панскай: «Бог уступіў з намі ў запавет і дамову, змацаваўшы яе моцным дагаворам, калі навучыў нас казаць у малітве: „як і мы адпускаем вінаватым нашым“. Хто хоча, каб былі дзейснымі словы „адпусці нам правіны нашы“, няхай чыніць так, каб былі праўдзівымі словы „як і мы адпускаем вінаватым нашым“. Але калі гэтыя апошнія словы ён або не гаворыць, або гаворыць ілжыва, то дарэмна гаворыць і першыя».

 
XXV звычайная нядзеля — 18 верасня 2005 г.

Чытанні: Іс 55, 6–9; Пс 145 (144);
Флп 1, 20с–24. 27а.

Евангелле (Мц 20, 1–16а):

Езус расказаў сваім вучням гэтую прыпавесць: Валадарства Нябеснае падобнае да гаспадара дому, які выйшаў на світанні наняць работнікаў у вінаграднік свой. Дамовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, ён паслаў іх у вінаграднік свой. Пасля ён выйшаў каля трэцяй гадзіны і, убачыўшы іншых, якія стаялі на рынку без працы, сказаў ім: Ідзіце і вы ў вінаграднік мой, і я справядліва заплачу вам. Яны пайшлі. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны, зрабіў тое самае. Выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і сказаў ім: Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы? Яны сказалі яму: Нас ніхто не наняў. Ён кажа ім: Ідзіце і вы ў вінаграднік. Калі ж настаў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў свайму аканому: Пакліч работнікаў і заплаці, пачаўшы з апошніх да першых. І тыя, хто прыйшоў каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары. Тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што атрымаюць больш, але яны таксама атрымалі па дынары. Узяўшы, яны пачалі наракаць на гаспадара дому, кажучы: Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанеслі цяжкі дзень і спёку. У адказ ён сказаў аднаму з іх: Дружа, я не крыўджу цябе. Хіба не за адзін дынар ты дамаўляўся са мною? Вазьмі сваё і ідзі. Я ж хачу даць гэтаму апошняму так, як і табе. Ці ж не дазволена мне рабіць са сваім тое, што хачу? Ці вока тваё зайздросціць, што я добры? Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя — апошнімі.

Здаецца, пры разліку гаспадар не пакрыўдзіў анікога, але тыя, каго ён наняў з самай раніцы, думаюць інакш. Якую ж прэтэнзію яны маюць да гаспадара? Ім не падабаецца тое, што, паводле іх словаў, гаспадар «зраўняў» з імі тых, хто працаваў у вінаградніку ўсяго толькі адну гадзіну, у той час як яны «перанеслі цяжкі дзень і спёку». Ці не нагадвае гэтае нараканне работнікаў у вінаградніку таго несправядлівага папроку, які выказаў свайму бацьку «паслухмяны» сын, калі даведаўся, як бацька прыняў яго марнатраўнага брата? Незадаволенасць, якую мы бачым у абодвух гэтых прыкладах, з’яўляецца праяваю адной з самых змрочных і непрыемных чалавечых якасцяў — зайздрасці. Зайздрасць была невядомая чалавеку да грэхападзення, але менавіта зайздрасць сатаны і стала прычынаю першароднага граху. Пасля выгнання з раю зайздрасць бесперапынна штурхае чалавека на самыя страшныя і агідныя ўчынкі: з зайздрасці Каін забіў Абеля, з зайздрасці браты прадалі Юзафа ў рабства, з зайздрасці жыдоўскія першасвятары выдалі Хрыста Пілату... Зайздрасць не толькі вядзе да граху, але і сама па сабе, згодна з катэхізісам, з’яўляецца адным з сямі галоўных грахоў. І ў Старым, і ў Новым Запавеце мы знаходзім паслядоўнае выкрыццё і асуджэнне гэтай заганы. Наймудрэйшы з людзей — цар Саламон — называе зайздрасць «гнілізнаю для костак» (Прып 14, 30), а апостал Якуб у сваім пасланні піша, што «дзе зайздрасць і сваркі, там бязладдзе і ўсё кепскае» (Як 3, 16). Нішто так не падзяляе людзей, як зайздрасць. Адкуль жа бярэцца ў чалавечым сэрцы зайздрасць? Што з’яўляецца прычынаю гэтага граху? Зайздрасць узнікае з-за фальшывага разумення справядлівасці, калі чалавек пачынае лічыць, што яго не заўважылі, недаацанілі, недадалі яму чагосьці, на што, як яму здаецца, ён мае поўнае права. Зайздросны чалавек пагарджае іншымі, лічыць сябе лепшым за астатніх. З часам ён становіцца вельмі падазроным, ва ўсіх іншых людзях бачыць сваіх нядобразычліўцаў і нарэшце ўвесь свет пачынае ўспрымаць як нейкае варожае асяроддзе. На такіх поглядах грунтуюцца нават некаторыя філасофскія кірункі, у прыватнасці, філасофія экзістэнцыялізму. З хрысціянскага пункту гледжання зайздрасць — гэта няўдзячнасць, гэта няздольнасць і нежаданне дзякаваць Богу за Яго дары, якімі Ён шчодра надзяляе ўсіх людзей, не зважаючы на іх заслугі. І ў сённяшнім Евангеллі добры гаспадар па справядлівасці заплаціў тым, хто працаваў у яго цэлы дзень, а таксама шчодра ўзнагародзіў тых, каму давялося працаваць не больш за гадзіну. Не будзем жа падобнымі да тых незадаволеных вінаградараў з «зайздросным вокам», не будзем наракаць, як той другі сын міласэрнага айца, каб не быць наймітамі ў вінаградніку нашага Пана і Валадара, але ў духу ўсыноўленых дзяцей будзем дзякаваць Яму за ўсе дары і ласкі.

 
XXVІ звычайная нядзеля — 25 верасня 2005 г.

Чытанні: Эзх 18, 25–28; Пс 25 (24);
Флп 2, 1–11.

Евангелле (Мц 21, 28–32):

Езус сказаў першасвятарам і старэйшынам народа: Як вам здаецца? У аднаго чалавека былі два сыны. Прыйшоўшы да першага, ён сказаў: Сыне, ідзі і працуй сёння ў вінаградніку. Але той адказаў: Не хачу! А пасля, апамятаўшыся, пайшоў. Тады ён падышоў да другога і сказаў тое самае. Той жа сказаў у адказ: Ужо іду, спадару. І не пайшоў. Каторы з двух выканаў волю бацькі? Кажуць Яму: Першы. Тады Езус кажа ім: Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусніцы наперадзе вас ідуць у Валадарства Божае. Бо прыйшоў да вас Ян шляхам справядлівасці, і вы не паверылі яму. А мытнікі і распусніцы паверылі яму. Вы ж, убачыўшы, не апамяталіся пасля, каб паверыць яму.

Прыклад пра бацьку і сыноў, які Хрыстус прыводзіць першасвятарам і старэйшынам народа, цалкам зразумелы як для сучаснікаў Хрыста, так і для нас, людзей ХХІ стагоддзя, з тою толькі розніцаю, што ў евангельскія часы непаслухмянасць бацькам лічылася значна большай правіннасцю, чым сёння. Але не грахі супраць чацвёртай запаведзі мае на ўвазе Хрыстус, калі прыводзіць гэты прыклад. Збаўца гаворыць пра адносіны чалавека да Бога і да Яго волі. Сам па сабе прыклад з’яўляецца пытаннем, на якое слухачы павінны адказаць. Кожны з нас таксама павінен запытацца сам у сябе: да каго з сыноў падобны я сам ці падобная я сама? Часам, калі нас просяць нешта зрабіць, гэта настолькі не супадае з нашымі жаданнямі і планамі, што мы адразу ж з прыкрасцю адмаўляемся. А бывае, што мы паабяцаем чалавеку выканаць яго просьбу, а пасля або не паспеем, або забудземся, або проста не звернем на яе ўвагі. У адносінах з людзьмі ўсё прасцей, хоць часта і не без пэўных праблем, а вось як у адносінах з Богам? Ці заўсёды мы гатовыя прыняць Божую волю і выканаць яе, нягледзячы на тое, што гэта не адпавядае нашым уласным жыццёвым планам? Гэта залежыць ад таго, наколькі сур’ёзна чалавек падыходзіць да сваіх адносінаў з Богам, ці хоча падтрымліваць іх на персанальным узроўні і клапаціцца пра іх развіццё. Часам можна сустрэць абсалютна дарослага чалавека, які лічыць сябе практыкуючым каталіком, але пры гэтым успрымае Бога на ўзроўні дзіцяці, якое толькі што прыняло першую Камунію. Гэта азначае, што ў чалавека доўгі час было цалкам занядбанае духоўнае жыццё, а рэлігійнасць зводзілася да нейкага звычаю і фармальнага выканання пэўных абрадаў. На жаль, занядбанне веры — вельмі распаўсюджаная ў наш час з’ява. Чалавеку хапае часу на шмат розных рэчаў: на сям’ю, на працу, на адпачынак, на сяброўскія сустрэчы, нават на нейкае хобі — кіно ці рыбалку, — а для Бога гэтага часу ў некаторых амаль не застаецца. Пра гэтых людзей нельга сказаць, што яны ўвогуле не пачулі заклік нябеснага Айца або не адгукнуліся на яго, бо на вялікія святы, а таксама з нагоды хросту ці пахавання яны ўсё ж такі з’яўляюцца ў Касцёле. Праблема ў тым, што час ад часу кажучы Хрысту «ўжо іду, спадару», яны так і застаюцца на месцы, паглынутыя сваімі штодзённымі справамі і клопатамі. Але часам у Касцёл прыходзяць і такія людзі, якія з сям’і не вынеслі аніякіх ведаў пра Бога і рэлігійных звычаяў. Часта ўсё іх папярэдняе жыццё зусім не адпавядала Евангеллю, а светапогляд быў бясконца далёкі ад хрысціянскага. Гэтыя людзі па-рознаму адкрылі Хрыста, хоць да гэтага, калі Ён іх клікаў да сябе, безліч разоў адказвалі Яму: «Не хачу!» Прыйшоўшы нарэшце да веры, яны амаль ніколі не спыняюцца на нейкім «стандартным» узроўні рэлігійнасці, але імкнуцца ўвесь час паглыбляць рэлігійныя веды і ўмацоўваць асабістую сувязь з Езусам Хрыстом, заўсёды прысутным у сваім Касцёле. Сёння ёсць нямала людзей, якія свядома выбралі хрысціянства і Касцёл, падобна да таго, як гэта зрабіла калісьці жыдоўская дзяўчына Эдыта Штайн. Перажыўшы навяртанне, яна не толькі ахрысцілася, але пажадала дасягнуць духоўных вышыняў, а таму ўступіла ў ордэн кармэлітак пад імем Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа і паказала ўсяму свету адзін з найбольш незвычайных прыкладаў святасці. Няхай жа гэты прыклад знішчыць у нас усялякую рэлігійную абыякавасць і нагадае, што мы павінны не проста называцца хрысціянамі, але і быць імі, і такім чынам выканаць Божую волю адносна кожнага з нас.

Падрыхтаваў
ксёндз Міхал Сапель.